Паразважаць над сутнасцю, прычынамі і наступствамі крыўды, а таксама знайсці шляхі да прабачэння дапамогуць выбраныя фрагменты кнігі а. Юзэфа Аўгустына SJ Ból krzywdy, radość przebaczenia.
Крыніцы прабачэння
Каб пакрыўджаны чалавек з перакананасцю ўвайшоў у працэс унутранага ацалення з пачуцця крыўды, яму патрэбна глыбокая матывацыя. І ў той жа час матывацыі, якая канцэнтруецца выключна на ўласным самаадчуванні, будзе недастаткова. Менавіта ў імя ўласнага добрага самаадчування многія людзі адмаўляюцца ад сапраўднай працы над пачуццём крыўды, баючыся, што “драпанне старых ран” пахісне іх стабільнасць, якую яны выбудоўвалі, магчыма, гадамі. Але ўнутраная стабільнасць, дасягнутая на аснове сапхнутага ў падсвядомасць пачуцця крыўды, будзе няпоўнай. У такім стане пакрыўджанаму чалавеку з аднаго боку можа здавацца, што ўсім прабачыў і з усімі прымірыўся; а з іншага боку, гэты чалавек можа перажываць пастаянны стан унутранага напружання, стомленасць, незадаволенасць сабой, хвалі гневу, злосці і г.д. Працэс прабачэння і паяднання патрабуе як адважнага ўваходу ў свае раны, атрыманыя за жыццё, так і хаця б мінімальнай бескарыслівасці, якая хутчэй шукае жыцця ў праўдзе, унутранай сталасці, больш поўнай любові да Бога і людзей, чым асабістай задаволенасці і псіхічнага камфорту.
У чалавечым вымярэнні найбольш дзейснай матывацыяй да пераадолення ў сабе пачуцця крыўды з’яўляецца любоў – любоў чалавека да чалавека. Той, хто па-сапраўднаму любіць, можа многае зразумець, прыняць, сцярпець і прабачыць. Чалавек, які любіць, прагне будаваць усё глыбейшую повязь еднасці і камуніі з любімай асобай. Менавіта любоў – наймагутнейшы аргумент у адказе на пытанне: чаму мы павінны цярпець і прабачаць? Чаму трэба адпусціць перажытую крыўду? Навошта нам першымі падаваць руку? Дзеля чаго павінны прабачаць і мірыцца семдзесят сем разоў?..
Велізарнасці зла, якое часам робяць людзі адно аднаму, чалавек няздольны знесці. Межы чалавечага прабачэння вынікаюць з псіхічных і духоўных межаў чалавека. Таму і прабачэнне патрабуе не толькі цяжкай працы чалавека, але таксама вялікай ласкі Бога. Галоўным рухавіком прабачэння – апрача чалавечай любові – можа быць досвед любові Бога як Айца, які аднолькава любіць усіх сваіх дзяцей: і тых, якіх пакрыўдзілі, і тых, якія крыўдзяць. Знакам гэтай любові ёсць Езус Хрыстус, які палюбіў нас як грэшнікаў – як крыўдзіцеляў – і аддаў за нас жыццё. Ягоная любоў становіцца канчатковым адказам на пытанне, чаму мы павінны прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў.
Чаму людзі крыўдзяць адзін аднаго?
Істотную прычыну трэба шукаць у першасным, таямнічым разрыве чалавечага сэрца, аб чым нам кажа не толькі Біблія (пар. Быц 3, 1-24), але таксама многія старажытныя міфы іншых рэлігій. І гэты разрыў мы называем першародным грахом. Першы адыход чалавека ад Бога зруйнаваў еднасць і гармонію між людзьмі.
Гісторыя чалавечай крыўды неадлучна звязана з гісторыяй граху. Крыўда – наступства граху. Непасрэднае наступства зрывання забароненага плоду ў Эдэнскім садзе – гэта крыўднае абвінавачванне адно аднаго перад Богам. Ад часу той першай балючай крыўды ніводзін чалавек на зямлі не можа пазбегнуць досведу крыўды – ні яе спазнання на сабе, ні ўласнага прычынення пакутаў іншым. Кожны чалавек рана ці позна апынаецца перад досведам крыўды, сваёй ці чужой, і патрэбай яе прабачэння. Бо кожны грэх, здзейснены супраць бліжняга, уяўляе сабой пэўную форму крыўды.
Чалавек у граху – пасля граху – няздольны знесці сваё жыццё, таму намагаецца несправядліва перакінуць цяжар на іншых. І менавіта гэта з’яўляецца сутнасцю крыўды. Сатана крыўдзіць Еву, уцягваючы яе ў заганнае мысленне і бязбожнае пражыванне рэчаіснасці; Ева крыўдзіць Адама, дзелячыся з ім забароненым плодам; Адам, у сваю чаргу, крыўдзіць Еву, ускладаючы на яе ўвесь цяжар адказнасці за катастрофу ў раі; Ева спрабуе вызваліцца ад адказнасці за грэх, скідваючы праблему на злога духа. Гэта замкнёнае кола перакідвання з аднаго на другога крыўды і зла.
Калі чалавек не бачыць свайго граху, не вызнае яго перад Богам, то інстынктыўна шукае іншую істоту, на якую ён можа перакласці зло, якое спарадзіў. Гісторыя чалавецтва, з глыбока ўпісаным у яе грахом, ёсць таксама гісторыяй чалавечай крыўды. Усе войны, рэвалюцыі, грамадскія і палітычныя перавароты заўсёды звязаныя з чалавечай крыўдай. Перамога адных народаў, класаў і грамадскіх груп спалучана з крыўдай іншых. Крыўда так глыбока ўкаранёная ў гісторыі, што ў некаторых грамадскіх і палітычных тэорыях яна лічыцца абавязковым элементам чалавечага прагрэсу. Аднак, хіба прагрэс чалавецтва як імкненне да большага дабра і шчасця чалавека можа быць пабудаваны на крыўдзе?
Крыўда як перакідванне свайго цярпення на іншых
Крыўды ў адносінах з людзьмі збольшага не вынікаюць непасрэдна з нашай злой волі. Сяброўскія, сужэнскія, сямейныя, суседскія, прафесійныя і многія іншыя сувязі мы ствараем дзеля любові і ўзаемадапамогі. Людзі не крыўдзяць адно аднаго з прычыны нейкай асаблівай лютасці. Часам нават цяжка казаць аб поўнай адказнасці за канкрэтныя ўчынкі, якімі мы ранім бліжніх. Непасрэднай прычынай часта з’яўляецца бездапаможнасць ва ўзаемнай камунікацыі, няздольнасць звярнуцца да іншых, трывожная засяроджанасць на сабе, страх перад цярпеннем і г.д. Бывае, што ўласны боль, асабліва ў сур’ёзных выпадках, “адбірае людзям розум”. Тады людзі, крыўдзячы самых блізкіх, сапраўды не ведаюць, што робяць. Крыўдзіць іншых азначае перакідваць на іх цярпенне, якое мы самі не можам і, да таго ж, не хочам несці.
Першае апамятанне часам прыходзіць занадта позна. Балючыя словы ўжо сказаны, абразлівыя ўчынкі здзейснены. Убачыўшы, як церпіць бліжні, крыўдзіцель амаль адразу задаецца пытаннем: “Што я нарабіў? Чаму ўчыніў такое?” Падобныя пытанні сведчаць, што чалавек, які крыўдзіць, часта сапраўды не ведае, што робіць. Перакладваючы свой боль на бліжніх, ён толькі памнажае крыўду, якую перажывае сам. На самай справе, цярпення не ўдасца перакінуць на іншых. Яго можна толькі мудра выцерпець самому, звяртаючыся па дапамогу да людзей і Бога. Цярпенне, гвалтам перакінутае на бліжняга, і так вяртаецца да крыўдзіцеля, – нярэдка з падвоенай сілай.
І хоць чалавек папраўдзе не ведае, што робіць, крыўдзячы людзей, якіх моцна любіць, гэта ўсё ж не азначае, што ён можа лічыць сябе вольным ад адказнасці за свае ўчынкі, з-за якіх ягоныя блізкія часам так пакутуюць. Адказнасць за кожную крыўду павінна разглядацца ў кантэксце адказнасці за ўсё сваё жыццё. Безадказнасць за сябе, патуранне сваім самым нізкім жаданням, жыццё ў залежнасцях, грэбаванне маральным і духоўным вымярэннямі чалавечага існавання становяцца галоўнай крыніцай крыўды. Чалавек, які не адказвае за сябе і бліжніх, нярэдка нават найменшае цярпенне перакладвае на іншых толькі таму, што не можа прымірыцца з уласным жыццём. Прыніжэнне іншых – гэта праява пагарды да свайго жыцця. Спроба маніпуляваць свабодай іншых – горкі плод спазнанага на сабе маніпулявання. Насілле ў адносінах да іншых з’яўляецца выразам пачуцця ўласнай немачы і бяссілля.
Чалавек, які занядбае сваё ўласнае жыццё, будзе крыўдзіць іншых, хоць не заўсёды свядома. Дэкларацыя добрай волі ў сітуацыі нанесенай крыўды: “Я не хацеў гэтага рабіць” часта з’яўляецца наіўнай абаронай беадказнага стаўлення да сябе і да жыцця.
Як выйсці з пачуцця крыўды?
Асабістая ўразлівасць, бясспрэчна, мае ўплыў на тое, як мы перажываем крыўду, аднак не тлумачыць усяго. Крыўду, прабачэнне і прымірэнне варта разглядаць у кантэксце чалавечай натуры як такой. Замыкаючыся сам-насам са сваёй крыўдай, мы лёгка адчуваем сябе “пакрыўджанымі” не толькі людзьмі, але і лёсам, Панам Богам. Чалавеку на зямлі жывецца цяжка, часам драматычна цяжка. Але не трэба лічыць гэта асабістай крыўдай. Рэчаіснасць чалавечага жыцця. Яе трэба прыняць, калі хочам, каб нашае жыццё мела свой сэнс і мэту.
Адказ на пытанне, як вырашыць праблему крыўды, прадугледжвае адказ на іншыя пытанні: кім ёсць чалавек? Які сэнс ягонага жыцця? На якім фундаменце мы павінны будаваць адносіны паміж сабой? Чым па-сапраўднаму з’яўляецца сужэнства, сям’я, бацькоўства?
Рэфлексію над крыўдай, прабачэннем і прымірэннем трэба распачынаць у кантэксце цэласнага бачання чалавека і мэты яго жыцця. Толькі такі падыход дазваляе нам выйсці з пасткі, якую ўтварае для нас пакрыўджанасць, прыемнасць “быцця ахвярай” і шуканне “салодкай помсты”. Незагоенае пачуццё крыўды імгненна ўзбуджае ў чалавеку заганнае кола “крыўджуся-і-крыўджу”. Мы можа часта гэта назіраць у сужэнскіх, бацькоўскіх, суседскіх, прафесійных і іншых стасунках. <…>
Працэс унутранага аздараўлення распачынаецца ў той момант, калі мы свядома і добраахвотна адмаўляемся ад статусу ахвяры, ад жалю да сябе і ад вечнага плачу над сваім няшчасцем.
Пакуль мы вытыкаем людзям іх віну, да той пары не бярэм адказнасці за сваё жыццё. Калі хтосьці няшчасны, то не таму, што яму ці ёй зрабілі крыўду, а таму, што ён ці яна не жадае браць на сябе поўную адказнасць за такое жыццё – такое, якім яно ёсць у гэтую хвіліну, незалежна ад ран, крыўд і цяжкіх абставін, у якіх мы жылі і жывём.
Паяднанне з сабой – абавязковая ўмова паяднання з іншымі
Кожны чалавек, які прагне жыць адказна, будаваць трывалыя, гарманічныя стасункі з бліжнімі і не пакідаць за сабой цёмнай пасмы крыўды і знішчэння, павінен з усёй адказнасцю ставіць пытанне сабе і іншым: што трэба зрабіць, каб разарваць заганнае кола крыўды і цярпення? Як пераадолець у сабе статус ахвяры? Як спыніць крыўду, якая пераходзіць з пакалення ў пакаленне? Як вызваліцца ад страху, гневу, жалю, зайздрасці, прагі помсты, спалучаных з перажытай крыўдай? Што рабіць, каб пачуццё крыўды не атручвала сяброўскага, сужэнскага, сямейнага, суседскага жыцця?
Адказ на гэтая пытанні гучыць так: трэба ўвайсці ў дынаміку пераадольвання пачуцця крыўды і навучыцца прабачаць і мірыцца з людзьмі, якія нас крыўдяць. Прабачэнне і паяднанне не можа быць досведам “на свята”, а мае стаць нашым паўсядзённым досведам.
Адзіны шлях да пераадолення крыўды – унутраная гатоўнасць да прабачэння і паяднання. Заклік Езуса прабачаць брату семдзесят сем разоў, інакш кажучы, заўсёды, уяўляе сабой запрашэнне будаваць у сабе сталую, верную паставу прабачэння і прымірэння адносна ўсіх нашых бліжніх. Крыўда губляе знішчальную моц, калі спалучаецца з прабачэннем і паяднаннем.
Нашае стаўленне да прабачэння выяўляецца толькі ў кантэксце спазнанай крыўды. Шмат людзей высакародна кажуць пра гатоўнасць прабачыць, але толькі да моманту, пакуль самі не апынаюцца ў сітуацыі сапраўднай, глыбокай і “нічым не заслужанай” крыўды.
Каб мець здольнасць прабачаць іншым і жыць з імі ў згодзе, трэба найперш убачыць неабходнасць прабачэння самому сабе шматлікіх недахопаў, памылак і грахоў. Паяднанне з сабой – неабходны крок да паяднання з людзьмі. Людзі крыўдзяць іншых, бо не могуць прымірыцца з тым, што ў сваім жыцці лічаць няўдалым. Чалавек, паяднаны з самім сабой, становіцца проста няздольным чыніць вялікія крыўды іншым.
Уплыў гісторыі сям’і
Сям’я, з якой чалавек паходзіць, з’яўляецца важным пунктам адліку для развіцця ягонай асабовасці. У гісторыі ўзнікаюць і вырашаюцца ўсе важнейшыя чалавечыя праблемы. “Кожнае цяперашняе становішча, – адзначае Раман Інгардэн, – нясе нейкім чынам след усёй гісторыі папярэдніх становішчаў. <…> Усё мінулае пастаянна кансервуецца, само па сабе, аўтаматычна. Яно суправаджае нас у кожны момант жыцця”. Усе чалавечыя раны ўзнікаюць у гісторыі жыцця і толькі з улікам усёй гісторыі могуць быць эфектыўна вылечаны.
Гісторыя сям’і мае важны ўплыў на форму ўсяго нашага жыцця і адносінаў, якія мы будуем. Менавіта сямейныя сувязі, мінулыя і сучасныя, вырашаюць у значнай меры нашае чалавечае шчасце. Чым цяснейшыя гэтыя сувязі, тым больш чалавечага шчасця. Аднак тая блізкасць нясе з сабой немалую рызыку. Чым большая інтымнасць існуе паміж асобамі, тым лягчэй яны могуць зраніць адно аднаго. Складана пакрыўдзіць чалавека, які жыве далёка ад нас, але мы лёгка можам зраніць таго, хто жыве побач.
Траўмы ў сямейных адносінах заўсёды з’яўляюцца крыніцай вялікага расчаравання, цярпення і болю, нават калі гаворка ідзе пра “старыя гісторыі”, перажытыя шмат гадоў таму. Гэты застарэлы боль, незагоены і неачышчаны, можа быць крыніцай пастаяннага цярпення, а таксама ў пэўнай ступені ўплываць на сённяшняе стаўленне і паводзіны, на адносіны ў сям’і. Вось чаму так важна вяртацца да крыўды, спазнанай у сямейным асяроддзі, каб яна не пераносілася (звычайна несвядома) на ўсе стасункі з атачэннем і не толькі ў сям’і. <…>
Маленькія крыўды і “невялікія” раны, узаемныя і доўгатрывалыя, могуць утвараць вялізныя паклады пачуцця несправядлівасці, якія патрабуюць унутранага ацалення.
Крыўды перыяду дзяцінства
Многім дарослым здаецца, што дзяцей – асабліва, калі яны не прыносяць клопатаў у выхаванні – лёгка любіць. Бывае, пачуцці сімпатыі і добразычлівасці, якія спантанна ўзнікаюць да дзяцей, атаясамліваюцца з любоўю. Гэтаксама і выхаванне дзяцей занадта часта “кіруецца” спантаннымі і рэфлекторнымі рэакцыямі, над якімі звычайна мала разважаюць бацькі і педагогі. Вынікі такога выхавання дарослыя не ў стане прадбачыць. Таму, нягледзячы на ўсю іх добрую волю і ахвярнасць, яны часам робяць шмат фундаментальных памылак у выхаванні, якія шкодзяць дзіцяці, і ўсведамляюць яны гэтыя памылкі (часта з болем і горыччу) толькі праз дзесяцігоддзі.
Нашмат лягчэй сказаць, чым не з’яўляецца любоў да дзіцяці і як не трэба яго любіць. Бо любоў да дзіцяці нельга мераць толькі (або атаясамліваць з) добрай воляй, пазітыўнымі эмоцыямі, якія перажываюць бацькі, колькасцю “рэчаў”, якія яму ахвяруюць, і нават задавальненнем самога дзіцяці, бо яно не можа распазнаць, што яму насамрэч патрэбна для ўзважанага станаўлення сваёй асабовасці. Любоў да дзіцяці вымагае не толькі добрай волі, чуласці і высілку, але таксама жыццёвай мудрасці, якая ўмее распазнаць і ўнікальнасць дзіцяці, і тое, як выхаванне на яго ўплывае.
Занятыя і перагружаныя працай бацькі (асабліва таты) заўважаюць сваіх дзяцей толькі тады, калі тыя пачынаюць выклікаць праблемы і непрыемнасці. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў падлеткавым узросце. Адразу ж тады пачынаюць не столькі выхоўваць дзяцей (як правіла, для гэтага бывае запозна), а хутчэй змагацца з імі. Магчымасць дапамагчы дзіцяці ў падлеткавым узросце шмат у чым залежыць ад таго, як ставіліся да яго цягам усяго папярэдняга перыяду.
Да стаўлення, якім бацькі і выхаваўцы найбольш балюча раняць дзяцей, можна аднесці непрыняцце, празмернае пакаранне, стварэнне пачуцця пагрозы, асуджэнне дзіцяці, ачарненне яго, абгаворванне, празмерная апека, неадпаведнае абмежаванне свабоды, эксплуатацыя, у тым ліку сексуальны гвалт. Своеасаблівым рахункам сумлення нашых паводзін у адносінах да дзяцей можа служыць гэты спіс найбольш распаўсюджаных крыўд, якія дарослыя чыняць дзецям. Калі мы сапраўды хочам дапамагчы ім дасягнуць поўнай чалавечай і духоўнай сталасці, мы павінны мець адвагу заўважаць і пераадольваць свае ўласныя памылкі, якія заўсёды з’яўляюцца пэўнай формай крыўды ў дачыненні да дзяцей.
Духоўнае жыццё – шлях унутранага аздараўлення
Грунтоўнае і трывалае ўнутранае аздараўленне – гэта не толькі высакародная “моцная пастанова выправіцца”, кароткае эмацыйнае перажыванне ці псіхааналітычнае ўсведамленне сувязяў паміж спазнанай крыўдай у мінулым і цяперашнімі паводзінамі і стаўленнем. Аздараўленне – унутраны працэс, які мае сваю дынаміку і звычайна доўжыцца не адзін год, ахопліваючы і сферу пачуццяў, і духоўнае вымярэнне. Таму гэта патрабуе псіхічнага высілку з боку чалавека, а таксама веры і адданасці Божай ласцы.
Божая ласка і праца чалавека
Падобна таму, як досвед крыўды ахоплівае ўсяго чалавека (эмацыйную, псіхічную і духоўную сферы), так і досвед унутранага ацалення мае ахінуць усю асобу. Духоўнае аздараўленне вядзе нас да патрэбы вылячэння свету эмоцый, а працэс аздараўлення пачуццяў адкрывае нас на духоўнае вымярэнне. Зранены чалавек здольны кіраваць светам сваіх пашкоджаных пачуццяў толькі тады, калі звернецца да найглыбейшага ўзроўню: да духоўнага жыцця.
Адной з вялікіх памылак, якія дапускаюцца ў развагах пра вылячэнне ад пачуцця крыўды, з’яўляецца супрацьпастаўленне эмацыйнай сферы і духоўнай. Для сапраўднага ўнутранага аздараўлення неабходна гарманічна спалучыць абодва вымярэнні чалавечага існавання. Там, дзе не хапае волі да цяжкай працы ў эмацыйнай сферы, яе часта спрабуюць ігнараваць, перакладаючы ўвесь цяжар адказнасці за ўнутранае аздараўленне на Бога і Яго ласку. У такой сітуацыі зраненая асоба выказвае вялікую гатоўнасць цалкам аддацца Яму, але пры ўмове, што Ён прыбярэ з яе шляху ўсе цярпенні. У такім выпадку вызваленне ад пакут памылкова спалучаецца з праўдзівым аздараўленнем. Выцісканне крыўды са свядомасці, перакідванне яе на іншых, прымяншэнне яе ў сваёй свядомасці можа на самай справе палегчыць боль, але не прыносіць сапраўднага ўнутранага аздараўлення.
Адсутнасць цярпення ў нашым жыцці не залежыць выключна ад нас. Эфектыўнасць Божай ласкі не вымяраецца таксама вызваленнем ад фізічных і псіхічных цярпенняў. Ласкай можа быць як вызваленне ад цярпення, так і дар цярпення. У духоўным жыцці істотным з’яўляецца не столькі само цярпенне, колькі ягонае значэнне для ўсяго чалавечага жыцця.
У нашай малітве аб вызваленні ад “келіха горычы” мы часам бываем выслуханымі, як Езус у Аліўным садзе. “Хрыстус у дні свайго цела з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў” (Гбр 5, 7-8). Вызваленне з пачуцця крыўды прыходзіць праз паслухмянасць Богу, якую чалавек захоўвае нават сярод цярпення і духоўнай барацьбы. Калі ўнутранае аздараўленне асацыюецца для нас перадусім з жыццём без болю, то, магчыма, наш пошук аздараўлення ўсяго толькі пэўная форма уцёкаў – не толькі ад цярпення, але і ад адказнасці за сваё жыццё.
Пакліканне да жыцця
Мэтай імкнення чалавека да ўнутранага вызвалення ад крыўды з’яўляецца больш поўнае адкрыццё чалавечага жыцця. Пачуццё крыўды і жалю да сябе перашкаджае чалавеку радасна і творча перажываць сваё існаванне. Унутранае вылячэнне неабходна, каб атрымліваць асалоду ад жыцця ў поўнай меры. Калі крыўда нішчыць жыццё, то аздараўленне яго аднаўляе, прадугледжваючы глыбокае перакананне, што першым фундаментальным пакліканнем чалавека з’яўляецца пакліканне да жыцця.
Гэта аснова ўсіх іншых пакліканняў і жыццёвых заданняў. Пакліканне да жыцця трэба разумець у шырокім сэнсе: у першую чаргу, мы пакліканы пражыць жыццё сумленна і стала, пражыць яго ў любові і свабодзе. Паколькі сённяшняя цывілізацыя не цэніць жыццё, тым больш важным здаецца падкрэсліць, што годнае, добрае і мудрае жыццё з’яўляецца галоўным заданнем чалавека.
Многія сферы нашай цывілізацыі пазначаны ценем смерці. … Сучасны чалавек захапляецца вырабленымі ім прыладамі, але не ў стане захапіцца ўласным жыццём. Нам варта часцей звяртацца да 8 псальма, аднаго з найпрыгажэйшых гімнаў пра чалавека.
Сёння маладым людзям, так часта зраненым у сваіх сем’ях, трэба паказаць іх першаснае пакліканне: пакліканне да жыцця. Парадаксальна, што многія з іх не цэняць сваё жыццё, і ў той жа час «пачуваюцца» пакліканымі да вялікіх жыццёвых задач. Чалавек не можа здзейсніць грандыёзных і важных спраў, калі перадусім не ўшануе само жыццё і не атрымае ад яго сапраўднай асалоды. Сужэнскі, святарскі ці манаскі стан, выкананне важных грамадскіх функцый патрабуе пазітыўнага і сур’ёзнага падыходу да жыцця. Каб даваць жыццё іншым, трэба спачатку ўзяць яго ва ўласныя рукі. Сярод зямных каштоўнасцяў чалавечае жыццё мае найвышэйшую вартасць. Яго нельга прадаць або абмяняць ні на што іншае. Мы павінны часта рабіць рахунак сумлення адносна падыходу да свайго жыцця: які ён насамрэч? Можа, я грэбую жыццём? Ці я не разбураю яго сваімі дрэннымі схільнасцямі: прагнасцю да грошай, пажадлівасцю, хворымі амбіцыямі і г.д.? Ці не прысвячаю жыццё таму, каб здабыць адносныя, прамінаючыя каштоўнасці: кар’еру, грошы, задавальненні?
Адкрыццё Божай любові
Сутнасцю крыўды заўсёды з’яўляецца недахоп любові. Найвялікшая крыўда, з якой чалавек выходзіць з роднага дому, часцей за ўсё вынікае з недахопу любові або з разнастайных яе скажэнняў. Таму і галоўным шляхам да ўнутранага ацалення будзе любоў іншага: чалавека і Бога. Мы адкрываем каштоўнасць і глыбіню жыцця ў досведзе чалавечай і Божай любові. Дапамога, клопат і зычлівасць людзей павінны прывесці пакрыўджанага да крыніцы любові, якой ёсць Бог. У рэшце рэшт, Яго бескарыслівая і безумоўная любоў аднаўляе ў чалавеку жаданне жыць, заглушанае ранамі, атрыманымі ў любові ад людзей. Вялікія раны ў чалавечай любові могуць быць загоены толькі ў лучнасці з бясконцай любоўю Бога.
Любоў Стварыцеля мы адкрываем паступова. Шляхам да яе з’яўляецца чытанне Святога Пісання, асабістае разважанне, малітва, удзел у сакрамэнтах, духоўнае кіраўніцтва, сямейнае жыццё, чалавечае сяброўства. Усё гэта адбываецца ў супольнасці Касцёла. Менавіта яна дапамагае нам паступова адкрываць розныя «бакі» таямніцы Бога. Божая любоў «занадта вялікая», каб мы маглі спасцігнуць яе імгненна, у адным акце пазнання. Мы спазнаём Бога па меры ўзрастання ў духоўным жыцці, таму можна казаць пра этапы і ступені адкрыцця Бога і Яго любові. Бог прапануе нам цэлае жыццё, цягам якога можам пазнаваць Ягоную таямніцу і бясконцую любоў.
Досвед хрысціянскага духоўнага жыцця распачынаецца не з ведаў пра рэлігійныя абавязкі і цяжары, але з бескарыслівай любові. Першая таямніца хрысціянства – гэта факт, што “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага…” (Ян 3, 16-17).
Таму першай праўдай хрысціянства з’яўляецца любоў, якой нас любяць задарма. Плодам гэтай любові і ёсць чалавечае жыццё. Мы існуём дзякуючы любові. Бог запрашае нас прыняць яе і ўцелаўляць у жыццё. Хрысціянская духоўнасць нараджаецца ў кантэмпляцыі Божай любові, аб’яўленай у Езусе Хрысце. Святы Ян Евангеліст заахвочвае нас здзіўляцца бескарыслівай Божай любові: “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі! Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя, цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць” (1 Ян 3, 1-2).
Мы павінны часта задаваць сабе пытанне: “Якому Богу мы молімся?” З чаго збудаваны наш вобраз Бога? Колькі ў нашым досведзе Бога пачуцця віны, страху за сябе, страху перад карай, імкнення быць “у парадку” а колькі сапраўднага досведу бескарыслівай любові? Мы не адчуем вялікага запалу, энтузіязму да жыцця, калі наш вобраз Бога будзе выклікаць страх і пачуццё віны.
Калі думаем пра Бога і Ягоную волю, першай рэакцыяй мае быць не хваляванне, “у парадку” мы перад Ім ці не, але ўсведамленне, што мы любімыя адвечнай і бясконцай любоўю. Маці, якая малому дзіцяці ў першую чаргу ставіць суровыя вымаганні замест таго, каб атуліць чулым клопатам і любоўю, будзе глыбока раніць яго. Дзіця не зразумее патрабаванняў бацькоў, калі не адчувае, што яго любяць. Так і кожны чалавек перад Богам: калі не адчуе сябе любімым Ім, то не здолее зразумець сэнсу Ягоных запаведзяў, настаўленняў і забаронаў.
Божая любоў патрабавальная, часам нават вельмі, але гэтыя патрабаванні прыходзяць у адпаведны час і на адпаведным этапе развіцця чалавека. У духоўным жыцці неабходна перадусім адкрыць, што нас любяць, каб мець сілы пераадолець хранічнае, прадыктаванае страхам пытанне: ці “ў парадку” я перад Богам? Бог любіць нас і тады, калі не “ў парадку”. Менавіта досвед Ягонай любові і ўводзіць парадак, гармонію і лад у душы. Божая любоў ачышчае нас і вылечвае з пачуцця крыўды, што якраз і ёсць праявай бязладдзя ў любові.
Мы павінны часта шукаць у Бібліі, як у Новым, так і ў Старым Запавеце, тыя месцы, якія паказваюць бескарыслівую любоў Бога. Няпраўда, што Бог адкрывае сваю любоў толькі ў Новым Запавеце. Таксама ў Старым Запавеце ёсць шмат фрагментаў, якія апавядаюць пра бязмежную любоў Бога да чалавека: Іс 66,13; Іс 49, 16; Ер 1, 5. Бог сфармаваў нас ва ўлонні нашай маці і ўвесь час носіць на Сваіх далонях. Ён любіць нас поўнай любоўю – любоўю маці і бацькі. Глыбокае ўсведамленне таго, што жыццё з’яўляецца дарам Божай любові, што яно ахінута Ягонай любоўю і знаходзіцца ў Ягоных моцных руках, становіцца важнай крыніцай пазітыўнага стаўлення чалавека да жыцця. Мы павінны спытаць сябе: які наш вобраз Бога? Ці жывём мы кожны дзень праўдай, што Бог “выразаў нас на Сваіх далонях”? Ці адчуваем Божае суцяшэнне ў нашым жыцці, асабліва ў цяжкія хвіліны? Ці дакладна мы звязваем каштоўнасць жыцця з любоўю Бога?
Пераадоленне падазронасці
Каб даверыцца Божай любові, якая нараджае нас да жыцця, неабходна перамагчы ў сабе падазронасць. Зраненая любоў правакуе ў чалавеку вялікі страх перад новым болем, перад адрынутасцю людзьмі, якіх мы любім і чыёй любові патрабуем. Нашая падазронасць часта выводзіцца з крыўдаў, спазнаных у сям’і, у коле равеснікаў. Гэта інстынктыўная, несвядомая форма абароны перад чарговай ранай. Падазронасць блакуе спантанныя чалавечыя адносіны ўзаемнай зычлівасці, сімпатыі, сяброўства і любові, ізалюе чалавека, замыкае яго ў сабе, робіць яго смутным, забівае радасць жыцця.
Трэба заўважыць сваю недаверлівасць і прыняць яе як рану сэрца, якую чалавек павінен з пакорай вызнаць перад Богам дзеля яе пераадолення найперш ва ўласным сэрцы. Унутраная перамога над падазронасцю адчыніць шлях да большага даверу і ў адносінах з бліжнімі.
Калі аднойчы чалавек не дасць рады з падазронасцю, то яна будзе развівацца і расці разам з ім. Так падазронасць дзіцяці да бацькоў з гадамі стаецца падазронасцю бацькі ці маці ў дачыненні да ўласных дзяцей. Падазронасць падначаленага – падазронасцю начальніка да падуладных. Падазронасць вучня адносна настаўніка вырастае ў падазронасць настаўніка да вучняў. Нярэдка мы недаверліва ставімся да любога аўтарытэту, бо нам здаецца, – а гэта і ёсць падазронасць, – што ён хоча нас зняволіць, абмежаваць, прынізіць, выкарыстаць. Шмат падазронасці існуе ў грамадстве, таксама і да Касцёла, пра які мяркуюць, што ў абвяшчэнні Добрай Навіны і маральных правіл ён кіруецца нячыстымі прыхаванымі матывамі: шукае ўлады, уплываў, узбагачэння і г.д.
Чалавечая падазронасць спадае, нібы цень, і на Бога. У цяжкія хвіліны менавіта з яе нараджаецца недавер: ці Бог можа прабачыць мне такія страшныя грахі? Ці любіць Ён мяне, калі я так пакутую? Ці Ён сапраўды любоў, калі на свеце столькі цярпення і калі так нязмерна пакутуюць дзеці? Вось толькі некалькі пытанняў, выкліканых падазронасцю да Бога. Нават поспех можа стаць яе крыніцай: чаго Пан Бог пажадае ад мяне за хвіліны дабрабыту і чалавечага шчасця? Які крыж потым спашле?
Падазронасць замінае чалавеку ў веры, бо ён не можа прыняць бескарыслівых дароў. Ён намагаецца адразу заплаціць за іх, аддзячыць. У выніку, адносіны з Богам і з людзьмі ператвараюцца ў няспынны гандаль. <…>
Запытаем жа сябе пра сваю падазронасць: як яна змянялася цягам жыцця? З якіх крыўдаў яна можа паходзіць? Да каго яна ўзнікае нібы “аўтаматычна”? Колькі яе ў нас: да сябе, да бацькоў, да мужа ці жонкі, дзяцей, братоў і сясцёр, суседзяў, супрацоўнікаў, душпастыраў? Трэба прасіць Пана, каб адкрыў нам вочы на нашую падазронасць і дапамог паступова пераадольваць яе дзеля больш глыбокага духоўнага жыцця і ўзрастання ў даверы да Бога, сябе і бліжніх.
Адказнасць за жыццё
Унутраная барацьба за ацаленне вымагае не толькі пераадолення падазронасці, але і глыбокага пачуцця адказнасці за сваё жыццё. Калі пакрыўджаная асоба не мае (амаль аўтаматычна) ператварыцца ў крыўдзіцеля, то павіна ўзяць лёс у свае рукі і не можа дазволіць, каб ёю кіравалі ўласныя некантраляваныя імпульсы, няспелыя навыкі і звычкі.
Адказнасць за жыццё праяўляецца ва ўсведамленні ўласных настрояў, паводзінаў, рэакцый і ў прыняцці маральнай адказнасці за іх. Бяздумна і бесклапотна, пад уплывам эгаізму паддавацца некантраляваным пачуццям крыўды, жалю, гневу, помсты, нянавісці і пераносіць іх на бліжніх (якія часта “ні сном, ні духам”), азначае паводзіцца амаральна. Пакрыўджаны чалавек павінен адчуваць сябе адказным за свае рашэнні, выбары і ўчынкі. Адказнасць за жыццё прымушае нас прыняць крыўду як асаблівую, часам вельмі балючую магчымасць для ўнутранай барацьбы за перамогу духа над целам (пар. 1 Кар 15, 50), дабра над злом (пар. Рым 12, 21), маралі над амаральнасцю. У адваротным выпадку, крыўда ўтварае магчымасць быць няверным Богу і крыўдзіць іншых, што з’яўляецца грахом. Іншымі словамі, калі я крыўджу кагосьці, гэта нельга трактаваць як памылку, выпадковы недагляд, хвілінную няўважлівасць. Грэх – недахоп адказнасці за свае рашэнні і жыццёвы выбар. Сутнасць граху ў тым, што я зачыняюся ад Бога і Ягонай міласэрнасці і крыўджу бліжніх.
Быць адказным за сваё жыццё азначае слухаць Бога і адгукацца на Ягоныя заклікі. Толькі даручэнне жыцця Стварыцелю дае чалавеку магчымасць прыняць поўную адказнасць, якая патрабуе перастаць апраўдваць свой грэх. Грэх не ўдасца патлумачыць цяжкім мінулым, няпэўнасцю сённяшняга дня, страхам перад будучыняй. У выпадку з грахом трэба адмовіцца ад пошуку вінаватых.
Варта, аднак, выразна сказаць, што мы вызваляемся ад самаашуканства і дасягаем праўды пра ўласную грахоўнасць не толькі з дапамогай сваіх разваг, але і праз разважанне Божага слова. Сапраўдны досвед грахоўнасці не з’яўляецца плодам узірання ў свае немачы і недасканаласці. Гэта Дух Божы, які дзейнічае ў Божым слове, пераконвае нас у граху і патрэбе міласэрнасці. Адчуванне свайго граху – плод кантэмпляцыі Бога і Яго любові. У спатканні са святасцю Бога выяўляецца нашая грахоўнасць, перад абліччам Ягонай справядлівасці выкрываецца нашая несправядлівасць, у кантэмпляцыі Ягонай дабрыні робіцца бачнай крыўда, якую мы чынім іншым і самім сабе.
Святасць Бога, якая паказвае чалавеку ягоны грэх, адначасова аб’яўляецца як крыніца міласэрнасці, прабачэння і паяднання. Менавіта таму хрысціянскі досвед граху, калі гэта праўдзівы досвед, не пазбаўляе чалавека надзеі. Якраз наадварот: адкрывае перад намі перспектыву будучыні. Божае слова, называючы грэх грахом, паказвае і шляхі, як узяць на сябе адказнасць за сваё жыццё, каб зрабіць яго сталейшым, лепшым, шчаслівейшым, у тым ліку з чалавечага пункту гледжання.
Досвед Божай міласэрнасці
Пастава адказнасці за жыццё робіць нас здольнымі глыбей адчуваць Божую любоў. Бескарыслівая любоў Бога з’яўляецца адначасна любоўю патрабавальнай, цяжкай. Яна ставіць перад намі важныя і адказныя задачы. Бог, найлепшы Педагог і Настаўнік, сваёй любоўю заахвочвае нас да высілку і працы дзеля нашага ўласнага шчасця і дзеля дабра тых, каго даручае нашаму клопату і любові. Калі неабходна, Ён дакарае і настаўляе на розум, як чыняць добрыя бацькі.
Атрыманне Божага прабачэння не можа быць спажывальніцтвам міласэрнасці. Бог прабачае грахі, але запрашае чалавека да ахвярнай любові. З прабачэннем, поўным міласэрнасці (Я не асуджаю цябе), грэшнік атрымлівае наказ: Ідзі і адгэтуль больш не грашы! (Ян 8, 11). Разам з ласкай аздараўлення Езус не баіцца даць хвораму выразнае папярэджанне: Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага (Ян 5, 14). Калі мы прымаем гэтыя словы ў кантэксце бескарыслівай любові Бога, яны не раняць нас. Вымова перажываецца балюча толькі тады, калі яна ўспрымаецца як адкіданне. Айцоўская любоў Бога, аб’яўленая ў Езусе, перасцерагае нас, настаўляе, заклікае да духоўнага высілку, але ніколі не асуджае. Калі б мы затрымаліся на досведзе Бога, які проста любіць і нічога не патрабуе, мы маглі б лёгка ператварыць хрысціянства ў танную рэлігію хіпі.
Чаго Бог ад нас патрабуе? Па-першае, слухання: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш – Пан адзіны (Мк 12, 29). Па-другое, адказу: любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёю моцаю тваёй (Мк 12, 30). І адказ на любоў Стварыцеля выяўляецца не толькі ў адносінах з Ім, але і між сабой: Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя (Мк 12, 31).
Сутнасцю хрысціянскай адказнасці з’яўляецца не фармальнае пачуццё адказнасці, але няспыннае адгуканне на Божае слова, скіраванае да нас. Яго слова – слова любові, і адказ таксама павінен быць адказам любові. <…>
Чалавек, наталіўшыся бескарыслівай любоўю Бога, спантанна пачынае разважаць: што я даю Богу? У разважаннях пра грэх св. Ігнацый Лаёла заахвочвае рэкалектанта: “уяўляючы Хрыста, нашага Пана, перад сабой на крыжы, пачынаю размаўляць з Ім, запытваючы, як Ён, Стварыцель, дайшоў да таго, што стаў чалавекам, і перайшоў з вечнага жыцця ў часовую смерць і такім чынам сканаў за мае грахі” (ДП 53). Затым аўтар “Духоўных практыкаванняў” прапануе нам прыгледзецца да сябе і спытаць: “Што я зрабіў для Хрыста? Што я раблю для Хрыста? Што я павінен зрабіць для Хрыста? І, гледзячы на Хрыста ў такім стане, прыбітага да крыжа, паразважаю над тым, што прыходзіць на розум” (ДП 53).
Перажыванне сакрамэнту споведзі мае заключацца не толькі ў прыняцці любові, але таксама ў ахвяраванні яе Езусу і нашым бліжнім, асабліва тым, хто зраніў нас сваёй адсутнасцю любові. Прабачыць (а значыць, палюбіць “вінаватых нашых”) настолькі важна, што Езус сцвярджае: Божае прабачэнне будзе дзейным толькі ў тым выпадку, калі спачатку прабачым мы.
Сталасць сумлення
З досведам адказнасці за сябе і свае ўчынкі сцісла спалучаецца рух да ўсё большай сталасці сумлення. Для сапраўднага ўнутранага аздараўлення крайне неабходна сталае сумленне. Часта бывае так, што пакрыўджаная асоба жыве ў пастаянным хворым пачуцці віны перад Богам і людзьмі, якія яе пакрыўдзілі, і гэта не дазваляе ёй выказаць сваю крыўду да канца. Яна баіцца, што яе аповеды пра перажытыя крыўды – гэта выраз нелюбові, нелаяльнасці ці нават наўпрост ганебныя абгаворы іншых людзей. Доўгі і балючы досвед крыўды нярэдка дэфармуе чалавечае сумленне. Крыўда можа зрабіць сумленне няпэўным, баязлівым, празмерна ўражлівым. Вельмі многае, аднак, залежыць ад свабоды чалавека і ягонага стаўлення да цярпення. Калі пакрыўджаная асоба не закранае праблемы крыўды, тады тое хісткае і нясмелае сумленне з часам можа стаць неадчувальным, чэрствым, зацвярдзелым. Пад уплывам хранічнай, непераадоленай крыўды чалавек эмацыйна дранцвее. І адначасна з аняменнем пачуццёвай сферы таксама і сумленне губляе адчувальнасць.
Крыўда вымагае працы над сталасцю сумлення, гэта значыць, над тым, каб сумленне было правільна сфарміраваным, чуллівым і ўражлівым. Правільнае сумленне тое, якое знаходзіцца ў згодзе з тым, што справядлівае і добрае паводле розуму і Божага закону. І гэта неабходная ўмова сапраўднага і глыбокага аздараўлення. Унутраная справядлівасць патрабуе “ў першую чаргу, каб чалавек адкінуў знешняе, пазбавіўся хлусні і адкрыў сябе ва ўсёй сваёй унутранай праўдзе. Гэта праўда яго сумлення. Чалавек павінен вызваліцца ад усяго, што яму замінае менавіта гэтай праўдзе, сваёй унутранай праўдзе, паглядзець у вочы” (Ян Павел ІІ).
Унутраная праўда
Калі чалавек жыве з досведам глыбокай крыўды, праўда выклікае ў ім пякучы боль. І не кожны з нас мае сілы адразу – адважна і аддана – паглядзець праўдзе ў вочы і прызнаць: “Я сам вінаваты ў тым, што адчуваю сябе няшчасным, нялюбым, адкінутым”. Мы баімся праўды пра саміх сябе, бо пабойваемся працы, ахвяры і цярпення, якія неадрыўна спалучаны з пераменамі ў жыцці. Часам нам лягчэй прыкідвацца, рабіць выгляд. Святы Ян Павел ІІ, разумеючы гэтую цяжкасць, сцвярджае, што “нават кароткі наўпроставы позірк у вочы ўнутранай праўдзе чалавека з’яўляецца дасягненнем”. Вельмі “чалавечае” і адначасна суцяшальнае сцвярджэнне, у якім адлюстроўваецца глыбокае разуменне чалавека: грандыёзнасці ягоных жаданняў, але таксама ўнутранай крохкасці і баязлівасці.
Пры суправаджэнні зраненага чалавека – у рамках духоўнага кіраўніцтва або тэрапіі – трэба быць вельмі асцярожным, каб маскі не “зрываць” насілу. Чалавек, гвалтоўна пазбаўлены маскі, хоць і атрымлівае свабоду ад яе, адчувае сябе прыніжаным, і гэта не той вопыт, які падняў бы яго на духу. Чалавеку не дапамагаеш, калі ўпакорваеш і зневажаеш яго.
Існуюць пэўныя формы тэрапіі, накіраваныя на тое, каб раскрыць чалавеку яго няспелыя абарончыя механізмы, якія ён выкарыстоўвае, хаваючыся ад чарговых траўмаў. Дапамога чалавеку патрабуе бацькоўскага прыняцця, падтрымкі, абачлівасці і даверу. Праўда пра нас – гэта не толькі нашы абарончыя механізмы, але і наша здольнасць атрымліваць і дарыць любоў.
Мы спазнаем праўду павольна, паступова. Праўда патрабуе цярплівасці і з боку таго, хто да яе імкнецца, і з боку “педагога”, які вучыць жыць у праўдзе. Большая сапраўднасць не заўсёды азначае лягчэйшае жыццё з чалавечага пункту гледжання. Злы дух, які па сваёй прыродзе – ілгун і бацька усялякай хлусні (пар. Ян 8, 44), паказваючы нам цяжар жыцця ў праўдзе, кажа, што супраціў пачуццю крыўды будзе спалучацца з вечнымі катаваннямі, пакутамі і бясконцым прыніжэннем. І, хоць на самай справе першы этап унутранага аздараўлення ад пачуцця крыўды бывае вельмі балючым, з часам прыходзіць досвед унутранай свабоды, парадку і гармоніі, якія робяць жыццё чалавека больш спакойным і радасным. Жыццё ў праўдзе заўсёды ёсць жыццём шчаслівым.
Мастацтва сустрэчы з цярпеннем
Вельмі важнай рысай хрысціянскага духоўнага жыцця на шляху да аздараўлення ад крыўды з’яўляецца тое, як мы сустракаем і зносім цярпенне. Зазвычай цярпенне – найцяжэйшы (і таму найбольш выразны) крытэрый сапраўднасці нашага чалавечага і хрысціянскага жыцця. У цярпенні спраўджваецца любоў да людзей і да Бога і выяўляецца глыбіня нашай укаранёнасці ў Хрысце і моц сувязяў з іншымі.
Сённяшняя цывілізацыя змагаецца з цярпеннем і ўцякае ад яго любым коштам. Найбольш хваравітыя цывілізацыйныя рысы – гэта праявы ўцёкаў ад цяжару жыцця і пакут. Калі чалавек адназначна адмаўляе трансцэндэнтнае вымярэнне чалавечага жыцця, тады цярпенне ператвараецца ў яго найвялікшага ворага, часам большага за смерць. Каб пазбегнуць цярпення, некаторыя абіраюць памерці. Спажывецкі лад жыцця і спалучаныя з ім залежнасці і заганы таксама засноўваюцца на спробах палегчыць цярпенне. Але чым больш чалавек уцякае ад пакут, тым хутчэй яны даганяюць яго. Ад цярпення нікуды немагчыма дзецца. Нельга яго ўтаймаваць, прыбраць ці абмінуць. Жыццёвыя цяжкасці і пакуты можна толькі ўмела, мудра выцерпець.
У большасці выпадкаў, чым глыбей закранула нас крыўда, тым мацней мы церпім і баімся супрацьстаяць балючаму досведу, бо баімся вяртання пакутлівых перажыванняў. Гэты страх загадвае нам часам прымяншаць спазнаныя крыўды, рацыяналізаваць іх ці хаваць ад сябе і людзей. Такі падыход да крыўды не толькі не прыносіць вырашэння праблемы, але вядзе да таго, што пакрыўджаны – не ўсведамляючы матываў сваіх учынкаў – часта інстынктыўна сам наследуе сваіх крыўдзіцеляў і раніць іншых.
У цэлым, пакрыўджанай асобе ўласцівы два крайнія і адначасна нясталыя падыходы да цярпення. Першы – спроба прыбраць любое цярпенне, напрыклад, праз стварэнне муру паміж балючым мінулым і сучаснасцю. Сюды ж можна аднесці намаганні штучна прыспешыць працэс аздараўлення, каб “усё” адбылося без болю, наколькі магчыма.
Другім нясталым падыходам да цярпення з’яўляецца надаванне сэнсу самому цярпенню і канцэнтрацыя на ўласнай пакрыўджанасці, клапатлівае гадаванне яе і ў выніку адчуванне большага сэнсу жыцця. (…) Многія людзі лічаць сябе больш дасканалымі толькі таму, што выцерпелі больш за іншых. Гэта вельмі памылковае меркаванне. Цярпенне само па сабе заўсёды ёсць злом; яно нішчыць і забівае. Чалавечая пакута мае сэнс толькі тады, калі перажываецца ў еднасці з церпячым Хрыстом.
Унутранае аздараўленне патрабуе вельмі ўзважанага, прадуманага і мудрага падыходу да цярпення. Нельга абапірацца толькі на чалавечую мудрасць, якая пралічвае, як пазбегнуць болю. Патрэбна таксама Божая мудрасць, якой часта падабаецца скарыстацца “глупствам крыжа” (пар. 1 Кар 1, 18), каб дапамагчы чалавеку на шляху да дому Айца.
Два віды цярпення
Разглядаючы сваю асабістую крыўду, мы павінны адрозніваць два віды цярпення, два тыпы “крыжа”. Адно з іх “слушнае”, бо з’яўляецца плёнам нашых грахоў (пар. Лк 23, 41). У такім цярпенні мы атрымліваем толькі апраўданае “пакаранне” за свае ўчынкі, і не можам ставіцца да яго як да “крыжа”, спасланага нам праз Езуса. Калі мы церпім ад сваіх канкрэтных грахоў, Бог запрашае нас вызваліцца як ад граху, так і ад пакут, якія ён стварае. Адчуваючы боль, мы павінны даследваць уласнае сумленне і спытаць сябе, ці ёсць сувязь паміж гэтым цярпеннем і грахом: ці не выклікана яно грахоўным спосабам мыслення, рэагавання: грахоўнымі поглядамі, звычкамі і ўчынкамі. Калі мы пакутуем ад таго, што дзейнічаем пад уплывам пыхі, комплексаў непаўнавартаснасці, жыццёвай легкадумнасці, крыўды, гневу, зайздрасці, жалю да сябе, бунту супраць людзей і Бога, тады мы пакліканы найперш да ўнутранага навяртання, да прызнання, што цярпенне вынікае з грахоўных паводзінаў – і менавіта ад гэтага горкага плоду дзеяння нашых рук Хрыстус хоча вызваліць нас.
Аднак у жыцці ёсць пакуты, якія ніякім чынам не спалучаны з віной і грахом. Як і ў жыцці Езуса, яны – дазволеныя Богам, дапушчаныя Ім. Езус церпіць вялікую крыўду ад людзей, хоць сам не зрабіў нічога дрэннага. Крыўда, якую робяць нам людзі, – гэта наш сапраўдны крыж, на ўзор крыжа Езуса. Такое цярпенне з’яўляецца не столькі заклікам да навяртання, колькі заклікам да з’яднання з Езусам і наследавання Яго ў цярпенні і на крыжы.
Цярпенне, прынятае ў духу прыпадабнення да Езуса, губляе сваю разбуральную моц. Калі мы ахвяруем Езусу спазнаныя крыўды, Ён бярэ іх на Сябе і робіць іх знакам любові Айца да нас. Цярпенне, прынятае з Езусам, праз Езуса і для Езуса, становіцца для нас месцам збаўлення сябе і іншых. Перажытае ў такім духу цярпенне ператвараецца ў крыніцу радасці, спакою і суцяшэння. Апосталы, бічаваныя па загадзе Сінедрыёна, радаваліся, што годныя цярпець знявагу за імя Езуса (Дз 5, 41). Цярпенне, прынятае з рук Езуса і для Езуса, з’яўляецца шляхам да паўнаты жыцця – да ўваскрасення. Так ачышчаюцца і сталеюць нашыя адносіны з Хрыстом і нашая любоў да братоў і сясцёр.
Дадатак
З кнігі “Widzieliśmy Pana. Rozważania rekolekcyjne oparte na Ćwiczeniach duchownych św. Ignacego Loyoli. Tydzień czwarty”
Досвед радасці (калі церпіш дзеля Хрыста)
Досвед радасці з Уваскрослым не прыбірае крыжа з нашага зямнога жыцця, але дае сілы несці яго з цярплівасцю і хрысціянскай надзеяй. Дасканалы прыклад гэтай пасхальнай радасці сярод цярпення дае нам св. Павел: “Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне вашай веры, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі. Таксама і вы радуйцеся і цешцеся мною” (Флп 2, 17-18). Таму і нашая радасць у тым, каб не толькі верыць у Хрыста, але і цярпець для Яго (пар. Флп 1, 29-30). Радасць з Езусам Уваскрослым адчуваецца нават сярод пакут і пераследу і з’яўляецца прадвесцем і прадчуваннем вечнай радасці. “Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі” (1 Кар 15, 20).
Гэты досвед радасці і супакою дадзены нам Уваскрослым не толькі дзеля нас саміх, але і для тых, хто яшчэ не ў стане цешыцца з Ім. Езус “суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх” (2 Кар 1, 4). Мы мусім дзяліца з братамі і сёстрамі нашым даверам да Яго, каб і яны маглі ў сваіх няшчасцях знаходзіць радасць, якая выплывае з таямніцы Змёртвыхпаўстання.
Нам трэба навучыцца пераадольваць спакусу засяроджання на сабе і сваіх пакутах, каб жыць надзеяй і абяцаннем будучай радасці. Смерць не можа суіснаваць з уваскрасеннем. Хрыстус перамог смерць. Будзем прасіць Яго адарыць нас ласкай такой пасхальнай радасці, якая б ўвасаблялася ў жыцці і давала нам падтрымку і сілу, неабходныя для перамогі над досведам смерці, граху і зла.
Юзэф Аўгустын SJ