Прапануем фрагмент кнігі а. Леанарда Боўза SJ “Малітва веры”, якую ён прысвяціў узрастанню ў любові да Бога.

У першую чаргу, адзначым, што малітва – гэта ўсё, што мы робім, каб супрацоўнічаць з Богам у стварэнні нашай душы. Разважаючы так, мы можам параўнаць малітву з вяроўкай, якая ўжываецца, каб перасоўваць рэчы. Калі вы цягнеце нешта, то ўся вяроўка напінаецца. Бо калі яна будзе боўтацца свабодна, нічога не зрушыцца з месца. Істотнае значэнне мае гэтае нацяжэнне, а не колер, матэрыял ці пах вяроўкі, калі толькі гэтыя якасці не ўплываюць на выніковасць працы.

Так і з малітвай. Нацяжэннем вяроўкі з’яўляецца любоў. Другаснае значэнне мае, якія менавіта практыкі выкарыстоўваюць людзі, каб зрушыць сябе з месца. Мае значэнне любоў да Бога, якую мы асягаем праз малітву. Між іншым, “праз” у гэтым кантэксце не азначае “падчас”. Напрыклад, не ідзе гаворка аб здольнасці складаць узнёслыя малітвы падчас праверкі дзіцячых сшыткаў. У гэтым сапраўды няма нічога дрэннага, калі вы маеце такі дар, але зараз я маю на ўвазе іншае. “Праз” азначае, што мы яднаемся з Богам, старанна выконваючы з належнай увагай усю сваю працу і робім гэта з правільнай інтэнцыяй.

Правільная інтэнцыя азначае, што мы хочам, каб нашы дзеянні адпавядалі Божай волі, рабіліся дзеля Яго хвалы і нашага дабра. Гэта таксама азначае, што такое імкненне было безумоўна прынята нашай свабоднай воляй.

Можа ўзнікнуць пытанне, як часта трэба аднаўляць гэтую інтэнцыю. Што ж, юнак, закаханы ў дзяўчыну, як часта павінен казаць ёй аб сваёй любові? Шчаслівыя сужэнцы – як часта павінны выказваць адно аднаму радасць пры сустрэчы? Гэта не пытанне матэматыкі. Вядома, калі здарылася сварка, то патрэба ў аднаўленні “інтэнцыі” відавочная. Гэтак жа з інтэнцыяй, якая перамяняе нашую штодзённую дзейнасць у малітву: аднойчы прынятая, і не адмененая, яна захоўваецца і прыносіць плён. Калі яна адмяняецца з прычыны граху, то павінна быць адноўлена праз жаль за грэх. Але звычайна гэта не столькі чын, колькі накірунак. Мы прыводзім сябе ў рух у кірунку Бога і, трымаючыся гэтага напрамку, набліжаемся да пункта прызначэння. Пры тым, важна не столькі аднаўляць прысвячэнне нашага жыцця Богу, як ніколі не перакрэсліваць гэтае рашэнне; не столькі навяртацца, як няўхільна трымацца тварам да Яго.

Тым не менш, карысна час ад часу наноў выказваць свой намер, і ранішняе прынашэнне з’яўляецца добрай магчымасцю для ахвяравання сябе і ўсіх сваіх спраў Богу.

“Вяроўка” малітвы складаецца з некалькіх асобных столак (пасмаў), скручаных або звітых разам. Па-першае, праца, – звычайная будзённая праца, якую мы робім не таму, што яна нам падабаецца, а з пачуцця абавязку, з неабходнасці. Праз яе мы можам любіць Бога і развіваць нашыя адносіны з Ім. Нагадаю, што праца становіцца малітвай не адпаведна колькасці ўвагі, якую мы звяртаем на Бога, але па прычыне інтэнцыі, з якой мы працуем.

Другі складнік – забава, пад якой маецца на ўвазе ўсё, што мы любім рабіць: адпачынак, захапленні, гульні – усё гэта можа стаць часткай малітвы. Лішне і казаць, што ў гэтай сферы мы падлягаем шматлікім спакусам. І таму патрэбная асаблівая пільнасць. Нічога грахоўнага нельга спалучыць з Богам і прынесці Яму. Можа спатрэбіцца штосьці большае, чым млявая “пільнасць”, каб пераканацца, што нашая забава падыходзіць для таго, каб быць ахвяраванай Богу; але чуйнасць сама па сабе стане аховай, якая будзе ўтрымліваць нас ад граху. Нам трэба вельмі клапатліва пазбягаць пакутлівай спадчыны пурытанскай ерасі – таго часта несвядомага меркавання, што, паколькі нейкая рэч прыемная, то яна ў лепшым выпадку можа толькі не перашкаджаць нам дасягнуць Бога, але ні ў якім разе не можа быць сродкам, які станоўча дапамагае нам набліжацца да Яго.

Трэцяй столкай вяроўкі з’яўляецца Крыж. Той Крыж, які наш Пан заклікае кожнага штодня браць на свае плечы, каб ісці за Ім. Тут месціцца ўсё, што ідзе насуперак нашым упадабанням і прыхільнасцям, насуперак ляноце і нядбайнасці. Малітвай, якая ўтварае гэтую частку, будзе пакорнае прыняцце Божай волі, не столькі вербальна, колькі практычнай мовай учынкаў: “Няхай мне станецца”. Усё ў нашым жыцці, пазначанае смуткам, – ад трагедыі з прычыны смерці блізкага чалавека – да прыкрасці (калі аўтобус адыходзіць ад прыпынку ў нас на вачах) – становіцца часткай Крыжа, ахвяры. У кожны дадзены момант нашага жыцця мы знаходзімся ў матрыцы абставінаў, і гэтая матрыца з’яўляецца для нас воляй Божай. І менавіта наш адказ, г.зн. свядомае прыняцце Яго волі – вось што ёсць малітвай у найбольш багатай яе форме.

Разам з тым, мы павінны памятаць, што прыняцце Божай волі не абмяжоўваецца тымі рэчамі, якія супярэчаць нашым жаданням; наш Пан згадваў пра іх асаблівым чынам, таму што менавіта ў іх нам бывае цяжка падпарадкавацца Божай волі; аднак у гэтую частку малітвы ўваходзяць і ўсе прыемныя рэчы; прывітаць Божую волю з удзячнасцю і радасцю – таксама азначае прыняць яе. Наш Пан вучыць нас маліцца: “Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі”, – а на небе няма цяжкасцей з прыняццем. Божая воля – поўня нашай радасці.

Нарэшце мы дайшлі да чацвёртай столкі вяроўкі – менавіта ёй належыць назва “малітва” ў самым яе распаўсюджаным значэнні. Адной фразай можна акрэсліць яе так: гэта любоў да Бога праз пэўнае веданне, усведамленне і ўвагу, скіраваныя да Яго; або так: маліцца – значыць, любіць Бога, думаючы пра Яго. І вы адразу бачыце, што менавіта гэта мы маем на ўвазе ў звычайных чалавечых адносінах, калі кажам пра каханне. Пытанне “Ці любіш ты мяне?” чакае толькі аднаго адказу: што той, чыёй любові мы прагнем, пастаянна думае пра нас і праз пэўнае веданне, усведамленне і ўвагу абуджае ў сэрцы тое, што мы называем любоўю. Вы таксама пагодзіцеся, што так вызначае малітву і катэхізіс: малітва – гэта ўзнясенне розуму і сэрца да Бога.

Калі любоў ёсць тым нацягненнем вяроўкі, што прыводзіць у рух нашую малітву, то ўзрастанне будзе азначаць узрастанне ў любові.

Леанард Боўз SJ