У верасні 2012 г. адбыўся візіт у Польшчу тагачаснага Генеральнага настяцеля ордэна езуітаў а. Адольфо Нікалáса. Спачатку ён сустрэўся ў Гдыні з навіцыямі абодвух польскіх навіцыятаў. Публікуем фрагменты запісу сустрэчы, падчас якой айцец-генерал звяртаецца да спецыфікі гэтага першага этапу фармацыі. Спадзяёмся, што натхнёныя і глыбокія думкі, якія набліжаюць сутнасць ігнацыянскай духоўнасці, дапамогуць лепш зразумець шлях, якім крочаць езуіты.

Духоўнасць, у якую вы ўваходзіце падчас навіцыяту, датычыць трох асноўных слоў. Першае з іх – узрастанне, якое адсылае нас да magis*. Існуе “magis”, разуметае правільна, і “magis”, успрынятае памылкова. Гэтае скажонае “magis” можна змясціць у наступных слоганах: больш мяне, больш вучобы, тытулаў, прэстыжу, сілы, больш спаборніцтва і зайздрасці. “Magis” сапраўднае – гэта больш Хрыста, а менш таго, што толькі маё. Таму “magis” можа – парадаксальна – адсылаць да таго, што ў нас павінна змяншацца, і весці да большай пакоры па прыкладу Хрыста і да большага служэння. Такая пастава кіруе да ўзрастання.

Аднак трэба ўсведамляць, што гэта будзе доўгі працэс. Вось другое слова, аб якім я хачу сказаць, паколькі ўсё жыццё езуіта ёсць працэсам, падчас якога мы вучымся ўзрастаць так, як хацеў таго Ігнацый. Таму і трывае гэты працэс так доўга і патрабуе асобы, якая б спадарожнічала нам. У дадзены перыяд імі з’яўляюцца магістр і соцый**. Пазней таварышыць вам будуць рэктар і прафесары. Так будзе доўжыцца да таго часу, аж пакуль вы не пачнеце самі суправаджаць іншых. Гэтае спадарожнічанне – вельмі істотная рэч, таму што, незалежна ад таго, як моцна вы стараецеся, не ўдасца ўсяго дасягнуць у навіцыяце. Ён з’яўляецца толькі пачаткам. Ён дае правільны падыход, стаўленне, стыль; уводзіць у працэс навучання. Вам давядзецца ўзрастаць праз усё жыццё. У гэтым сэнсе, я таксама няспынна ўзрастаю, бо ў кожнай правінцыі, якую наведваю, ёсць аказія нечаму навучыцца. Мы адрозніваемся культурай, поглядамі на жыццё і свет.

Перад тым, як закрану трэцяе ключавое слова, звярнуся яшчэ да пытання вучобы ў Таварыстве. Важна, каб мы ў навіцыяце вучыліся празрыстасці. Калі навіцый зачыняецца перад асобай, якая яго суправаджае (магістрам навіцыяту), то ў хуткім часе перастае развівацца. Калі чалавек ідзе да лекара, то павінен, не саромеючыся, сказаць, што яму баліць. Толькі пры наяўнасці такой адкрытай паставы магчымай становіцца медычная дапамога. Калі вы шчырыя, празрыстыя – вы ўзрастаеце. Калі сарамліва затрымліваеце нешта для сябе, тыя, хто вам таварышыць, будуць не ў стане дапамагаць.

Трэцім словам пасля “magis” і працэса з’яўляецца перамена або транфармацыя. Думаю, што ўся езуіцкая духоўнасць датычыць перамены. Так, як Эўхарыстыя. Мы – той кавалак хлеба або келіх віна, якія перамяняюцца ў цела і кроў. Мы перамяняемся ў Хрыста. Ён становіцца асновай нашага жыцця і канчатковай мэтай нашага існавання. Гэта вялікая таямніца, што Езус стаўся чалавекам, каб быць бліжэй да нас. Толькі гледзячы на Хрыста, як кажа 35-я Генеральная Кангрэгацыя, ведаем, хто мы, і ведаем, што значыць “magis”. Гаворка ідзе аб працэсе нашай перамены. Трымайце гэтыя тры словы ў памяці: узрастанне (“magis”), працэс і перамена – і не заблукаеце на дарозе станаўлення добрым езуітам.

У нашай душпастырскай працы мы ўжываем падобны падыход: дапамагаем людзям узрастаць і змяняцца. Менавіта ў гэтым мы паказваем езуіцкі спосаб дзеяння адносна  жыцця і служэння. Што да гэтага мае навіцыят? Падчас 35-й Генеральнай Кангрэгацыі хтосьці сказаў, што св. Ігнацый не ўжываў слова “фармацыя”, але “прабацыя” (час выпрабавання). Таму езуіцкая падрыхтоўка азначае больш выпрабаванне, загартоўванне, чым фармаванне. Фармацыя, якую прапануе Таварыства, – гэта тое, што адбываецца ў працэсе росту. Яе вынікам будзе дыялог распазнавання між Таварыствам і вамі.

Падчас доўгага працэсу прабацыі Евангелле выпрабоўвае нас. Ясна, што гэта з’ўляецца часткай жыцця кожнага хрысціяніна, але езуіта – асаблівым чынам. Хацеў бы звярнуць вашую ўвагу і выразна падкрэсліць, што сама рэчаіснасць (жыццё) з’яўляецца галоўным экзаменатарам. Хто падрыхтаваў (сфармаваў) вашых бацькоў, якія, на маю думку, з’яўляюцца добрымі бацькамі і хрысціянамі? Падрыхтавала іх рэчаіснасць (жыццё): прабыванне разам, дзеці, патрэба самаахвярнасці, каб дзеці маглі расці і сталець. Часам, можа, яны хацелі зрабіць нешта іншае, але мусілі застацца дома, бо іх дзіця захварэла. Таму менавіта рэальнасць – вялікі тэст і для езуітаў. Магчыма, ты хацеў бы шмат чаго рабіць, але твой настаяцель кажа, што будзеш рабіць зусім не тое, што хочаш, але больш патрэбнае ў дадзены момант. Ты павінен прыняць гэта. Вельмі добры тэст. Часам езуіты маюць цяжкасці з паслухмянасцю свецкаму дырэктару школы. Такія езуіты не разумеюць, у чым заключаецца тэст рэчаіснасці. Бадай што мільёны людзей на свеце падпарадкоўваюцца сваім дырэктарам. Чаму ж мы не прымаем гэтай рэчаіснасці? Гэтак жа, як мы паслухмяна выконваем рэкамендацыі лекара, так мы павінны спаўняць распараджэнні прафесіянала, таму што працуем з ім разам у адной установе. Вось чаму мы не павінны ствараць свайго ўласнага свету па-за светам звычайных людзей. Мы жывём сярод людзей, і рэальнасць – важны фактар узрастання і фармацыі. Яна прыносіць  цяжкасці, якія спрычыняюцца да таго, што нашае служэнне становіцца больш праўдзівым.

Часткай жыццёвага тэсту можа быць тое, што ў будучыні ў вас будуць кепскія настаяцелі. У Рыме мы стараемся рабіць усё для таго, каб даць вам добрых. Аднак, калі трапіцца вам дрэнны настаяцель, цешцеся, бо менавіта гэта і ёсць частка рэчаіснасці. Кепскі настяцель – зручная аказія для ўзрастання ў сталасці, у цярплівасці, у прыняцці іншых людзей. Не на кожным прадпрыемстве людзі маюць добрых кіраўнікоў. Часам маюць нязносных, але жывуць і працуюць, бо мусяць трываць, каб забяспечваць сям’ю. Мы спрабуем служыць Касцёлу і часам будзем мець кепскіх настаяцеляў. Хоць мы намагаемся даць вам лепшых з тых, хто ёсць, але нават у тым выпадку, калі будзеце мець горшых, радуйцеся тэсту вашай чалавечнасці, сталасці, здаровага сэнсу, здольнасцяў, каб разам з тым палепшыць рэчаіснасць. Памятайце, што настаяцель – толькі на шэсць год. Рэчаіснасць з’яўляецца дасканалай праверкай святасці. Я перакананы, што ёсць мноства святых бацькоў, святых свецкіх. Сям’я – школа святасці. Добрыя бацькі цалкам прысвячаюцца дзецям, каб выхаваць іх. Гэта базавая школа святасці, і нам ёсць што пераймаць ад яе.

Хачу вам таксама сказаць аб важнасці супольнасці ў Таварыстве. Яе значэнне павялічылася з часу майго юнацтва. Супольнасць – вялікі вораг евангелізатарства, скіраванага на індывідуалізм. Нядаўна адбылося спатканне шасці правінцыялаў, якія ўзначальваюць канферэнцыю. Яны прывезлі пытанні з усяго свету. Абмен меркаваннямі доўжыўся чатыры дні. Адным з правінцыялаў быў азіят. Кажу аб ім таму, што азіяцкая традыцыя і духоўнасць з’яўляюцца якраз вельмі супольнаснымі. Шмат увагі надаецца зразуменню, дыялогу, гармоніі, вялікай талерантнасці, адкрытасці на іншых. Я правёў у Азіі амаль 48 год, але мушу сказаць, што нават там у Таварыстве праяўляецца індывідуалізм. Езуіты – вялікія індывідуалісты. Можа, так адбываецца з-за жадання спаборнічаць, быць у канкурэнцыі. Старайцеся пазбягаць гэтага ва ўсіх праявах. І я быў  саперніцкі падчас навіцыяту, юніярату. У такой сітуацыі можна казаць аб дрэнна зразуметым “magis”. Найважнейшым ёсць Божае Валадарства. Тое, што ты робіш дзеля яго, не будзе другарадным. Калі хтосьці робіць падобнае, парадуйся гэтай акалічнасці. Набліжэнне Валадарства не з’яўляецца маёй асабістай заслугай.

Думаю, сапраўды вялікай небяспекай у жыцці езуітаў з’яўляецца спаборніцтва. Калі распачнецца перыяд вучобы, у вас узнікне спакуса больш часу прысвячаць адукацыі, чым малітве. Гэта вядзе да рассейвання. Бог не хоча, каб вы былі найлепшымі, але прагне вашага служэння. Дык будзем жа чыніць усё, што дапамагае нам служыць. Божае Валадарства ўзрастае праз супольную працу шматлікіх людзей, таму супольнасць мае такое вялікае значэнне. У сваю чаргу, езуіты з часоў Ігнацыя лічаць сябе перадусім сябрамі ў Пану. Мы – сяброўская група. Ты не павінен любіць усіх братоў, важна, каб ты іх шанаваў, цаніў і заўважаў, як штодня яны робяць дабро. Гэтага хопіць, каб будаваць супольнасць. Больш таго, гэта ў выніку можа прывесці да сяброўства. Аднак, з другога боку, той факт, што кагосьці не любіш, не павінен спрычыняцца да тваёй адмовы ўдзельнічаць у жыцці супольнасці. Насамрэч гэта шанец прыняць выклік і паглядзеь на таго чалавека інакш. Ён таксама выбраны Богам у якасці сябра, а для цябе ён сабрат і супрацоўнік. Езуіцкае жыццё патрабуе ад нас чалавечай сталасці, якой я вам усім жадаю.

У навіцыяце важнай справай з’яўляецца самапазнанне. Таму гэта час выпрабавання. Нас заўсёды будзе выпрабоўваць рэчаіснасць, што таксама дапаможа нам пазнаваць саміх сябе. Ведаючы сябе і дазваляючы іншым пазнаць сябе, можам стаць карыснымі і служыць людзям. Памятайце аб празрыстасці. Ігнацый сказаў бы, што пачынаеце сваю вандроўку, бо ў гэтым годзе ўступілі ў Таварыства. Я таксама ўступіў у верасні, аднак досыць даўно. Дакладна 59 год таму. У навіцыяце, па словах Ігнацыя, мы павінны быць людзьмі вялікіх прагненняў. Павінны быць тымі, якія хочуць дапамагаць, а не прысвячаць жыццё кар’еры або лепшаму ўзнагароджванню. Павінны быць людзьмі, якія чакаюць Божага Валадарства на зямлі і прагнуць, каб яно рэалізавалася ўжо тут. Мы павінны імкнуцца да таго, каб людзі ўзрасталі ў веры і праз гэта былі бліжэй да Бога. Таму гэты пачатак спалучаны з гарачым энтузіязмам і велізарнымі прагненнямі. Адзначу, што маючы высокія мары, мы ўсё ж не ўзвышаемся над іншымі. Коратка кажучы, будзем сціплымі людзьмі з вялікімі прагненнямі.

Сустрэча Генерала а. Адольфо Нікаласа SJ з навіцыямі. Гдыня, 24 верасня 2012 г. Падрыхтаваў і выбраў фрагменты а. Дарыюш Міхальскі SJ.

*слова “magis” паходзіць з лацінскай мовы і азначае: больш, яшчэ болей.

**соцый – ад лацінскага “socius”: супольнік, напарнік, таварыш, змоўшчык.

Адольфо Нікалáс SJ – нарадзіўся ў 1936 г. ў Іспаніі. У 1953 г. уступіў у навіцыят. 1960 г. – ліцэнзіят па філасофіі ў Мадрыдзе, 1964-1968 гг. – вывучэнне тэалогіі ў Токіё, дзе і атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля навучання ў Рыме (Gregorianum) у 1971г. стаў прафесарам тэалогіі ў езуіцкім універсітэце ў Токіа (Sophia University). У 1978-1984 гг. працаваў у Маніле на Філіпінах. Пасля 1991 г. быў рэктарам схаластыкату ў Токіа і настаяцелем правінцыі Японіі Таварыства Езуса. Затым выконваў функцыю мадэратара канферэнцыі езуітаў Усходняй Азіі і Акіяніі. 19 студзеня 2008 г. падчас 35-й Генеральнай Кангрэгацыі Таварыства Езуса быў выбраны 29-м наступнікам св. Ігнацыя Лаёлы. У маі 2014 г. паведаміў членам Таварыства Езуса, што – з ведама і са згоды Папы Францішка – мае намер саступіць з пасады ў 2016 г., калі яму споўніцца 80 год. 36-я Генеральная Кангрэгацыя Таварыства Езуса 14 кастрычніка 2016 года выбрала новым генералам ордэна айца Артуро Соса Абаскаля. Памёр 20 мая 2020 г.