Трэцяя прабацыя – апошні этап езуіцкай фармацыі, які чакае членаў Таварыства Езуса праз некалькі год пасля святаркага пасвячэння або, у выпадку братоў, пасля некаторага перыяду паўнавартаснага служэння. У гэты час езуіты зноў праходзяць праз выпрабаванні, якія ўжо мелі ў навіцыяце і на іншых этапах, з мэтай атрымаць “жывы досвед” разнастайных вымярэнняў езуіцкага паклікання. Айцец Віктар Жук SJ, які знаходзіцца зараз у Маніле на сваёй трэцяй прабацыі, дзеліцца сваім аповедам аб адным з выпрабаванняў у бедным квартале філіпінскай сталіцы. 

Месца, якое называюць “Happyland”, кіруючыся не толькі чорным гумарам ці жаданннем прыхарашыць непрывабную рэчаіснасць, але, здаецца, яшчэ і таму, што людзі тут здольныя захоўваць радасць жыцця нават у такіх умовах…

 

***

Частка трэцяй прабацыі ў Маніле – тыднёвы вопыт пражывання ў адным з бедных кварталаў метраполіі, дзе нас па аднаму езуіту прынялі мясцовыя сем’і. Апошнія кангрэгацыі Таварыства Езуса настойваюць на тым, каб у езуітаў быў непасрэдны кантакт з беднымі людзьмі, якім мы пакліканыя служыць і ад якіх павінны вучыцца жыць сціпла. Гэты досвед сапраўды зрабіў моцнае ўражанне. Пачну з таго, што пэўна агаломшвае найбольш: людзі ў гэткіх умовах, здавалася б, павінны быць панурымі, змрочнымі, раззлаванымі на жыццё – і тым не менш, яны здольныя (падаецца, нават больш за многіх іншых) усміхацца, радавацца, гуляць, быць ветлівымі ў зносінах…

 

Мая прыёмная сям’я ) 

 

Некаторыя сем’і на самай справе не маюць сродкаў больш, чым на пражытак на бліжэйшыя некалькі дзён. Паняцце выгод і асабістай прасторы вельмі моцна абмежавана – і дома, і на вуліцах, і ў грамадскіх месцах.

Характэрнай рысай жыцця людзей тут з’яўляецца выкарыстанне дробных аднаразовых пакуначкаў, у якіх прадаецца амаль усё: кава “3 у 1”, порцыя расліннага алею для гатавання абеду, шампунь, нават зубная паста… Гэта абумоўлена меркаваннямі як эканоміі грошай (вядома ж, сумніўнай, аднак сямейны бюджэт проста не дазваляе купляць вялікія ўпакоўкi), і прасторы, якую кожная сям’я таксама вымушана строга эканоміць. Натуральна, паўстае пытанне аб адходах: тут яно больш відавочнае, чым для большасці жыхароў метраполій, чыё смецце адпаведныя службы старанна вывозяць далей ад вачэй. Наш жа раён – месца былой велізарнай звалкі (якая цяпер пакрытая зямлёй, і на гэтай “дымлівай гары”, як яе называюць дагэтуль, нелегальна будуюць хаціны і нават займаюцца сельскай гаспадаркай). Смецце ў Тондо ўсюды: і на лесвічных пляцоўках, і пад нагамі на вуліцах, і ў рацэ. Частка жыхароў раёна займаецца перапрацоўкай смецця, зарабляючы такім чынам грошы. Сям’я, у якой я жыў, была не з самых бедных: бацькам дапамагае дачка, якая здолела выехаць з гэтага квартала. Самыя ж бедныя сілкуюцца “пагпаг”, перапрацаванымі харчовымі адкідамі з рэстаранаў. Такую “ежу” тут прадаюць і купляюць. Канешне, апавяданні аб гэтым проста шакуюць.

 

Bahay на мове тагалог значыць “дом”. Нелегальным жыхарам Smokey mountain прыходзіцца насіць ваду – вадаправода тут няма. Але ў некаторыя дамы праведзена (відавочна, паўлегальна) электрычнасць.

Нягледзячы на тое, што дзіцячая праца забаронена, фактычна многім дзецям даводзіцца падпрацоўваць, каб папоўніць сямейны бюджэт. Няўрадавыя арганізацыі вельмі правільна імкнуцца ў першую чаргу дапамагчы сем’ям даць адукацыю дзецям – гэта надзея на лепшую будучыню, проціяддзе ад бесперспектыўнасці як аднаго з найцяжэйшых аспектаў беднасці. Надзея – напэўна, галоўная і гэтак неабходная цнота тутэйшых жыхароў, разам са спадзяваннем, што сёння і заўтра Хтосьці паклапоціцца пра сям’ю. Нейкім чынам з такой паставай спалучаецца ўзаемадапамога і шчодрасць: у гэтым я змог пераканацца на ўласным вопыце, дзівячыся таму, як людзі бедныя гатовыя падзяліць тое нямногае, што ў іх ёсць. Вядома, тут складана абагульняць, людзі ўсюды розныя, і тым больш мне не хочацца ідэалізаваць або апранаць у рамантычную абалонку той лад жыцця, які прыходзіцца весці жыхарам выспы Балут у Тондо. Аднак сітуацыя гэтых і мільёнаў іншых людзей, якія жывуць у падобных умовах, прымушаюць моцна задумацца над тым ладам жыцця, які мы часцей за ўсё маўкліва ўспрымаем як належны, – лад жыцця, у цэнтры якога знаходзіцца спажыванне і пошук выгодаў. Гэта не абвінавачванні ні ў чый адрас: вопыт Тондо дапамог мне ўсвядоміць, што я – першы з тых, хто мае патрэбу ў тым “навяртанні”, якое прадугледжвае дадзенае мною абяцанне беднасці і да якога настойліва заклікае мяне Інстытут майго ордэна. За гэтыя некалькі дзён, праведзеных у Тондо, я неаднаразова лавіў сябе на тым, што розум шукае “эфектыўных” шляхоў выхаду з таго становішча рэчаў, якое я назіраў, але паступова разумеў, што ўсё павінна пачацца менавіта з навяртання.

Не буду таіць, аднак, што ўбачанае ў Тондо не так лёгка звязаць з уяўленнем пра “евангельскую беднасць”. Абвяшчаючы благаслаўлёнымі (або, інакш, шчаслівымі) бедных, Пан Езус напэўна не жадаў, каб людзі працягвалі жыць ва ўмовах, якія супярэчаць чалавечай годнасці. Верагодна, Хрыстус таксама не меў на ўвазе, што, знаходзячыся ў неспрыяльных умовах, яны выпрацоўваюць адмысловыя якасці – такія, як прыстасавальнасць, трываласць, супраціўляльнасць, або ў рэшце рэшт неадчувальнасць да бактэрыяў і непрыемных пахаў. У чым жа тады перавага бедных з пункту гледжання Евангелля? Адказ просты: жабракі (‘anawim, як гучыць гэтае слова ў арыгінале ў Старым Запавеце) – першыя, на каго глядзіць Пан Бог, таму што ім больш няма на каго спадзявацца. Надзея толькі на Бога – асноўнае вымярэнне таго благаслаўлення, якое гучыць крыху па-рознаму ў Лукі і Мацвея, і, здаецца, менавіта гэты духоўны аспект хацеў падкрэсліць аўтар першага Евангелля, дадаючы вызначэнне “ўбогія духам”. Аднак гэтае найважнейшае вымярэнне адносін з Богам можа застацца абстрактным, калі ў нас няма магчымасці па-сапраўднаму, матэрыяльна адчуць, як Бог прадбачліва клапоціцца аб нашых асноўных патрэбах.

Santo Niño de Pasión (Святое Дзіцятка ад Мукі Пана) – характэрны від мясцовай пабожнасці, які адлюстроўвае веру ў Збаўцу, якому не было соладка на зямлі…
Езус падае пад цяжарам крыжа, але ўстае, каб далей яго несці, – таксама вельмі сімвалічны аб’ект пакланення для тых, хто шукае сілы і надзеі ісці сваім шляхам у нялёгкім жыцці…

Для езуітаў імкненне адчуць на сабе Божы клопат ўвасобілася ў прыкладзе св. Ігнацыя: у сваіх пілігрымках ён даходзіў да крайнасцяў на мяжы здаровага сэнсу, не жадаючы мець ніякіх чалавечых гарантый наконт харчавання і прытулку над галавой, якія маглі яму перашкодзіць спадзявацца толькі на Бога. Калі ў нашым жыцці няма прасторы для падобнага, хай не настолькі радыкальнага вопыту, наша веданне аб Божым Провідзе рызыкуе застацца толькі тэарэтычным. Неабходная ўмова для таго, каб дасведчыць гэта, – прыняцце той прастаты, пра якую кажа Езус, запрашаючы глядзець на натуральную прыгажосць палявых лілей, пра якія клапоціцца Бог. “Simpler is better” (тое, што прасцей, – лепш): гэтыя словы Папы Францішка былі напісаны на футболцы аднаго з маіх сабратоў, і гэта той прынцып, пра які вельмі карысна часцей успамінаць нам у атачэнні  разнастайных прыстасаванняў і гаджэтаў, якія паляпшаюць нашае жыццё, але ў той жа час пагражаюць засланіць самае важнае.

 

Паветраныя змеі лунаюць і над Тондо як сімвал свабоды…

Немагчыма вычарпаць гэтую тэму на некалькіх старонках. “Бедныя заўсёды будуць з вамі” (Ян 12, 8): гэтыя словы Езуса гучаць зусім не як апраўданне таго, што галеча – непазбежная праблема чалавечага грамадства, а хутчэй як пастаянны выклік для нашай чалавечнасці, як заклік да салідарнасці, да гатоўнасці падзяліць нашы рэсурсы, нават калі нам здаецца, што мы самі не багацеі. Пра сустрэчу з самім Езусам у асобе беднага і патрабуючага недвухсэнсоўна кажа Пан у прыпавесці пра суд (Мц 25, 31-45). Прысутнасць самога Хрыста ў бедных – тая таямніца, якую нам трэба будзе раскрываць і паглыбляць на працягу ўсяго жыцця, падобна іншым таямніцам веры. У той жа час, гэта вялікі шанец для нас – аказаць паслугу Валадару вечнасці ў сціплым абліччы. Часам мы аддаем перавагу безасабоваму ахвяраванню, а не асабістай размове з тымі, хто знаходзіцца ніжэй за нас на сацыяльнай лесвіцы. Можа, Пан чакае, каб вы і я ў наступны раз не пабаяліся такой гутаркі. Кантакт з беднымі нагадвае кожнаму з нас аб нашай уласнай патрэбе, аб нашай галечы, калі мы зачыненыя ў сваім уласным свеце, адрэзаныя ад збаўчай ласкі.

 

Мама-бабуля Адора, яе сын і ўнукі ) 

 

Дзякуючы вопыту ў Тондо, я лепш зразумеў, наколькі мае рацыю Папа Францішак, калі прагне Касцёла беднага ў евангельскім сэнсе, Касцёла для бедных: інакш Касцёл проста губляе сувязь з самой сваёй сутнасцю. З іншага боку, больш, чым актуальна, гучаў для мяне на працягу верасня напамін аб адказнасці за Стварэнне, даручанае нам, людзям: нямы крык ракі Вітас (якая ж сімвалічная назва!) даносіўся да мяне пры кожным маім позірку на яе. Пане, дай нам пачуць Твой заклік, які даносіцца да нас ад бедняка-бліжняга і патрабуючай Маці Зямлі.

Віктар Жук SJ

Фота аўтара

 

Від на мой дом з-за ракі Vitas – прыгледзеўшыся, можна заўважыць, як плавае смецце… А вада ў рацэ чорная і струменіць непрыемны пах. Успамінаецца анімацыйны фільм “Забраныя зданямі” Міядзакі.