Сёння ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся круглы стол на тэму “Езуіты ў Беларусі: гісторыя і дзейнасць”.

У прывітальным слове дырэктар Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч адзначыў важнасць і неадназначнасць гісторыі прысутнасці езуітаў на беларускіх землях, неабходнасці яе вывучэння і абмену вынікамі даследванняў. Прывітальнае слова з заклікам да адкрытасці і станоўчага стаўлення да дзейнасці езуітаў, падмацаванае экскурсам у гісторыю ордэна, ад імя мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча зачытаў кусташ Беларускай кустодыі ордэна меншых братоў капуцынаў бр. Алег Шэнда OFMcap. Доктар гістарычных навук, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі  Андрэй Анатольевіч Мяцельскі патлумачыў, што круглы стол быў арганізаваны з нагоды 200-годдзя забароны Таварыства Езуса з Расійскай Імперыі, у склад якой уваходзілі ў той час беларускія землі.  

У працы круглага стала прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, НДІ і Музея антрапалогіі ім. М.В. Ламаносава (Масква), Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

У дакладах, якія прагучалі падчас працы круглага стала, разглядаліся мясцовыя асаблівасці дзейнасці Таварыства Езуса на беларускіх землях ВКЛ у 1569-1773гг., ідэалагічныя асновы будаўніцтва езуіцкіх храмаў і калегіумаў, гісторыя Мсціслаўскага і Мінскага калегіумаў, вынікі гістарычных, генетычных і антрапалагічных даследванняў (у тым ліку палеантрапалагічныя матэрыялы) пахаванняў XVII–XVIII сст. у крыпце і побач з касцёлам Божага Цела ў Несвіжы, асаблівасці адукацыйнай дзейнасці езуітаў на тэрыторыі Беларусі і самой унікальнай сістэме езуіцкай адукацыі.

Асобныя даклады былі прысвечаны прычынам забароны дзейнасці ў 1820г., працэсу рэалізацыі Указа Імператара Аляксандра І аб высылцы езуітаў і скасаванні Полацкай езуіцкай акадэміі і іншых навучальных устаноў, у тым ліку былі агучаны ўспаміны сучаснікаў гэтай падзеі. Быў прадстаўлены і кароткі гістарычны агляд прысутнасці езуітаў у Заходняй Беларусі ў міжваенны час 1924-1939гг. і ў складзе БССР.

Падводзячы вынікі круглага стала, мадэратар круглага стала кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Раіса Уладзіміраўна Зянюк адзначыла: “Мы пастараліся на невялікім мерапрыемстве прасачыць гісторыю ордэна на беларускіх землях і рэалізавалі гэта ў наступных тэматычных блоках: гісторыя станаўлення (У. Я. Ляўшук) антрапалагічных даследаванняў (М. М. Памазанаў), гісторыі і традыцый культавага дойлідства езуітаў (Т. В. Габрусь, А. А. Мяцельскі), адукацыйнай дзейнасці (А. Ф. Самусік, А. А. Жлутка), палітыкі расійскіх уладаў адносна ордэна і працэсу арганізацыі высылкі езуітаў з Беларусі (Р. У. Зянюк, А. М. Філатава), працы езуітаў ў Беларусі ў XX ст. (Р. У. Зянюк). Нягледзячы на контраверсійныя ацэнкі дзейнасці ордэна ў гістарыяграфіі, бясспрэчнымі застаецца роля Таварыства ў сферы адукацыі, архітэктуры, дабрачыннасці. Усе даклады будуць пазней апублікаваныя”.