З нагоды 40-годдзя з дня заснавання езуіцкай службы дапамогі мігрантам Jesuit Refugee Service Папа склаў віншаванні яе рымскаму аддзяленню Centro Astalli і валанцёрам службы ва ўсім свеце.

Францішак пажадаў, каб шматлікія мігранты і бежанцы, якія звяртаюцца за дапамогай да езуітаў, ведалі пра блізкасць Папы і яго малітву за іх і іх сем’і.

Пантыфік нагадаў, што Jesuit Refugee Service была заснавана а. Пэдра Арупэ, каб даць прытулак бежанцам, якія ўцякалі ад наступстваў вайны ў В’етнаме. Езуіт звяртаў асаблівую ўвагу на важнасць клопату аб фізічным, псіхалагічным і духоўным стане гэтых людзей.

Гэты прынцып на працягу 40 гадоў ляжыць у аснове дзейнасці Службы і прадэманстравала, што ўся чалавечая сям’я знаходзіцца “у адной лодцы” і павінна разам адказваць на беспрэцэдэнтныя эканамічныя і сацыяльныя выклікі, – заўважыў Францішак.

Паводле Папы, вялікая колькасць людзей у наш час шукае ратунку ад віруса несправядлівасці, насілля і вайны. У гэтым кантэксце Jesuit Refugee Service грае важную ролю ў інфармаванні і прыцягненні ўвагі грамадства да рэальнасці мігрантаў і бежанцаў.

Пантыфік заклікаў езуітаў працягнуць руку сяброўства людзям, якія засталіся самотнымі, разлучанымі з сям’ямі і пакінутымі, суправаджаць іх і ствараць ім магчымасці для адукацыі і развіцця.

“Ваша сведчанне Божай любові ў служэнні бежанцам і мігрантам з’яўляецца фундаментальным для будавання “культуры сустрэчы”, якая стварае аснову для сапраўднай і трывалай салідарнасці дзеля дабра чалавечай сям’і”, – напісаў Францішак.

Першакрыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё