Нарадзіўся 28 кастрычніка 1550 г. у Расткове (Польшча). У чатырнаццацігадовым узросце разам з братам пераехаў у Вену, каб вучыцца там у імператарскай гімназіі, якой займаліся езуіты. Там ён вырашыў сам уступіць у Таварыства Езуса, але бацькі не далі на гэта згоды, паколькі лічылі, што іх сын павінен зрабіць бліскучую свецкую кар’еру.

Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, Станіслаў праявіў незвычайную паслядоўнасць і рашучасць. Не маючы яшчэ і семнаццаці гадоў, ён патаемна ўцёк з Вены ў Баварыю, разлічваючы, што яго прыме ў ордэн правінцыял нямецкіх езуітаў Пётр Канізій. Аднак там яго чакаў адмоўны адказ. Не губляючы надзеі, Станіслаў кіруецца ў Рым, і там нарэшце яго жаданне здзяйсняецца: у кастрычніку 1567 г. яго прымаюць у навіцыят. Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня 1568 г. Станіслаў Костка памірае ў арэоле святасці. Ён быў пахаваны ў рымскім касцёле святога Андрэя. У Польшчы святы Станіслаў Костка лічыцца апекуном моладзі.

Яго культ нарадзіўся вельмі хутка. Калі праз шмат гадоў труну святога адчынілі для збору рэліквій, то ўбачылі яго цела непашкоджаным. Касцёл абвясціў яго благаслаўлёным у 1605 г. і святым у 1726 г. Св. Станіслаў – заступнік для многіх людзей. Гледзячы на яго, асабліва моладзь, мы можам задаць сабе пытанні пра свае адносіны з Богам, пра свае мэты і ідэалы. Той, хто сказаў: “Я створаны для вышэйшых рэчаў і хачу жыць для іх”, вучыць нас ставіць Бога на першае месца ў нашым жыцці, быць Яму верным. Ён вучыць нас прыслухоўвацца да Божага голасу, аддаваць Яму кожную хвіліну жыцця, не чакаючы зручнага моманту ці “пазней”, добрасумленна выконваць свае абавязкі, нягледзячы на цяжкасці і неахвоту. Для ўсіх маладых людзей св. Станіслаў з’яўляецца доказам таго, што ўзрост не мае значэння, калі гаворка ідзе пра веру, галоўнае – гэта любоў і давер да Бога, бо менавіта так дасягаецца святасць.

Успамін у Таварыстве Езуса і большасці дыяцэзій Касцёла – 13 лістапада, у Беларусі – 18 верасня.