Вядзенне малітоўнага дзённіка разважанняў можа стаць вялікай дапамогай у духоўным жыцці. Дзякуючы таму, што твой унутраны досвед занатоўваецца, ты праз пэўны час зможаш паглядзець, як  сам, і як дзейнічаў Бог у разнастайных сітуацыях. Іншымі словамі, з гэтымі запісамі будзе лягчэй азірнуцца назад, каб зразумець, як і ў чым ты змяніўся ўнутрана і “знешне”: у паводзінах і рэакцыях. Часта такія змены адбываюцца вельмі павольна і амаль непрыкметна, таму іх лёгка зусім не заўважыць.

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі… Ян 20, 30-31

Дарэчы, варта адзначыць, чым дзённік разважанняў не з’яўляецца. Гэта не проста штодзённы больш-менш падрабязны запіс падзей дня. Гэта не спіс задач да выканання ці няскончаных спраў. Не прызначаны ён і для запісу ўражанняў ад прачытаных кніг, убачаных фільмаў, і нават светлых здагадак і спасціжэнняў, якія ў цябе ўзнікаюць. Тым не менш, ён можа ўтрымліваць элементы іх ўсіх.

Адзіным спосабам зразумець, што пісаць, будзе задаць сабе пытанне: “Што ўзрушыла і ўсхвалявала мяне за гэты перыяд, што я разглядаю?” Тут мы сутыкаемся з тым, што Ігнацый Лаёла называў “унутранымі рухамі” і лічыў індыкатарамі працы Бога ў жыцці чалавека. Закрануць цябе магла размова з кімсьці, кніга, якую ты чытаў, перажытае здарэнне, праца, якую ты рабіў, і г.д. Дзённік дае табе магчымасць даследваць больш падрабязна – з Богам – значэнне ўсяго, што адбываецца з табой. Запісы дапамагаюць пазбегнуць адчування, якое Томас Эліёт акрэсліў выразам: “Мы атрымалі досвед, але прапусцілі яго значэнне”.

Наступныя пытанні могуць дапамагчы табе пачаць пісаць:

  • Якое перажыванне ўсхвалявала цябе?
  • Што адбывалася ў тваёй душы, калі гэта здарылася?
  • Якія пачуцці, эмоцыі або ўспаміны гэта выклікала ў табе?
  • Што застаецца ў табе цяпер, калі ты пішаш аб гэтым досведзе?
  • Ці жадае Бог паказаць табе штосьці праз гэта ўсё?

Існуюць таксама асобныя практыкаванні, якія ты можаш уключыць у свой дзённік. Напрыклад,

  • Занатоўваць натхненні, якія прыйшлі падчас малітвы.
  • Прапрацоўваць і аналізаваць складаныя пытанні і сітуацыі, з якімі даводзіцца сутыкацца.
  • Даследваць вопыт свайго мінулага ў святле свайго цяперашняга становішча і светаадчування.

Галоўная каштоўнасць такіх запісаў менавіта ў іх матэрыяльнасці, так што можна неаднойчы да іх вярнуцца ў будучыні.