Істотным элементам ігнацыянскіх рэкалекцый з’яўляюцца індывідуальныя размовы з духоўным кіраўніком. Пра мэту і сутнасць такіх сустрэч, а таксама пра магчымасці, якія дае духоўнае кіраўніцтва, можна даведацца з артыкула айца Юзэфа Аўгустына SJ.

З упэўненасцю трэба адзначыць, што мэтай гэтых размоў не з’яўляецца кантроль у любой яго форме, псіхалагічны націск або “духоўная апека ў патэрналісцкім разуменні”. Ігнацый Лаёла ўласным досведам падкрэслівае неад’емнасць і важнасць свабоды і велікадушнай адданасці ў духоўным жыцці. Калі ігнацыянскі метад многім людзям прыносіць карысць, то толькі з той прычыны, што ўзаемадзейнічае з іх чалавечай свабодай і годнасцю, з іх вялікімі духоўнымі прагненнямі. Менавіта яны становяцца крыніцай ахвярнай працы над упарадкаваннем свайго жыцця, а таксама ў пошуку (і адшуканні) Божай волі.

Галоўная мэта духоўнага кіраўніцтва падчас рэкалекцый – аб’ектывізацыя ўнутранага досведу. У індывідуальных размовах мы глядзім на сябе, як у люстэрка, распазнаём сапраўднасць нашага слухання Божага Слова і нашай адкрытасці на яго. Адзначым, што  асобе, якая вядзе духоўнае жыццё, дадзена чуць розныя галасы: не толькі голас Бога, натхненні Святога Духа, але таксама “натхненні” ўласных чалавечых схільнасцяў і “натхненні” злога духа. З-за таго, што на рэкалекцыях мы з большым высілкам працуем у сваёй духоўнай сферы, павялічваецца адпаведна і інтэнсіўнасць гэтых галасоў. Менавіта яна, інтэнсіўнасць “галасоў і натхненняў”, і патрабуе з нашага боку асабліва ўважлівага духоўнага распазнавання.

Размова з духоўным кіраўніком служыць перадусім рэкалектанту. Духоўны кіраўнік выконвае ўсяго толькі служэбную ролю. Ён павінен дапамагаць у развіцці адносінаў паміж асобай, якая выконвае духоўныя практыкаванні, і Богам. Таму кіраўнік не з’яўляецца галоўным арыенцірам для рэкалектанта. Істотным пунктам суаднясення для ўдзельніка рэкалекцый з’яўляецца толькі Бог.

Бывае так, што падчас Духоўных практыкаванняў першага тыдня рэкалектант спантанна вяртаецца ў сваё – часта надзвычай балючае – мінулае, да шматлікіх ранаў і жыццёвых страт. У гэтыя цяжкія хвіліны чалавек не павінен заставацца адзін. Магчымасць выказаць перажыты боль духоўнаму кіраўніку своеасаблівым чынам спрыяе падрыхтоўцы рэкалектанта да таго, каб свабодна і з даверам паразмаўляць аб сваім мінулым з Богам. Ідэал духоўнага кіраўніцтва грунтуецца на тым, што зычлівае прыняцце ў асобе кіраўніка стане знакам безумоўнага прыняцця і любові самога Бога. Калі мы пачынаем апісваць наш унутраны досвед, самі пачынаем лепш яго разумець. Простае агучванне сваіх перажыванняў перад іншым чалавекам чыніць так, што яны крысталізуюцца, атрымліваюць назву і “прымаюць” у пэўным сэнсе іншую форму.

Аб чым канкрэтна мы павінны размаўляць на сустрэчах з духоўным кіраўніком на працягу ігнацыянскіх рэкалекцыяй? Можна адказаць коратка: аб тым, што адбываецца з намі падчас малітвы. Мы дзелімся пачуццямі, якія ў нас нараджаюцца, думкамі і натхненнямі. На першых сустрэчах можам коратка прадставіцца і акрэсліць самыя складаныя праблемы, якія мы б хацелі даверыць дзеянню Божага слова і распазнаванню ў духоўным кіраўніцтве. Магчыма, варта пачаць з найцяжэйшых пытанняў, закранаць якія вельмі няпроста, усведамленне якіх нас найбольш прыгнятае, упакорвае і сароміць. Такім чынам мы маглі б пераадолець у сабе пачуццё небяспекі і пагрозы. Але гэтак жа, як рэкалекцыйнае маўчанне, духоўнае кіраўніцтва патрабуе ад нас поўнай унутранай свабоды і глыбокай пераканасці ў яго неабходнасці для нашага духоўнага жыцця.

Аднак было б неправільна пачынаць вельмі шчырыя размовы “цераз сілу”, нібы насуперак уласнай свабодзе. Калі б мы адкрываліся кіраўніку “пад прымусам”, то адначасова маглі б адчуць сябе прыніжанымі і пасаромленымі. Усё, што чынім у духоўным жыцці, мае каштоўнасць толькі тады, калі гэта зроблена ва ўнутранай свабодзе і велікадушнасці. Калі падчас размовы адчуваем, што нам вельмі страшна гаварыць пра сябе, то варта памаліцца аб адкрытасці, шчырасці і духу веры, якія б дазволілі нам у духоўным кіраўніку бачыць дзеянне Хрыста. У першую чаргу гэта Ён прапануе нам Сваю дапамогу ў межах супольнасці Касцёла.

Менавіта з такой адкрытасці, шчырасці і веры ў малітве нараджаецца ў пэўны момант шчырасць і адкрытасць у духоўным кіраўніцтве. Практыка паказвае, што асоба, якая на самай справе шчыра моліцца аб пераадоленні страхаў, аб адкрытасці ў Духоўных практыкаваннях, неўзабаве атрымлівае гэтую ласку. Вялікая рэкалекцыйная малітва, звязаная з Духоўнымі практыкаваннямі, не з’яўляецца выключна нашай “асабістай працай”, бо адначасова гэта і вялікая “праца” Бога ў нас. Больш таго, не толькі нам важна перамагчы свае цяжкасці і страхі. Бог таксама вельмі зацікаўлены ў гэтым. Ён няспынна клапоціцца пра нас і вядзе. Яму вельмі важна, каб мы былі адкрытымі перад Ім. Таму нашая адкрытасць перад прадстаўніком Касцёла з’яўляецца сімвалам адкрытасці перад самім Богам. Можна памаліцца наступнымі словамі:

“Пане Езусе Хрыстэ, не толькі я прагну Тваёй любові, але і Ты прагнеш маёй. Дай мне ласку шчырасці і адкрытасці на Тваё Слова”.

Унутраная ўпэўненасць, што Бог працуе ў нас, можа стаць крыніцай вялікай адвагі падчас усяго рэкалекцыйнага досведу, у тым ліку ў індывідуальных размовах.

Калі падчас рэкалекцый узнікаюць некія асаблівыя пачуцці да духоўнага кіраўніка, якія перашкаджаюць нам, то ў вялікай унутранай свабодзе можам іх выказаць яму, каб распазнаць іх крыніцу. Такая вербалізацыя пачуццяў неабходная асабліва тады, калі яны “не даюць нам спакою”, зноў і зноў перашкаджаюць нашай малітве.

Юзэф Аўгустын SJ

Фрагмент артыкула http://jaugustyn.jezuici.pl/2013/08/17/adamie-gdzie-jestes/

Ілюстрацыя: Fritz von Uhde “Дарога ў Эмаус”