Апошнія даследванні паказваюць, што ўзровень псіхічных расстройстваў, трывожнасці і дэпрэсіі сярод міленіялаў (людзей, якія нарадзіліся пасля 2000 г.) знаходзіцца на надзвычай высокім узроўні. Можна прыпісаць гэта напружанню з прычыны навучання і кар’ернага росту, нявызначанасці і стрэсу, якімі напоўнена жыцццё ў свеце, арыентаваным на сацыяльныя медыя. Сапраўды, нягледзячы на тое, што адносіны, уплыў і прыняцце аднагодкаў граюць вялікую ролю, па сумнай іроніі, карыстанне сацыяльнымі медыя часта з’яўляецца асноўным шкодным фактарам, які правакуе такія расстройствы як дэпрэсія, трывожнасць і парушэнні сну. Спецыялісты ў галіне сацыяльных медыя Джым Дзідс і Брэндан МакМанус SJ прапануюць свае дзесяць парад для захавання раўнавагі і ўмацавання псіхічнага здароўя.

  1. Жыццё – цяжкая рэч, а пачуцці могуць стаць найцяжэйшай яго часткай. Навучыцеся сябраваць з імі, разумець і не атаясамліваць сябе з імі, бо вы значна большыя за свае пачуцці. Усё ў жыцці мінае – смакуйце добрае і адпускайце благое. Пачуцці прыходзяць і сыходзяць. Вучыцеся назіраць за імі, як за аблокамі, што плывуць у небе, і памятайце, што гэтак жа, як немагчыма ўтрымаць хмару, вашая задача – даць пачуццям знікнуць. Простая медытацыя з гэтай нагоды: спыніцеся, знайдзіце ціхае месца (можна нават зрабіць выгляд, што слухаеце нешта ў навушніках). Спытайцеся: “Як я сябе адчуваю?” Заўважце той невялічкі разрыў, нібы шчыліну паміж вамі і пачуццямі. Заставайцеся ў гэтым разрыве. Там спакойна і пуста, а значыць, поўна магчымасцяў. Адпачывайце ў гэтай цішыні некалькі хвілін штодня. Трэніруйцеся назіраць, як пачуцці наплываюць і пакідаюць вас, нібыта аблокі, незалежна ад інтэнсіўнасці. Гэта дапаможа вам у часы крызісу і, магчыма, нават уратуе вам жыццё.
  2. Тэхналогіі – дар для камунікацыі з іншымі, але ў той жа час – жудасны начальнік; навучыцеся адключацца ад іх і атрымліваць асалоду ад офлайнавай дзейнасці, якая будуе вас: схадзіце ў паход у горы, асвойце рамяство, адважцеся на рызыку, паразмаўляйце з кімсьці вочы ў вочы. Тэлевізар, гульні, відэа і Інтэрнэт – не рэальны свет, але яны прэтэндуюць на месца сяброў. Карыстайцеся імі як падарункамі, якімі яны і з’яўляюцца, толькі вазьміце пад кантроль. У адваротным выпадку вы будзеце нявольнікам бязлітаснага гаспадара.
  3. Прынцып ”Калі штосьці падабаецца, зрабі гэта” гучыць выдатна, але можа прывесці ў даволі змрочныя мясціны. У кожнага ёсць схаваная сіла і здольнасць адкласці задавальненні. Знайдзіце той унутраны стрыжань, які дазваляе вам пакідаць межы камфорту, будаваць масты і дасягаць іншых людзей. Парадокс заключаецца ў тым, што, калі мы выходзім дапамагчы іншым, мы тым самым клапоцімся і пра сябе.
  4. У вас ёсць нешта ўнікальнае. Вы – непаўторны дар свету. І гэты дар вам трэба аддаваць, а не ўтойваць. Найвялікшае шчасце месціцца ў тым, каб быць сабой і дапамагаць іншым. Спачатку бывае складана, але задавальненне ад таго, што вы паступаеце правільна, застанецца з вамі на доўгі час.
  5. Вы не нясеце адказнасці за ўсе няшчасці свету. Спробы ратавання свету могуць падарваць вашыя сілы. Спробы вырашыць усе свае і чужыя праблемы адным махам таксама знясільваюць дашчэнту. Калі падобнае стаўленне да жыцця захапіла вас, надыйшоў час спыніцца. Вазьміце паўзу. Знайдзіце зацішнае месца і нагадайце сабе, што вы павінны рабіць толькі свой кавалак працы. Заўсёды ёсць нейкая дробная рэч, якую вы можаце зрабіць практычна ў кожнай сітуацыі. Можна параўнаць гэта са стварэннем мазаікі. У вас ёсць часцінка, каб зрабіць свой унёсак – незаменны і патрэбны. Дадавайце свае кавалачкі адзін па адным.
  6. Страх і трывога – кепскія матыватары для дзейнасці. Рашэнні, выкліканыя страхам і трывогай, не будуць добрымі ў доўгатэрміновай перспектыве. Страх і трывога часта трымаюць нас пад замком у цесным пакоі з абмежаванымі варыянтамі, якія прымушаюць бачыць толькі найгоршае ў людзях і нас саміх. Уявіце сабе, як магло б быць наадварот: давяраць свету і людзям, дзейнічаць без страха (хоць і не без асцярожнасці). Мы можам выбраць сярэдзінны шлях і прымаць узважаныя рашэнні.
  7. Ідэалізм – цудоўная рэч, але ён ставіць планку занадта высока, і нішто ды ніхто не могуць да яе дацягнуцца. Ідэальнае – вораг добрага; высветліце, што добрага можна зрабіць, і проста зрабіце гэта. Перагружанае жыццё не дае вам шанцаў разгледзець, што адбываецца. А без яснага бачання можна памыліцца і вырашыць, што вакол дзеецца суцэльны жах, нават калі гэта не так.
  8. Падарожнічайце улегцы; пазбаўцеся ад лішняга. Пачніце з прыбірання са свайго пакою непатрэбных рэчаў. Жыццё – гэта вандроўка, таму рухайцеся ўлегцы, у іншым выпадку рэчы абцяжараць вас і прыкуюць да сябе. Памятайце, што людзі не з’яўляюцца рэчамі, якія мы маем права набываць і распараджацца ў залежнасці ад настрою. Прапанова спрасціць жыццё – магчымасць ацаніць, што сапраўды важна і каштоўна для вас.
  9. Прыміце тое, што не можаце змяніць, і змяніце тое, што можаце (і ведайце розніцу). Не марнуйце час, спрабуючы змяніць рэчы, якія вам дадзены: сям’ю, твар, цела, сяброў, мясцовасць. У іх ёсць рэдкая прыгажосць, якую можна ўбачыць толькі ў пэўным святле. Знайдзіце і падтрымлівайце яе. Калі падтрымаць не ўдасца, ведайце, што зрабілі ўсё магчымае, і задавольцеся гэтым.
  10. Шчасце мераецца тым, што ўнутры. Інтуітыўна мы адчуваем, што валоданне рэчамі і параўноўванне сябе з іншымі не прыносіць карысці, і тым не менш увесь час ублытваемся ў гэта. Знайдзіце магчымасць пабыць у цішыні. Вярніцеся да таго разрыву, знойдзенага ў медытацыі вышэй, разрыву паміж вамі і пачуццямі. Прабываючы там, уявіце яснае белае святло, добрае і цёплае. Цяпер ведайце, што святло – гэта дабрыня, яснасць і цеплыня, якія знаходзяцца ўнутры вас, у самым цэнтры. Затрымайцеся там так доўга, як вам хочацца. Няхай гэтыя думкі асвятляюць і саграваюць вас, няхай дапамогуць вам адчуць шчасце.

Джым Дзідс і Брэндан МакМанус SJ

Крыніца: Surviving anxiety in the modern world