З 19 сакавіка 2021 г. па 22 чэрвеня 2022 г. У Касцёле праходзіць Год сям’і, прысвечаны разважанню над Апостальскай адгартацыяй Amoris lætitia, выдадзенай пяць гадоў таму. Ніжэй змешчаныя некаторыя цытаты з гэтага дакумента, назва якога перакладаецца як «Радасць любові», згрупаваныя паводле некалькіх тэмаў: любоў; радасць і прыгажосць; дыялог; сужэнства як працэс; сужэнская і сямейная духоўнасць (у канцы кожнай цытаты – нумар адпаведнага пункта ў дакуменце). Гэты матэрыял быў выкарыстаны на рэкалекцыях для сужонкаў; спадзяемся, што вытрымкі з Amoris lætitia заахвоцяць прачытаць увесь дакумент, каб чэрпаць з вучэння Касцёла натхненне перажываць радасць любові ў нашых сем’ях і супольнасцях. (Дакумент цалкам у электроннай форме знаходзіцца тут).

**** 

Радасць любові, якая жыве ў сем’ях, — гэта і радасць Касцёла. 1 

Касцёл — гэта сям’я сем’яў, якая няспынна ўзбагачае жыццё ўсіх хатніх касцёлаў. Усувязі з гэтым „моцай сакрамэнту сужэнства кожная сям’я становіцца дабром для Касцёла з усімі наступствамі. 87 

Трыадзіны Бог — гэта камунія любові, а сям’я — яе жывое адлюстраванне. … Таму сям’я — гэта не штосьці чужое самой сутнасці Бога. Сям’я — гэта вобраз Бога, які […] з’яўляецца еднасцю асобаў. 11 

Як жыве ў хвале свайго народу (пар. Пс 22, 4), так прабывае таксама глыбока ў сужэнскай любові, якая аддае хвалу Богу. 314 

Такім чынам сужэнцы з’яўляюцца як бы кансэкраванымі і праз ўласцівую ім ласку будуюць цела Хрыста, утвараючы хатні Касцёл. 67 

Ідылія, якую паказвае псальм 128 (127), не адмаўляе горкай рэчаіснасці, прадстаўленай у Святым Пісанні. Гэта прысутнасць болю, зла, гвалту, якія руйнуюць сям’ю і яе інтымную супольнасць жыцця і кахання. 19 

„Прыклад Езуса з’яўляецца для Касцёла парадыгмай. […] Ён распачаў сваё публічнае жыццё, учыніўшы цуд на вяселлі ў Кане (пар.  Ян 2, 1­11). […] Ён праводзіў штодзённыя хвіліны сяброўства з сям’ёй Лазара і ягонымі сёстрамі (пар. Лк 10, 38), а таксама з сям’ёй Пятра (пар. Мц 8, 14). 64 

… таямніца Валадарства… гэта таямніца Божага Нараджэння і таямніца Назарэта, поўная водару сям’і! 65 

Любоў 

Сіла сям’і „грунтуецца ў асноўным на тым, што яна здольная любіць і вучыць любові. Незалежна ад таго, як дадзеная сям’я можа быць параненая, яна заўсёды можа развівацца, зыходзячы з любові“. 53 

Любоў — гэта не толькі пачуццё, але яе трэба разумець у тым сэнсе, які слова „любоў“ мае ў габрэйскай мове, а значыць „рабіць дабро“. 94 

Каб быць настроеным на сапраўдную сустрэчу з іншымі, неабходна скіраваць на іх ветлівы позірк. Гэта немагчыма, калі пануе песімізм, які падкрэслівае іх недахопы і памылкі, быць можа, каб кампенсаваць уласныя комплексы. Ветлівы позірк дазваляе нам не зацыклівацца на абмежаваннях іншага, і такім чынам мы можам быць да яго цярплівымі, можам быць супрацоўнікамі ў супольным праекце, хоць мы і розныя. Ветлівая любоў стварае еднасць, рупіцца пра адносіны, стварае новыя сеткі інтэграцыі, будуе моцныя грамадскія сувязі. 100 

На гарызонце любові, якая з’яўляецца цэнтральнай для хрысціянскага досведу сужэнства і сям’і, вылучаецца яшчэ адна цнота, пра якую часта забываюць у цяперашні час бурлівых і неглыбокіх адносінаў, а менавіта чуласць. 28 

Пэўны прыярытэт любові да саміх сябе можа разумецца толькі як псіхалагічная ўмова, бо той, хто не можа любіць самога сябе, сутыкаецца з цяжкасцямі ў любові да іншых. 101 

Таму ніколі не трэба завяршаць дзень без прымірэння ў сям’і. „А як мне мірыцца? На каленях? Не! Дастаткова малога жэсту, дробнай рэчы, і ў сям’ю вяртаецца згода. Дастаткова пяшчоты, без слоў. Але няхай ніколі дзень сям’і не заканчваецца без прымірэння“. Унутранай рэакцыяй на непрыемнасць, выкліканую іншымі, павінна быць перадусім благаслаўленне ў сэрцы, жаданне дабра іншай асобе, просьба, скіраваная да Бога, каб Ён вызваліў яе і аздаравіў. 104 

Непрыемны факт у дадзеных адносінах — гэта не ўсе адносіны. Таму можна прыняць з прастатой, што мы ўсе спалучаем у сабе святло і цень. Другі чалавек з’яўляецца не толькі тым, хто мяне раздражняе. Ён штосьці значна большае. Таму я не патрабую ад яго ідэальнай любові, каб яго ацаніць. Ён любіць мяне такім, якім я ёсць і як можа, са сваімі абмежаваннямі, але тое, што яго любоў недасканалая, не азначае, што яна фальшывая ці несапраўдная. 113 

Сёння мы ведаем, што каб мець здольнасць прабачаць, трэба прайсці праз вызваляючы досвед разумення і даравання сабе. 107 

Радасць і прыгажосць  

У сужэнстве неабходна клапаціцца аб радасці любові. Сужэнская радасць, якую можна спазнаць нават у пакуце, азначае прыняцце таго, што сужэнства з’яўляецца неабходным аб’яднаннем радасці і цяжараў, напружання і адпачынку, пакут і свабоды, задавальнення і пошукаў, клопатаў і прыемнасцяў… 126 

Прыгажосць („каштоўнасць“ другога чалавека, якая не заключаецца ў яго фізічнай або псіхалагічнай прывабнасці) дазваляе нам зведаць сакральнасць яго асобы без вострай неабходнасці валодаць ім. У спажывецкім грамадстве збядняецца эстэтычны сэнс, і таму гасне радасць. 127 

Эстэтычны досвед любові выяўляецца ў такім позірку, які захапляецца другой асобай як мэтай самой па сабе, нават калі яна хворая або пазбаўленая пачуццёвай прывабнасці. Позірк, які цэніць, мае вялікае значэнне. 128 

Трэба чуйна клапаціцца пра гэтую захапляльную радасць. 129 

Супольны танец з энергіяй маладой любові, той танец з зачараванымі вачыма, танец да надзеі, не можа спыняцца. 219 

З другога боку, радасць аднаўляецца ў пакуце. Як сказаў св. Аўгустын, „чым больш сур’ёзнай была небяспека ў баі, тым больш ясная цяпер радасць трыумфу“. 130 

Таму жэсты, якія выяўляюць гэтую любоў, павінны пастаянна шчодра падтрымлівацца поўнымі велікадушнасці словамі. У сям’і „трэба выкарыстоўваць тры словы. Хачу гэта паўтарыць. Тры словы: калі ласка, дзякуй і прабач. Гэта тры ключавыя словы!“ 133 

Дыялог 

Дыялог — гэта прывілеяваны і неабходны спосаб існавання, развіцця і выказвання любові ў сужэнстве і сямейным жыцці. Аднак ён патрабуе працяглай і нялёгкай практыкі. 136 

Патрэбны час, добры час, прысвечаны цярпліваму і ўважліваму слуханню, пакуль другая асоба не выкажа ўсё, што хацела сказаць. Неабходна аскеза, каб не пачынаць гаварыць, пакуль не настане адпаведны час. Замест таго, каб даваць ацэнкі або парады, трэба ўпэўніцца, што я пачуў усё, што хацела сказаць другая асоба. 137 

Трэба развіваць уменне надаваць другой асобе сапраўдную вартасць. 138 

Еднасць, да якой трэба імкнуцца, азначае не маналітнасць, але „еднасць у разнастайнасці“. 139 

Важна ўмець выказваць свае пачуцці, не ранячы другую асобу; выкарыстоўваць такую мову і спосаб маўлення, які мог бы лягчэй успрымацца, быў бы прымальны для другой асобы, хоць і змяшчаў бы патрабаванні. 139 

Неабходны жэсты чуласці да другой асобы і праяўленне пачуццяў. 140  

Сапраўдная любоў … не адмаўляецца ад прыняцця са шчырай і радаснай удзячнасцю цялесных праяў любові ў пяшчоце, абдымках, пацалунку і сексуальным злучэнні. 157 

Сталенне любові спалучана таксама з тым, каб навучыцца „весці перамовы“. Гэта не карыслівая пастава ці гульня камерцыйнага тыпу, але спаўненне ўзаемнай любові, бо гэтыя перамовы з’яўляюцца перапляценнем узаемных дароў і вырачэнняў дзеля дабра сям’і. На кожным новым этапе сужэнскага жыцця мы павінны рабіць перагляд дамоўленасцяў, каб не было пераможцаў і пераможаных, але каб абое перамаглі. 220 

Шматдзетныя сем’і з’яўляюцца для Касцёла радасцю. 167 

Абое, мужчына і жанчына, бацька і маці з’яўляюцца „супрацоўнікамі любові Бога Стварыцеля і як бы выяўляюць яе“. Яны паказваюць сваім дзецям мацярынскае і айцоўскае аблічча Пана. 172 

Сужэнства – працэс  

Нам складана ўявіць сужэнства як дынамічны працэс развіцця і рэалізацыі, а не як цяжар, які трэба несці ўсё жыццё. 37 // Сужэнства азначае „дынамічны працэс, які праходзіць паволі праз паступовае ўключэнне Божых дароў“. 122 

… дапамога ў разуменні таго, што сужэнства не можа ўспрымацца як штосьці завершанае… Позірк скіроўваецца  ў будучыню, якую трэба будаваць дзень за днём з дапамогаю Божай ласкі, і менавіта таму ад сужэнца не патрабуецца дасканаласці. Мы павінны адкласці ў бок ілюзіі і прыняць яго такім, якім ён ёсць. 218 

Часта дапамагае, калі сужэнцы разам сядаюць, каб паразмаўляць і выпрацаваць канкрэтны план з яго мэтамі, прыладамі і дэталямі. 218 

 Сузіранне паўнаты, якой мы яшчэ не дасягнулі, дазваляе нам перагледзець гістарычны шлях, якім мы крочым як сям’я, каб перастаць патрабаваць ад міжчалавечых адносінаў такой дасканаласці, бескарыслівасці інтэнцый і вынікаў, якія можна знайсці толькі ў канчатковым валадарстве. 325 

Сувязь знаходзіць новыя спосабы выражэння і патрабуе, каб яе няспынна ўсталёўвалі нанова… Гэта працэс будавання з дня ў дзень. Усё гэта немагчыма, калі не заклікаць Духа Святога, штодзённа просячы Яго аб ласцы. 164 

Адна з прычын распаду сужэнства — празмерна высокія чаканні, якія датычаць сужэнскага жыцця. 221 

… Кожнае сужэнства — гэта „гісторыя збаўлення“, якая ўлічвае тое, што сужэнства нараджаецца ў слабасці, якая дзякуючы Божаму дару, а таксама творчай і шчодрай рэакцыі паступова саступае месца штораз больш сур’ёзнай і прыгожай рэчаіснасці.  221 

Неабходны час, каб размаўляць, каб абняцца, не спяшаючыся, каб дзяліцца сваімі планамі, каб выслухоўваць адно аднаго, паглядзець у вочы, пахваліць, каб умацаваць адносіны. Нярэдка праблемай з’яўляецца шалёны тэмп грамадства або час, які забіраюць працоўныя абавязацельствы. Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што час, які праводзім разам, пусты. Мы маем толькі адну фізічную прастору і не звяртаем увагі адно на аднаго. 224  

Варта заўсёды раніцай пацалавацца, благаславіць адно аднаго вечарам, чакаць іншага і прывітаць яго, калі ён вяртаецца, часам выйсці разам, сумесна рабіць хатнюю працу. 226 

Пераадолены крызіс не вядзе да менш інтэнсіўных адносінаў, але ўдасканальвае іх. 232 

У такія моманты трэба імкнуцца да таго, каб гаварыць ад сэрца да сэрца. Праблема заключаецца ў тым, што намнога цяжэй так размаўляць у крызіснай сітуацыі, калі раней мы ніколі не вучыліся гэтаму. Гэта сапраўднае мастацтва, якому мы вучымся ў спакойныя моманты, каб у цяжкія хвіліны прымяніць гэта ў жыцці. 234 

Асноўным вопытам у сямейным жыцці з’яўляецца ўменне прабачаць i атрымліваць прабачэнне. 236 

Існуюць сітуацыі, уласцівыя непазбежнай чалавечай слабасці, якім адводзіцца занадта шмат эмоцый. 237 

Нават калі здаецца відавочным, што ўся віна ляжыць на іншай асобе, ніколі не ўдасца справіцца з крызісам, калі будзем чакаць, што зменіцца толькі другая асоба. Трэба таксама задаць сабе пытанне наконт таго, што кожны мог бы асабіста развіць або аздаравіць дзеля пераадолення канфлікту.  240 

Не можа яно абмяжоўвацца толькі паказваннем каштоўных духоўных багаццяў, якія заўсёды прапануе Касцёл, але трэба паказваць таксама практычныя шляхі, парады, укаранёныя ў рэаліях, стратэгіі, узятыя з досведу, псіхалагічныя кансультацыі. 211 

Аказваецца, вельмі вялікае значэнне мае ў гэтым пастырстве прысутнасць дасведчаных сужэнстваў. Парафія — гэта тое месцам, дзе дасведчаныя пары могуць служыць малодшым, з магчымым саўдзелам таварыстваў, касцёльных рухаў і новых супольнасцяў. 223 

Сужэнская і сямейная духоўнасць 

У горкія для сям’і дні ёсць месца на з’яднанне з самотным Езусам, што можа прадухіліць распад. Сем’і паступова, „з дапамогаю ласкі Духа Святога, дасягаюць сваёй святасці праз сужэнскае жыццё, прымаючы таксама ўдзел у крыжы Хрыста, які перамяняе цяжкасці і цярпенні ў ахвяру любові“. Больш за тое, хвіліны радасці, адпачынку і свята, а таксама сексуальнасці перажываюць як удзел у паўнаце жыцця Ягонага ўваскрасення. 317 

Кожную раніцу пасля абуджэння перад Богам аднаўляецца гэтае абяцанне вернасці, незалежна ад таго, што на працягу дня здарыцца.  319 

Ёсць такі момант, калі любоў сужэнцаў дасягае найбольшага вызвалення i становіцца абшарам слушнай аўтаноміі: калі кожны адкрывае, што яго другая палова яму не належыць, але мае больш важнага валадара, свайго адзінага Пана. 320 

Усё жыццё сям’і — гэта міласэрная „паша“. Кожны клапатліва малюецца і пішацца ў жыцці іншай асобы: „Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых…” 322 

Пад натхненнем Духа Святога сям’я не толькі прымае жыццё, нараджаючы яго ў сваім улонні, але таксама адкрываецца, выходзіць па­за свае межы, каб адарыць сваімі дабротамі таксама іншых, каб атуліць іх апекай і клапаціцца аб іх шчасці. 324