У пасхальную ноч мы зноў пачулb радаснае “Аллелюя!”, якое не гучала ў нашых касцёлах ад Папяльцовай серады. Можна сказаць, што мы “пасціліся” ад ужывання гэтага выразу, каб у Вялікую ноч і на працягу ўсяго Велікоднага перыяду з новай моцай спяваць вуснамі і душой хвалу Уваскросламу Пану.

“Аллелюя” па-габрэйску азначае “хваліце Пана”: хрысціянская літургія ўзяла гэты выраз з Кнігі псальмаў, дзе ён сустракаецца напрыканцы зборніка (гл. Пс 145-150). Зрэшты, само грэцкае слова “псальм” (як і габрэйскі адпаведнік) азначае менавіта “хвала, песня хвалы”.

Пасхальная літургія асаблівая таксама тым, што падчас яе мы чуем шмат біблійных чытанняў. Гэтыя ўрыўкі са Святога Пісання нагадваюць нам пра некаторыя важныя моманты гісторыі збаўлення, кульмінацыя якой – адкупленчая смерць і паўстанне з мёртвых Езуса Хрыста. У найсвяцейшую ноч для нас гучаць аповеды з Пяцікніжжа (“Торы”), заклікі прарокаў, псальмодыя, “эпістала” (што значыць “пасланне” – словы апостала) і, нарэшце, абвяшчэнне ўваскрасення Пана ў Евангеллі. Такая разнастайнасць дапамагае нам усвядоміць багацце стыляў і жанраў, якое знаходзім у Святым Пісанні.

Літаратурныя жанры Бібліі

Пра розныя літаратурныя жанры варта памятаць, калі мы адкрываем Біблію: кожны патрабуе ад нас адпаведнага стаўлення, бо, напрыклад, не можам успрымаць прыпавесць ці метафарычнае параўнанне праз тыя ж “акуляры”, што запаведзі ці законы. Апакаліптычная візія – не тое самае, што аповед пра канкрэтныя гістарычныя падзеі. Варта ведаць прынамсі асноўныя правілы, якімі кіруюцца галоўныя біблійныя жанры, каб нам дакладней і паўней засвойваць тое, што Пан хоча сказаць праз аўтараў, натхнёных Ягоным Духам.

У залежнасці ад таго, наколькі дэталёва мы разглядаем адметнасці таго ці іншага жанру, можна вылучыць нават некалькі іх дзясяткаў.

Самы просты – гэта традыцыйны падзел Старога Запавету на Пяцікніжжа (Тору), кнігі гістарычныя, прароцкія, літаратуру мудрасці. У Новым Запавеце вылучаем Евангеллі, Дзеі Апосталаў, апостальскія пасланні, Кнігу Апакаліпсіса. У сваю чаргу, кожная катэгорыя, а нават паасобныя кнігі, могуць змяшчаць разнародныя драбнейшыя жанры. У Торы на фоне сямейных гісторый і народнага эпасу – аповеду пра вызваленне Ізраэля з Егіпта – пададзены шматлікія законы, правілы, запаведзі адносна самых разнастайных сфераў жыцця. У прарокаў побач з палкімі заклікамі да сацыяльнай справядлівасці знаходзім жанр плачу і прадказанняў караў за зло і пыху. Аўтары апакаліптычных тэкстаў выкарыстоўваюць вельмі спецыфічны “шыфр”: праз касмічныя і фантастычныя вобразы яны кажуць пра барацьбу дабра і зла, прадказваючы канчатковую перамогу Божай справядлівасці.

Асобная вялікая катэгорыя – паэзія: у гэтым жанры напісаны псальмы, шмат дыдактычных (літаратуры мудрасці) і прароцкіх тэкстаў. Біблійная паэзія характарызуецца не рыфмай, а рытмам і сінанімічным паўторам. У перакладах гэта нялёгка перадаць.

Мы добра ведаем, што Пан Езус (і некаторыя з прарокаў да Яго) у сваім навучанні часта выкарыстоўваў прыпавесці і метафары, параўнанні, яны таксама складаюць асобны жанр. Вобразная мова дазваляе больш выразна вытлумачыць нябачную рэчаіснасць.

Евангелле – жанр “Добрай Навіны”

Для нас, хрысціянаў, канешне, цалкам асаблівае значэнне сярод усіх Пісанняў маюць Евангеллі, бо раскрываюць нам асобу нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Варта ведаць, што акрамя чатырох Евангелляў, якія належаць да біблійнага канона, існуюць так званыя “некананічныя” евангеллі, якія насамрэч імі не з’яўляюцца, бо не толькі не зусім адпавядаюць артадоксіі, але і вымаганням жанру. Магчыма, вы чулі пра “Евангелле паводле Тамаша”, “Протаевангелле Якуба” (якое распавядае ў тым ліку пра дзяцінства Маці Божай) ці нават “Евангелле паводле Юды”. Евангелле ў сапраўдным сэнсе – гэта аповед пра вучэнне, дзейнасць, муку, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. У каноне Новага Запавету знаходзім чатыры такія творы: Мацвея, Марка і Луку разам называюць “сіноптыкамі” (ад грэч. “глядзець разам”), бо іх аповеды маюць шмат агульнага паміж сабой. Ян жа пісаў сваё Евангелле пазней, і замест таго, каб паўтараць усю навуку Езуса і падзеі, ужо напісаныя іншымі, выбраў расказаць менш, але больш дэталёва і глыбока апісаў некаторыя эпізоды дзейнасці свайго Настаўніка і Пана.

Вельмі цікава, што мы маем не адно, а чатыры Евангеллі, і Касцёл вельмі рана асудзіў спробы стварыць адзінае Евангелле замест чатырох. Кожнае з іх звяртае нашу ўвагу на пэўныя асаблівасці “стылю” Езуса. Напрыклад, Мацвей (у іканаграфіі яго сімвал – анёл) падкрэслівае сувязь і пераемнасць паміж Першым Запаветам і Хрыстом. У Марка (сімвал – леў) бачым Езуса “ў дзеянні”, у яго Евангеллі знаходзім найбольшую канцэнтрацыю дзеясловаў. Лука (сімвал – бык) асаблівым чынам паказвае Божую міласэрнасць і ўвагу Хрыста да бедных. Ян жа (сімвал – арол) падкрэслівае боскасць Езуса і ўказвае на Божую таямніцу, схаваную ў Яго Асобе. Ян выдатна апісвае мэту, дзеля якой створаныя Евангеллі: “каб вы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае” (Ян 20, 31).

Апостал Пётр так раскрывае сваім адрасатам новую рэчаіснасць іхняга існавання: “Вы народжаныя зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае. (…) Гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам” (1 П 1, 23.25). “Добрая Навіна” – гэта даслоўны пераклад выразу “Евангелле”: тое, што ўчыніў Бог для ўсяго чалавецтва праз свайго ўцелаўлёнага Сына Езуса Хрыста, пераказана наступным пакаленням у аповедах евангелістаў. Не проста як нейкая гістарычная кніга, а менавіта як дзейснае слова, здольнае “нараджаць”, даваць жыццё.

Крыху раней Пётр піша: “Бласлаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, Які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста, да спадчыны незнішчальнай…” (1 П 1, 3-4). У гэты літургічны перыяд, калі мы святкуем перамогу над смерцю Хрыста, хочам аднавіць нашу веру, што Божы Сын сапраўды жывы і сваім уваскрасеннем дае нам магчымасць нарадзіцца да новага жыцця. Не толькі таго, што чакае нас пасля смерці, але ўжо ў гэтым зямным існаванні перамяняе нас. Мы можам сказаць, што Ён робіць нас удзельнікамі свайго Евангелля: дазваляе нам перажыць сустрэчу з Сабой, Уваскрослым.

Евангеллі – аповеды з “адкрытым фіналам”

Калі мы ўважліва чытаем аповеды евангелістаў, то ўсведамляем, як яны “працягваюць руку” да нас, жадаючы ўключыць нас у тую гісторыю, каторая распачынаецца дзякуючы змёртвыхпаўстанню Пана і каторая цалкам перамяняе наша ўспрыманне жыцця. Евангеллі – аповеды з “адкрытым фіналам”. Праз Мацвея Езус абяцае: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Аповед Лукі не заканчваецца апошнім радком Евангелля, а працягваецца ў кнізе Дзеяў Апосталаў. Яна ж у сваю чаргу, здаецца, наўмысна незавершана: быццам Лука хоча сказаць, што Паўлава пропаведзь пра Хрыста трывае дагэтуль. Апошні верш Яна нібыта ўказвае на тое, што Езус учыніў і чыніць на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.

Праз веру, праз нашу жывую сувязь з Уваскрослым і жывым Панам мы сапраўды становімся часткай той захапляльнай гісторыі, якую “піша” Бог і якую перадаў нам праз натхнёных аўтараў.

Айцец Віктар Жук SJ

Крыніца: https://catholicnews.by/slova-pana-dobraja-navina-pra-peramogu-hrysta/