20/20 азначае ідэальны зрок (“зрок 20/20” – тэрмін, якім акрэсліваеца нармальная вастрыня зроку, вымераная на адлегласці 20 футаў), але ў 2020 годзе мы так не бачылі, бо гэта быў год COVID 19. Свет перавярнуўся. Але свет неаднаразова абрынаўся на працягу гісторыі – ці то ў часы пандэмій, такіх як Чорная смерць або іспанскі “грып”, ці то ў выніку ўласнаручна створаных катаклізмаў, такіх як дзве сусветныя войны, якія ахапілі яго ў першай палове мінулага стагоддзя. Ён заўсёды выпраўляўся, і мы ведаем, што гэты крызіс таксама пройдзе.

500 год таму, 20 мая 1521 года, Ігнацый Лаёла быў сур’ёзна паранены гарматным ядром падчас бітвы ў Памплоне, і час выздараўлення стаўся часам павароту ад зямнога да духоўнага і нараджэннем жадання прысвяціць рэшту жыцця і працу Ad Maiorem Dei Gloriam. Чатыры месяцы да гэтага здарэння ў Германіі выбухнула іншая гістарычная бомба: Марцін Лютэр быў адлучаны ад Касцёла за адмову адрачыся ад свайго 41 выказвання. Гэтая падзея пачала Рэфармацыю і значна змяніла ход сусветнай гісторыі. Павучальная рэакцыя гэтых двух людзей на выпрабаванні, якія іх сустрэлі. Абодва імкнуліся палепшыць Касцёл, але кожны пайшоў сваім шляхам: Лютэр выбраў канфрантацыю, а Ігнацый імкнуўся змяніць яго знутры – праз “ціхі, заразны ўплыў”[1].

Паказальна, што паслядоўнікі Марціна Лютэра называлі сябе лютэранамі ў гонар іх заснавальніка, у той час як спадарожнікаў (не паслядоўнікаў) Ігнацыя не называлі ігнацыянамі. Ігнацый і яго спадарожнікі (кампаньёны, таварышы) першапачаткова называлі сябе кампаніяй Езуса: “Amigos en El Señor” – “Сябры ў Пану”. Такім чынам, Ігнацый быў чалавекам кампаніі. Усё рабілася дзеля большай хвалы Божай, а сам Ігнацый імкнуўся адвесці ад сваёй асобы ўсе заслугі. Ён быў выдатным арганізатарам і апошнія шаснаццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў не свайму намеру быць пілігрымам, а Божаму плану стварыць надзейную арганізацыю, якая перажыве яго самога і ягоных наступнікаў.

Звяртаючыся да Інстытута Лаёлы ў Дубліне ў 2018 годзе, д-р Алан Роксбург адзначыў, што для хрысціян надыйшоў час новага пераасэнсавання дзеля прабывання ў меншых супольнасцях. Тлумачачы, што слова “парафія” бярэ свой пачатак у адміністрацыйнай структуры Рымскай імперыі, ён выказаў здагадку, што шлях наперад ляжыць у перафарміраванні супольнасцяў і змяншэнні колькасці іх членаў. Нягледзячы на тое, што ён не зрабіў відавочнай спасылкі на тэзу Эрнста Фрыдрыха Шумахера аб тым, што “малое прыгожае”, тут не патрэбен вялікі разумовы скок.

Да таго ж, Ігнацый нарадзіўся ў (заходнім) свеце, які перажываў крызіс, а хрысціянства знаходзілася ў разгубленым стане. Касцёл і дзяржава былі пераплецены непарыўна. Пратэстанцкая Рэфармацыя не разблытала гэтую пару, яна проста перабудавала касцёльна-дзяржаўны альянс згодна палітычнай лініі. Аднак саюзнікі Рэфармацыі, эпоха Адраджэння і эпоха Даследаванняў, забяспечылі распаўсюджванне хрысціянства ва ўсіх яго формах па ўсім свеце на працягу наступных 250 гадоў да пачатку ціску на Таварыства Езуса ў 1773 годзе.

Паўстанцы і паўстанні

У позняга Леанарда Коэна ёсць такія радкі:

Езус быў мараходам, калі хадзіў па вадзе,
І доўга глядзеў са сваёй самотнай драўлянай вежы,
І калі ўпэўніўся, што толькі тапельцы могуць Яго бачыць,
Cказаў: усе людзі будуць мараходамі, пакуль мора не вызваліць іх.

Гэтае бачанне Езуса як ратавальніка, да якога мы звяртаемся толькі ў час патрэбы, з’яўляецца адным з многіх праяўленняў Хрыста, які ніколі не быў усім для ўсіх, але для многіх быў многім. Ён таксама быў паўстанцам. Нарадзіўшыся габрэем, Ён паўстаў супраць артадоксіі сваёй веры і замяніў Бога гневу Богам любові. Габрэі спадзяваліся, што Ён прывядзе іх да свабоды супраць іх рымскіх уладароў, але Ён быў асцярожны і імкнуўся пазбегнуць падобнай канфрантацыі, намагаючыся трымаць Касцёл і дзяржаву асобна, заклікаў іх “аддаць Цэзару цэзарава, а Божае – Богу”. Калі Ён пацярпеў няўдачу, габрэі перадалі Яго сваім прыгнятальнікам, якія былі рады пазбавіцца яшчэ аднаго правадыра паўстанцаў, і Ён памёр за сваю неабыякавасць – і за нас.

Ігнацый таксама быў паўстанцам. Падобна Хрысту, ён вырашыў працаваць унутры сістэмы, а не супрацьстаяць ёй і аказваць той ціхі, заразны ўплыў. Прыняўшы такі падыход, яму ўдалося зрушыць з месца Касцёл свайго часу і прывесці яго да рэнавацыі. Ігнацый таксама заахвочваў нас ва ўсім шукаць Бога. У нашым сучасным камерцыйным свеце можа быць цяжка знайсці Бога, аж пакуль нас не напаткае няшчасце, і тады мы, як тапельцы, убачым Яго і пачнем няўмела клікаць на дапамогу.

Ігнацыянская спадчына

Місія Ігнацыя змянілася з часоў айцоў-заснавальнікаў. Мы ўсё яшчэ можам знайсці Бога ва ўсіх рэчах, але ў нашы дні нам, магчыма, давядзецца шукаць больш заўзята. Змяншэнне рэсурсаў езуітаў на захадзе засяроджвае ўвагу на альтэрнатыўных метадах распаўсюджвання місіі. І таму радасна яшчэ раз пачуць, што “езуіты … знаходзяць [сваю] ідэнтычнасць не ў адзіноце, а ў адносінах … з Панам, які кліча”, а таксама “ў адносінах з іншымі людзьмі, якія падзяляюць гэты заклік” [2]. Наказ Пятра Фабэра: “калі нешта нядобрае нас напаткае, мы павінны лічыць, што гэта паходзіць не ад чалавека, а ад Бога” [3] гучыць  вельмі праўдзіва. Айцец Арупэ паўтарыў гэта ў La Storta, адзначаючы, што “планаваў усё інакш; але распараджаецца Бог, а Яго задумы – таямніца” [4].

І вось, праз 500 гадоў пасля гарматнага стрэлу ў Памплоне, калі мы пачынаем (павольна) выходзіць з пандэміі, якая напаткала свет, мы ўзрушаныя, захопленыя і гатовыя затрымацца, калі надыйдзе новы навучальны год. Нас натхняе заклік “Жыць гэтай місіяй у нашым разбітым свеце”, мы спадзяемся стаць часткай “братэрскай і радаснай [супольнасці], дзе ўвасабляецца нашая крэатыўнасць” [5]. Наш свет быў пашкоджаны, але – з Божай дапамогай – ён будзе выпраўлены, і спадчына святога Ігнацыя і ягоных Amigos en El Señor будзе мець вырашальнае значэнне ў нашым уласным адраджэнні.

Спадчына Ігнацыя – жывая, дзейсная і знаходзіцца ў вельмі добрай форме, але патрабуе клапатлівага дагляду. Спадчына Ігнацыя квітнее ў школах, у якіх мы выкладаем, і ў місіях, у якіх мы працуем. Спадчына Ігнацыя – у нашых сэрцах і ў нашых руках. Спадчына Ігнацыя запаведана нам.

Дэклан О’Кіф
Гісторык, працуе ў езуіцкім каледжы Clongowes Wood College

[1] Brian Grogan S.J., Alone and on Foot, Ignatius of Loyola (Dublin, 2008), 108.
[2] Jesuit Life & Mission Today, General Congregation 35, Decree 2, “The Mission of the Society of Jesus Today,” pp. 733–743 [18–44].
[3] The Spiritual Writings of Pierre Favre. St. Louis, Mo.: Institute of Jesuit Sources, 1996, pp. 340–342.
[3] Jesuit Life & Mission Today: The Decrees & Accompanying Documents of the 31st–35th General Congregations of the Society of Jesus, ed. John W. Padberg. St. Louis, Mo.: Institute of Jesuit Sources, 2009, “Homily of Fr. Pedro Arrupe at La Storta,” pp. 479–480.
[5] Jesuit Life & Mission Today, General Congregation 35, Decree 2, “The Mission of the Society of Jesus Today,” pp. 733–743 [18–44].

Крыніца: https://www.jesuit.ie/blog/declan-okeeffe/cannonballs-and-bombshells/   

Фота: journeys.americamedia.org