Ён хацеў паехаць на Далёкі Усход, каб прапаведаваць Евангелле па прыкладу св. Францішка Ксаверыя, але сваё пакліканне рэалізаваў у родным краі, служачы суайчыннікам, якія цярпелі ад няспынных войнаў і насілля. Калі нарадзіўся Ёган Філіп Энінген, завяршалася Трыццацігадовая вайна, а пасля яго смерці пачалася вайна за іспанскую сукцэсію (1701-1714). У абодвух канфліктах вырашальныя бітвы адбыліся каля Эльвангена, нямецкага горада, дзе служыў езуіт. У суботу, 16 ліпеня, кардынал Жан-Клод Халерыш, арцыбіскуп Люксембурга і старшыня Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), разам з біскупам Гебхардам Фюрстам і іншымі цэлебрантамі беатыфікаваў яго падчас літургіі на плошчы перад касцёлам св. Віта ў Эльвангене.

Ёган Філіп Энінген (Johann Philipp Jeningen) нарадзіўся за дзень або два да свайго хросту, які атрымаў 5 студзеня 1642 г. у катэдры горада Айхштэт (Германія). Яго бацька прыняў каталіцтва, а некалькі дзяцей выбралі манаскае жыццё. Нараджэнне Філіпа прыйшлося на апошнюю фазу Трыццацігадовай вайны (1618-1648), а незадоўга да таго яго родны горад быў амаль цалкам спалены. Такім чынам, вырас Філіп у час, пазначаны жахам і цяжкасцямі вайны, сярод руін горада, які пачынаў павольна аднаўляцца. У 1651-1659 гадах Ёган наведваў езуіцкую школу ў Айхштэце і належаў да Марыянскай кангрэгацыі; ва ўзросце 14 гадоў вырашыў уступіць у ордэн, але па просьбе бацькоў спачатку скончыў курс філасофіі і тэалогіі ў Інгальштаце. 16 студзеня 1663 г. уступіў у навіцыят езуітаў паўночнанямецкай правінцыі ў Ландсбергу-на-Леху, заснаваны св. Пятром Канізіем у 1578 г. Там ён адкрыў для сябе духоўнасць Практыкаванняў і ўзрастаў у супольнасці жыцця і служэння Езусу, што вяло яго да пастаяннага пошуку Божай волі і гатоўнага яе прыняцця. “Для тых, хто любіць, больш натуральна звяртаць увагу на голас Умілаванага, чым чакаць Ягонага загаду”, – адзначыў у сваіх нататках айцец Энінген. Фактычна, ён жыў, працаваў і памёр у духу Практыкаванняў.

Будучы маладым студэнтам тэалогіі і вялікім шанавальнікам св. Францішка Ксаверыя напісаў свой першы ліст генералу Ордэна ў 1669 г. з просьбай накіраваць яго на місію ў Індыю. Ён распазнаў гэта як Божую волю для сябе, але быў гатовы і да любога іншага служэння. Захавалася больш за дваццаць яго лістоў, якія сведчаць аб яго неабмежаванай гатоўнасці да місіі, нягледзячы на тое, што ён зусім не быў незадаволены сваёй бягучай працай. Улетку 1677 г. – праз некалькі месяцаў пасля прынясення апошніх абяцанняў – ён атрымаў прапанову ад Генеральнага настаяцеля а. Джанпаола Алівы выправіцца на місію ў Бразілію, але ўсё ж яму не выпала туды трапіць.

У 1672 годзе ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Айхштэце. Падчас Трэцяй прабацыі ў Альтэцінгу (1672-1673) ён спавядаў, прапаведаваў і выкладаў катэхізіс. На працягу сямі гадоў, з 1673 па 1680 год, а. Філіп працаваў выкладчыкам у каледжах Міндэльхайма і Дылінгена. У 1680 г. быў накіраваны ў Эльванген, каб быць душпастырам у школе і касцёле калегіума. Аднак галоўнай яго задачай было служэнне пілігрымам, якія прыбывалі на гару Шёненберг, якая з 1638 г. была душпастырскім цэнтрам для ўсяго рэгіёна. Падчас Трыццацігадовай вайны езуіты паставілі тут просты драўляны крыж і фігуру Марыі, запрашаючы людзей маліцца. Над невялікай капліцай, пабудаванай на ўзгорку ў знак падзякі за атрыманыя ласкі, айцец Энінген здолеў пабудаваць вялікі барочны касцёл, які быў бачны з усіх бакоў.

У адным са сваіх лістоў ён так апісаў свой галоўны клопат: “Пакінуць адбітак Бога, Езуса і Яго Маці ў сэрцы бліжняга”, каб вывесці з абыякавасці і павярхоўнасці і дапамагчы яму развіць глыбокія адносіны з Айцом, Езусам Хрыстом і Марыяй, якія паходзяць з сэрца і кранаюць яго. Гэтай мэце служыла і яго праца спаведніка. Пастырская дзейнасць, натхнёная Практыкаваннямі, а не шматграннасцю і размахам, вызначалася глыбінёй і сілай. Яго пастава цалкам адлюстроўвала любоў да Бога і клопат пра людзей. Яго называлі “добрым айцом Філіпам”, і ён імкнуўся суцяшаць церпячых, несці палёгку іх пакутам і быць побач. Ён быў знаёмы ўсім: скураная пелерына на плячах, палка ў руцэ, капялюш не на галаве, а на шнурку на спіне, чаравікі заўжды без падэшвы, – так і вандраваў пешшу, пад дажджом і сонцам. Паколькі ён прапаведаваў Божае слова з прастатой, праз свой пераканаўчы лад жыцця і зычлівасць, людзі адчувалі, што ён верыць у тое, што гаворыць, і, – што, магчыма, больш важна, – не патрабуе ад іх нічога, чаго ён сам не хацеў бы рабіць ці ўжо не рабіў шчодра і ад сэрца.

Нягледзячы на ​​вялікую харызму а. Філіпа, спосаб яго манаскага жыцця быў непрыкметным і звычайным; яго вылучала яснасць, з якой ён не губляў з поля зроку мэту свайго жыцця, а таксама моц і паслядоўнасць, з якімі ён да яе імкнуўся. Усё было накіравана на тое, каб з Марыяй прыйсці да Бога Айца праз Езуса і весці гэтым шляхам іншых. Дакументы таксама распавядаюць пра незвычайныя візіі і адкрыцці, якімі ён не хваліўся, але ўмацоўваўся на шляху любові да Бога і клопату пра бліжняга. Ён дазваляў Богу весці сябе дзень па дню, захоўваў вернасць перш за ўсё ў выпрабаваннях і цяжкасцях. Для яго заўсёды былі актуальныя словы, якія ён часта паўтараў: “Найбольшы ў свеце той, хто больш любіць Бога”.

У эпітафіі айцец Энінген апісваецца як “нястомны місіянер у раёне Эльванген і за яго межамі ў чатырох дыяцэзіях”. Праца вясковага місіянера была сапраўдным апостальствам яго жыцця. Многія католікі жылі на вялікіх адлегласцях і не мелі свайго пастыра, касцёлы часта патрабавалі рамонту. Айцец Філіп ездзіў па краіне, вёў місіі і даваў святарам практыкаванні; асабліва клапаціўся пра жаўнераў, палонных і асуджаных на смерць. Хоць меў не самае лепшае здароўе, ён вёў вельмі актыўны лад жыцця і, нягледзячы на шматлікія хваробы, нёс людзям суцяшэнне і дапамогу. Эўхарыстыя заўсёды была яго пасілкам. Распачаўшы чарговыя рэкалекцыі, ён цяжка захварэў і памёр 8 лютага 1704 г. Быў пахаваны ў базыліцы св. Віта у Эльвангене. Адразу пасля яго смерці пачаліся намаганні па беатыфікацыі. Аб пашане да “добрага айца Філіпа” сведчаць незлічоныя гісторыі пра адказы на малітвы, дапамогу і аздараўленні, атрыманыя праз яго заступніцтва, у тым ліку аздараўленне, якое адбылося ў 1985 г. і было прызнана Касцёлам цудоўным. Вырашальным фактарам стала тое, што а. Філіп і сёння з’яўляецца жывым прыкладам, які натхняе многіх людзей увасабляць сваім жыццём Божую любоў.

Яго эпоха, хоць і адрознівалася ад сённяшняй, была пазначана глыбокімі ранамі вайны і гвалту. Яго беатыфікацыя паказвае нам, што дзякуючы людзям, якія напоўніцу аддаюць жыццё Евангеллю, у свет уваходзіць надзея і давер.

Благаслаўлёны Ёган Філіп Энінген, маліся за нас!

Галоўная выява: партрэт Філіпа Энінгена з 1763 г., які захоўваецца ў дыяцэзіяльным музеі ў Айхштэце.

Фота з беатыфікацыі: Rottenburg-Stuttgart Diocese / Arkadius Guzy