Ад самага пачатку існавання Таварыства Езуса адукацыя займала прыярытэтнае месца ў яго дзейнасці. Дэвіз а. Хуана Баніфача SJ адлюстроўваў дух, які натхняў езуітаў у справе адукацыі: “Puerilis institutio est renovatio mundi” (“Адукацыя моладзі – гэта аднаўленне свету”). Езуіты былі перакананыя, што мэтай адукацыі з’яўляецца фармаванне людзей справядлівых, здольных нястомна працаваць дзеля агульнага дабра грамадства, тым самым служачы Богу. Езуіты ўсім сэрцам успрынялі ідэю адукацыі як спосаба трансфармацыі асобы і грамадства. Пазней “Ratio Studiorum” (езуіцкі школьны статут) 1599 года ўсталяваў парадак і ўвёў уніфікацыю ў школах езуітаў, прапануючы адзіную праграму. Гэтыя школы адыгралі важную ролю ў фарміраванні адукацыі ў свеце, асабліва на каталіцкіх тэрыторыях, з’яўляючыся часта адзінай даступнай магчымасцю для навучання. Пасля Французскай рэвалюцыі адукацыя стала прыярытэтам для грамадзянскай супольнасці і часта разглядалася як агульнае дабро, даручанае клопату дзяржавы.

Сёння адукацыя працягвае заставацца міжнародным прыярытэтам. Чацвёртая мэта ААН у галіне ўстойлівага развіцця заключаецца ў забеспячэнні ўсеабдымнай і справядлівай якаснай адукацыі і садзейнічанні магчымасцям навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх. У 2021 годзе ЮНЕСКА таксама падкрэсліла важнасць адукацыі для вырашэння праблем, якія стаяць перад чалавецтвам. Арганізацыя заклікала да Новага сацыяльнага пакта аб адукацыі, каб “пераасэнсаваць нашу сумесную будучыню” як чалавецтва. Падобным чынам Папа Францішак заклікаў сусветных лідараў стварыць Новы глабальны пакт у галіне адукацыі, каб адрэагаваць на эпахальныя змены, якія мы перажываем як чалавецтва, у сувязі з такімі праблемамі, як змяненне клімату, сацыяльная справядлівасць, гендэрная роўнасць, тэхналагічнае развіццё і фарміраванне веры.

Генеральны настаяцель а. Артура Соса SJ заклікаў езуіцкія адукацыйныя сеткі быць уважлівымі да гэтых змен: “Нашы ўстановы павінны ўсведамляць антрапалагічныя і культурныя змены, якія мы перажываем, і ўмець дастасаваць навучальны і выхаваўчы працэс так, каб ён лепш адпавядаў іншай будучыні” (JESEDU, Рыа-дэ-Жанэйра 2017). Пераўтварэнне, пераасэнсаванне і вынаходніцтва неабходныя, каб працягваць нашую жывую традыцыю і быць пэўнымі, што адукацыя, якую мы прапануем новым пакаленням, сёння такая ж актуальная, як і для шматлікіх папярэдніх пакаленняў.

Хасэ А. Меса SJ, сакратар па пытаннях пачатковай і сярэдняй адукацыі