Штодзённая малітва – не такая простая справа, калі яна сапраўды штодзённая, а не ад часу да часу ды пад настрой. Духоўнае жыццё чалавека патрабуе пастаяннай клапатлівай увагі, прычым у найбольшай меры – увагі ўласнай. Гэта не справа аднаго толькі жадання ці моцнай пастановы.
На практыцы чалавек сутыкаецца з вельмі звычайнымі пытаннямі: калі, дзе, колькі часу і як я буду маліцца. Без адшукання дакладных адказаў немагчыма казаць, што нехта сур’ёзна падыходзіць да сваіх адносінаў з Богам. Пакідаючы на індывідуальны разгляд пытанні выбару і прытрымлівання часу і месца, мы хочам расказаць аб адной малітоўнай ініцыятыве ў інтэрнэце, якая адказвае на пытанне “як?”.
Гаворка пойдзе пра малітву Святым Пісаннем. “Божае слова знаходзіцца ў падстаў кожнай праўдзівай хрысціянскай духоўнасці”, – адзначае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы Verbum Domini. Так, мы слухаем і молімся ім падчас літургіі слова, якая папярэднічае Эўхарыстыі, але не менш за супольную малітву, вялікую вартасць мае ўласнае засяроджанне над урыўкам Святога Пісання ў цішыні і адасобленасці.
Як у той жа энцыкліцы піша Бэнэдыкт XVI (і зараз, у кастрычніку, гэтыя словы гучаць вельмі актуальна): “Сузіраючы ў Маці Божай жыццё, цалкам сфарміраванае Словам, мы разумеем, што і нашым пакліканнем з’яўляецца спасціжэнне таямніцы веры, дзякуючы якой Хрыстус прысутнічае ў нашым жыцці” (28 VD). Спасціжэнне даўжынёй у цэлае жыццё, трэба дадаць.
Спадарожнікам на гэтым цудоўным шляху можа стаць сайт “Прастора малітвы”. Ён узнік як частка вялікага шматмоўнага праекта “Sacred Space” ірландскай правінцыі Таварыства Езуса. Першапачаткова сайт паўстаў у сценах інфармацыйнага цэнтра езуітаў у Ірландыі ў 1999 г. Зараз ён дасяжны на больш чым 20 мовах па ўсім свеце, у тым ліку на беларускай.
Галоўная ідэя праекта – дапамагчы ў штодзённай малітве Божым словам, урывак з якога прапануецца менавіта той, які абраны для літургіі слова на адпаведны дзень. Дастаткова, такім чынам, мець толькі зручнае месца, час і экран камп’ютара або смартфона.
Старонкі сайта дапамогуць спачатку “ўвайсці” ў малітву, падрыхтаваць цела і розум, каб вы змаглі найлепшым чынам пачуць, што хоча сказаць Бог праз сваё Слова менавіта сёння і менавіта для вас. Суправаджальныя кароткія малітвы напісаныя ад першай асобы і маюць на ўвазе дзеянне, а не проста чытанне. Кожны этап уяўляе сабой пэўнае практыкаванне або сузіранне, роздум, каб чалавек мог выразней убачыць Божую прысутнасць у сваім жыцці.
Штомесяц у супрацоўніцтве з асацыяцыяй “Апостальства малітвы” на сайце абнаўляецца старонка пад назвай “Сённяшняя малітва з Папам”, адпаведна з інтэнцыяй, якую Святы Айцец вызначае на кожны месяц. На гэтай старонцы прапануецца штодзённая малітва-прынашэнне і невялікае разважанне на тэму, якую закранае Папа.
На сайце можна карыстацца індывідуальнымі наладамі: змяняць музыку ці выключаць яе, рэгуляваць па свайму густу фон сайта, хуткасць змены слайдаў, памер шрыфта ў тэкстах. Можна таксама атрымаць на экране версію для друку, выбраўшы адпаведную піктаграму.
Дэвіз праекта на розных мовах вітае і падбадзёрвае кожнага наведвальніка: “Калі вы моліцеся, вы не адны: вы – частка сусветнай супольнасці”. Далучыцца ж да яе можна і варта ў любы момант.
Tэрэса Клімовіч
Упершыню апублікавана: grodnensis.by