21 мая 2021 года Таварыства Езуса пачало адзначаць юбілейны год, прысвечаны 500-й гадавіне навяртання св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка ордэну. Пасля свайго ранення пры абароне крэпасці Памплоны гэты салдат прыняў рашэнне змагацца не дзеля зямных дасягненняў, а дзеля хвалы Божай. Так распачаўся яго шлях пілігрыма: менавіта гэтак Ігнацый называе сябе, калі пад канец жыцця расказвае сваю гісторыю ў адказ на настойлівыя просьбы сабратоў па ордэну. Надыктаваная ім аўтабіяграфія мае пазнаку “Аповед пілігрыма”, і ў ёй святы з Лаёлы расказвае не толькі пра свае шматлікія сухапутныя (у большасці – пешыя, рэдка – на асле) і марскія падарожжы, але перш за ўсё пра тыя духоўныя шляхі, якімі яго вёў Настаўнік. У гэтым сэнсе нават у апошнія 15 гадоў свайго жыцця, калі Ігнацый амаль што не пакідаў Рым, кіруючы адтуль нядаўна зацверджаным ордэнам, ён заставаўся пілігрымам. Але ягоны досвед фізічнага пілігрымавання да таго, як ён “асеў” у Рыме, добра тлумачыць тое, як ён уяўляў адносіны з Богам і дзеянне Божага Провіду ў жыцці чалавека. Напрыклад, калі неўзабаве пасля навяртання Ігнацый сабраўся ў паломніцтва на Святую Зямлю, ён адмовіўся ад усялякай фінансавай дапамогі, якую яму прапанавалі на гэтае вельмі небяспечнае ў той час падарожжа, бо лічыў, што такім чынам выказаў бы недавер Богу, на якога разлічваў ва ўсіх сваіх патрэбах. Гэта перакананне Ігнацыя таксама ў розных іншых сітуацыях часам дасягала цяжка зразумелай для нас сёння крайнасці, але для яго такая пазіцыя была неабходнай і канкрэтнай умовай даверу да Бога ў любых абставінах. Такім чынам, кожнае яго падарожжа станавілася пілігрымкай, бо ён вырушваў, шукаючы ва ўсім Божай волі і падтрымкі. 

Гэты дух святы Ігнацый стараўся перадаць і тым, хто хацеў ісці ягоным шляхам, уступаючы ў Таварыства Езуса. Падчас навіцыяту езуіты там, дзе гэта магчыма, на працягу некалькіх дзён павінны здзейсніць падарожжа (найлепш пешшу), на якое яны не бяруць грошай і правізіі, а просяць аб ежы і начлезе ў людзей па дарозе. Такая пілігрымка становіцца досведам, падобным да таго, што перажыў сам Ігнацый і яго першыя таварышы, якія таксама прайшлі многія сотні кіламетраў дарогамі Еўропы, разлічваючы на Божы Провід, які дзейнічаў праз людскую шчодрасць. Падчас майго навіцыяту ў Навасібірску арганізаваць такую пілігрымку было складана, бо Сібір, як вядома, – не густа населеная тэрыторыя і каб дайсці пешшу з адной вёскі да іншай часам не хопіць і цэлага дня. Таму ў той першы этап езуіцкай фармацыі “пілігрымкамі” для мяне і іншых навіцыяў сталі доўгія падарожжы цягніком на месцы душпастырскай практыкі, якую я прайшоў у Гомелі і Індуры (пад Гроднам). Але пазней, падчас вывучэння тэалогіі, мне моцна захацелася перажыць досвед, які так высока цаніў і жадаў для ўсіх езуітаў св. Ігнацый. Таму я папрасіў аднаго сабрата-украінца далучыцца да мяне і прайсці ўдвух некалькі дзён пешшу дарогамі Беларусі. Мэтай мы выбралі Будслаў, а пачатковым пунктам – Маладзечна. Гэты быў не найцяжэйшы маршрут, якім у чэрвені-ліпені ідуць арганізаваныя вялікія пілігрымкі. Мы запланавалі пілігрымку на канец жніўня 2012 года, на тры дні і тры ночы, і, пераначаваўшы ў знаёмых у Маладзечне, вырушылі ў шлях. Прасіць міласціну – не найлягчэйшая ў жыцці рэч, і нярэдка па дарозе нам даводзілася сустракацца з рэакцыяй незразумення і нават асуджэння: вось, маўляў, здаровыя дарослыя мужыкі шукаюць дапамогі… Але вучыцца прымаць такую адмову са спакойным сэрцам – гэта “частка працэсу”. Затое як прыемна і сардэчна прымалі нас іншыя: найчасцей гэтыя шчодрыя людзі самі жылі вельмі проста і сціпла, але гатовыя былі дзяліцца тым малым, што мелі. Адну з начэй мы правялі на сенавале, пад гукі мышэй ці пацукоў, з якімі дзялілі адрыну. Падчас пілігрымкі мне давялося “практыкаваць аскезу” тым спосабам, які я не прадбачыў: я не ўсведамляў, наколькі залежны ад кавы, і мне вельмі не хапала дозы кафеіну з раніцы, каб адчуць энергію ў жылах… За гэтыя тры дні я так і не дачакаўся, каб хтосьці мяне пачаставаў чорным напоем. Але ў астатнім нам хапала ўсяго неабходнага, і такі досвед сціплага жыцця вельмі дапамагае ўсвядоміць, як мала насамрэч трэба, каб адчуць радасць – або, дакладней, як падобная простасць, у якой відавочная Божая апека, становіцца крыніцай радасці. А ў самым Будславе на месцы начлегу, які мы знайшлі не з першага разу, нас нават чакала лазня! Вядома ж, асаблівая духоўная радасць пасля некалькіх дзён пілігрымкі – магчымасць сузіраць аблічча Маці Божай у Яе такой прыгожай іконе, што захоўваецца ў Будслаўскім санктуарыі. Такім чынам для мяне завяршыўся ігнацыянскі досвед на роднай зямлі. 

…Цікава, што італьянскія езуіты прапануюць перажыць “пілігрымку ў беднасці” таксама і свецкай моладзі, якая гатовая прыняць такі выклік і адначасова адчуць асаблівую ласку Божага Провіду, прысутнага ў гэтым духоўным вопыце. Можа, калісьці і беларуская моладзь зможа падобным чынам пайсці слядамі святога Ігнацыя. 

 А. Віктар Жук SJ

Часопіс “Авэ Марыя” №7-8 (316-317) 2021