Сёння адзначаецца сёмая гадавіна абрання Папы Францішка на пасад святога Пятра. За апошнія сем год Папа Францішак увёў нямала памятных выразаў, якія натхняюць Касцёл. Яго заклік да “рэвалюцыі пяшчоты” нагадвае нам, што Бог міласэрны і прагне, каб Ягоны народ таксама быў міласэрны (Evangelii gaudium, 88). Францішак заахвочвае ўсіх людзей добрай волі ствараць “культуру сустрэчы” (EG, 220), якая супрацьстаіць сучаснай “культуры адчужэння” (Laudato si’,  22), а таксама ўмацоўваць чалавечую годнасць і спрыяць агульнаму дабру ў свеце.

Але поруч з усімі змястоўнымі выказваннямі папства Францішка характэрызуецца моцнымі жэстамі і ўчынкамі, якія адлюстроўваюць педагогіку міласэрнасці. Разважаючы навучанне Езуса і Яго адданае служэнне, Францішак дае настаўленні праз шэраг вельмі сімвалічных душпастырскіх дзеянняў. Вось пяць прыкладаў для разважання, распазнавання і пераймання.

Пакора

Папа Францішак выбраў імя, якое сведчыць аб прыхільнасці да пакоры і прастаты, а таксама аб яго асаблівым клопаце пра бедных і пра ўсю планету. Пасля абрання Хорхэ Марыё Берголіё вырашыў узяць імя “Францішак”, блізка прыняўшы да сэрца напамін свайго сябра, бразільскага кардынала Клаўдыё Хамеса: “не забудзьцеся пра бедных”. Падчас свайго першага звароту на плошчы Святога Пятра Францішак парушыў традыцыю, папрасіўшы 150 000 чалавек, якія былі там, памаліцца за яго, перш чым удзяліць сваё першае благаслаўленне ў якасці Папы.

Калі ён быў прадстаўлены братам кардыналам, Францішак адмовіўся выкарыстоўваць узвышэнне, каб заставацца нароўні з імі. Францішак выбраў пражыванне ў невялікім памяшканні ў доме для гасцей, а не ў апостальскім палацы. Ён аб’язджае Ватыкан на аўтамабілі Ford Focus і часта выкарыстоўвае Fiat для сваіх міжнародных тураў замест экстравагантнага лімузіна альбо красовера.

У свой першы Вялікі чацвер у якасці Папы Францішак памыў ногі 12 злачынцам, у тым ліку дзвюм жанчынам і мусульманіну. Гэты сціплы жэст – магчыма, больш, чым любая гамілія ці пастырскі ліст – напоўніў жыццём урывак з Евангелля паводля Яна (Ян, 13). Сваімі лагоднымі ўчынкамі Францішак паказвае нам, што значыць выконваць запаведзь Езуса: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13, 34).

Інклюзія

Францішак стараецца ўключаць і заахвочваць, а не выключаць і асуджаць. Кожны тыдзень у сваім раскладзе ён прызначае час для сустрэч з біскупамі, якія публічна крытыкуюць яго: не дзеля таго, каб дакараць іх, а каб весці дыялог. Францішак працягвае сустракацца з ахвярамі сексуальнага гвалту з боку духоўных асоб, што з’яўляецца часткай яго асабістай прыхільнасці да пакаяння і выпраўлення ганебных выпадкаў, калі Касцёл не здолеў абараніць дзяцей і ўразлівых дарослых.

Папа выказаў намер уключыць больш жанчын у прыняцце рашэнняў, выразам чаго стала прызначэнне Франчэскі Дзі Джавані на кіраўнічую пасаду ў Дзяржсакратарыяце ў пачатку гэтага года. Францішак нястомна дае прыклад інклюзіі, чула абдымаючы людзей, знявечаных хваробай, людзей з асаблівымі патрэбамі і маленькіх дзяцей; яго дні нараджэння праходзяць з пацыентамі ў бальніцах і бяздомнымі.

Сучаснікі Езуса часам злавалі з-за таго, што Ён еў з грэшнікамі і ізгоямі. Калі Езус сказаў, што ідзе да Закхея, натоўп незадаволена бурчаў (Лк 19, 2-10). Падобна таму, як Езус звяртаўся нават да тых, хто лічыўся нікчэмным і нявартым, Францішак пашырае Божую ласкавасць на ўсіх людзей.

Слуханне

Трывалая спадчына Папы Францішка можа паўстаць таксама з шэрагу сінодаў, якія стварылі ўмовы для “Касцёла, які больш слухае” (“Christus Vivit”, 41). Як сведчыць скліканне сінадальных сходаў, якія абмяркоўвалі сужэнства і сям’ю (2015 і 2016), маладых людзей і пакліканне (2018) і Панамазонскі рэгіён (2019), Францішак дэманструе, што інклюзія (уключанасць, удзел) – гэта не проста слова, а шлях да “адраджэння надзеі”(“Querida Amazonía”, 38), які вядзе да адважнага дзеяння, дзякуючы дыялогу, распазнаванню і супрацоўніцтву. “Сінод” азначае “падарожжа разам”, абавязацельства суправаджаць, кансультаваць і ўмацоўваць адзін аднаго ў поўным свядомым і актыўным удзеле ў адзінстве Касцёла. Францішак паказвае нам, што мы не павінны баяцца рознагалоссяў; яго прыклад слухання супрацьстаіць перакананням і структурам, што робяць магчымым існаванне клерыкалізму і іерархічнасці.

Гэты Папа зрабіў адным з прыярытэтных накірункаў экуменічны і міжканфесійны дыялог; супрацоўніцтва з біскупамі, патрыярхамі, рабінамі і імамамі, што кажа аб імкненні да будаўніцтва мастоў, а не муроў, практыкаванні “культуры сустрэчы” на карысць супакою і салідарнасці. Гатоўнасць Францішка выйсці па-за межы формулы “мы супраць іх” наследуе ўзаемадзеянне Езуса з язычнікамі.

Як і Езус, Францішак паказвае нам, што слуханне іншых (асабліва тых, хто лічыцца іншымі) можа дапамагчы нам стаць больш уважлівымі і чуйнымі да прысутнасці і дзеяння Бога ў людзях і месцах, у якіх мы не спадзяёмся Яго спаткаць.

Прабачэнне

На пытанне: “Хто такі Хорхе Марыё Берголіё?” Францішак адказаў: ” Я грэшнік. Гэта і ёсць самае дакладнае вызначэнне. Гэта не стылістычная фігура і не літаратурнае перабольшанне. Я грэшнік.” Францішак адкрываецца як асоба ў непарыўнай сувязі з міласэрнасцю Бога. Здымкі часта паказваюць Папу, які прымае сакрамэнт прымірэння; ён спавядаецца кожныя два тыдні, пацвярджаючы на практыцы свае словы, што “Бог ніколі не стамляецца нас прабачаць”.

Падчас сваіх падарожжаў па свеце Францішак звяртаўся з эмацыйным заклікам дараваць мінулыя і сучасныя праявы занядбання і злоўжыванняў ў Касцёле: у Мексіцы ў 2016 годзе, Бангладэш у 2017 годзе, Ірландыі ў 2018 годзе і Румыніі ў 2019 годзе.

Францішак не пазбягаў прасіць прабачэння і за ўласныя недахопы. Узгадаем хоць бы той памятны выпадак напярэдадні Новага года, калі жанчына схапіла яго за руку, а Папа, спрабуючы вызваліцца, пляснуў ёй па руцэ, на наступны дзень ён прынёс асабістае прабачэнне за страту цярплівасці і дрэнны прыклад.

Жаль Францішка нагадвае нам, што Касцёл, як пісаў Томас Мертан, – гэта “цела са зламаных костак”. Першыя крокі да надзеі і ацалення патрабуюць жалю і пакаяння. Сваімі словамі і ўчынкамі Францішак паўтарае тое, аб чым вучыў Езус: ” Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо <…> якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана” (Мц 7, 1-2).

Прысутнасць

Першы візіт папы Францішка за межы Рыма быў на востраў Лампедуза ў ліпені 2013 года, дзе ён імкнуўся прыцягнуць увагу да цяжкага становішча мігрантаў і бежанцаў, якія ператвараюць Міжземнае мора ў “велізарныя могілкі”. Першая міжнародная паездка адбылася літаральна праз пару тыдняў у Рыа-дэ-Жанейра ў Бразілію на Сусветныя дні моладзі, дзе ён некаторы час размаўляў з жыхарамі фавэл (трушчоб) і маліўся з імі.

Францішак не збіраўся шмат вандраваць як Папа, бо не меў раней такой звычкі, да таго ж з прычыны сталага узросту ёсць цяжкасці са здароўем, але сумленне клікала яго служыць сваёй прысутнасцю людзям, якія былі адсунутыя на перыферыю грамадскага жыцця. У сваім прыкладзе “сыходзячай мабільнасці”, як назваў гэта Дзін Брэклі SJ, Францішак заклікае нас зруйнаваць ідалаў бяспекі, статусу і камфорту.

Этымалогія слова “міласэрнасць” (з лацінскага, misericordia) кажа аб сардэчнасці да тых, хто пакутуе. Францішак паказвае нам, што мы павінны падысці да людзей церпячых, сузіраць іх твары і ўступаць у адносіны з імі як з рэальнымі асобамі, а не з агульнымі катэгорыямі людзей, якіх мы называем “беднымі”, “галоднымі”, “чужаземцамі” або “хворымі.” На Лампедузе Францішак выкрыў “глабалізацыю абыякавасці” да адчаю і несправядлівасці, з якімі сутыкаецца столькі нашых братоў і сясцёр. Ён заклікаў “ісці і рабіць так”, як самаранін, які сыходзіць на ўзбочча дарогі і клапоціцца пра няшчаснага, якога пакінулі паміраць.

Змена шляху, якім мы крочым, і перайманне пункту гледжання ўразлівых і маргінальных груп – гэта вырашальны спосаб пераадолець недавер і падзел, каб стаць пасланнікам “культуры сустрэчы”. Францішак вучыць нас, што мы не можам дапамагчы бедным да таго часу, пакуль не наблізімся да іх, пакуль не падзелім з імі сваё жыццё і не дапаможам ім будаваць іх уласную будучыню.

Словам і чынам Папа Францішак вучыць нас, што любоў да Бога і бліжняга павінна знаходзіць выраз у пакоры, інклюзіі, слуханні, прабачэнні і прысутнасці, якая асабліва неабходная побач з тымі, хто сумняваецца ў сваёй вартасці і сэнсе існавання. На фоне вялікай колькасці фактараў, якія адцягваюць нашую ўвагу, і безлічы прычын для роспачы Францішак паказвае нам, што наша фізічная прысутнасць мае значэнне. Больш таго, мы ўцелаўляем Божую любоў у свеце такімі, які мы ёсць, і там, дзе мы ёсць. Як настойвае св. Ігнацый – і паказвае папа Францішак, – любоў трэба ўкладаць больш у справы, чым у словы.

Маркус Мэшэр, дацэнт кафедры хрысціянскай этыкі ўніверсітэта Ксаверы ў Цінцынаці, штат Агая.

Крыніца: 5 lessons Pope Francis has taught with his actions more than his words

Фота: Папа Францішак вітаецца з хлопчыкам падчас сустрэчы з хворымі на агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI у Ватыкане 20 лютага 2019 г. (CNS photo/Paul Haring)