Пётр Фабэр або П’ер Фаўр (Pierre Favre) нарадзіўся 13 красавіка 1506 г. у вёсцы Віларэ ў Савоі, дзе і рос, пасучы авечак свайго бацькі. З 1525 года ён вучыўся ў Парыжы і дзяліў пакой з Францішкам Ксаверыем і Ініга дэ Лаёлай, стаўшы адным з першых яго паслядоўнікаў. 30 мая 1534 года ён прыняў пасвячэнне і стаў першым святаром Таварыства Езуса. Па распараджэнні Папы ён наведваў асноўныя краіны Еўропы і паўсюль з вялікім поспехам ажыццяўляў місію каталіцкага адраджэння. Памёр у Рыме, 1 жніўня 1546 г., на руках у св. Ігнацыя. У 1872 годзе Пій IX залічыў яго да ліку благаслаўлёных, а Папа Францішак 17 снежня 2013 (у свой дзень нараджэння) – да ліку святых.

Пётр Фабэр быў першым і бліжэйшым таварышам Ігнацыя Лаёлы і блізкім сябрам Францішка Ксаверыя. Ён пражыў усяго 40 гадоў (1506-1546), але жыццё меў вельмі багатае: ён пабываў у самых розных краінах, трапляў у самыя супярэчлівыя сітуацыі. Дзяцінства і раннюю маладосць ён правёў у сваёй роднай краіне, вёсцы, размешчанай у высакагорных Альпах, выхоўваўся ў хрысціянскай сям’і, а потым вучыўся ў простай школе ў мудрага настаўніка, які меў глыбокую верай і змог даць вучню любоў да ведаў. Усё гэта адбывалася на фоне спакойнай, размеранай хады сялянскага жыцця і на падмурку цвёрдых рэлігійных перакананняў.

Наступныя дзесяць гадоў Пётр правёў у Парыжы, дзе ягоная прага ведаў яшчэ больш узмацнілася. Ён акунуўся ў насычаную атмасферу універсітэта, дзе вучыліся студэнты з розных краін і куды з мноства крыніц ўліваўся імклівы паток ідэй. Той напружаны час, поўны пераменаў, шмат у чым нагадвае сучаснасць. Спачатку Пётр жыў з Ксаверыем, якому было тады 19 гадоў, як і самому Пятру, а пасля з Ініга, для якога ён быў універсітэцкім апекуном. Затым пачалося, па яго словах, “агульная жыццё, дзе мы дзялілі адзін з адным жыллё, ежу і выдаткі. У рэшце рэшт, ён (Ініга) стаў маім духоўным настаўнікам…” Такім чынам, Фабэр стаў не толькі магістрам мастацтваў, але і святаром, першым з сямі таварышаў; стаў часткай групы сяброў, якія знаходзілі адзін аднаго ў шумным натоўпе вучняў і ўмацоўвалі цесную сувязь, разам маліліся, разам шукалі свой агульны шлях, рабілі “Практыкаванні” і крок за крокам – праз знакі – адкрывалі, чаго жадае ад іх Бог. Апошнія дзесяць гадоў былі прысвечаны інтэнсіўнаму апостальскаму служэнню. Гэта былі гады вандравання, якія ён правёў у служэнні, адказваючы на ​​шматлікія патрэбы хрысціянскага свету; у цэнтральнай і паўночнай Італіі, у Германіі, у правінцыях, дзе каталіцызм сутыкаўся з пратэстантызмам; затым зноў у Германіі, у Бельгіі, у Партугаліі, зноў у Іспаніі. У зменлівым свеце Фабэр, штораз паўней прысвячаючыся вялікай справе, ператвараўся ў пілігрыма, аказваючы глыбокі ўплыў на мноства людзей з розных слаёў грамадства, куды б ён не пайшоў. Часам гэта былі людзі, якія самі валодалі вялікім уплывам. У чым жа яго сакрэт?

Увага да Духа

Пры чытанні Memoriale, дзе ў апошнія чатыры гады свайго жыцця ён адзначаў тыя ласкі, якія атрымліваў штодня, становіцца ясна, што адной з самых адметных рысаў яго характару – рысай, дзякуючы якой ён быў добрым правадніком для іншых, – была ўзмоцненая ўвага да рухаў Божага Духа.

Цягам тых 12 гадоў, калі ён вартаваў сваіх авечах, ён быў, так бы мовіць, ва ўладзе Святога Духа: “О Дух Святы, Ты паклікаў мяне, прыйшоў да мяне з такімі благаслаўленнямі… Ты завалодаў мною і пазначыў мяне незнішчальнай пячаткай боязі Божай…” З тых часоў усё сваё жыццё ён часта адчуваў скрайняе напружанне душы, якая разрывалася паміж натхненнямі ад Духа, і тымі, што ўводзяць у зман або звяртаюць нас ўнутр, на саміх сябе. Цярплівае і спакойнае дзеянне Духа, распазнаваць якое навучыў Пятра Ігнацый Лаёла, дапамагло яму дасягнуць свабоды і, як ён часта казаў, “раскрыцца”. Ён ведаў, што важней за ўсё, каб гэта адбылося ўнутры: “Няхай мая найглыбейшая сутнасць і, перш за ўсё, маё сэрца будуць падпарадкаваныя Хрысту, які ўвайшоў у маё “я”, і няхай Ён зойме цэнтр майго сэрца” (Memoriale (М) 68) [1]. “Няхай мая душа будзе вернута самой сабе праз тое, што ляжыць у самых яе нетрах, калі ёй здарыцца калі-небудзь наблізіцца да страты спакою” (М 188). “У тыя дні, калі святкуецца Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі, я адчуваю новую сілу і цвёрдасць у сваім сэрцы і ў глыбіні сваёй істоты” (М191).

Адкрыцца ўсім і ўсяму

У той жа час, Святы Дух “адкрываў” Фабэра насустрач таму, што ляжала за межамі яго самога, насустрач іншым. Прыйшоў дзень, калі ён адчуў, што адварочваецца ад людзей, чые недахопы ён ясна бачыць, і гэта ўстрывожыла яго. Адказ, здавалася, прыйшоў аднекуль знутры: “Бойся лепш, што Пан Бог пазбавіць тваё сэрца радасці… Калі тваё сэрца будзе шырока адкрыта для Бога, Ён адразу ж выявіць табе, што і ўсё астатняе табе адкрыта, і ты можаш радавацца гэтаму” (Ml43). Калі Хрыстус кожны дзень “камунікаваў” з ім у Эўхарыстыі, ці не павінен і ён “камунікаваць з Хрыстом, і не толькі з Ім, але і – дзеля Яго – з усімі людзьмі, добрымі або дрэннымі, з якімі ён размаўляе і працуе, адкрываючы сябе кожнаму з іх?” (М255). Дух “адкрываў яго для працы” і “адкрываў працу яму”; яго задачы даваліся яму Божай ласкай (М141). Наколькі ж супярэчаць дабрыні духу “тое пачуццё холаду і ўздзеянне д’ябла, якія закрываюць адзін ад аднаго нашыя сэрцы” (М 199); як шкодны гэты дух недаверу, заклапочанага аднымі толькі перашкодамі, каб загарадзіць нам шлях (М 254), гэты “горкі і халодны запал”, які, шукаючы пераўтварэнняў, толькі памнажае зло” (М 427). Ясна усведамляючы пакуты і няўдачы людзей свайго часу, Фабэр ў той жа час быў адораны ласкай бачыць “простым і не зласлівым вокам” тое добрае, што Бог пасеяў у іх: “Калі проста прымаць рэчы такімі, якімі іх знаходзіш, і імкнуцца ўдасканальваць і паляпшаць іх, то гэта прыносіць багатыя плады” (М 330). Ці не такім дзеяннем Духа, які выкарыстоўвае ўсе рэсурсы яго характару, тлумачыцца ўсё тое дабро, якое ён здзейсніў, перш за ўсё навяртанні, споведзі, духоўныя практыкаванні? “Ён быў, – кажа сведка, – на дзіва абаяльным чалавекам, сціплым і вельмі сур’ёзным у сваіх паводзінах, красамоўным і вельмі адукаваным”. Радрыгес, адзін з першых езуітаў, кажа: “Ён валодаў вясёлай дабрынёй і шчырасцю, якіх я ніколі не сустракаў ні ў кім іншым. Ён проста знаходзіў у людзях сяброў – не ведаю, як; ён памалу ўплываў на іх, сваімі паводзінамі і словамі прышчапляючы ім любоў да Бога”. Ён спалучаў гэтыя дары сэрца з глыбокай вучонасцю і, у асаблівасці, з глыбокім веданнем Пісання, кажуць нават, што як прапаведнік ён дасягнуў дасканаласці ў чытанні і тлумачэнні Бібліі.

Сувязь усяго стварэння

Калі б нам было вядома, як прарвацца праз перашкоду слоў і здзейсніць неабходныя перастаноўкі сэнсаў, калі б можна было вылучыць у праявах і абрысах глыбокай веры Фабэра ўсё тое, што вырасла з ранняй адукацыі і адносілася да яго эпохі, мы ўбачылі б, што ён валодаў праніклівым і не старэючым бачаннем, якое дазвалялі яму ўсведамляць усю складанасць нашай істоты, дзе шматлікія ўнутраныя рухі прыходзяць у супярэчнасць адзін з адным і вельмі разнастайныя ўплывы ўздзейнічаюць на нас, і яно ўяўляе сабой частку Сусвету, што складаецца з прадметаў і людзей, у якой ўсё ўзаемазвязана. Ён меў такі ж светлы позірк і ў дачыненні да дзеяння Духа, які, пачынаючы з рэчаў знешніх, абнаўляе усё тое, што ўяўляем сабой мы самі, усе нашы пачуцці, усе дзеянні нашага цела, пранікаючы ў матэрыяльныя аб’екты такім чынам, што яны могуць дзейнічаць нам на карысць, і ўсталёўваючы еднасць усіх святых. Сэрца Пятра Фабэра было шырока адчынена насустрач сусвету братэрства: “Я адчуваю найвялікшую ласку – добразычлівасць Таго (Святога Духа), Хто так магутна і глыбока абдымае ўсё, што існуе, з’яўляючыся яго пачаткам, сярэдзінай і канцом”, Хто прымушае ўсялякае стварэнне раскрывацца насустрач адзін аднаму (М 35, 141), “Хто прыходзіць да нас у кожнай драбніцы стварэння” (М 307).


[1] Спасылкі на нумары ў Memoriale.