Езус пытаецца кожнага з нас, тут і цяпер, у рэчаіснасці нашага жыцця: “Кім ты лічыш Мяне? Хто Я для цябе?” Ён слухае нашыя адказы, слухае і нашае пытанне: “А хто я для Цябе, Пане?” Калі мы штосьці значым адно для аднаго, тады штосьці значаць і нашыя адносіны, тады ёсць прагненне сустрэчы і няспынны пошук Бога ва ўсім. 

А вы кім лічыце Мяне?

На пачатку малітвы затрымліваюся, запавольваюся і стараюся сцішыць гучнасць сваіх бязладных думак, трывог і клопатаў…  Прашу Пана, каб даў мне адчуць Сваю прысутнасць… Занурваюся ў адчуванне Божай прысутнасці і некалькі імгненняў смакую гэты досвед… Або, калі сёння я нічога не магу адчуць, то іду далей, не дазваляючы часовай сухасці знудзіць мяне. Проста абапіраюся на сваю веру, што Ён тут, нават калі я не адчуваю Ягонай прысутнасці. І пакуль гэтага хопіць…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

  1. На пачатку дзякую за адну ці дзве ласкі, вялікія і малыя, якія Бог даў мне сёння…
  2. Пане, дай мне сёння ўбачыць, у якім стане знаходзяцца адносіны паміж Табой і мной апошнім часам?.. Ці мы добра ладзім?… Спытаю сябе шчыра: я адчуваю сябе блізка ці далёка ад Бога?.. Наколькі якасна я праводжу час з Богам? Можа, занядбоўваю час сустрэчы з Ім? Ці адчуваю, што Бог побач, калі я клічу Яго? Можа, мне з Богам нудна?.. Калі я ўглядаюся ў Божае аблічча, ці адчуваю я радасць? удзячнасць? А можа сорам? страх? Кажу Богу пра свае пачуцці, пра нашыя адносіны. Прашу Яго паказаць мне, як Ён іх бачыць…
  3. Услухоўваюся ў словы Пісання, дзе гучыць пытанне Езуса: “А вы кім лічыце Мяне?” з Евангелля паводле Лк 9, 18-20.

Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя  — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». 

У цішыні і спакоі ўспамінаю пражыты дзень, нібы гляджу ў думках відэа пра тое, што сёння адбывалася ўва мне, са мной, праз мяне… Коратка затрымліваюся на кожнай сцэне майго дня, адказваючы на пытанне: “Дзе быў Езус у гэты момант? Як Ён прыйшоў да мяне? Праз каго? Які пакінуў след?” Ранішняе абуджэнне і першая думка, пасілкі, праца і малітва, сустрэчы, мае ўражанні ад убачанага на экране тэлефона ці тэлевізара… 

  1. Пасля прагляду дэталяў, я быццам адступаю назад на пару крокаў і ахопліваю позіркам агульную карціну… “Улічваючы ўсё, што адбылося, кім быў Хрыстус для мяне сёння?” Ці быў Ён:

настаўнікам?

сябрам?

суцяшальнікам?

кіраўніком?

маўклівым назіральнікам?

жаніхом?

ратаўніком?

айцом? …

  1. У адказ на Ягонае пытанне: «А кім ты лічыш Мяне?», я кажу Хрысту: «Пане, сёння Ты быў для мяне ____».
  2. А затым пытаюся: А хто тады я ў адносінах да Цябе, Пане? (напрыклад: “Пане, Ты быў настаўнікам, а я  — вучнем” або “Пане, Ты быў маім суцяшальнікам, а я  — скрушанай душой, якая мела патрэбу ў Тваім аздараўленні”…)  Некаторы час проста слухаю, ці не пажадае Езус штосьці адказаць мне…
  3. Цяпер звяртаюся думкамі ў дзень заўтрашні.  Ці я хачу, ці маю патрэбу ў тым, каб Хрыстус быў са мной заўтра? Ці прагну, каб Ён быў маім Настаўнікам? Сябрам? Збаўцам? 

Звярнуся да Хрыста ў заключнай малітве сваімі словамі, запрашаючы Яго ў сваю будучыню, молячы аб ласках, патрэбных мне, каб рухацца наперад і набліжацца да Бога…

Хвала Айцу…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

Паводле кнігі а. Марка Цібадо SJ «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»)