Традыцыя малітвы ў пэўнай інтэнцыі на працягу дзевяці дзён знаходзіць натхненне ў тым, што Марыя і адзінаццаць вучняў дзевяць дзён разам маліліся ў Вячэрніку, чакаючы спаслання Святога Духа на Пяцідзесятніцу. Вучні ў той час былі маленькай супольнасцю, напоўненай крохкім, але спадзеўным даверам. Яны зведалі хаос неразумення, але захоўвалі ў сэрцах глыбокае жаданне працягваць ісці за Езусам і ўвасабляць Ягоную любоў усім сваім жыццём. У гэтым плане яны напэўна былі вельмі падобныя да нас.

Запрашаем памаліцца гэтай навэннай да святога Ігнацыя Лаёлы, ахвяруючы яе Богу ў абранай вамі інтэнцыі: за сябе, за блізкіх, у патрэбах усяго свету.

Молячыся ў любой інтэнцыі, трымайце ў сэрцы адну важную рэч: Бог ведае, што лепш для вас, вашых блізкіх і свету. Такі акт даверу і дазволу Богу дазволу на здзяйсненне Божай волі, незалежна ад нашай першапачатковай інтэнцыі, з’яўляецца актам сапраўднай веры. Як сказаў бы святы Ігнацый: “Suscipe” вазьмі, Пане, усё, чым я ёсць і чым валодаю. Дай мне Сваю любоў і ласку, бо гэта ўсё, што мне патрэбна.

Навэннай можна маліцца ў любы час, але традыцыйна такую форму малітвы абіраюць у набліжэнні свята ці нейкага знамянальнага дня з жыцця святога. Паколькі літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы прызначаны на 31 ліпеня, першым днём навэнны стане 23 ліпеня, калі мы хочам завершыць яе ў святочны дзень, або 22 ліпеня, калі плануем завершыць напярэдадні свята. 

Сярод значных падзей жыцця св. Ігнацыя можна вылучыць дзень яго ранення ў Памплоне гарматным ядром 20 мая; прыміцыйную св. Імшу ў базіліцы Найсвяцейшай Панны Марыі (Santa Maria Maggiore) – 25 снежня; заснаванне Таварыства Езуса – 27 верасня. Можна таксама скарыстацца альтэрнатыўным спосабам: узяць дату, значную для вас асабіста, і пачаць маліцца навэннай да святога Ігнацыя за 9 дзён да гэтай даты. 

Кожны дзень навэнны мае наступную структуру:

  • урывак са Святога Пісання ў адпаведнасці з тэмай дня,
  • кароткае апісанне некаторых аспектаў навучання св. Ігнацыя і яго актуальнасць у сучасным свеце,
  • разважанне на некалькі хвілін,
  • асабістая малітва гэтага дня,
  • малітва навэнны, якая звязвае дзевяцідзённае падарожжа ў адно цэлае.

На кожны дзень навэнны заплануйце некаторы час на спакойны роздум у самоце або з блізкімі над фрагментам Пісання і словамі св. Ігнацыя. Затым, на працягу зручнага для сябе часу, затрымайцеся над разважаннем і падумайце, што яно азначае для вас сёння. Кароткую малітву, якая прапануецца далей, пастарайцеся зрабіць сваёй, можаце нават перафармуляваць яе па-свойму. На заканчэнне абавязкова памаліцеся словамі навэнны ў вызначанай вамі інтэнцыі.

Больш падрабязную інфармацыю пра жыццё і навучанне св. Ігнацыя можна знайсці па спасылцы.

Дзень 1: Рэфлексіўнае жыццё

Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе (Мц 6, 6).

Асабліва важным для ўнутранага жыцця пілігрыма св. Ігнацый лічыў адно практыкаванне: гэта малітва, шырока вядомая як рахунак сумлення, прагляд дня або т. зв. “экзамен”. Ён настойваў на тым, што нават калі няма часу на якую-небудзь іншую форму малітвы, гэтую практыку трэба верна захоўваць. Малітоўны прагляд заахвочвае нас кожны дзень знаходзіць час, каб паглядзець на падзеі дня вачыма веры.

Калі мы робім такую ​​рэфлексіўную малітву часткай штодзённасці, то закладаем аснову духоўнага мастацтва рэфлексіўнага жыцця і трывалы падмурак асабістых адносін з Богам, які жыве не толькі ў вышыні, над намі, але і ўнутры нас і вакол нас.

Разважанне

  • Праглядаючы свой дзень, падумаю, за што я найбольш удзячны? Можа, аб нечым шкадую?
  • Што падтрымлівала мяне сёння, а што сталася выклікам?
  • Пасля якіх падзей, размоў, думак я адчуваў сябе больш жывым, больш злучаным з іншымі, больш блізкім да свайго сапраўднага “я”? Ці здарылася штосьці такое, пасля чаго я адчуваў сябе прыніжаным ці нейкім чынам адлучаным ад іншых і ад сябе сапраўднага?
  • Як і дзе я ўсведамляў прысутнасць Бога? Можа, праз дабрыню іншых? Якая малітва нараджаецца ўва мне ў адказ на падзеі гэтага дня?

Малітва дня

Пане, дапамажы мне знайсці час і месца для разважання ў Тваім святле над падзеямі і сустрэчамі сённяшняга дня. Абудзі маё сэрца да ўспрымання рэальнасці Тваёй Прысутнасці ў кожны момант. Кіруй маімі крокамі і будзь маім нязменным спадарожнікам.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 2: У школе Евангелля

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім (Мц 4, 18-20).

Шлях “Духоўных практыкаванняў” св. Ігнацыя – гэта няспыннае падарожжа асабістай малітвы, што пераважна абапіраецца на разважанні біблійных падзей і праводзіць пілігрыма праз служэнне Езуса, Яго Муку, смерць і ўваскрасенне, нязменна запытваючы: як гэты ўрывак прамаўляе да мяне? Аб чым просіць? Да чаго заклікае?

У малітоўным вандраванні праз Святое Пісанне мы становімся вучнямі Настаўніка, ідучы следам за Ім, назіраючы за дзеяннямі. Мы вучымся ўцелаўляць Яго падыход і каштоўнасці ў сваім жыцці. Прабываючы з Ім, мы таксама даведваемся, што вучнёўства каштуе і можа выклікаць супраціў у той ці іншай форме, але поруч з Настаўнікам і з Ягоным Духам у сэрцы мы зможам пераадолець цемру. Малітоўнае разважанне евангельскіх сцэн і падзей з’яўляецца цудоўным спосабам злучыць сваё жыццё з прыкладам, які даў нам Езус.

Разважанне

  • Чытаючы прапанаваны на сёння фрагмент Евангелля, я прашу аб ласцы ўвайсці ў яго з дапамогай уяўлення, быццам бы прысутнічаць там.
  • Дзе я ў гэтай гісторыі? Што мяне найбольш кранае? Якім чынам адпавядае майму жыццю і абставінам?
  • Калі я адчуваю жаданне штосьці сказаць Езусу, чым дзялюся з Ім, аб чым пытаюся, што чую ў адказ?

Малітва дня

Прашу аб ласцы глыбокага і асабістага ўдзелу ў служэнні Езуса на зямлі, каб быць разам з Ім і навучыцца ад Яго, што значыць па-сапраўднаму жыць як тая асоба, якой Ты стварыў мяне. Няхай я верна застануся пры Ім падчас Мукі і смерці. Няхай маё сэрца і розум ўсё больш і больш прыпадабняюцца да розуму і сэрца Таго, за кім я іду.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 3: Мары і жаданні

Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец! (Ян 6, 27)

Падчас аднаўлення сіл пасля ранення ў бітве пры абароне Памплоны Ігнацый часткова праводзіў дні ў марах пра вялікія справы, якія ён мог бы ўчыніць, і пра прыгожую жанчыну, да якой ён будзе заляцацца пасля выздараўлення. Калі ж яму прынеслі кніжкі пра жыццё Хрыста і святых, ягоныя мары набылі іншы накірунак. Ён пачаў марыць, як мог бы таксама стаць святым і здзейсніць вялікія рэчы для Бога.

Тады ён і заўважыў розніцу паміж рознымі плынямі думак. Мары пра зямныя поспехі і заваяванні амаль адразу рассейваліся, пакідаючы яго хутчэй спустошаным. А мары пра нябеснае валадарства захоўвалі сваю прыцягальнасць, пакідаючы яго натхнёным і поўным энергіі. Гэта была розніца паміж звычайнымі марамі і марамі, якія прыходзілі ад Бога. Першыя адлюстроўвалі толькі яго павярхоўныя надзеі і памкненні. Мары пра Божыя справы былі выразам яго найглыбейшых, часта неўсвядомленых жаданняў.

Разважанне

  • Ці кранула маё сэрца розніца, якую заўважыў Ігнацый? Ці я распазнаю нейкія свае павярхоўныя жаданні?
  • Калі паглыбляюся ў малітву, ці магу я выявіць сляды сваіх самых глыбокіх жаданняў? Чаго я па-сапраўднаму прагну найбольш?
  • Не варта баяцца «жаданняў». На найглыбейшым узроўні яны з’яўляюцца пунктам, дзе нашы ўласныя прагненні сустракаюцца з прагненнем Бога адносна нас.

Малітва дня

Пане, прашу Цябе, дапамажы мне распазнаць розніцу паміж тым, чаго я жадаю толькі павярхоўна, і тым, што ўкаранёна ў самай глыбіні сэрца. Дай мне ласку засяродзіць увагу і энергію на тым, што найглыбейшае, і паступова адмовіцца ад жадання таго, што не мае трывалай каштоўнасці. Прыцягні мяне глыбей у сэрца таго, чаго я сапраўды прагну, каб у гэтай чыстай прасторы мае прагненні маглі злучыцца з Тваім прагненнем адносна мяне.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 4: Чыё Валадарства?

Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне (Мц 6, 24).

Ігнацый быў вайсковым чалавекам. Для аднаго з асноўных разважанняў у “Духоўных практыкаваннях” ён карыстаецца прыкладам воінскага штандара або сцяга, пад якім маглі сабрацца войскі супрацьлеглых армій. Хоць падобны вобраз не настолькі вымоўны ў наш час, але тым не менш нагадвае, што мы зноў і зноў пакліканы вырашаць, будзем мы прысвячаць сваю энергію і любоў валадарству Бога ці ўласным інтарэсам.

Мы не можам рабіць і тое, і другое. Больш сучаснай мовай выклік «Двух штандараў» Ігнацыя можна сфармуляваць пытаннем: «У гэтай канкрэтнай сітуацыі або выбары, чыйму Валадарству я насамрэч служу – Божаму ці свайму?»

У духоўным падарожжы нам трэба зразумець, што жыццё не круціцца вакол нас, нашых жаданняў і патрабаванняў – сапраўднае нашае жыццё ўтрымліваецца значна глыбейшым цэнтрам цяжару, вакол якога круціцца ўсё стварэнне і якога мы называем Богам.

Разважанне

  • Праглядаючы свой дзень, паразважаю, дзе і калі я служыў свайму ўласнаму валадарству або валадарствам іншых і свету, а не сапраўднаму цэнтру жыцця ў Богу?
  • Калі я адчуваў сябе блізка да свайго сапраўднага цэнтра і да Бога? Як адчуў Божы дотык да свайго жыцця?
  • Чалавеку можа дорага каштаваць выбар штандара праўды ў свеце, дзе так шмат хлусні і падману. Калі ў жыцці я адчуў цану таго, колькі каштуе адстойванне праўды і справядлівасці?

Малітва дня

Мае розум і сэрца так лёгка збіваюцца з іх сапраўднай арбіты вакол Цябе, Пане, і Твайго Валадарства. Дай мне ласку распазнавання, каб убачыць гэта і вярнуцца да Цябе, майго сапраўднага цэнтра. Прашу аб дары мужнасці, каб цвёрда абараняць тое, што правільна і праўдзіва, нягледзячы на кошт.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 5: Святло і цень

Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло (Іс 9, 2).

Ключом да мудрасці Ігнацыя ў прыняцці лепшых рашэнняў (так званае “мастацтва распазнавання”) з’яўляецца разуменне духоўнага суцяшэння і пакінутасці (на англійскай мове, consolation і desolation). Гэтыя словы паходзяць ад лацінскага con sol (з сонцам) і de sol (ад сонца). Калі пад «сонцам» мець на ўвазе Святло Хрыста, то быць у духоўным суцяшэнні азначае быць сканцэнтраваным на сапраўдным Святле, якое асвятляе ўсе нашы выбары і дзеянні. Знаходзіцца ў духоўнай пакінутасці значыць адвярнуцца ад гэтага Святла і засяродзіцца на ўласным ценю.

Часам бацькі папярэджваюць дзяцей, якія робяць хатняе заданне, сеўшы спіной да акна ці лямпы, што яны сядзяць «у сваім уласным святле» і не могуць выразна бачыць, што робяць. Калі б дзеці павярнуліся, святло без перашкод асвятліла б працу, і яе вынік, хутчэй за ўсё, быў бы лепшы.

Мы лёгка адварочваемся ад Святла Хрыста і сядзім “ва ўласным святле”, спрабуючы знайсці свой шлях наперад праз уласнае недасканалае і абмежаванае разуменне. Так выглядае духоўная пакінутасць, якая вядзе да замяшання і павялічвае шанцы зрабіць згубны выбар.

На шчасце, як толькі мы зразумеем, што адвярнуліся ад Святла, ад нас патрабуецца толькі абярнуцца, і Святло зноў заззяе над намі і будзе накіроўваць нашыя крокі, дзякуючы дару духоўнага суцяшэння.

Разважанне

  • У сітуацыі, якая мяне найбольш турбуе зараз, ці гляджу я на святло, дазваляючы яго промням свяціць на праблему, ці сяджу тварам да свайго ценю?
  • Калі я адчуваў, як Святло Хрыста асвятляе мой шлях, а Святы Дух кіруе маімі крокамі? Тады шлях наперад выглядаў значна яснейшым. Падзякую Богу за гэтыя часы.
  • Духоўнае суцяшэнне можа ахапіць нас нечакана. Калі я адчуваў такую нечаканую ласку? Ці змяніла яна мяне? Вывела мяне з “зоны камфорту”?

Малітва дня

Пане, дай мне Сваю ласку, каб я мог заўважыць, калі адварочваюся ад Святла Хрыста і намагаюся знайсці ўласны шлях паводле свайго скажонага разумення. Прашу, адары мяне пакорай, каб я павярнуўся да Святла і дазволіў яму ззяць у розуме і сэрцы праз дар духоўнага суцяшэння. Абарані мяне ад ілюзіі, што “я ведаю лепш”, і аднаві маю веру ў Цябе, Бога адзінага, які ўсё ведае і ўсіх любіць.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 6: Выбар

Сёння я заклікаю неба і зямлю засведчыць супраць вас, што я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё (Дрг 30, 19).

Штодня кожны чалавек прымае досыць шмат рашэнняў, некаторыя з іх дробязныя, некаторыя вельмі важныя. Мастацтва распазнавання дапамагае рабіць больш мудры выбар. Св. Ігнацый дае нам некалькі дзейсных інструментаў, якія дапамагаюць распазнаць, як Святы Дух вядзе нас у той ці іншай сітуацыі, якія падказкі хаваюцца ў глыбіні сэрца і які выбар, хутчэй за ўсё, прывядзе да ўзрастання веры, надзеі і любові ў свеце. Якое рашэнне будзе больш спрыяць жыццю?

Мудра сказана, што «Бог прыцягвае, а д’ябал змушае». Калі мы адчуваем ціск і прымус, гэта можа быць прыкметай дзеяння дэструктыўных рухаў. Калі адчуваем глыбокае пачуццё спакою і задавальнення (нават, і асабліва, у бурлівы час), гэта сведчыць аб тым, што нас вядуць стваральныя рухі.

Разважанне

  • Падумаю пра нейкі выбар, які мне зараз трэба зрабіць, і прадстаўлю яго Богу ў малітве.
  • Пазітыўныя, жыццядайныя рухі ў маім сэрцы будуць весці да больш жыццядайнага выбару. Негатыўныя ўнутраныя рухі, верагодна, выклікаюць ўва мне пачуццё ціску. Якія рухі я ў сабе адчуваю?
  • З усіх варыянтаў выбару ў гэтай справе – які найбольш пэўна паспрыяе павелічэнню веры, надзеі і любові ў свеце?

Малітва дня

Адкрый, Пане, вочы майго сэрца, каб убачыць, да якога рашэння вядзе мяне Твой Дух, і скіруй мяне да выбару, найбольш сугучнага з Тваім сэрцам і розумам. Дадай мне мудрасці, каб я мог прыняць рашэнне, і мужнасці, каб ажыццявіць яго.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 7: Адпусканне

Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго (Мц 16, 25).

Ігнацый разумеў глыбіню гэтых Хрыстовых слоў. Мы ўсе маем свае прывязанасці да рэчаў і людзей. Некаторыя з гэтых прыхільнасцяў здаровыя: напрыклад, любоў да бліжніх, імкненне да здаровага ладу жыцця, задавальненне ад музыкі, мастацтва, літаратуры, ад свету прыроды, свайго саду і дому. Некаторыя прывязанасці нездаровыя і могуць стаць навязлівымі або выклікаць залежнасць. Ігнацый папярэджвае нас, што варта быць гатовымі адпусціць любыя шкодныя прывязанасці, якія не вядуць, або больш не вядуць, да жыцця, калі мы хочам знайсці большую паўнату па-над тым, што з’яўляецца ці сталася пустэчай. Ідзецца пра мастацтва непрывязанасці. Часам мы чапляемся за тое, што не мае вечнай каштоўнасці, і не разумеем, што насамрэч мае найбольшае значэнне.

Разважанне

  • Без чаго я не ўяўляю свайго жыцця?
  • Ці не ператвараецца нейкая мая патрэба ў залежнасць, першы крок да паталагічнай схільнасці?
  • Ці сапраўды я жадаю быць вольным ад гэтай залежнасці, нават калі мая свабода запатрабуе пэўнай балючай страты?

Малітва дня

Дай мне ласку спакойна і свабодна ставіцца да ўсяго створанага, быць удзячным за яго, але не настолькі ад яго залежаць, каб упадаць у роспач, калі я нечага пазбаўлены. Прашу, напоўні мяне адвагай адпусціць тое, што больш не набліжае мяне да Цябе.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 8: Аб чым просіць Любоў?

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго (Ян 13, 34-35).

Слова “любоў” у нашай культуры страціла сваё значэнне. Звычайна яно падразумявае рамантычную прыхільнасць або зводзіцца да “любові” нязначных рэчаў, такія як страва ці забавы. М. Скот Пек нагадвае нам, што “любоў – гэта не эмоцыя, любоў – гэта рашэнне”. Пісанне кажа пра любоў, якая ставіць перад намі выклік: мы павінны прымаць рашэнні з улікам адказу на пытанне: “Аб чым Любоў просіць мяне ў гэтай сітуацыі?” Для Ігнацыя такі падыход з’яўляецца асновай хрысціянскага выбару: паступаць правільна і з найбольшай любоўю ў кожнай сітуацыі, незалежна ад таго, як мы да яе ставімся.

Ігнацый таксама нагадвае нам, што “любоў выяўляецца больш у справах, чым у словах”.

Разважанне

  • Разважаючы пра асобную праблему, якая цяпер ляжыць на сэрцы, як бы я адказаў на пытанне: аб чым просіць мяне Любоў у гэтай сітуацыі?
  • Як я абіраю дзейнічаць у адносінах да людзей, якія па праўдзе мне не па душы?
  • Як я ператвараю словы і намеры ў практычныя ўчынкі любові?

Малітва дня

Прагну ўсім сэрцам навучыцца любіць іншых так, як Ты палюбіў нас. Пане, дай мне ласку выбіраць спосабы дзеяння, напоўненыя любоўю, і выяўляць гэтую любоў на практыцы, незалежна ад таго, што я адчуваю.

Малітва навэнны

Пане, стаю ў Тваёй прысутнасці, прыведзены Святым Духам, натхнёны жыццём і навучаннем Твайго слугі Ігнацыя, і прыношу Табе сваю інтэнцыю ў гэты асаблівы час малітвы… (выказаць інтэнцыю). Па прыкладу святога Ігнацыя, я прагну больш Цябе пазнаць, каб мацней палюбіць і больш рашуча ісці за Табой. Паўтараючы яго словы, і ў моцы Твайго Духа, я асмельваюся казаць: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць”.

Дзень 9: Спадарожнікі на шляху

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё» (Лк 10, 1-2).

Езус разумеў, што людзям патрэбна сяброўства, і пасылаў вучняў у свет па двое. Ігнацый таксама ведаў пра важнасць сяброўства і супольнасці, таму сабраў групу сяброў, каб падзяліцца досведам сваіх Духоўных практыкаванняў. Група сяброў ператварылася ў Таварыства Езуса і стала вядомая як езуіты. Як і першыя вучні Хрыста, яны таксама былі пасланыя ў свет, каб дзяліцца Добрай навіной Евангелля і мудрасцю Практыкаванняў.

Мінула паўтысячагоддзя, а езуіты і надалей граюць вельмі важную ролю, асабліва ў адукацыі і духоўным кіраўніцтве, а таксама, вядома, працягваюць даваць Духоўныя практыкаванні.

Разважанне

  • Дзе і з кім я магу знайсці сапраўдную супольнасць і пачуццё прыналежнасці?
  • Як магу спрыяць любові, спагадзе і гасціннасці ў маёй супольнасці?
  • Магчыма, я думаю пра ўдзел у рэкалекцыях або шукаю духоўнага кіраўніцтва? Ці мог бы я суправаджаць іншых у іх духоўным падарожжы?

Малітва дня

Пане, я ведаю, што нядобра хадзіць па гэтай зямлі ў адзіноце. Прашу, дай мне ласку знайсці спадарожнікаў, якія прымуць мяне такім, які я ёсць, і дапамогуць мне стаць як мага лепшым. Няхай я таксама навучуся быць сапраўдным і любячым спадарожнікам для іншых.