Ігнацыянская духоўнасць – адна з найбольш уплывовых і распаўсюджаных духоўных перспектыў нашага часу. Яна мае сваю гісторыю і шмат атрыбутаў. Прапануем невялікія ўводзіны ў яе адметнасць.

1.Усё пачалося з параненага салдата, які марыў у ложку 

Ігнацыянская духоўнасць абапіраецца на вопыт Ігнацыя Лаёлы (1491-1556), баскскага арыстакрата, чыё навяртанне да жывой хрысціянскай веры пачалося падчас рэабілітацыі ад ваенных ран. Ігнацый, які заснаваў ордэн езуітаў, атрымаў глыбокае разуменне ўнутранага жыцця за дзесяцігоддзі свайго духоўнага падарожжа і дапамог многім людзям паглыбіць свае адносіны з Богам. Тое, што асновай ігнацыянскай духоўнасці з’яўляецца асабісты вопыт чалавека, робіць яе вельмі практычнай духоўнасцю, якая адпавядае шырокаму колу свецкіх мужчын і жанчын, якія вядуць актыўнае жыццё ў свеце.

2. “Свет напоўнены Божай хвалой”

Гэты радок з верша езуіта Джэрарда Мэнли Хопкінса адлюстроўвае цэнтральную тэму ігнацыянскай духоўнасці: сцвярджэнне, што Бог працуе ўсюды – на працы, у адносінах паміж людзьмі, у культуры, у мастацтве, у інтэлектуальным жыцці, у самім тварэнні. Як выказаўся святы Ігнацый, усе рэчы ў свеце дадзены нам, “так што мы можам лягчэй пазнаваць Бога і адказваць узаемнай любоўю з большай гатоўнасцю.” Ігнацыянская духоўнасць надае вялікую вагу распазнаванню прысутнасці Бога ў звычайнай штодзённай дзейнасці і тым самым паказвае Бога актыўнага, заўсёды за працай, які ўвесь час запрашае нас “на глыбіню”.

3. Заклік і адказ

Ігнацыянскае духоўнае жыццё сканцэнтравана на Богу, Які працуе цяпер, у гэты момант. Гэта спрыяе актыўнай уважлівасці да Бога, злучанай з хуткім рэагаваннем на Яго. Бог заклікае – мы адказваем. “Заклік-адказ” як рытм унутранага жыцця робіць распазнанне і прыняцце рашэнняў асабліва важнымі. Правілы святога Ігнацыя па распазнаванню духаў і яго праніклівы падыход да прыняцця рашэнняў высока цэняцца за іх псіхалагічную і духоўную мудрасць.

4. “Сэрца мае свае прычыны, пра якія не ведае розум” (Блэз Паскаль)

Перамена з Ігнацыям Лаёлай адбылася, калі ён здолеў інтэрпрэтаваць духоўны сэнс свайго эмацыйнага жыцця. Духоўнасць, якую ён распрацаваў, вельмі ўважліва ставіцца да афектыўнага жыцця, што выражаецца ў выкарыстанні ўяўлення ў малітве, распазнаванні і інтэрпрэтацыі пачуццяў, культывацыі вялікіх жаданняў, велікадушнай службе іншым. Ігнацыянскае духоўнае абнаўленне засяроджваецца больш на сэрцы, чым на інтэлекце, лічачы, што нашы выбары і рашэнні часта знаходзяцца па-за межамі рацыянальнага і абгрунтаванага. Мэтай навяртання з’яўляецца ахвотная, шчодрая, самаадданая прапанова сябе Богу і Ягонай справе.

5. Нарэшце вольны

Ігнацыянская духоўнасць падкрэслівае ўнутраную свабоду. Каб зрабіць правільны выбар, мы павінны імкнуцца быць свабоднымі ад асабістых пераваг, лішніх прыхільнасцяў і стэрэатыпаў. Святы Ігнацый вучыў радыкальнай непрадузятасці: “Мы не павінны факусіраваць нашы жаданні на здароўі або хваробе, багацці ці беднасці, на поспеху або няўдачы, на доўгім жыцці або кароткім”. Наша адзіная мэта – свабода шчырага выбару следавання за Богам.

6. “Падсумуй увечары, што зрабіў за дзень” (Джордж Герберт)

Ігнацыянскі склад розуму моцна схільны да развагі і самапазнання. Адметная ігнацыянская малітва “Прагляд дня” імкнецца ахапіць дзейнасць за ўвесь дзень, засяроджваючыся на спасціганні прысутнасці Бога і рэагаванні на яе. Тры складаныя, рэфлексійныя пытанні ляжаць у аснове Духоўных практыкаванняў – кнігі, якую напісаў святы Ігнацый, каб дапамагчы іншым паглыбіць сваё духоўнае жыццё, – “Што я зрабіў для Хрыста? Што я раблю для Хрыста? Што я павінен зрабіць для Хрыста?”

7. Практычная духоўнасць

Ігнацыянская духоўнасць мае адаптыўны характар. Гэта перспектыва, а не праграма; сукупнасць поглядаў і ўнутранага бачання, а не правілы ці схемы. Першай парадай Ігнацыя духоўным кіраўнікам была адаптацыя Духоўных практыкаванняў пад патрэбы чалавека, які распачынае рэкалекцыі. Сэрцам ігнацыянскай духоўнасці з’яўляецца глыбокі гуманізм. Яна паважае жыццёвы вопыт людзей і шануе велізарную разнастайнасць Божай працы ў свеце. Лацінскі выраз cura personalis можна часта пачуць у ігнацыянскіх колах. Ён азначае “клопат пра чалавека” – увагу да індывідуальных патрэбаў і пашана да ўнікальных жыццёвых абставінаў і праблемаў людзей.

8. Не рабі гэта адзін

Ігнацыянская духоўнасць надае вялікае значэнне супрацоўніцтву і сумеснай працы, таму што лічыць сувязь паміж Богам і чалавекам адносінамі – повязямі сяброўства, якое развіваецца з цягам часу, як адносіны між людзьмі. Сумесная праца ўбудаваная ў саму структуру Духоўных практыкаванняў; яны амаль заўсёды праходзяць пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка, які дапамагае інтэрпрэтаваць духоўны змест рэкалекцыйнага вопыту. Аналагічна, ігнацыянская місія і служба разглядаецца не як індывідуалістычная справа, але як супрацоўніцтва з Хрыстом і іншымі людзьмі.

9. “Кантэмпляцыя ў дзейным жыцці”

Тых, каго сфармавала ігнацыянская духоўнасць, часта называюць “сузіральнікамі ў дзеянні”. Яны з’яўляюцца рэфлексуючымі людзьмі з багатым унутраным жыццём, якія заўзята ангажуюцца ў Божыя справы. Яны далучаюцца да напружанай працы Бога, які хоча выратаваць і вылечыць свет. Такі актыўны духоўны падыход – добры шлях для кожнага чалавека, каб шукаць і знаходзіць Бога на сваіх працоўных месцах, у сем’ях і супольнасцях.

10. “Мужчыны і жанчыны для іншых”

Першыя езуіты часта называлі сваю працу проста: “дапамога душам”. Вялікі генерал езуітаў Пэдра Аррупэ абнавіў гэтую ідэю ў дваццатым стагоддзі, называючы тых, якіх сфармавала ігнацыянская духоўнасць, “мужчынамі і жанчынамі для іншых.” Абодва выразы адлюстроўваюць глыбокую прыхільнасць да сацыяльнай справядлівасці і поўнай самааддачы іншым людзям. Сутнасцю гэтага служэння з’яўляецца радыкальная велікадушнасць, аб якой святы Ігнацый прасіў у сваёй вядомай малітве:

Пане, навучы мяне велікадушнасці.
Навучы мяне служыць Табе так, як Ты заслугоўваеш;
даваць, не лічачы коштаў;
змагацца, не зважаючы на раны,
аддаваць усе сілы, не шукаючы адпачынку,
працаваць, не чакаючы ўзнагароды,
акрамя ўсведамлення, што я выконваю Тваю волю.