Рахунак сумлення, аб якім размова была мінулым разам, не абмяжоўваецца адной формай. Мы ўжо пагаварылі аб праглядзе дня, а сёння бліжэй пазнаёмімся з малітвай любячай увагі.

Спачатку трэба адзначыць, што ігнацыянскі падыход да выкарыстання тых ці іншых малітоўных практык характарызуецца гнуткасцю. Гэта значыць, што св. Ігнацый, даючы нам пэўныя духоўныя парады, па сутнасці прапануе інструменты для творчага ўжывання ў канкрэтных умовах і жыццёвых сітуацыях.

Каб знайсці свой спосаб і форму рахунку сумлення, патрэбны ўважлівасць і ўсведамленне мэты ўласнага шляху. Уявім сябе кіроўцамі на незнаёмай – а натхненні Духа часта кіруюць у невядомыя мясціны – дарозе, якая павінна прывесці да мэты. Мы нібыта ведаем маршрут, але па нейкіх прычынах прапускаем важны паварот і вымушаны доўга шукаць, як вярнуцца на патрэбнае скрыжаванне.

Ці той кірунак, у якім мы рухаемся па жыццёвым шляху, набліжае нас да Бога? Ці вядзе да глыбейшай веры, надзеі, любові? Можа, пара спыніцца і паразважаць над гэтым?

Умець затрымацца ў наш час не так проста і ўсё ж вельмі патрэбна. Прычым рабіць паўзы можна не толькі ўвечары перад сном, але і цягам дня, хаця б на 5 хвілін, каб аглядзецца навокал і паслухаць сваё сэрца – найлепшы духоўны “навігатар”.

“Цэнтрам чалавека, паводле Бібліі, з’яўляецца сэрца, у якім сустракаюцца ўсе яго вымярэнні: цела і дух; глыбіня асобы і яе адкрыццё на свет і іншых; розум, воля і пачуцці. Вось жа, калі сэрца здольнае яднаць гэтыя вымярэнні, то дзеецца так таму, што яно з’яўляецца месцам, дзе мы адкрываемся на праўду і любоў і дазваляем, каб яны ў глыбіні закранулі нас і перамянілі” (Францішак, Lumen Fidei).

Інтанацыі любові непаўторныя для кожнай асобы. Але вельмі часта мы не заўважаем, якім чынам прамаўляе Бог аб “любові і праўдзе”, бо нашы слабасці абмяжоўваюць зрок. Таму ў малітве любячай увагі тройчы звяртаемся з просьбай аб святле. “Пане, пакажы мне…”. Дары, ласкі, даброты, але не толькі: недахопы, памылкі, правіны. Аднак і гэта не ўсё – просім падказаць, як выправіць крыўды, аднавіць сувязі, даць рады з цярпеннем, мацней любіць Бога і бліжніх.

Не лішнім будзе падкрэсліць, што ў першую чаргу мы шукаем, за што падзякаваць Богу. Вядома, спадзяёмся знайсці выйсце ў складаных сітуацыях. Але малітва з’яўляецца цудоўнай магчымасцю проста падзякаваць за тое, што ўсё ідзе добра! Нагод для гэтага сапраўды шмат. Таму ўсё ж такі не страх павінен прымушаць нас затрымлівацца, але любоў. Гэта яна імкнецца заўважыць і ўшанаваць кожную праяву Божай міласці і праўды.

А. Уільям Ламберт SJ, аўтар кніг па ігнацыянскай духоўнасці, прапануе наступную траістую схему для малітвы любячай увагі:

1. Просьба да Бога аб здольнасці заўважыць і прыняць Яго дары.
Позірк на дары.
Падзяка за ўсе даброты і ласкі, якія заўважыў.

2. Просьба да Бога аб усведамленні сваіх грахоў і вызваленні ад іх.
Позірк на грахі.
Падзяка за прабачальнае Божае вызваленне; жаль за грахі.

3. Просьба да Бога аб адшуканні новых шляхоў хрысціянскага жыцця.
Позірк на магчымасці ўзрастання ва ўнутранай свабодзе, якая з’яўляецца ўмовай змены паводзін.
Падзяка ў малітве, поўнай надзеі на Божую дапамогу. На завяршэнне можна памаліцца “Ойча наш…”.

Гэтую траістасць, памножаную на 3, лёгка запомніць і трымаць у галаве, стомленай ці легкадумнай, а таксама тады, калі віруюць пачуцці або наступаюць перыяды прыгнечанасці і сухасці. Ёсць розніца паміж самотным “пракручваннем” перажыванняў, сумневаў, трывог і праглядам іх у Божай прысутнасці. Просьба прасвятліць нашы вочы дае магчымасць убачыць праўду і змяніць згубны накірунак, навучыцца пакоры і радаснай удзячнасці.

Кожнаму з нас вельмі важна, а нават жыццёва неабходна, трапіць у дом Айца, дзе мы – доўгачаканыя любімыя дзеці. Божы позірк суправаджае нас, Яго рука дапамагае рухацца наперад. Але калі не будзем звяртаць на Яго ніякай увагі, то не навучымся адрозніваць добрыя накірункі ад благіх і будзем губляць каштоўны час, выбіраючыся з чарговай калатнечы. Езус Хрыстус называе дарогай сябе (параўн. Ян 14, 6). Няхай жа малітва любячай увагі дапамагае нам знаходзіць Яго як мага хутчэй і трымацца як мага бліжэй!

Нам засталося зрабіць яшчэ адзін крок, а менавіта адступіць крыху назад, каб павялічыць шырыню агляду.

У Божую прысутнасць я прыходжу як рэальны чалавек, а не выдуманы герой, які ўсё робіць на выдатна ды яшчэ з дня ў дзень удасканальваецца. Што сёння будзе маёй шчырасцю ў адносінах са Створцам і Збаўцам? Плынь слоў і думак ці маўчанне? Усмешка ці схаваны ў далонях твар? А можа, увогуле адмаўленне ад актыўнага пазнання сябе і простае прабыванне пад позіркам Бога, які бязмежна і безумоўна любіць мяне?

Жывая малітва багатая мноствам адценняў і варыяцый. Цікавым назіраннем дзеліцца а. Уільям Ламберт SJ, які шмат увагі ў сваіх кнігах прысвячае рахунку сумлення: “Многія сужэнствы адкрылі для сябе, што апавядаць адно аднаму аб пражытым дні – добры спосаб зрабіць прагляд дня і адначасова ўмацаваць адносіны з партнёрам. Я ўражаны звычаем адной пары, з якой асабіста знаёмы. З-за напружанага працоўнага графіка сняданак – адзіны час, калі яны могуць пабыць сам-насам. На працягу гэтай каштоўнай паўгадзіны муж і жонка размаўляюць толькі пра сябе і пра тое, што датычыцца іх абодвух. Калі штосьці іншае прасочваецца ў размову сужэнцаў, яны задумваюцца, ці ўсё добра ў іх адносінах”.

А ці не прасочваецца ў нашу малітву ацэньванне (і нават абясцэньванне) іншых людзей, зацыкленасць выключна на сваіх поглядах і памкненнях, схільнасць да наракання больш, чым да падзякі? Сцісла кажучы, ці ўсведамляем мы тады, з Кім размаўляем? Нездарма а. Ламберт згадвае сужэнцаў. Бог праз святых і прарокаў карыстаецца катэгорыямі сужэнства, каб паказаць чалавеку, да якіх адносін з Ім трэба імкнуцца. Праз прарока Осію так кажа Пан:

“Я заручуся з табою навекі; заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі, у міласці і міласэрнасці. Заручуся з табою ў вернасці, і ты пазнаеш Пана” (Ос 2, 21–22).

Бог прагне быць для чалавека той Асобай, размовы з якой будуць нязмушанымі і сардэчнымі, як у доме, дзе пануе шчырасць і згода. Бог прагне быць Тым, каго не будуць ігнараваць, але слухаць, задаваць пытанні, каму будуць распавядаць нават нязначныя дробязі, дзяліцца трывогамі і радасцямі. Ён жадае сапраўдных жывых адносін, а не захавання дыстанцыі.

А. Ламберт перакананы, што, “як і ў сям’і, глыбіня і любоў прычыняцца да фарміравання ў нас асабістага стылю малітвы, адпаведнага стану нашага жыцця і веры, стылю разнастайнага і звычайнага, як сама штодзённасць. Сэнс у тым, каб падыходзіць да свайго жыцця, як да мастацкага твора, які паступова нараджаецца ў сутыкненні спантаннасці і звычкі, выпадковасці і дысцыпліны, карыстаючыся дапамогай пастаяннай, падсвядомай і засяроджанай увагі”. Такі творчы падыход дапамагае знайсці свой уласны спосаб заканчэння дня ці малітоўнага перапынку падчас абеду ці шпацыру. Магчыма, некаторыя яго падказкі будуць карысныя чытачам у той ці іншы перыяд жыцця.

Ці падчас малітвы павольна, у рытме дыхання, молімся “Ойча наш”;
ці ствараем асабісты псальм;
ці дазваляем дню, як фільму, разгарнуцца перад нашымі вачыма;
ці ператвараем якую-небудзь асобную сітуацыю ў слайд, які можна выкарыстаць у “медытацыі над вобразам”;
ці спрабуем суцішыцца, бо адчуваем, што шум і паспех заглушаюць голас унутранага свету;
ці дазваляем святлу сённяшняга чытання Евангелля праліцца на ўзлёты і падзенні гэтага дня;
ці перажываем наноў нейкае здарэнне, каб дзень не скончыўся раптоўным тармажэннем, але запавольваннем тэмпу і адпачынкам;
ці імкнёмся заўважыць, як духоўная атмасфера ранішняй медытацыі амаль нячутна, але адчувальна насычала атмасферу ўсяго дня;
ці, як параход, “выпускаем пар” з надзеяй, што ён узнімецца высока ў неба, як дым кадзіла;
ці нагадваем сабе, што “патрэбна толькі адно”;
ці ўглядаемся ў постаць святога, якога ўспамінаем у гэты дзень, і стараемся “заразіцца” ад яго “вірусам” любові;
ці складаем спіс падзяк;
ці звінаем абрысы дня ў “залатой думцы” альбо вершы;
ці спісваем чарговую старонку свайго дзённіка;
ці вымаўляем любімую малітву;
ці спрабуем свядома прыняць нейкую цяжкую сітуацыю;
ці аналізуем чарговы раз важную здагадку, прасвятленне, дадзенае нам сёння;
ці проста чакаем моўчкі;
ці ўнутрана канфрантуем з газетнымі навінамі або асабістым лістом, які нас узрушыў;
ці стараемся быць прысутнымі без слоў у чуйнай паставе цела;
ці рыхтуемся да споведзі альбо духоўнай размовы;
ці ўспамінаем важныя моманты апошніх рэкалекцый, якія не хацелася б страціць у штодзённай заклапочанасці;
ці разважаем пра свае адзнакі і задаём сабе пытанне, як здалі экзамены па чалавечнасці і хрысціянстве;
ці стараемся прадумаць хрысціянскую стратэгію паводзін з людзьмі;
ці падыходзім да кагосьці пасля гарачай сваркі і спрабуем пачаць усё спачатку…

Кожны пералічаны вышэй пункт можа стаць спосабам малітвы любячай увагі, аналізу, разважання над жыццём, прагляду дня.

Клімовіч Тэрэса

Упершыню апублікавана ў газеце “Слова Жыцця” № 13 (519) 2019 і № 15 (521) 2019