Канец каляндарнага года і пачатак новага адзначаныя ў хрысціянскай літургіі святкаваннем Божага Нараджэння – прыйсця ў наш свет Божага Сына як малога дзіцяці. Гэта таксама нагода для нас нанова ўсвядоміць і паглыбіць праўду пра тое, што праз Слова, якое сталася Целам, і мы становімся Божымі дзецьмі (пар. Ян 1, 12).

Успомнім, што нашыя папярэднія разважанні, прысвечаныя выразу “Валадарства Божае” ў прапаведаванні Хрыста, мы закончылі згадкай пра словы, якія знаходзім у Евангеллі: “Калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18, 3). Таму пастараемся адкрыць для сябе, што гэты заклік Пана Езуса азначае для нашай веры.

Варта адразу зазначыць, што “навернецеся” ў грэцкім арыгінале гучыць інакш, чым звычайна ў Евангеллі: гэта не metanoeite (“перамяняйце сэрца”), а straphēte (што даслоўна значыць “павярнуцца”). Хрыстус нібыта запрашае паглядзець назад, згадаць той час, калі мы былі дзецьмі.

Дзяцінства – напэўна, асаблівы этап у жыцці. Мы, дарослыя, назіраючы за дзецьмі, нярэдка з настальгіяй успамінаем сваё ўласнае дзяцінства і, магчыма, хочам вярнуць хоць на хвілінку той час бесклапотнасці, спантаннасці, непасрэднасці, лёгкасці і радасці, што звычайна характарызуюць гэты перыяд. Ці Пан Езус гэтыя рысы дзяцінства меў на ўвазе ў цытаваных вышэй евангельскіх радках? Не выключана, што шмат каму з нас Ён параіў бы павучыцца ад дзяцей гэтым якасцям. Безумоўна, без таго, каб трапляць у інфантылізм. Але ў першую чаргу, гледзячы на дзяцей, варта ўсвядоміць, што іх жыццё праходзіць у няспыннай повязі, лучнасці з іншымі – перш за ўсё з бацькамі. Дзяцінства – час радыкальнай залежнасці ад дарослых, ад тых людзей, абавязкам (ці лепш сказаць, пакліканнем) якіх з’яўляецца клопат пра дадзенае ім Богам патомства. Што гэты факт кажа пра нашыя адносіны з Богам?

Божы Сын – наш узор, як быць дзецьмі

Называючы Бога сваім Айцом, Татам, Пан Езус паказвае, як Яго жыццё непарыўна звязана з Тым, ад каго Ён няспынна чэрпае сваё існаванне. Шмат разоў у Евангеллі мы бачым, як Хрыстус падкрэслівае, што для Яго проста немагчыма ўспрымаць сябе асобна ад Айца: “Усё перададзена Мне Айцом Маім” (Мц 11, 27); “Нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу” (Ян 8, 28). Немагчыма ўявіць, што Сын дзейнічае незалежна, паводле нейкага свайго плану. Гэта не значыць, што Яго асабістасць знікае, што Ён – марыянетка ці “аватар” Айца. Наадварот, менавіта ў такой повязі Езус цалкам адкрывае і раскрывае сябе, сваё сыноўства, сваю найглыбейшую тоеснасць – не будучы дзіцём паводле ўзросту, але ніколі не губляючы сувязі з Татам. І ў гэтым Пан Езус – прыклад і ўзор для нас.

Калі мы становімся дарослымі, мы нібыта “вырастаем” з дзяцінства: набываем незалежнасць ад бацькоў, будуем па-свойму жыццё, самастойна прымаючы рашэнні… Гэта “нармальны” працэс сталення. Хоць наша сувязь з бацькамі, пакуль яны жывыя, звычайна застаецца, усё ж мы ўспрымаем сябе і сваё жыццё асобна ад іх. Варта тут памятаць, што ў больш традыцыйных грамадствах – і ў мінулым, і шмат дзе таксама сёння – аддзяленне ад сям’і паходжання, ад бацькоў не такое радыкальнае, як гэта часта адбываецца ў заходняй культуры, і сувязі паміж пакаленнямі застаюцца моцнымі. Папа Францішак у сваім навучанні нярэдка падкрэслівае важнасць гэтых сувязяў. У любым выпадку, нават становячыся дарослымі паводле нормаў гэтага свету і прынамсі часткова незалежнымі ад сваіх бацькоў, мы ніколі не перастаем быць дзецьмі нашага Нябеснага Айца, Які ніколі не перастае любіць і клапаціцца пра нас.

Супрацьлеглы стан рэчаў – гэта адчуванне сябе “сіротамі”. Хоць мы неабавязкова называем наш унутраны стан гэтым словам, аднак адзінота і пакінутасць, якія часам адчуваем (і якіх стараемся пазбягаць, нават любым коштам…), ствараюць уражанне, што ў нас няма абаронцы, няма да каго звярнуцца па падтрымку, што мы нікому непатрэбныя. Езус абяцае вучням: “Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас” (Ян 14, 18). А праз прарока Ісаю Пан кажа: “Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё?.. Але калі б нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе!” (пар. Іс 49, 15).

Жыць любоўю, як дзеці

Ад самага світання нашага жыцця мы маем патрэбу ў любові, прыняцці, пяшчоце, клопаце іншых. Гэтая патрэба асабліва відавочная, калі мы малыя, а дарослыя клапоцяцца пра нас. Але насамрэч мы ніколі не перастаём мець патрэбу ў любові.

Езус не “саромеўся” таго, што Ён –— Сын, Які жыве любоўю Айца. Мы створаныя паводле Яго сыноўняга вобразу, і Ён як Сын адкрывае нашу найглыбейшую сутнасць.

Мы існуём дзякуючы любові. Нашы бацькі ў першую чаргу, а потым і іншыя значныя асобы павінны быць для нас вобразам Божай любові, але чалавечая любоў заўсёды недасканалая, і толькі ў Богу мы знаходзім любоў дасканалую, якая не ставіць нам ніякіх умоваў і схіляецца, каб абняць нас у нашай крохкасці. Можна сказаць, што сутнасць усяго працэсу хрысціянскага навяртання – гэта адкрыццё дасканалай Божай любові, у параўнанні з якой любы досвед чалавечай любові заўсёды будзе толькі ценем.

Калі мы не ўсведамляем нашай патрэбы ў любові, калі гэтая патрэба не задавальняецца, мы пачынаем шукаць яе сурагатаў, напрыклад, доказаў, што мы лепшыя і важнейшыя за іншых, і менавіта такім чынам стараемся “апраўдаць” сваё існаванне. У пэўны момант такое стаўленне мы можам пачаць лічыць “нормай”, бо “ўсе так робяць”. Зайздрасць, прагнасць, сварлівасць, шкодныя залежнасці – вось “плады” такой жыццёвай устаноўкі, якая змушае нас бачыць сваю годнасць не ў тым, што мы любімыя чыстай і міласэрнай любоўю, а ў дасягненнях і дабротах гэтага свету, якія прамінаюць. А наш Нябесны Тата чакае, калі ж мы навернемся – вернемся ў Ягоныя абдымкі, як сапраўдныя дзеці.

Як злучыць нашыя дарослыя абавязкі з евангельскай пазіцыяй дзіцяці? Як было сказана вышэй, гэта, напэўна, не сведчыць пра інфантылізм, пра адмову ад адказнасці за ўласнае жыццё. Таму мы працягнем разважаць над гэтым у наступным матэрыяле рубрыкі “Біблійны лексікон”.

Віктар Жук SJ