Лістапад – месяц малітвы за нашых памерлых і ўшанавання дару іх жыцця. Мы ўзгадваем тых, хто адыйшоў. У нас ёсць скарбніца добрых успамінаў пра дарагіх нам людзей і, магчыма, некаторыя балючыя ўспаміны пра расстанне і прымірэнне; успаміны пра школу, суседства і незлічоныя маленькія добрыя справы.

У момант смерці мы можам азірнуцца назад і ўбачыць, што многія нечаканыя рэчы ў жыцці былі таго вартыя і прынеслі нам шчасце, нават калі ў свой час былі цяжкімі. Вера дапамагае нам перажыць боль успамінаў пра блізкіх, незалежна ад таго, сумуем мы па іх ці шкадуем пра нейкія аспекты адносін. Цяпер яны з Богам і ў паўнаце любові. Можна спадзявацца, што яны далі рады з пакаяннем за памылкі, грахі і няўдачы. У вечнасці мы з Богам будзем у сваёй найлепшай форме.

Часта на пахаванні чытаецца ўрывак з кнігі Эклезіяста пра тое, што «на ўсё ёсць свой час». Гадзіна смерці не залежыць ад нашага выбару. Не тое, каб Бог запланаваў дату смерці, хутчэй, цела мае свой уласны «гадзіннік» і можа існаваць толькі пэўны час. У тую хвіліну Бог блізка, вельмі блізка, каб прыняць нас дадому.

Пахавальная літургія з удзячнасцю ўспамінае жыццё чалавека, але таксама сутыкаецца з пытаннем: дзе ён/яна зараз? Усё, што мы можам сказаць, гэта тое, што мы ўбачым Бога тварам у твар і нейкім таямнічым чынам з’яднаемся з усімі, каго ведалі і любілі на зямлі.

На пахаванне кожны з нас можа прынесці з сабой тое, што атрымаў ад знаёмства з памерлым чалавекам: дапамогу, малітвы, любоў. Нават у журбе мы можам адысці ад пахавальных рытуалаў і паспрабаваць адказаць пытанне: «Як гэты чалавек узбагаціў маё жыццё?»

Донал Ніры SJ