На 36-ай генеральнай кангрэгацыі ў 2016 г. дэлегаты даручылі новавыбранаму генеральнаму настаяцелю Артуру Сосе перагледзець і актуалізаваць апостальскія прыярытэты, якія былі прынятыя ў 2003 г. (У той час на першым месцы знаходзіліся місіі ў Кітаі і Афрыцы, інтэлектуальнае апостальства, рымскія дамы, а таксама служэнне бежанцам і мігрантам). У кожнай з правінцый прайшоў працэс малітоўнага распазнавання прыярытэтаў, што дало падставу для далейшай працы над імі ў генеральнай курыі. Плады гэтага працэсу генеральны настаяцель прадставіў папе Францішку, які, памаліўшыся над імі, вярнуў Таварыству Езуса як указанні для місіі Ордэна.

Такім чынам, на бліжэйшыя 10 год апостальскія прыярытэты Таварыства Езуса наступныя:

1. Суправаджэнне ў духоўным распазнаванні і духоўных практыкаваннях. 

          – Дапамагаць людзям знайсці Езуса Хрыста і ісці за Ім

2. Быць побач з адкінутымі.

          – Падтрымліваць бедных, безабаронных, пакінутых, якіх грамадства лічыць нявартымі, – у служэнні прымірэнню і справядлівасці.

3. Клопат аб нашым агульным доме.

            – У глыбокай лучнасці з евангельскім навучаннем працаваць дзеля абароны і аднаўлення Божага стварэння

4. Быць спадарожнікамі моладзі.

            – Суправаджаць маладых людзей на шляху ў будучыню, поўную надзеі.

Гэтыя прыярытэты будуць вызначаць акцэнты служэння езуітаў на бліжэйшыя гады. Кожны член Таварыства і кожная супольнасць пакліканыя разважаць і знайсці шляхі ўвасаблення гэтых накірункаў служэння.

Ва ўсім гэтым працэсе мы закліканыя памятаць, што поўнасцю залежым і спадзяёмся на Божую дапамогу. Амаль 500 год таму св. Ігнацый пісаў у Канстытуцыях: “Таварыства не было заснавана чалавечымі сродкамі, і не дзякуючы ім яно будзе захоўвацца і развівацца, але ўсемагутнай рукою Хрыста, Бога і Пана нашага”.

Інтэрнэт-крыніцы, прысвечаныя глабальным апостальскім прыярытэтам Таварыства Езуса, на розных мовах:

Jesuits.global/en/uap   (English)

Jesuits.global/es/uap   (Español)

Jesuits.global/fr/uap    (Français)

Jesuits.global/it/uap     (Italiano)