4 лютага Каталіцкі Касцёл успамінае св. Яна дэ Брыта (João de Brito), святара і мучаніка Індыі.

Ян дэ Брыта нарадзіўся ў сакавіку 1647 г. у Лісабоне. Яго маці была ў сваяцтве з Лісабонскім дваром. Калі ў дзяцінстве ён цяжка захварэў, маці аддала яго пад заступніцтва Францішка Ксаверыя, даверыўшы сына яго апецы. Ян ачуняў. З часам ён стаў любімым спадарожнікам Дона Пэдра, які пасля стаў каралём Партугаліі. А Ян вырашыў, што яму будзе дастаткова місіянерскага габіта і наследавання св. Францішка Ксаверыя.

Ва ўзросце 15 гадоў, у 1662 г., ён уступіў у Таварыства Езуса, пераадольваючы супраціўленне сваёй сям’і і сяброў. Падчас вучобы адзначаўся незвычайнай кемлівасцю і талентам, таму пасля пасвячэння яго імкнуліся затрымаць у Партугаліі. Ян, аднак, вельмі хацеў несці Евангелле на Усход. У 1673 г. разам з 16 іншымі езуітамі ён адправіўся ў падарожжа на Гоа (Паўднёвая Індыя). Ён працаваў у Малабары, Танджарэ, Мараве і Мадуры, прымаючы на ​​сябе кіраўніцтва місіяй. Ён пешшу абышоў увесь рэгіён. У сваіх лістах сабраты сведчылі, што Ян вылучаўся вялікай мужнасцю, адданасцю і плённасцю ў абвяшчэнні Хрыста.

Просьба а. Яна дэ Брыта аб накіраванні яго на місіі. Крыніца: Grentidez, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

Падобна айцу дэ Нобілі, Ян дэ Брыта максімальна адаптаваўся да звычаяў, адзення і традыцый людзей, з якімі жыў і якім служыў. Ён нават стаў членам касты брахманаў, каб здабыць годнасць і павагу. У выніку поспех яго місіі стаў прычынай яго смерці.

Шмат разоў сам Ян і яго індыйскія катэхеты былі ахвярамі жорсткіх нападаў. У 1686 г. пасля абвяшчэння Евангелля ў Мараве Ян і яго спадарожнікі апынуліся ў зняволенні. Калі яны адмовіліся пакланіцца індуісцкаму богу Шыве, іх жудасна катавалі на працягу некалькіх дзён запар. Вызваленне і выздараўленне Яна лічылі за цуд.

Неўзабаве пасля гэтага Яна адклікалі ў Лісабон. Яго стары сябар, на той час ужо кароль Партугаліі, і папскі нунцый прыклалі намаганні, каб утрымаць яго ў Еўропе. Ян, тым не менш, прасіў, каб яму дазволілі вярнуцца на місіі.

Сярод тых, хто прыняў хрысціянства, быў пэўны чалавек з Маравы, які меў шмат жонак. Пасля хросту ён адпусціў іх. Адна з жонак паскардзілася на такое абыходжанне свайму дзядзьку раджы Рагхунатха, абвінавачваючы ва ўсім а. Яна дэ Брыта. Раджа пачаў пераслед хрысціян. Ён выкраў Яна і пасля катаванняў загадаў пакінуць краіну. Ян адмовіўся, і 4 лютага 1693 г. у Орыі яму адсеклі галаву. Кат вагаўся, не жадаючы выконваць прысуд. Тады Ян сказаў яму: “Мой сябар, я маліўся Богу. Са свайго боку я зрабіў усё, што належыць. Цяпер ты выканай свой абавязак”.

Калі вестка пра смерць Яна дайшла да Лісабона, кароль загадаў адправіць урачыстае набажэнства падзякі. Маці Яна прыйшла таксама, але не ў жалобнай вопратцы, а ў прыгожай святочнай сукенцы, каб адсвяткаваць новае жыццё, якое распачаў місіянер.

Ян быў беатыфікаваны ў 1853 годзе і кананізаваны ў 1947 годзе.