Джордж А. Ашэнбрэнэр SJ займаў сярод іншых пасады настаўніка навіцыяў і дырэктара цэнтра духоўнага развіцця; аўтар некалькіх кніг па ігнацыянскай духоўнасці. У духу ігнацыянскай кантэмпляцыі ў гэтым артыкуле ён пранікліва даследуе тэму, якая можа багата ўзбагаціць нашае ўспрыманне Езуса як Пана і Спадарожніка на шляху да Бога: укрытае жыццё Хрыста ў Яго ўзрастанні як чалавечай асобы i ў Яго еднасці з Айцом на розных этапах жыцця.

  ***

Ашаламляльна новым вымярэннем хрысціянскага Аб’яўлення з’яўляецца Трынітарнасць Бога. Гэта фундаментальнае, цэнтральнае вымярэнне, бо яно фармуе і вызначае хрысціянскі светапогляд і тым самым натхняе мужчынаў і жанчынаў дастасоўваць сваё жыццё да трынітарнага досведу. Хоць вернікі і не аспрэчваюць феномен Тройцы наўпрост, але часта ўсведамленне трынітарнасці Бога ніяк не ўплывае на іх жыццё і рэчаіснасць. Паняцце Тройцы нашмат большае за абстрактнае тэалагічнае паняцце, якое выкарыстоўваюць, каб адказваць на пытанні кшталту: «Колькі асобаў і колькі прыродаў у Адзіным Богу?».

Гэты артыкул нельга назваць выключна тэалагічнай рэфлексіяй над трынітарным вымярэння жыцця. Хутчэй, праз позірк на ўкрытае жыццё Езуса і шырэйшае разуменне Яго ўкрытага жыцця я спадзяюся паказаць шлях, які дазволіць больш цаніць уласнае жыццё ў Езусе Хрысце і такім чынам набліжаць нашае штодзённае жыццё веры да трынітарнага вымярэння Божага Аб’яўлення ў Езусе Хрысце. Будуць прыведзеныя тры розныя, хоць і злучаныя між сабою разуменні ўкрытага жыцця Езуса паводле Новага Запавету, а таксама прапануецца глыбей паразважаць пра апошняе, трэцяе разуменне. На заканчэнне прапануюцца некаторыя практычныя высновы.

Укрытае жыццё ў Назарэце

Звычайна мы разумеем укрытае жыццё Езуса як штодзённае жыццё на працягу прыкладна 30-ці гадоў у Назарэце, разглядаючы гэты час як падрыхтоўку да працы і публічнага служэння, якому Езус цалкам прысвяціў сябе ў апошнія гады жыцця. У такім разуменні ўкрытае жыццё азначае прабыванне па-за публічнасцю і без актыўнай дзейнасці. Вельмі відавочна і правільна так разумець гэты выраз, і гэта сведчыць пра вялікую таямніцу. Калі мы ацэньваем выпрабаванні, якія чакалі Езуса ў публічным жыцці, вялікі памер і абсяг апостальскай працы на працягу апошніх трох гадоў Яго жыцця, то міжволі здзіўляемся, чаму Ён так доўга чакаў, каб распачаць яе. Сэрцы вельмі многіх людзей змяніліся і напоўніліся жыццём праз сустрэчу з Езусам, праз Яго канкрэтны дотык, Яго уплыў на іх жыццё. Сваім жыццём і духам Ён прыцягваў і запальваў цэлыя натоўпы. І ўсё ж засталіся многія, у жыццё якіх Ён не ўвайшоў і чые сэрцы Ён не закрануў настолькі асабіста проста таму, што не хапіла часу і сілаў (натуральныя чалавечыя абмежаванні). Калі б Ён не заставаўся ў невядомасці столькі часу, ці не паўплываў бы Ён на больш людзей? Можа, Яго апостальства было б больш эфектыўным і ахапіла б больш людзей? Гэта неверагодная таямніца, якую мы не павінны проста абмінуць.

Таямніца не праясняецца ад­ным толькі ўсведамленнем культурнай сітуацыі Палесціны І стагоддзя. Таямніца застаецца. Што Айцец хоча сказаць пра сваё бачанне жыцця праз схаванае жыццё Езуса? На Апошняй Вячэры Езус гаворыць Філіпу словы, якія праліваюць святло на глыбінную сутнасць гэтага чалавека з Назарэта: «Хто бачыў Мяне, бачыў Айца» (Ян 14, 9). Гэтае выказванне ў пэўным сэнсе нічога не тлумачыць. Але яно з’яўляецца прынцыпам інтэрпрэтацыі ўсяго іншага. Яно гаво­рыць нам, Хто адкрывае, а таксама Хто і што адкрываецца ў кожным імгненні і ў кожнай падзеі жыцця гэтага Чалавека.

Атрымліваецца, што ў гадах, праведзеных у Назарэце, хаваецца поўнае бачанне жыцця, поспеху і праўдзівых каштоўнасцяў у прасторы веры, і яно адкрывае шлях нашага Айца, які моцна адрозніваецца ад нашых шляхоў (гл. Іс 55, 8–9), і гатовае адкрыцца ўважліваму і засяроджанаму сэрцу. У сучаснай агрэсіўнай, арыентаванай на поспех культуры сэрцу верніка неабходна глыбока і рэгулярна адчуваць містычную моц і цярплівасць Езуса з Айцом, якімі былі напоўненыя ўкрытыя гады ў Назарэце.

І нарэшце, успрымаць укрытае жыццё Езуса найперш як падрыхтоўку, адасобленую ад публічнай дзейнасці, — гэта занадта неглыбока і абмежавана. Укрытае жыццё Езуса — гэта яшчэ і апісанне веры, якою жыў Езус у зямным жыцці, і веры, якой жыве кожны з нас, калі імкнецца наследаваць Яго. Гэтак ціха, але рашуча ўкрытае жыццё Езуса выходзіць за вузкія межы Назарэта. Яно і надалей будзе развівацца, дзякуючы многім сустрэчам, і прывядзе да найглыбейшага і найбольш асабістага пазнання Айца ў неверагодных падзеях Укрыжавання.

Укрыты перад Айцом

Словы апостала Паўла з па­слання да Каласянаў аб тым, што нашае сапраўднае жыццё «схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 3) сведчаць пра наступнае значэнне ўкрытага жыцця: уласцівасці сэрца і ўключэнне ў актыўную дзейнасць. У сваім жыцці мы таксама сутыкаемся з супярэчнасцямі ў інтэрпрэтацыі падзеяў і ў досведзе, якія ўзнікаюць і ў нас саміх, і ў нашай камунікацыі з іншымі людзьмі, у залежнасці ад таго, перажываюцца і ўспрымаюцца гэтыя падзеі з вераю ці па-за ёю. Але існуе яшчэ незразумелая, але прыгожая супярэч­насць, якая ўзнікае ў межах веры: узрушальная розніца паміж тым, што бачыць і адчувае нашая вера, і што Айцец ведае і чыніць цяпер у нашым жыцці і праз нас. Нашае пачуццёвае ўспрыманне справаў веры заўсёды цьмянае, мы не здольныя ўбачыць падзеі ў іх цэласнасці, тое, як іх натхняе вера і любоў нашага Бога. Паўната справаў веры мусіць быць схаванаю для вачэй веры; у гэтым сутнасць жыцця веры. Але наш Айцец ужо цяпер ведае гэта, справы веры раскрываюцца перад Ім ва ўсім сваім бляску і простасці. Аднойчы Божае Аб’яўленне так паўплывае на нашыя сэрцы, што перад абліччам Айца мы ясна і пакорна спазнаем, якім было нашае жыццё веры.

Але цяпер мы жывём і працуем ва ўкрытасці веры, якая не здольная ясна ўбачыць сэнс нашага жыцця. Не трэба хвалявацца. Калі марна перажываць аб мэтазгоднасці або каштоўнасці нашага жыцця веры, гэта толькі можа знішчыць у нас апостальскую палымянасць. Апостал, які любіць і служыць у веры, павінен вучыцца заўсёды дзейнічаць спакойна, спадзеючыся, што робіць дзеля Айца ўсё магчымае. Не заўжды бывае лёгка не турбавацца аб выніках працы і дазволіць Езусу напоўніць нас спакоем у веры і спадзяваннях перад Ягоным і нашым Айцом. Езусу самому давялося жыць ва ўкрытай веры і надзеі ва ўсіх справах, што здзяйсняліся перад Айцом. Гэтая ўкрытасць веры захавала Яго сэрца і захоўвае нашыя даверліва адкрытымі для поўнай любові моцы Айца, які працуе ў нас і падтрымлівае наш запал.

Даверлівая адкрытасць Айцу ва ўсіх сферах нашага жыцця, абумоўленая схаванай прыродаю нашага ўспрымання веры, вядзе нас да разумення трэцяга значэння ўкрытага жыцця Езуса.

Укрытая блізкасць з Айцом

Мы звяртаемся да найглыбейшага значэння ўкрытага жыцця Езуса, якое ляжыць у аснове тых, што мы ўжо разгледзелі. Уласцівасці сэрца і ўключэнне ў актыўную дзейнасць, пра якія мы гаварылі вышэй, грунтуюцца і сілкуюцца толькі ўзрастаннем блізкасці з Айцом у духоўным жыцці. Менавіта ў гэтым заключаецца трэцяе значэнне ўкрытага жыцця Езуса, якое вядзе нас у самую глыбіню нашага ўласнага духоўнага жыцця.

Звернемся да Евангелля, каб прасачыць, як развіваецца духоўнае жыццё Езуса і Яго бліз­касць з Айцом. Думаю, гэта найважнейшая тэма жыцця Езуса, гэтак мы ўваходзім у самую сутнасць Божага Аб’яўлення, якім Ён ёсць. Тут мы не спрабуем разгледзець яе цалкам, а толькі прапануем кірунак, па якім чытач можа рухацца далей у малітве і разважанні. <…>

Адшуканне ў святыні

Карл Ранер SJ у кнізе «Духоўныя практыкаванні» піша: «Калі б укрытае жыццё Хрыста не было ў першую чаргу духоўным жыццём, тады пры ўсім жаданні немагчыма было б знайсці ў ім нешта сапраўды значнае». У звычайнасці свайго дзяцінства ў Назарэце Езус развіваў духоўнае жыццё. Як і любога габрэйскага хлопчыка, Маці, відаць, вучыла Яго маліцца і разважаць над Аб’яўленнямі Старога Запавету. Можна ўявіць, як малы Езус вымаўляе вобразныя словы 139-га псальма. Але настаў асаблівы дзень, калі сэрца Езуса было ўзрушана сутнасцю гэтых словаў так, што Ён натхніўся і пачаў маліцца псальмам як сваімі ўласнымі словамі, звяртаючыся да Бога. Цяпер гэтыя словы сталі адлюстраваннем пачуццяў у сэрцы малога хлопчыка: такі прыгожы пачатак сапраўднага духоўнага жыцця. Свядомыя асабістыя адносіны з Богам сталі развівацца і ўзрастаць. Гады ў Назарэце, схаваныя ад людскіх вачэй, асаблівым чынам характарызуюцца рэлігійным узрастаннем, якое адбывалася ў сэрцы падлетка Езуса.

Таямніца адшукання Езуса ў святыні выразна падкрэслівае гэтае развіццё. Езус адказвае на зразумелую заклапочанасць Марыі і Юзафа таямнічымі словамі: <…> «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2, 49). Гэтыя словы сведчаць пра духоўнае жыццё і сутнасць асобы Езуса, што адкрыліся ў той момант Марыі з Юзафам і самому Езусу, <…> нібыта двусечны меч, вызначыўшы таксама становішча Марыі і Юзафа ў адносінах да Хрыста. Магчыма, Марыі ўпершыню давялося сутыкнуцца з фактам, што хоць Яна і Маці, Яе Сын насамрэч Ёй не належыць. Яна мусіла па-новаму ўбачыць, якім чынам Ён належыць Ёй (бо, чым больш Ён яднаецца з Айцом, тым больш поўна належыць Ёй і нам таксама). Цікава, ці сам Езус мусіў глыбока задумацца над словамі, якія былі дадзены Яму ў доме Айца.

Езус прабываў у малітве больш за пятнаццаць гадоў, няспынна ўзрастаючы духоўна, і ўрэшце Марыя мусіла сутыкнуцца з тым, што Сын пакіне Назарэт. У гэты ж час паглыблялася Яго духоўная блізкасць з Айцом у сапраўднай любові і даверы, і праз пэўны час яна стала ясным і рашучым пакліканнем пакінуць Марыю і Назарэт (як Абрагам пакінуў Ур, а Майсей — Егіпет). <…> Магчыма, жанчына, якая цалкам раздзяліла жыццё з Сынам, не да канца разумела, чаму Ён выбірае адзінокае жыццё прарока, далёка ад сям’і і роду, аднак Марыя верная свайму абяцанню, якое дала пры Звеставанні, і Яна ахвяруе свайго Сына свету і Айцу. Езус, ведаючы, што павінен ісці за святлом духоўнай блізкасці з Айцом, рашуча накіроўваецца наўпрост да ракі Ярдан, але перад гэтым пяшчотна развітваецца з Маці. Словы «Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму», вядуць Езуса туды, дзе Айцец прабывае для Яго, вя­дуць на крыж. Такім чынам, менавіта ўкрытае малітоўнае жыццё ў блізкасці з Айцом прымушае Езуса пакінуць Назарэт і жыццё ў невядомасці. <…>

Натхнёны Духам Святым у хросце, Езус пакідае Ярдан з яшчэ большай упэўненасцю ў сваёй еднасці з Айцом і пакліканні быць слугою ў справе перамогі над грахом.

Спакушэнне

Цалкам давяраючы Айцу, Езус па натхненні Святога Духа накіроўваецца ў пустынныя мясціны. Суровасць пустыні не дапускае павярхоўных перажыванняў. Асоба чалавека часта выпрабоўваецца менавіта ў пустыні, <…>, спакуса выяўляе, кім мы ёсць, кім мы можам памылкова стаць і, нарэшце, кім мы павінны стаць. Змрочнасць, аскетычнасць, адзінота пустыні можа падмануць нас, не дазво­ліўшы адкрыць прыгажосць глыбокай блізкасці з Богам, прабывання з Ім сам-насам. Але Езус не ашуканы пустыняй, бо гэта Дух вядзе Яго ў яе неабдымную цішыню дзеля большага ўзрастання і самавызначэння перад абліччам Айца.

Спакушэнне Хрыста можна лепш зразумець у параўнанні з досведам, атрыманым на рацэ Ярдан. У той час, як Ён яшчэ непасрэдна перажывае нядаўні духоўны досвед, калі пачуў: «Мой Сын, Мой Умілаваны, Мой Слуга», тры спакусы, апісаныя ў Евангеллі, выпрабоўваюць, наколькі гэты досвед праўдзівы, зводзячыся да адной фразы: «Калі Ты Сын Божы…» <…> Ці Езус насамрэч Сын, Слуга, Умілаваны, або падзеі на рацэ Ярдан былі ілюзіяй? Гэтае выпрабаванне самаўсведамлення Хрыста мусіла каштаваць Яму вялізнай унутранай барацьбы і рэфлексіі, перш чым Ён зноў змог выбраць Айца і прыняць досвед Ярдана і сябе як Сына, Слугу і Умілаванага. Евангельскае апісанне абмінае гэтую ўнутраную барацьбу, і спакусы могуць здавацца нам нязначнымі. Але ў рэальнасці яны літаральна рвалі чалавечае сэрца Езуса на часткі. Ён павінен рызыкнуць і, даверыўшыся Айцу, прыняць сваю сувязь з Ім, прыняўшы гэтым і сваё пакліканне.

Праходзячы праз спакусы, Езус сутыкаецца з прывабнай прапановай д’ябла быць Сынам, Слугой і Умілаваным так, як ён гэтага хоча, насуперак таму, як жадае гэтага Айцец. Чаму б не паказаць, што ты сапраўды Сын, Слуга і Умілаваны, ператварыўшы камяні ў хлеб і гэтак бліскуча і эфектна распачаўшы сваё публічнае служэнне? Кожны раз Езус вымушаны ўнутрана адкідаць прапановы сатаны, гэтым самым выбіраючы Айца і адкрываючы шлях, які Ён прапануе. Урэшце Езус усведамляе сваё існаванне і пакліканне ў свеце на новым вызначальным узроўні і ўвесь заглыбляецца ў цудоўную рэальнасць Адзінага Умілаванага Сына ў еднасці з Айцом, гатовага служыць Яму ва ўсім. Сын і Айцец — няма нічога найважнейшага ў гэты момант, калі ўсё жыццё любові і служэння цалкам адкрылася Яму, хоць яшчэ цьмяна. Яго рукі, сэрца і вочы будуць працягваць шукаць, гэта ўласціва чалавеку, але подых Айца ўжо на Ягоным твары. І Хрысту будзе неабходна вяртацца да гэтага перажывання, як і да іншых (як, напрыклад, на рацэ Ярдан і гары Табор), каб умацавацца ў змаганні з цьмянасцю чалавечага пошуку Айца ў гэтым свеце. <…> Еднасць з Айцом стварае настрой сэрца, які будзе надалей узрастаць, даючы цёплую яснасць і выразны кірунак чалавечаму жыццю Хрыста. У гэтым настроі сэрца Ён будзе прымаць усе пазнейшыя рашэнні.

Публічнае служэнне

Езус выходзіць з пустыні «ў моцы Духа» і, як гаворыць Евангелле паводле Лукі, накіроўваецца ў сінагогу ў Назарэце, дзе Ён вырас. Езус старанна абірае для чытання ўрывак з кнігі прарока Ісаі: «Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім. Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана» (пар. Іс 61, 1–2).

Хрыстус коратка каментуе гэты ўрывак, адкрываючы, Кім Ён ёсць. Айцец Пол Хіннебуш OP у кнізе «Малітва, у пошуку сапраўднасці» пісаў: «Святы Дух выклікае прагу па Айцу». Вось што ён меў на ўвазе: пасля перажытага досведу адзіноты ў пустыні Езус вяртаецца, поўны ўсёпаглынальнай прагі па Айцу, і ў Ім нарастае жаданне аб’явіць Айца ў служэнні ўбогім, палонным, сляпым, спакутаваным і ўсім, хто жыве ў патрэбе. Не дзіва, што натоўп агаломшаны цудоўнаю ласкаю, якой напоўненыя Яго словы! Асабісты глыбокі досвед прабывання сам-насам з Айцом у пустыні напаўняе словы Хрыста такой палкасцю і моцаю пераканання, якія не маглі ўзнікнуць іншым чынам. Відавочна, на Ім быў Дух Айца! <…>

Узрастанне ва ўкрытым духоўным жыцці з Айцом выяўляецца таксама ў частым адасабленні Езуса для малітвы. Немагчыма свярджаць, штó дакладна перажываў Езус, прабываючы ў малітве сам-насам з Айцом, у Яго любові і магутнасці, але нельга адмаўляць, што Хрысту быў неабходны гэты досвед асабістай сустрэчы з Айцом, і ад гэтых малітоўных адасабленняў вельмі моцна залежала і Яго духоўнае ўзрастанне, і ўсведамленне Яго місіі, кірунку, у якім трэба рухацца. <…> Выпадкі, калі Езус адасабляўся для малітвы, часта апісваюцца ў Евангеллі ў кантэксце Яго актыўнай дзейнасці і прысутнасці ў свеце. Напрыклад, у Евангеллі паводле Лукі (гл. Лк 6, 12) распавядаецца, як Езус правёў усю ноч у малітве перад важным выбарам тых Дванаццаці, каго Ён хацеў бачыць Апосталамі. Падчас гэтай доўгай ночы ў малітве паступова прыходзіла яснае рашэнне гэтага пытання, і такім чынам выбраныя мужчыны былі сапраўды дадзеныя Езусу Айцом. Унутраная сіла, яснасць і руплівасць напаўнялі Езуса падчас даверлівай і засяроджанай малітвы, што відавочна адбівалася ў Яго жыцці і праявах Яго дзейнасці, хаця мы можам толькі здагадвацца пра поўнае значэнне гэтай малітвы для Хрыста.

Развагі над жыццём Езуса, спакусамі, якія Ён перажываў, пошукамі і досведам асабістай малітвы і прабывання з Айцом прыводзяць нас да кульмінацыі Яго ўкрытага жыцці і любові ў крыжовых пакутах. <…>

Умілаваны і поўны даверу на крыжы

Менавіта на крыжы ўкрытае духоўнае жыццё Езуса дасягае кульмінацыі ў фінальным даверлівым адданні сябе — гэта вяршыня ўкрытасці і вяршыня жыцця, якое пражываецца ў Богу.

Кпіны і здзекі над Езусам на крыжы — гэта спакуслівая паўната бязвер’я свету. Ён ізноў чуе: «Калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа» (Мц 27, 40). Езус павінен яшчэ раз зрабіць выбар і быць Сынам, Слугою і Умілаваным, ідучы шляхам любові Айца. Сітуацыя выглядае цалкам абсурднаю: Айцец просіць маладога таленавітага габрэя пакі­нуць зямное жыццё на ўздыме Яго сілаў і прыцягальнасці для людзей — у гэтым неразваж­насць, вар’яцтва крыжа. Сэнс усяго, што адбываецца, і само адкупленне перадусім знаходзяцца менавіта ва ўкрытым унутраным жыцці Езуса і прабыванні разам з Айцом на крыжы. Крыжовая смерць — гэта поўная і канчатковая праява блізкага і поўнага любові даверу Езуса да Айца. Ён адмаўляецца ад жыцця, бо давярае Айцу, і гэта дае Яму самому і ўсім нам паўнату жыцця. Словы, прамоўленыя некалі ў святыні: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?», вялі Яго менавіта да гэтага, і яны зусім інакш прагучалі для Марыі тут, на Кальварыі. Яна вельмі доўга захоўвала іх у сваім сэрцы.

<…> На нейкі момант на крыжы Езус адчувае сябе цалкам аддзеленым ад Айца. Гэта Яго апошні дар. <…> У Езусе бесперапынна ўзрастала ўсведамленне сябе Сынам, Слугою і Умілаваным свайго Айца, а тут, на крыжы, на імгненне ў апошнім шаленстве любові Ён пазбаўлены і гэтага ўсведамлення і таму ўсклікае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне паікнуў?» (Мц 27, 46). Але нават тады Езус не да­рэшты губляе надзею і давер. Цяпер улада граху знішчаная любоўю і даверам Паслухмянага. Магчыма, тады, у цемры і пустыні таго страшнага моманту, у сэрцы Езуса загучаў поўны любові голас Айца ў словах Песні Песняў: «Устань, любы Мой, прыгожы Мой, і выйдзі!» (пар. Пп 2, 13). <…> Айцец кліча Езуса дамоў у такой укрытай блізкасці, якая не паддаецца апісанню, і там Ён «вытра кожную слязу… і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю» (Ап 21, 4) не толькі для Яго, але і для ўсяго свету, усіх Яго братоў і сясцёр, якіх Ён дарэшты палюбіў тут, на крыжы. У гэтым сэнсе святло і радасць Уваскрасення пачынаюцца ў момант памірання. <…> Таму апошнія словы Езуса на крыжы — гэта Яго адказ Айцу з глыбіні сэрца, натхнёны магутнаю ўнутраную еднасцю з Ім: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). Гэта гаворыць Сын, да канца паслухмяны і ўмілаваны слуга свайго Айца!

Нашае жыццё веры

Па прыкладзе Езуса і мы пакліканыя будаваць сваё духоўнае жыццё. Езус, наш Уваскрослы Пан, робіць для нас магчымаю тую блізкасць, якою Айцец жадае падзяліцца з кожным: «Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць» (Лк 10, 22). Менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць жыцця веры. Вера — не проста нейкія дзеянні, словы або думкі. Без унутраных блізкіх адносінаў з Айцом, поўных любові і даверу, гэта ўсё толькі абалонка. Веры патрэбна няспыннае навяртанне нашых чалавечых, заплямленых грахом пачуццяў, каб яны перамяніліся ў жывыя і шчырыя пачуцці, як ва Уваскрослага Хрыста, які цяпер, прабываючы ў еднасці з Айцом, жадае суце­шыць усіх нас, раздзяліўшы з намі Іх унутранае жыццё. Менавіта гэтае ўкрытае жыццё веры заўсёды адрознівае сапраўднага верніка ад гуманіста, які не мае веры.

Укрытае жыццё веры стварае ў нашым сэрцы настрой, які становіцца крыніцаю ўсіх нашых рашэнняў і дзеянняў. Такім чынам нават найдрабнейшыя ўнутраныя памкненні разглядаюцца намі ў святле блізкасці з Айцом, а ўнутраны досвед спакою ў Богу нараджае ў нас руплівасць і нязломнае жаданне дзейнічаць, <…> чыніць вялікія рэчы для Бога. Такім чынам <…> гэтае ўкрытае духоўнае жыццё непазбежна выяўляецца ў нашай актыўнай, дзейснай прысутнасці ў свеце, у сітуацыях, якія патрабуюць рашучых дзеянняў. Гэтая прысутнасць, вырастаючы з веры, пазначаная спакоем, лагоднасцю, радасцю, пакорнай удзячнасцю і рашучаю руплівасцю. Такая прысутнасць у свеце патрабуе ад чалавека ўважлівага сузірання таямніцаў жыцця Езуса Хрыста, якое стварае ўнутраную гармонію нашага жыцця з Яго ўласным укрытым жыццём глыбокага даверу і любові да Айца. <…>

Нарэшце, унутранае ўкрытае жыццё веры ўзбагачае нашае разуменне Божай Трынітарнасці і адкрывае яго ў самых што­дзённых справах, у найбольш звычайных здарэннях. Духа Святога можна разумець як багацце блізкасці і любові паміж Сынам і Айцом. Езус вярнуўся да Айца, каб мы маглі жыць у Ягоным Духу і ўзрастаць ва ўкрытым унутраным жыцці ў блізкасці з Айцом. Ён жадае, каб свет паверыў у Айца і ў Яго Адзінароднага Сына, якія спасылаюць нам свайго Духа: «Каб Ён [Айцец] вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах» (Эф 3, 16–17).

Джордж А. Ашэнбрэнэр SJ

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько. Паводле: «Review for Religious 34», 1975.
Часопіс “Наша вера” № 2 (88) 2019

В.Д. Паленаў “Мары на гары”