Адукацыя – гэта не проста перадача ведаў, але і выхаванне велікадушных і сумленных сэрцаў, нагадаў Францішак папячыцельскаму савету Універсітэта Ігнацыя Лаёлы (ЗША), якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 20 мая 2024 года, паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Старшыня і члены папячыцельскага савета чыкагскага ўніверсітэта завіталі ў Рым у рамках пілігрымкі па месцах, дзе нарадзіўся і жыў святы Ігнацый Лаёла. “Падарожжа традыцыйна асацыюецца ў чалавека з пошукам сэнсу жыцця. Заўсёды падтрымлівайце ў сабе жаданне адправіцца ў падарожжа, у пілігрымку. Ваш досвед наведвання месцаў, якія паўплывалі на жыццё і духоўнасць святога Ігнацыя, несумненна, узбагаціць і натхніць вас на шляху акадэмічнага і асабістага станаўлення. Гэта візіт да вашых каранёў”, – сказаў у сваёй прамове Пантыфік.

“Каб рухацца наперад, заўсёды трэба абапірацца на свае карані. Нельга ісці наперад без каранёў, у якіх мы чэрпаем моц: моц ідзе ад каранёў. (…) Карані вашай установы – у досведзе заснавальніка, святога Ігнацыя, які заўсёды ставіў Бога на першае месца і пастаянна шукаў волю Божую. Гэта прывяло яго да стараннага імкнення да служэння. Няхай яго духоўны шлях, адзначаны распазнаваннем і імкненнем да справядлівасці, працягвае натхняць і накіроўваць ваша жыццё і дзейнасць”, – пажадаў Папа.

Універсітэт Ігнацыя Лаёлы натхняецца традыцыямі Таварыства Езуса, заснаванымі на распазнаванні і дзейнасці, – нагадаў Святы Айцец, заклікаючы гасцей “шукаць ісціну з дапамогай глыбокіх разважанняў, уважлівага слухання і смелых дзеянняў”.

“Я заклікаю вас упарта ісці па гэтым шляху, быць сведкамі надзеі ў свеце, які часта характарызуецца падзеламі і канфліктамі. Развівайце крытычны погляд, здольнасць да распазнавання і ўспрымальнасці да глабальных выклікаў. Заўсёды задавайце сабе пытанне: як наш універсітэт можа ўнесці свой уклад у тое, каб зрабіць наш свет лепшым?” – заахвоціў Папа.

“У наш час, які характарызуецца хуткімі зменамі і складанымі выклікамі, роля акадэмічных устаноў вельмі важная. Перад вамі стаіць задача не толькі адукаваць выдатныя розумы, але і выхаваць велікадушныя і сумленныя сэрцы, уважлівыя да годнасці кожнага чалавека. Адукацыя – гэта не проста перадача ведаў, але і імкненне і метад выхавання людзей, здольных увасабляць каштоўнасці міру і справядлівасці ва ўсіх аспектах свайго жыцця. Розум павінен быць адукаваны такім чынам, каб сэрца было шчодрым, здольным успрымаць рэальнасць і патрабаванні часу, а рукі – здольнымі актыўна працаваць. Выхоўвайце працавітых летуценнікаў! І, перш за ўсё, будзьце такімі самі”, – заклікаў Францішак.

Папа параіў гасцям “развіваць інтэлектуальную дапытлівасць, дух супрацоўніцтва і ўспрымальнасць да выклікаў сучаснасці, працягваючы спадчыну святога Ігнацыя”. “Нам патрэбныя людзі, гатовыя паставіць свае навыкі на службу іншым, працаваць дзеля будучыні, у якой кожны чалавек зможа рэалізаваць свой патэнцыял і жыць з годнасцю і павагай, і ў якой увесь свет зможа здабыць спакой. Сёння я вельмі здзіўлены тым, што ва ўмовах крызісу сусветнага парадку, здаецца, не хапае разважання аб магчымай будучыні”, – сказаў Пантыфік, дадаючы, што асабліва цэніць “міжкультурны і міжрэлігійны дыялог як сродак умацавання ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і навядзення мастоў паміж рознымі традыцыямі, культурамі і светапоглядамі”.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец благаславіў прысутных, запэўніў у малітве і папрасіў памаліцца за яго.

Крыніца: https://www.vaticannews.va/be/papa/news/2024-05/papa-da-papyachycelya-universiteta-vyhovajce-pracavityh-letucenn.html