У сваім артыкуле айцец-езуіт Сімон Дэклю разглядае, якім чынам Пан дзейнічаў у жыцці Ігнацыя, абуджаючы ў ім не толькі  асабістую адданасць Богу, але і схільнасць “дапамагаць душам”.

Хіба можна інакш назваць абраны Богам спосаб весці Ігнацыя, як не “суправаджэнне”? Яно азначае хаду побач з кімсьці да пэўнай мэты. Аднак “духоўнае суправаджэнне” не з’яўляецца “шпацырам поруч”, паколькі спадарожнікі ўдзельнічаюць у ім не аднолькавым чынам. Прапанова духоўнага суправаджэння не азначае ўзаемнага абмену карыснымі меркаваннямі наконт таго, як крочыць разам. У духоўным суправаджэнні ёсць той, хто суправаджае, і той, каго суправаджаюць. Мяркуецца, што людзі, якія займаюцца суправаджэннем, маюць пэўнае святло, вопыт і неабходныя рэсурсы, каб дапамагчы іншым, якія шукаюць суправаджэння. Калі пасля навяртання Ігнацый адчуў пакліканне несці патрабуючым духоўную дапамогу, ён прапаноўваў тое, што сам атрымаў ад Бога. У выніку, ён распазнаў у сабе адказнасць за тыя “душы”, якім пачаў дапамагаць.

Ігнацый хацеў падзяліцца з іншымі перажытым досведам. Калі тэрмін “суправаджэнне” можна ўжываць па аналогіі з адносінамі паміж Богам і Ігнацыем ды з той падтрымкай, якую ён даваў, то мы пазнаем умяшанне Духа як крыніцы духоўнага жыцця. Калі Ігнацый хутка перайшоў да навучання і суправаджэння іншых, то менавіта таму, што Бог найперш вучыў і суправаджаў яго самога. Хіба ў Манрэсе ён не апісваў, што лічыў Пана сваім “педагогам”? Падчас гэтага перыяду Бог ставіўся да яго, як школьны настаўнік да вучня: “Ён вучыў яго” (Аўтабіяграфія, 27). Ігнацый распазнаў, што ён быў у прывілеяваных адносінах з Богам, адносінах вучнёўства, якія, безумоўна, заключаліся ў паглыбленні ведання Боскай таямніцы (Ігнацый адзначае, што атрымаў мноства ласкаў), якое ўвасобілася і ў перамяненні ягонага жыцця. Паколькі яго настаўляў сам Пан, ён адчуў, што яму трэба перадаваць іншым тое, чаму ён навучыўся. Іншымі словамі, спосаб, які выкарыстоўваў Ігнацый, быў натхнёны стаўленнем Бога да яго. Пастараемся выявіць праз яго падарожжа некаторыя фармацыйныя элементы, якія Бог абудзіў у ім пасля вырашальнай сустрэчы ў замку Лаёла.

Адпраўны пункт для суправаджэння: рэальнасць, у якой жыве чалавек

Сапраўдная плённасць духоўнага суправаджэння залежыць ад унутранай гатоўнасці і адкрытасці з боку таго, хто яго шукае. А такой паставы часам не стае. На пачатку Аўтабіяграфіі, у якой Ігнацый апавядае нам пра свой досвед, ён з пакорай прызнае, што відавочна не чакаў вялікіх рэчаў ад Бога. Ён адзначае, што аддаваўся “свецкай мітусні”. Ці варта зрабіць выснову, што пераход ад гэтага першаснага стану да сустрэчы з Богам можа адбыцца толькі цаной поўнага разрыву з былым жыццём, каб нічога не ўвайшло ў новае? Для таго, каб дамагчыся навяртання і перамянення Ігнацыя, ці павінен быў Бог пазбавіць яго падтрымкі?

Хіба не трэба было б нам адмовіцца духоўна суправаджаць чалавека і не браць на сябе адказнасці, калі б мы ўбачылі ў ім своеасаблівае зацямненне, якое не дае Богу ніякай магчымасці ўвайсці і дзейнічаць? І затым, калі ўсё ж Бог увойдзе ў жыццё такой асобы, ці не варта лічыць гэта неймаверным цудам, бо Бог учыніў тое, што па-чалавечы немагчыма?

Такая пазіцыя ў пэўным сэнсе апраўданая, асабліва ў выпадку, калі гаворка ідзе пра навяртанне Ігнацыя: не ён навярнуўся, а Бог навярнуў яго. Ці варта казаць тады, што ў адносінах з людзьмі, якія прыходзяць да нас, і якія таксама прызнаюць сябе вязнямі “свецкай мітусні”, кожнае ўмяшанне і кожнае кіраўніцтва з нашага боку будуць цалкам дарэмнымі? Ці сапраўды, кіруючы Ігнацыя да навяртання, Бог зусім не мог разлічваць на тое, кім ён быў дагэтуль, а пасля  вымушаны быў проста заняцца чыстай заменай адной асабовасці чалавека на іншую?

Не! Часам Бог дзейнічае у жыцці людзей вельмі моцна, каб іх перамяніць, – гэта бясспрэчна, аднак Ён таксама зважае на тое, што знаходзіць у чалавеку. У выпадку Ігнацыя Бог, несумненна, браў пад увагу склад яго асобы, чалавечыя якасці і пэўныя хрысціянскія цноты, якія Ён бачыў у ім. Дух Ігнацыя, у прыватнасці, з-за атрыманага выхавання, не ачарствеў; ён не быў пазбаўлены пэўнай высакароднасці характару. З маральнага пункту гледжання ён быў патрабавальным да сябе, калі закраналіся пытанні праўды, аўтэнтычнасці, павагі, велікадушнасці і сапраўднай свабоды адносна грошай. Ён таксама быў мужным чалавекам, не адступаў перад цяжкасцямі, непахісна выконваў свае абавязацельствы.

Перад кожным збліжэннем з іншай асобай, кожнай духоўнай размовай і ўвогуле ў суправаджэнні, якое прапануем іншым, мы шукаем пэўную трывалую аснову і крыніцу надзеі. Хіба не варта браць пад увагу якасці і цноты гэтых асобаў? Калі Бог настолькі радыкальна змяніў жыццё Ігнацыя, то гэта сталася толькі праз супрацоўніцтва ягонага духу з Божай ласкай. Безумоўна, Святы Дух пранізаў асобу Ігнацыя і выкарыстаў да пэўнай ступені добрыя чалавечыя якасці і цноты для Сваёй працы. Напрыклад, пачуццё “magis”, уласцівае Ігнацыю ад пачатку, Дух скіраваў яго на новыя мадэлі рэалізацыі, зусім адрозныя ад тых, якія раней наталялі яго ўяўленне і думку; Дух пераўтварыў наяўную патрэбу ў “большым” – замет мараў аб поспеху і знешніх дасягненнях (якімі бы святымі яны не выглядалі), Ён паступова падпарадкаваў яе Пасхальнай таямніцы Езуса. Такі курс быў закладзены ў Манрэсе.

Успрымальнасць да Бога і Яго ўмоў

Вядомая цяжкасць у духоўным узрастанні для асобаў, якія просяць аб дапамозе, месціцца ў тым, што яны часта з’яўляюцца людзьмі, занятымі мноствам спраў і здольныя крочыць наперад толькі з умовай большай свабоды ад шматлікіх клопатаў. Яны хацелі б паглыбіць свае адносіны з Богам; хацелі б мець, з кім пагаварыць пра свой досвед, і, вырашаючы папрасіць аб духоўным суправаджэнні, спадзяюцца ў выніку на духоўны рост. Але ўспрымальнасць –  часам нават гарантаваная ў тэорыі – можа прынесці плён толькі пры захаванні пэўных умоў.

У выпадку з Ігнацыем сітуацыю спраўдзіць няцяжка. Вось, перад намі актыўны амбіцыйны чалавек, які, безумоўна, верыць у Бога, але так заўзята клапоціцца аб уласных справах, што не пакідае месца для свайго Пана аж да таго часу, калі Бог уваходзіць Сам і займае належнае месца – у цэнтры яго жыцця. Гэта адбылося, аднак, калі Бог стварыў глыбока ў сэрцы Ігнацыя гатоўнасць і адкрытасць, якіх той не адчуваў у сабе раней. Гэта сталася праз поўнае і вымушанае спыненне яго актыўнасці з-за параненай нагі і пазнейшы стан бескарыснай бяздзейнасці, які Ігнацый прагнуў нечым запоўніць. Ён вырашыў прачытаць некалькі кніг, якія спачатку былі яму не даспадобы. Але, нягледзячы на гэта, самотнасць і цішыня доўгіх дзён выздараўлення дазволілі насенню, якое трапіла ў сэрца праз чытанне аб жыцці Хрыста і святых, даць неспадзяваныя плады. Новая ўспрымальнасць, якая ў хуткім часе далучыцца да няўцямнага імкнення, пачала паступова вярэдзіць сэрца Ігнацыя, прымусіўшы яго перайсці ад пасіўнага, і, несумненна, не надта цярплівага чакання, да слухання ўнутранага рэзанансу, прыроды якога ён не ўсведамляў. Дзейны Ігнацый быў вымушаны стаць успрымальным і ўразлівым, а збег абставін паспрыяў таму, што ў глыбіні свайго быцця ён дазволіў расці хрысціянскай таямніцы, якая адкрылася ў Езусе і ўвасобілася ў жыцці святых.

Сапраўды, можна заўважыць, як духоўны рост (або  навяртанне), паходзячы з даволі банальных падзей, патрабуе найперш адкрытасці на Бога і на Божую ласку, зычлівага стаўлення і ўнутранай успрымальнасці. Самота і цішыня (як унутраная, так і знешняя) прысутнічалі ў Лаёле як базавыя ўмовы, якія стваралі шлях да праўдзівай успрымальнасці. У 20-й заўвазе да Духоўных практыкаванняў Ігнацый падкрэслівае важнасць гэтага часу пусткі. Яшчэ да таго, як ён выпрабаваў слушнасць свайго вопыту падчас свайго доўгага прабывання ў Манрэсе, ён дасведчыў яго бясспрэчную карысць, дазваляючы думкам прыпыніцца, каб паразважаць даўжэй аб гэтым новым сусвеце сэрца, які адкрываўся яму.

У суправаджэнні людзей мы ўсведамляем, якія плады можна атрымаць, калі хтосьці адыходзіць ад мітусні паўсядзённага жыцця, даверыўшыся Богу і Яго Слову ў цішыні і адзіноце.

Важнасць працягласці малітвы

Працяглая малітва часта дадае духоўнай энергіі. Людзі знаходзяць у ёй глыбокую асабістую сувязь з Богам. Можна сказаць, што навяртанне Ігнацыя супала з унутранай прагай малітвы, новай і нечаканай для яго.

У аўтабіяграфічным апісанні, якое пакінуў нам Ігнацый, падкрэсліваецца важнасць структуры, якую прадугледжвае малітоўнае жыццё. З гэтай перспектывы нас перадусім цікавіць перыяд жыцця ў Манрэсе. Сцісла апісваючы малітву – па сутнасці, яе спосаб быў яго ўласным, – Ігнацый спыняецца на пэўных аспектах, якія спраўдзяцца ў яго пазнейшым досведзе суправаджэння. Гледзячы на ​​ключавыя моманты малітвы, ён выразна сцвярджае, што адрэзак часу набывае неаспрэчнае значэнне. У Манрэсе ён маліўся, як ён нам кажа, кожны дзень на працягу сямі гадзін, і нават па-за межамі гэтага часу “ўсю рэшту дня” прысвячаў “разважанням аб Боскіх рэчах” (Аўтабіяграфія, 26). Адказваючы на ​​ўнутранае прагненне Бога, Ігнацый выявіў тыя напрамкі дзеянняў, якія стануць выразнымі інструкцыямі ў Духоўных практыкаваннях. Ён усталёўвае, напрыклад, на штодзень вызначаную колькасць практыкаванняў, на кожнае з якіх неабходна адвесці гадзіну часу. У шостым дадатку ён вельмі дакладна папярэджвае, каб цягам дня розум не рассейваўся і не напаўняўся думкамі, якія не адпавядаюць накірунку малітвы.

Варта падкрэсліць яшчэ адну дэталь адносна працягласці: колькасць гадзін малітвы не мае на мэце ўстанаўленне рэкордаў праз неабгрунтаванае памнажэнне часу, адведзенага на малітву. Бог дае Ігнацыю вельмі яснае ўяўленне, як такі спосаб малітвы можа стаць неўпарадкаваным і несвядомым пошукам свайго. Успомнім аповед, як Бог прасвятліў яго, як важна захоўваць вернасць, пазбаўленую сцісла сентыментальных элементаў: “Калі ён збіраўся класціся спаць, да яго часта прыходзілі неймаверныя спасціжэнні і духоўныя суцяшэнні; і так багата, што ён страціў бы дужа часу, які адвёў для сну…, якога было не вельмі шмат. Думаючы пра гэта, ён разважыў, што прыняў рашэнне вызначыць для Бога пэўны час, а таксама ўсю рэшту дня. І з гэтага разважання ён пачаў задавацца пытаннем, ці паходзяць гэтыя “спасціжэнні” ад добрага духа. Ён прыйшоў да высновы, што лепш адпусціць іх і спаць у час, адведзены для сну. Так ён і зрабіў ”(Аўтабіяграфія, 26).

Бог натхніў Ігнацыя прысвяціць Яму доўгія гадзіны малітвы і скіраваць сваё разважанне такім чынам, каб плады перажытай сустрэчы былі яшчэ лепшымі. Але ў гэты ж час Бог даў зразумець, што адданасць, якой Ён чакае, – гэта вернасць, пазбаўленая ўсялякага шукання сябе. Менавіта з навядзеннем парадку ў нашым жыцці і, у прыватнасці, дзякуючы ўрэгуляванню распарадку нашых дзён і начэй, мы становімся здольнымі канкрэтным чынам адказваць на любоў Бога і ўспрымаць той кірунак, які Ён вызначае для нашага жыцця.

Калі падчас вучобы Ігнацый прадоўжыў свае назіранні, ён выявіў, што падмена працы малітвай, на самай справе, не набліжае яго да Бога, а хутчэй блакуе чаканую сустрэчу.

Дакладна так здараецца з людзьмі час ад часу, таму гэты аспект трэба праверыць у духоўным суправаджэнні: неўпарадкаваныя абавязацельствы ў малітве могуць, пры пэўных абставінах, аддаліць нас ад Бога, а не наблізіць да Яго. Так, калі асабістая малітва практыкуецца, а выкананне абавязкаў занікае, існуе фальшывае разуменне працы, дзейнасці і пастаноў.

Паступова ўсе элементы ўвайшлі ў свядомасць Ігнацыя, каб праз некаторы час стварыць неабходны саюз паміж малітвай (кантэмпляцыяй) і працай / адпачынкам (дзеяннем), нават калі быць “in actione contemplativus” запатрабуе яшчэ больш глыбокага вопыту адзінства з Богам у адданым служэнні Богу і бліжняму.

Дынаміка жадання і роля распазнавання

Жаданні падштурхоўваюць нас да іх ажыццяўлення. Ігнацый заўсёды быў чалавекам жадання, і яго памкненні заўсёды былі вялікімі. Мы ўжо згадвалі пра той момант, як яму былі даступныя кнігі, што мала адпавядалі жаданням, якія хвалявалі яго да ранення.

Фактычна, першыя запаветныя жаданні Ігнацыя былі звернутыя ў будучыню, пазначаную людской славай і шлюбным саюзам з кульмінацыйным момантам у выглядзе ўшанавання як знакамітага героя. Але пасля на яго ўплывае супрацьлеглае прыцягненне – і Ігнацый пачынае задавацца пытаннем: хто ён насамрэч і кім ён пакліканы стаць?

Пытанне гэтае з’яўляецца радыкальна новым, падобным да пытання аб пакліканні, бо яно для Ігнацыя, у канчатковым рахунку, заключаецца ў адшуканні яго праўдзівай сутнасці. Кожны, хто суправаджае іншага чалавека, ведае важнасць тых момантаў, калі выбар павінен быць зроблены ў адпаведнасці з Божым заклікам. На парозе шматлікіх выбараў, перад якімі стаіць Ігнацый, вырашальным стане адзін арыенцір: якія ўнутраныя адчуванні ўзнікаюць пад уплывам двух супрацьлеглых жаданняў.

Рацыянальная рэфлексія не дазваляе цвёрда прыняць рашэнне. Як паказвае дадатковая заўвага Гансальвеса да Камара да тэмы аб навяртанні Ігнацыя, Бог прывёў  “суправаджанага” да ўсвядомленасці, якой ніколі ў Ігнацыя не было: толькі Бог можа на самай справе даць сапраўднае духоўнае суцяшэнне. Вось, у якой рэчаіснасці Ігнацый апынуўся, абсалютна іншай у параўнанні з тым, да чаго ягоная душа прызвычаілася, калі ён аддаваўся пачуццёвым жаданням і развагам, якія з іх нараджаліся; цяпер, прыцягнуты Хрыстом і святымі, дасведчыў, нарэшце, глыбокае суцяшэнне. Ён пачынае паволі распазнаваць, “якія адрозныя духі нас хвалююць: адзін ад д’ябла, другі ад Бога” (Аўтабіяграфія, 8).

У гэты момант Ігнацый яшчэ не ў Манрэсе, не ў Божай “школе”. Тым не менш, хіба не з самага пачатку яго навяртання Бог так ці інакш суправаджае яго? Пан дае яму дастаткова святла, каб усвядоміць Яго дзеянне ў жыцці.

А мы – ці можам, карыстаючыся досыць простымі прыкладамі, у якіх выяўляецца Божая прысутнасць і дзеянне, дапамагчы іншым зразумець, як Бог сапраўды вядзе іх? Каб убачыць гэта, патрэбная пільная ўважлівасць, таму што Бог можа быць распазнаны сярод процілеглых жаданняў.

Пакаянне і адданасць Езусу

Цяпер засяродзімся на тым, як Ігнацый пад Божым кіраўніцтвам дайшоў да прыняцця ініцыятыў, якія выкладзе пазней у Духоўных практыкаваннях. Зразумела, што яшчэ ў Лаёле, адкрыўшы, што Бог дзейнічае ў яго жыцці, Ігнацый адразу ўсведамляе, наколькі яго жыццё не адпавядае чаканням Пана. Так ён сутыкаецца з неабходнасцю пакаяння. “Атрымаўшы ад прычытаных кніг святло, якое не варта ігнараваць, ён пачынае больш сур’ёзна думаць пра сваё мінулае жыццё і разважаць вялікую патрэбу пакаяцца” (Аўтабіяграфія, 9). Для Ігнацыя навяртанне – не проста перамена жыцця, але і неабходнасць такога падыходу, які б спалучыў яго мінулае і новае жыцце, а магчыма ва ўнутранай паставе жалю і пакаяння (ён будзе казаць пазней у практыкаваннях аб пакаянні як унутраным, так і знешнім).

Ніякі досвед Бога, ніякі высілак захавання вернасці Яго закліку не могуць адмяніць памылак мінулага, не кажучы ўжо пра тое, каб пазбегнуць іх. Здараецца, вядома, што даводзіцца ўзгадваць пра іх і падчас духоўнага суправаджэння. Кожнаму “навернутаму прапануецца ўзгадаць мінулыя памылкі, каб знайсці свой шлях; яму трэба выправіць былыя дрэнныя звычкі і пераадолець тое, што выклікала іх”. Мы зноў глядзім на жыццё Ігнацыя, падтрыманае Божай ласкай: ён умеў прымяняць да сябе рашучыя меры, якія не дазвалялі яму вярнуцца да таго, што ён хацеў пакінуць у мінулым.

Калі падыход да навяртання і пакаяння ў духоўным суправаджэнні нагадвае важны этап Першага тыдня Духоўных практыкаванняў, на Другім тыдні ўвага засяроджваецца на жыцці Езуса і жаданні ісці за Ім, усё больш поўна аддаючыся пад Яго кіраўніцтва. У гэты час афектыўная адданасць Езусу мае вырашальнае значэнне. Каб стаць сапраўднымі вучнямі Езуса, на Другім тыдні просяць аб ласцы “ўнутранага ведання Пана, які (для нас) стаў чалавекам, каб мы маглі мацней любіць Яго і лепш ісці за Ім”(ДП, 104).

Калі пры навяртанні Ігнацыя вырашальным фактарам стала кніга пра Хрыста, то, несумненна, адносіны з Ім сталі асноўнай крыніцай натхнення ў яго пошуку праўды. Да якой глыбіні Ігнацый атрымаў ласку “быць з Езусам”! Ён робіць кранальнае прызнанне на наступны дзень пасля навяртання адразу, амаль па-дзіцячы, парупіўся скапіяваць з Евангелля словы Хрыста і Багародзіцы: “Такім чынам ён пачаў пісаць кнігу з такой стараннасцю (…): словы Хрыста чырвоным атрамантам, словы Маці Божай сінім, папера гладкая, разлінаваная і падкладзеная, і вельмі разборлівай рукой, бо ён быў добрым каліграфам” (Аўтабіяграфія, 11). У Манрэсе яго любоў да Езуса ўзмацнілася, яму адкрылася трынітарная перспектыва пабожнасці, ён нанова заглыбіўся ў справу збаўлення, якую здзейсніў Пан Езус…Тэма чалавеча-боскай прыроды Езуса часта ўзнікала і ў наступныя гады, нагадваючы яму пра пяшчотную і нязменную прысутнасць, блізкую і поўную велічы. Для прыкладу дастаткова спаслацца на пілігрымку ў Іерусалім (Аўтабіяграфія, 44). Езус часта яўляў Сябе Ігнацыю вельмі інтымна, усё больш і больш прыцягваючы повязямі любові. Сапраўды, асалоду нябёсаў мы спазнаём тады, калі ў вопыце суправаджэння нам дадзена дапамагчы людзям спяліць і развіваць у  сэрцах і жыцці гарачую і пяшчотную адданасць Уцелаўлёнаму Божаму Сыну!

Скрупулы і абсалютны давер да Бога

Многім вядомая глыбіня крызісу, які перажыў Ігнацый у Манрэсе, калі яго мучылі скрупулы сумлення, і, безабаронны перад імі, ён нават быў на мяжы самагубства. Тым, каму, у той ці іншай меры, прыйшлося суправаджаць асобаў, апанаваных скрупуламі, добра вядома, наколькі гэта суровы вопыт для іх саміх, хоць іх цярпенне ніякім чынам нельга параўнаць з пакутамі людзей, якія перажываюць гэты крызіс.

Што Бог дазволіў Ігнацыю зразумець праз балючы досвед? Прайшоўшы праз яго, Ігнацый запрагне дапамагчы іншым і складзе некалькі “каментарыяў” да скрупулаў, якія ўвойдуць у Духоўныя практыкаванні (пар. ДП 345-351). Прачытаць гэтыя нататкі – значыць паступова зразумець, наколькі добра Бог ведаў, як суправаджаць Ігнацыя ў яго цяжкім выпрабаванні і пазней, калі Ігнацый жадаў вынесці з яго ўрокі. Уражвае ў гэтым чалавеку, што ён захаваў станоўчае стаўленне да скрупулаў (з умовай, праўда, калі яны не будуць цягнуцца доўгі час). Скрупулы, заўважае Ігнацый, “на працягу некаторага часу (асабліва, калі толькі пачынаецца рух да лепшага жыцця) прыносяць немалую карысць для душы, бо адводзяць душу ад любой праявы граху, паводле слоў святога Грыгорыя: “Рысай добрага розуму ёсць бачанне віны там, дзе віны няма ніякай”  (пар. ДП, 348).

Такім чынам, досвед скрупулаў спрыяў з’яўленню больш далікатнай уважлівасці на Божую волю, да паставы шчырай удзячнасці Пану. Больш за тое, у выніку Бог даў Ігнацыю бязмежную надзею, г.зн. прывёў да той самай цноты, якую скрупулы пагражалі забраць у яго!

Безумоўна, перамога над скрупуламі даецца не коштам аслаблення нашага сумлення. Бо акрамя намаганняў, прыкладзеных людзьмі да ўсведамлення ўсёй рэальнасці граху, ёсць у пакаянні таксама акт поўнага даверу, калі ўсё замяшанне, уся збянтэжанасць аддаецца ў абдымкі Бога, які адзіны можа вызваліць нас з няволі скрупулаў.

Калі Ігнацый пакінуў Манрэсу, па большай частцы пераадолеўшы крызіс, ён дарэшты прысвяціў жыццё Богу. Поўны давер ён выказваў на працягу ўсяго жыцця, як пры заснаванні Таварыства Езуса, так і пры кіраванні ім у якасці генеральнага настаяцеля.

Якім чынам мы ў духоўным суправаджэнні падтрымліваем узрастанне ў даверы, такой важнай цноце для жыцця, прысвечанага Богу? У 10-й частцы Канстытуцый Таварыства Езуса, дзе пададзены пэўныя  фармацыйныя патрабаванні, каб у выніку Таварыства захоўвала вернасць сваёй прыродзе і місіі, Ігнацый выразна і пераканаўча кажа аб надзённай неабходнасці поўнага даверу да Бога. Закранаючы пытанне аб неабходнасці час ад часу выкарыстоўваць тыя ці іншыя чалавечыя сродкі, ён вельмі рашуча падкрэслівае, што мы павінны асцерагацца “давярацца ім” (Канст., 814). У абсалютным даверы да Бога заключаецца фундаментальны падыход духоўнага жыцця.

Рашучасць “дапамагаць душам”

Пакутванне ад скрупулаў вядзе людзей да самаізаляцыі; яны сутыкаюцца з абавязацельствамі, якія здаюцца наўпрост невыканальнымі. Выратаваць чалавека можа толькі даверлівая адданасць нашаму Збаўцу. Наколькі скрупулы зачыняюць чалавека ў сабе, настолькі давер робіць яго свабодным і дае магчымасць адкрыцца на Бога і бліжняга. Вызваленыя з прыгнёту, людзі здольныя дзяліцца з іншымі самымі салодкімі плёнамі духоўнага досведу.

З ігнацыянскага пункту гледжання, прызначэннем жыцця з Богам з’яўляецца перадаванне гэтага вопыту іншым людзям. Інакш кажучы, духоўнае навяртанне даволі спантанна развіваецца з уласнага досведу Бога.

Успомнім, як гэты момант быў упісаны з самых першых этапаў яго сустрэчы з Панам. Бог, галоўны духоўны спадарожнік Ігнацыя Лаёлы, адразу ўклаў у яго сэрца агромністую прагу дапамагаць іншым.

У Манрэсе Ігнацый адзначае, што “па-за межамі сямігадзіннай малітвы ён займаўся дапамогай душам, якія шукалі яго ў духоўнай патрэбе” (Аўтабіяграфія, 26). Бог паслядоўна вёў яго праз розныя этапы духоўнага сталення, і нельга было – Ігнацый перакананы ў гэтым – захаваць для ўласнай выгады тое, што Бог яму пераказваў і адкрываў.

“У гэты перыяд, – пісаў Ігнацый пазней, – на працягу некалькіх дзён ён вельмі хацеў размаўляць пра духоўныя рэчы і знайсці людзей, здольных уступіць у такую размову” (Аўтабіяграфія, 34).

Такімі былі першыя праявы імкнення да духоўнай размовы, якое будзе пашырацца і стане ўрэшце велікадушнай прапановай для многіх людзей, якіх Ігнацый сустракаў і дапамагаў узрастаць на шляху адносін з Богам. Выраз “дапамога душам” набываў усё большае значэнне ў розуме і сэрцы Ігнацыя. Аднак супраціў, з якім ён сутыкнуўся, і абмежаванні, якія былі накладзены на яго ў справе духоўнай дапамогі, былі дастаткова моцнымі, каб прымусіць яго пакінуць і Саламанку, і Алкалу. Ён павінен быў знайсці ў іншым краі месца, дзе служэнне душам не было забаронена таму, хто адчуваў у сабе пакліканне да гэтага і хто мог гарантаваць адпаведнасць такой дапамогі хрысціянскаму вучэнню.

Больш дакладна можна сказаць так: дапамогу душам Ігнацый разумеў перадусім як пераказванне –  цалкам ці часткова – уласнага духоўнага вопыту. Гэтае разуменне паступова станавілася зместам кнігі “Духоўныя практыкаванні”. Таму пазней ён прыкладаў вялікія намаганні, каб Святы Пасад афіцыйна ўхваліў Практыкаванні.

Ігнацый быў глыбока перакананы, што менавіта ад самога Бога ён атрымаў сутнасць практыкаванняў. Запісаўшы іх, ён толькі прынёс даніну ўдзячнасці Пану, які пажадаў весці яго шляхам ласкі. Бог суправаджаў Ігнацыя ў духоўным узрастанні, а маленькая кніжка, у якой ён апісаў свой шлях, стала потым асноўным тэкстам духоўнага суправаджэння ігнацыянскай школы.

Роля пасрэднiцтва Касцёла

Ужо ад пачатку свайго навяртання Ігнацый лічыў сябе верным членам Касцёла. Тым не менш, ён разумеў, як з часоў дзяцінства ў ім адбылася радыкальная трансфармацыя. Спачатку Касцёл быў для яго рэспектабельнай установай, якой ён, у пэўнай ступені, ганарыўся. (Хіба ён не быў гатовы прыняць нават танзуру?) Пазней гэта стане жывой і глыбокай прыхільнасцю да Бога, да Хрыста і да ўсёй хрысціянскай таямніцы, якой будзе пазначана яго прыналежнасць да Касцёла, спалучаная ад гэтага часу з адказнасцю. Прачытаўшы аўтабіграфічны аповед Ігнацыя, разумееш, што пасля яго навяртання рэфлексія аб Касцёле ни разу не ўзнікае як нешта знешняе; яго схільнасць да хрысціянскага мыслення і жыцця ніколі не была аддзелена ад унутранага пазнання Бога. Ідучы за Хрыстом і паслухмяны Яго Духу, Ігнацый усё глыбей успрымаў ролю Касцёла і месца, адведзенае яму ў хрысціянскім існаванні.

Успомнім тут некаторыя значныя падзеі, якія яшчэ больш глабальна выявілі паслухмянасць Ігнацыя Касцёлу свайго часу. Глыбокая адданасць Езусу ніколі не падразумявала для яго адмову ад любога пасярэдніцтва, акрамя асабістага досведу – наадварот. Узрастанне Ігнацыя ў пазнанні Пана і ў самаахвярнасці ніколі не было адмежавана ад бездакорнага падпарадкавання касцёльным уладам. Ён заўсёды спадзяваўся, што Касцёл будзе сілкаваць яго не толькі словам Евангелля, але і сакрамэнтамі, праз якія Пан яднаецца з усімі, хто распазнае Яго і зычліва прымае шчодрасць Яго дароў. Ігнацый таксама бачыў у прадстаўніках касцёльнай улады тых, каму гэтае слова было даверана і якім ён з радасцю быў паслухмяны пры любых абставінах.

Першы доказ гатоўнасці Ігнацыя быць адкрытым адносна Касцёла выявіўся ў даверы, з якім ён у розныя моманты свайго падарожжа звяртаўся да спаведнікоў. У першую чаргу, на генеральнай споведзі ў Мансэраце ён склаў усё сваё жыццё ў далоні Бога праз спаведніка. На працягу некалькіх месяцаў у Манрэсе, і асабліва падчас крызісу скрупулаў, ён чакаў (хоць і дарэмна), каб яго спаведнік як прадстаўнік Бога суцешыў яго ў яго новай свабодзе хрысціяніна… І, калі быў абраны генеральным настаяцелем, тры дні прабыў у кляштары Святога Пятра ў Мантарыё, каб, у рэшце рэшт, пачуць ад айца Тэадоса, “што ён, здаецца, аказвае супраціў Святому Духу”. Толькі так ён пераадолеў сваё глыбокае супраціўленне, якое адчуваў перад адказнасцю.

Прыкладам паслухмянасці Ігнацыя законнай касцёльнай уладзе можа служыць рашэнне пакінуць Святую зямлю, таму што айцец-правінцыял францішканаў быў супраць таго, каб ён там застаўся (Аўтабіяграфія, 46). Пазней, калі Ігнацый і яго паплечнікі апынуліся ў сітуацыі, калі не мелі магчымасці выканаць сваё абяцанне вярнуцца ў Святую зямлю, менавіта “вікарыю Хрыста на зямлі” яны прысвяцілі сваю місіянерскую гатоўнасць.

Хіба Ігнацый не запрашае нас рабіць тое ж самае ў кожным духоўным суправаджэнні: дапамагаць тым, хто нам давярае, не толькі жыць згодна з Евангеллем і слухаць натхненні Духа, але і станавіцца сталымі і сапраўднымi дзецьмі Касцёла?

Сапраўдная адкрытасць да Бога правяраецца рэальным жыццём

Вельмі часта можна назіраць, што, нягледзячы на настойлівасць, з якой чалавек шукае духоўнага суправаджэння як крыніцы сапраўднага росту, узнікае адчуванне, што жыццё не мяняецца так моцна, як можна было спадзявацца. Гэтая заўвага, якой мы завяршаем наш разгляд, на першы погляд, ставіць пад сумнеў значнасць уплыву суправаджэння на плады, якія ад яго чакаюць.

Безумоўна, у разважаннях такога кшталту, лепш пазбягаць усякай спакусы спрошчанасці: бывае, без нейкіх бачных праяў, вернасць духоўнаму суправаджэнню фактычна падтрымлівае тых, хто няспынна шукае Бога і дазваляе ім заставацца вернымі іх духоўнай адданасці. Можна спадзявацца, што той, хто на працягу некалькіх месяцаў і гадоў згаджаецца на суправаджэнне, атрымае дапамогу, каб, прынамсі, утрымацца на выбраным шляху і працягваць старацца найлепшым чынам адказваць на заклік Бога, які распазнае у сваім жыцці.

Тым не менш, можна заўважыць, што некаторыя духоўныя падарожжы людзей мацней за іншых ажыўляе перамяняючая сіла з вышыні. Несумненна, падарожжа Ігнацыя было такога кшталту: Бог, адкрываючыся яму, асвятліў яго розум і сэрца і ўчыніў у ім пэўныя радыкальныя змены. Спынімся на момант на бачных наступствах дзеяў, якія адбыліся ў жыцці Ігнацыя з дапамогай гэтага непаўторнага “кіраўніцтва” самім Панам. На кожным этапе шляху навяртання і росту Ігнацый быў настолькі паслухмяным Богу, што дазволіў рашуча змяніць сваё жыццё.

Можна адзначыць даволі шмат аспектаў змены яго паводзін. Задаволімся тым, што падкрэслім уплыў сустрэчы Ігнацыя з бедным і пакорным Хрыстом. У гэтай сустрэчы для яго важна было не толькі выбраць шлях, але і тое, каб адразу ж распачаць жыццё ў беднасці і пакоры.

Ёсць і іншыя прыклады: выбар поўнай беднасці падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю; жаданне апранацца, як жабракі, калі вакол яго сабраліся паплечнікі; рашэнне служыць “настаўнікам”, каб аплочваць навучанне ў Парыжы; выбар, які сям’я не магла зразумець, – жыць замест замка ў хоспісе Аспэіцыя …; а потым, знайшоўшы таварышаў па духу на поўначы Італіі, вырушыць разам прапаведаваць “апранутымі як бедныя людзі” і жыць у галечы… Не дзівіць тады важнасць, якую Ігнацый надае трапна акрэсленай ім беднасці Таварыства Езуса, менавіта гэтае пытанне займае першыя старонкі Духоўнага дзённіка, якія захаваліся для нас.

Ігнацый лічыў, што наследаваць Хрыста Евангелля азначае дазволіць Яму “суправаджаць” сябе на шляху беднасці і пакоры. Як мы маглі б лічыць, што магчыма “суправаджаць” тых, хто просіць нас аб дапамозе ў набліжэнні да Пана, калі б гэтая просьба з іх боку не мела пад сабой цвёрдага жадання па-сапраўднаму навярнуцца да Хрыстовага Евангелля?

Сімон Дэклю SJ (Simon Decloux, SJ), аўтар “Comentario a las Cartas y Diario Espiritual de S.Ignacio de Loyola”, (Рым); “Maria negli scritti di Ignazio di Loyola” Appunti di Spiritualità 23, (Неапаль); “La voie ignatienne. Pour la plus grande Gloire de Dieu ”, (Парыж). Дырэктар Цэнтра духоўнасці “Манрэса” і кіраўнік трэцяй прабацыі ў Кімвенцы, Кіншаса-Гомбэ, Дэмакратычная Рэспубліка Конга.

Крыніца: How God accompanied Ignatius: a paradigm for us in “helping souls”

Гравюры з цыкла “Жыццё святога Ігнацыя” Peter Paul Rubens (1577 – 1640)