Гамілія на ХІX звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Мц 14, 22–33

Напаткаючы буру ў жыцці…

Так супала, што менавіта ў дзень, калі ў Беларусі адбываюцца выбары, мы чуем евангельскі эпізод пра буру на Галілейскім моры, у якую трапляюць вучні Езуса. Відавочна, што наша краіна і грамадства праходзяць праз «буру», вынік якой няпэўны. На працягу стагоддзяў Касцёл бачыў у гэтым евангельскім здарэнні адлюстраванне сваёй уласнай гісторыі, у якой хапала ліхалеццяў і штормаў.

Некалькі месяцаў таму, у разгар пандэміі каранавірусу, Папа Францішак разважаў менавіта над эпізодам пра суцішэнне буры (хоць узяў іншы ўрывак, з Евангелля паводле Марка), у якім бачыў вобраз таго, праз што праходзіла чалавецтва ў цяжкія месяцы глабальнай эпідэміі. Уражвае ў гэтай гісторыі той факт, што на працягу большай часткі ночы вучні застаюцца адны, без іхняга Настаўніка.

Можа, яшчэ больш здзіўляе тое, што Езус «прымушае» (менавіта так больш дакладна перакладаецца грэцкі дзеяслоў) вучняў выправіцца ў дарогу самім, нібыта жадае, каб яны прайшлі праз гэта выпрабаванне.

Галілейскае мора было знаёмым асяроддзем для значнай часткі апосталаў — прынамсі трэцяя частка з іх былі рыбакамі, і яны, як ведаем з евангельскага аповеду, лавілі рыбу таксама ноччу. Але з-за асаблівых тапаграфічных умоваў на гэтым вялікім возеры нечакана маглі здарацца буры, якія былі сапраўднай пагрозай нават для вопытных рыбакоў.

У нашым жыцці — і супольным, грамадскім, і асабістым — могуць наспяваць буры, пра якія мы не здагадваемся, хоць тэарэтычна ведаем пра розныя выклікі чалавечага лёсу. Таксама сітуацыя прарока Іллі, пра якую чуем у першым чытанні, нагадвае пра нялёгкія палітычныя абставіны: памятаем, што прарок уцякае ад каралевы, якая шукае забіць яго, і сам гатовы памерці, бо не можа вытрымаць сваёй паразы, але атрымлівае падтрымку анёла, дзякуючы якой прыходзіць на сустрэчу з Панам на святой гары. Такім чынам, сённяшняе Божае Слова дазваляе нам паглядзець на «штормы» нашага жыцця праз прызму евангельскай веры.

Сустрэцца са сваім страхам

Езус, у адрозненне ад шматлікіх антычных і сучасных «гуру», не даваў абяцанняў тым, каго клікаў ісці за Ім, што пазбавіць іх ад усіх праблем і выпрабаванняў — так, як не шукаў «лёгкага жыцця» для Сябе самога. Сённяшні эпізод паказвае, што Езус жадае, каб вучні прайшлі праз выпрабаванне, каб сустрэліся з рэальнай пагрозай — і са сваім страхам.

Каб расці, каб дасягнуць нейкага новага ўзроўню, нам неабходна прайсці праз сітуацыі, якія агаляюць нашу слабасць, несамадастатковасць, крохкасць нашага існавання.

Гэта балючы досвед, і мы натуральна імкнемся пазбегнуць болю і ўсяго, што пагражае нашаму камфорту і той раўнавазе, якую знаходзім для сябе, найчасцей згаджаючыся на пэўныя кампрамісы. Мы пазбягаем тых сітуацый, у якіх становіцца яўным наш страх і трывожнасць, і будуем сістэмы абароны супраць такіх абставінаў — пры гэтым забываючыся, што ў рэшце рэшт не мы з’яўляемся гаспадарамі ўласнага жыцця.

Бура, у якой апынуліся вучні і ў якую мы, напэўна, самі траплялі і можам зноў трапіць, паказвае, што нашых сіл не хапае, каб уратавацца, што мы не самадастатковыя — і што гэта ад нас насамрэч і не патрабуецца. Ад нас залежыць зрабіць тое, што ў нашай моцы, але павінен з’явіцца Той, Хто «ходзіць па вышынях мора» (Ёв 9, 8) і здольны «ўтаймаваць гул мораў» (пар. Пс 65 (64), 8).

Ліха, у якім апынуліся апосталы, становіцца тэафаніяй — падзеяй, дзе Езус яўляе Сваю ўладу над стыхіяй і адначасова Сваю Божую сутнасць. Рэакцыя спалоханых вучняў на Езуса, які ідзе па хвалях бушуючага мора, па-чалавечы зразумелая: хіба можна такую карціну ўспрыняць як нешта нармальнае? Але праблема ў тым, што нават маючы досвед Езуса, які ламае катэгорыі «нармальнага», вучні — і мы — далей лічым Яго за прывід, за кагосьці бесцялеснага, які можа толькі палохаць.

Езус жа, як тады для апосталаў пасярод возера, так і для нас у ХХІ стагоддзі, хоць і нябачны, але больш рэальны, чым любая іншая рэчаіснасць — калі ў нас ёсць вера.

«Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся!» — нам неабходна чуць, як гэтыя словы гучаць, скіраваныя да нас сярод нашых бур, вялікіх і малых, не як нейкае абстрактнае правіла, а як зварот жывога Бога, уцелаўлёнага пераможцы ўсялякага зла і смерці. Езус — Пан стыхій, якія бушуюць вакол нас, і таксама ўнутры, калі сэрца не можа знайсці спакою.

Адважыцца крочыць па хвалях

У сённяшнім Евангеллі, магчыма, нават больш, чым Езус, які ідзе па вадзе, уражвае тое, што гэта робіць таксама просты смяротны — Сымон Пётр, які адважваецца сярод усяго гэтага замяшання папрасіць пайсці да свайго Настаўніка. Варта кожнаму з нас задацца пытаннем: ці ёсць ува мне жаданне адважыцца на нешта падобнае, прынамсі раз у жыцці? На нядаўніх ігнацыянскіх рэкалекцыях адна з удзельніц падзялілася, як сузіранне гэтай евангельскай сцэны дало ёй сілы, каб, адчуваючы падтрымку Езуса, «пайсці па вадзе» — адважыцца на нялёгкую размову, перад якой яна адчувала страх. Калі мы ўспрымаем Евангелле як актуальнае і дзейснае Божае слова, можам дасведчыць падобныя цуды ў сваім жыцці.

Наколькі мы ведаем, у апостала Пятра не было іншага шанцу гуляць па вадзе, але, напэўна, адзінага гэтага выпадку хапіла, каб дасведчыць нешта вельмі асаблівае. Як бы там ні было, смеласць Пятра не гарантуе таго, што ён не пачне тануць, калі адчуе страх, таму што яго ўвага перамяшчаецца з Езуса на шторм, які бушуе навокал.

Сакрэт цуду, які адбываецца з Пятром, — у тым, што ён глядзіць на Езуса.

Гэты позірк, засяроджаны на Пану, — сімвал нашай веры і ключ, каб для разумення сутнасці ўсяго нашага жыцця. Мы створаныя і пакліканыя не да таго, каб, атрымаўшы нейкія інструкцыі (напрыклад, запаведзі), самастойна старацца іх выканаць, або і проста прыстасавацца да тых нормаў, што пануюць у гэтым свеце, каб «самарэалізавацца». У наш духоўны «генетычны код» упісана патрэба быць у жывой і дзейснай сувязі з Тым, Хто стварыў стыхіі і кіруе імі; гэтая сувязь дае нам уладу крочыць не толькі па сушы, але — хоць раз у жыцці — таксама па хвалях мора, а кожны дзень — быць гатовымі сустрэць і стаць удзельнікамі тых цудаў, якія Пан рыхтуе для нас на шляху.

Наш шлях — гэта досвед той недасканаласці і слабасці, праз якую мы часам пачынаем тануць. І гэтыя сітуацыі нам неабходныя, каб зразумець, што ў нашым жыцці ёсць Збаўца, гатовы нас уратаваць і падтрымаць. Кожны дзень нам дадзена магчымасць адчуць, як Пан збаўляе нас і ад таго зла, што магло б нас напаткаць звонку, і ад таго зла, страху і сумневу, што пасяліліся ўнутры нас і пазбаўляюць гарызонту жыцця, якое на самай справе не мае канца і абмежаванняў, бо яно спалучанае з жыццём самога Бога, крыніцы ўсялякага жыцця.

Вызнаем сёння веру ў Езуса, кажучы Яму: «Ты сапраўды Сын Божы!» — бо, гледзячы на Цябе, я адкрываю сваю сутнасць сына ці дачкі Айца.

Віктар Жук SJ

Выява: Rebecca-Brogan “Пётр ідзе па вадзе”