Пётр Клявэр (Pedro Claver) нарадзіўся ў 1580 г. у каталонскім горадзе Вердэ (Іспанія). З 1596 г. вывучаў свабодныя мастацтвы і філасофію ў Барселонскім універсітэце, а ў 1602 г. уступіў у Таварыства Езуса. Памёр 8 верасня 1654 г., ва ўзросце 74 гадоў пасля цяжкай хваробы. Папа Леў XIIІ кананізаваў яго 15 студзеня 1888 г., а 7 ліпеня 1896 г. абвясціў асаблівым апекуном усіх місій сярод неграў, сказаўшы: “Ні адно жыццё, акрамя жыцця Нашага Пана, не ўзрушыла мяне так, як жыццё гэтага вялікага апостала, св. Пятра Клявэра”.

15 красавіка 1610 г., маючы 30 год, езуіт-схаластык Клявэр выправіўся з Севільі з некалькімі іншымі місіянерамі на іспанскім галеоне “Дон Пэдра” у Картахену дас Індыяс, цяпер горад у Калумбіі (Паўднёвая Амерыка). Аб яго місіянерскім пакліканні яму сказаў брат Альфонса Радрыгес: “Твая місія – у “Індыях”. Гэта выдатна… Ах, дарагі Пэдра, чаму б і табе не паехаць служыць там нашаму Пану?”

Ён захаваў іспанскую асцярожнасць і рэалізм, а Бог надзяліў яго дарам кантэмпляцыі ў дзеянні. Сваё жыццё, заснаванае на прынцыпе contemplativus in actione, ён прысвяціў служэнню рабам. Ён шмат у чым браў прыклад з дзейнасці іншага езуіта, з якім  пазнаёміўся ў Картахене, брата Алонса дэ Сандоваля, чыя кніга “Аб выратаванні неграў” стала катэхетычным дапаможнікам Пэдра.

Клявэр атрымаў святарскае пасвячэнне ў Картахене ў 1616 годзе і да сваёй смерці ў 1654 годзе працаваў у мясцовым порце сярод чарнаскурых рабоў, найбольш прыгнечанай часткі грамадства таго часу. Ён ахрысціў і навучыў больш 300000 рабоў, выкарыстоўваючы метады, якія шмат у чым апярэджвалі свой час: працу з перакладчыкамі – носьбітамі роднай мовы, веданне племянных структур, навучанне на аснове наглядных дапаможнікаў. Дэвіз, які ён сабе абраў і якога няўхільна трымаўся: “Пэдра Клявэр, раб чарнаскурых рабоў назаўсёды”.

Тры пытанні

Клявэр быў чалавекам нешматслоўным. Эпоха, у якую ён жыў, была цяжкай і парадаксальнай. Кажуць, што, калі з-за акіяна прыбывалі вандроўнікі, ён пытаўся ў іх: “Ці мірна ў Еўропе? Што новага чуваць пра папу Рымскага? Як ідзе праца Таварыства Езуса?” Свет, папства і Таварыства – гэтыя тры пытанні адлюстроўваюць як яго ўласныя глыбокія перажыванні, так і характэрныя рысы эпохі.

XVII стагоддзе, на якое прыйшліся сталыя гады Клявэра, было азмрочана пэўнай стратай веры, залатой ліхаманкай, гандлем рабамі і вялікім суперніцтвам паміж народамі. Адкрываліся новыя светы, поўныя прыгод і магчымасцяў лёгкай нажывы. Ішла Трыццацігадовая вайна ў Еўропе і вайна ў горача каханай Пэдра Каталоніі, барацьба за ўладу паміж лідэрамі хрысціянскага свету. Пасля Адраджэння і Трыдэнцкага сабора папства абнаўлялася. Рухаючай сілай абнаўлення былі Карл Барамей, які працаваў над рэформай Касцёла, і Пётр Канізій, апостал Паўночнай Еўропы. Св. Ян Божы і св. Каміл дэ Лэліс здзяйснялі сваё апостальскае служэнне міласэрнасці. Свой след у гісторыі пакінулі Грыгорый XV, Урбан VIII і Інакенцій X.

У той час св. Ігнацый Лаёла быў кананізаваны, св. Раберта Белармін памёр, як і два іншыя езуіты, якія аказалі вялікі ўплыў на Клявэра – Суарэс, багаслоў, і Рыпальда, катэхізатар. Гэта быў час пост-ігнацыянскага пакалення, час вялікіх місіянерскіх дзей, такіх, як рэдукцыі ў Парагваі, апостальства дэ Нобілі ў Індыі і праца Жана-Франсуа Рэжы ў Еўропе.

Дух Ігнацыя жыў і квітнеў на місіях; пасланні езуітаў да сваіх сабратоў апавядалі пра гэта ўсяму свету. Клявэр быў адным з вялікіх амерыканскіх місіянераў. Хтосьці назваў яго “найвялікшым місіянерам XVII стагоддзя”. Ён не быў прыкметнай фігурай у палітычнай гісторыі свету; яго апостальства было не больш чым нататкай на палях яе старонак, але адыграла велізарную ролю для грамадства.

Дзейны містык

Сутнасць духоўнага ўплыву Клявэра ў яго бескарыслівым служэнні іншым людзям і ў прыярытэце, які ён аддаваў людзям бяздольным, хоць працаваў не толькі з імі. Яго ўнутраны свет быў надзвычай багаты. Ён быў дзейным містыкам. Захаваліся некаторыя яго выказванні: “Гавары мала з людзьмі і шмат з Богам”; “Заўважай Бога ва ўсіх людзях і служы ім на Яго вобраз і падабенства”; “Шукай Бога ва ўсім, і знойдзеш Яго побач з сабой”. Містыцызм Клявэра быў глыбока рэалістычным і свабодным. Ён быў чалавекам малітвы. “Добрая малітва – каштоўны дар; шчаслівы той, хто ім валодае”, – казаў ён.

Клявэра часта не да канца разумелі сучаснікі, што вельмі засмучала яго. Настаяцелі таксама былі патрабавальнымі і супярэчліва характарызавалі яго ў “Штогадовых паведамленнях”. “Пэдра Клявэр. Характар ​​добры. Недальнабачны. Недастаткова разважлівы. Недахоп жыццёвага і дзелавога вопыту. Назіраецца пэўны прагрэс. Тэмперамент меланхалічны. Варта адзначыць яго працу з неграмі. Вялікія поспехі ў духоўным жыцці”. Калі ў яго заставаўся час пасля споведзяў, катэхізацыі і навучання неграў, ён аддаваў яго малітве. Некаторыя чулі, як Клявэр паўтараў: “Пане, я вельмі люблю Цябе … вельмі”.

Яго любоў была не толькі на словах. “Вар’яцтва крыжа” – адметная рыса яго святасці: на шыі ён насіў “ружовы драўляны крыж, званы цудоўным”; наканечнік яго кія таксама быў у форме крыжа. Ідэя крыжа як ахвяры і дару сябе, спачуванне абяздоленым – аснова яго духоўнасці. “Ён бачыў і горка аплакваў трагедыю рабоў, сціснутых у сваіх халупах, якія сумна глядзелі адтуль, нібы жывёлы ў роспачы”. Ён бачыў сябе вызваліцелем прыгнечанай расы. “Ён хадзіў да хворых, – распавядаў яго таварыш, – і бачыў, што яны не хочуць есці, а жадаюць толькі аднаго – памерці. Тады ён ішоў і клапаціўся пра іх”. Вялізная любоў характарызуе яго апостальскае служэнне. “Ён усёй душой імкнуўся да церпячых”. А такіх было шмат: ерэтыкі, рабы, пракажоныя, да якіх ён цягнуўся ўсім сваім сэрцам.

“Ні адна маці ніколі не была так пільнай у адносінах да ўласных дзяцей, як Клявэр у адносінах да сваіх навернутых”. Ён называў іх сваёй “правай рукой”, яны былі “яго сябрамі”. “Ён адчуваў велізарнае спачуванне да гэтых чорных жанчын-рабыняў, у якіх нікога не было. Ён заўсёды ў першую чаргу прысвячаў увагу ім, прымушаючы шляхетных дам доўгімі гадзінамі чакаць яго сярод рабынь, якія прыйшлі да яго на споведзь”. Ён імкнуўся да расавай інтэграцыі і да адзінства чалавецтва, заснаванага на любові і самаахвярнасці. У гэтым быў яго вялікі дар, які зрабіў яго героем і святым сучаснасці. Лепшая “эпітафія” ў яго гонар – плач рабоў, якія пачулі пра яго смерць: “Памёр наш лепшы сябар”.

24 верасня 1747 г. Бэнэдыкт XV абвясціў гераічнымі цноты Клявэра і вырашыў пачаць справу па яго кананізацыі. 21 верасня 1851 г. Пій IX ажыццявіў беатыфікацыю Клявэра, а 15 студзеня 1888 г. Леў XIII кананізаваў яго. У адпаведнай буле Папа параўнаў св. Клявэра са св. Францыскам Ксаверыем, чыё апостальства было гэткім жа плённым і гэткім жа цяжкім. Св. Клявэр – заступнік усіх афрыканскіх місій. Парэшткі святога захоўваюцца ў Картахене ў касцёле пры езуіцкім калегіуме.

Успамін 9 верасня.

Святы Пётр Клявэр, маліся за нас.