У гэтым цыкле анлайн-рэкалекцый прапануем у цішыні і малітве крок за крокам паразважаць над сваім жыццём і адносінамі з Богам і людзьмі. Нашымі спадарожнікамі на гэтым шляху стануць святы Ігнацый Лаёла і святая Мэры (Марыя) Вард: іспанец XVI стагоддзя і англічанка XVII стагоддзя. Як Ігнацыя, так і Мэры часта малююць на абразах у дарозе, у вопратцы пілігрымаў.
Езус таксама пілігрымаваў у Ерузалем са сваёй сям’ёй і сябрамі. Магчыма, яны разам спявалі псальмы па дарозе, як і тады, калі вырушылі з Вячэрніка на Аліўную гару (гл. Мц 26, 30). Напрыклад, адзін з псальмаў кажа: «Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе, сцежкі ў сэрцы якога скіраваны да Цябе» (Пс 84 (83), 6). Трэці раздзел Кнігі Быцця гаворыць пра Бога, які хадзіў па Райскім садзе з Адамам і Евай падчас прахалоды.
Рэкалекцыі дапамагаюць нам пачынаць кожны дзень нанава, пазнаючы Бога, які прагне быць нашым спадарожнікам на жыццёвым шляху.
Падчас посту мы будзем мець асаблівую магчымасць далучыцца да Езуса і будаваць з Ім сяброўскія адносіны падчас Яго пілігрымкі ў Ерузалем — на крыж і ў вечную хвалу.
Спадзяемся, што матэрыялы для малітвы, прадстаўленыя ў гэтых рэкалекцыях, дапамогуць вашай сустрэчы з Богам, якая пераменіць вас і дапаможа шукаць і знаходзіць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці.
Уводзіны
Не мае значэння, наколькі дасведчаныя вы ў малітве. Магчыма, гэта вашая першая спроба звярнуць на яе ўвагу і пачаць рэгулярнае малітоўнае жыццё. Св. Ігнацый вучыць нас, што малітва не з’яўляецца нейкім таямнічым навыкам, дасяжным толькі выбраным і святым людзям.
Туга па Богу — частка нашай ДНК як людзей, створаных паводле вобразу Божага, і гэтая туга кліча нас да малітвы, да прабывання з Богам сам-насам.
Нам дадзена як магчымасць маліцца, так і здольнасць адчуваць, уяўляць і хацець, якія разам дапамогуць нам развіваць сяброўства з Езусам. Рэкалекцыі запрашаюць нас маліцца так, як мы можам, а не так, як не можам. Містык XIV стагоддзя англійская пустэльніца Юліяна з Норвіча кажа, што Бог удзячны, калі мы памятаем пра Яго. Нават калі для нас нашая малітва выглядае мізэрнай і рассеянай, Бог шчаслівы, калі мы прынамсі паказваемся, і благаслаўляе нас нечаканымі ласкамі.
На гэтым уступным этапе вырашыце для сябе пытанні з часам, месцам і працягласцю малітвы. Тэксты разлічаны на 15–20 хвілін, але варта дадаць пэўны час на падрыхтоўку, уласныя разважанні або прабыванне ў цішыні пасля малітвы.
Важна таксама падумаць, з якім намерам вы распачынаеце шлях рэкалекцый. Якія дары і ласкі хочаце папрасіць у Бога? Узгадвайце пра іх перад кожнай малітвай. Можа стацца, Бог захоча даць вам не (толькі) тое, што вы просіце, але штосьці іншае. Цалкам магчыма, што за час пілігрымкі зменяцца і вашыя інтэнцыі.
На пачатку проста ўсвядомім сабе, што Бог запрашае нас сустрэцца з Ім на шляху, які ляжыць перад намі, і што поруч будуць нябачна ісці ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых рэкалекцыях па ўсім свеце.
Крок першы: «Я цудоўна створаны»
Кніга св. Ігнацыя Лаёлы «Духоўныя практыкаванні» суправаджае нас на шляху ў кірунку духоўнай свабоды і аднаўлення аж да ахвярнай рашучасці стаць сябрам і вучнем Хрыста. Мы вучымся бачыць нашае жыццё і мэту існавання ў свеце з перспектывы непахіснай і бясконцай любові Бога да нас.
Мы вучымся ўзаемадзейнічаць з усім, што Бог стварыў, каб дапамагчы кожнаму з нас стаць найпраўдзівейшым, Богам дадзеным «я» — самім сабой.
Супакой
- Пачнем малітву з усведамлення навакольнага, створанага Богам свету і свайго існавання ў ім. Звярніце ўвагу на дыханне, на дар жыцця вакол вас.
- Езус прагне, каб мы Яго ўбачылі і наблізіліся да Яго. Адно толькі неабходна: быць адкрытымі на Яго прапанову. Калі ў сэрцы абуджаецца жаданне падысці бліжэй да Езуса — гэта знак таго, што ласка ўжо працуе ў нас. Аб чым вы б хацелі папрасіць у гэты момант? Назавіце сваё жаданне, аддайце яго Богу: не дзеля таго, каб паведаміць Яму аб тым, што Ён і так ведае, але каб распазнаць Божы дар, калі Ён дасць яго вам.
- Святы Ігнацый заахвочвае нас глыбей уваходзіць у змест Святога Пісання праз нашыя пачуцці і ўсведамленне сваіх найглыбейшых жаданняў, праз здольнасць да ўяўлення і вобразнае «пагружэнне» ў евангельскую сцэну. Мы можам карыстацца сваімі цялеснымі адчуваннямі, каб адбылася непасрэдная перамяняльная сустрэча з Езусам, падчас якой мы можам гаварыць, прасіць і любіць Яго наўпрост. Нам блізка ўсё тое, што «было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі» (1 Ян 1, 1).
Мы адкрываемся на бясконцы працэс пазнання Езуса, вучымся бачыць лепш гэты свет і рэагаваць на яго так, як Ён. Мы сутыкаемся тварам у твар з новымі спосабамі «пазнаваць Яго ўсё глыбей, любіць усё мацней, ісці за Ім усё бліжэй». - Ігнацый таксама заахвочвае нас звяртаць увагу на кірункі, у якіх вандруюць нашыя думкі і пачуцці, засяроджана прыслухоўвацца да ўнутраных рухаў у сэрцы і ісці за імі туды, куды яны вядуць нас.
Цяпер звернемся да Святога Пісання.
Божае Слова
Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.
Незвычайнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора,
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Калі скажу я: Няхай змрок мяне накрые,
а святло навокал няхай зробіцца ноччу, —
нават змрок не будзе цёмным для Цябе,
а ноч будзе яснай, як дзень.
Бо Ты стварыў маё нутро
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны,
дзівосныя справы Твае.
Ты добра ведаеш маю душу. (Пс 139 (138), 1–14)
Разважанне
- Адным са спосабаў усвядоміць Божую прысутнасць з’яўляецца просьба аб дары ўбачыць сваё жыццё з Божага пункту гледжання. Божыя вочы, поўныя міласэрнасці і разумення, могуць даць нам зусім іншую перспектыву нашай рэчаіснасці. Некаторыя рэчы, якія мелі велізарнае значэнне для нас, могуць сціснуцца ў памерах, а ўсё, што мы перабольшвалі, набудзе свае рэальныя прапорцыі.
- Прачытайце псальм 139 (138) яшчэ раз і паназірайце, як вы рэагуеце на Бога, які шукае вас, ведае ўздоўж і ўпоперак і любіць усе рысачкі той асобы, якой вы ёсць. Нішто не можа адлучыць нас ад любові нашага Стварыцеля. Ніякі змрок унутры нас не застаецца цёмным для Бога.
- Што вы адчуваеце, разважаючы пра гэта?
Размова
- Ігнацый кажа, што ўдзячнасць — гэта аснова ўсведамлення сябе ў Божай прысутнасці. Цяпер адпаведны момант для таго, каб сказаць Яму «дзякуй» за сваё існаванне.
- Магчыма, вы саромеецеся адкрыць пэўныя рэчы любячаму Божаму позірку. Што ў вашым жыцці перашкаджае адчуваць удзячнасць за яго?
- Станоўчымі і адмоўнымі думкамі і пачуццямі падзяліцеся з вашым Стварыцелем, называючы па імені ўсё, што вы адчуваеце і за што хацелі б памаліцца, перапрасіць або падзякаваць Богу.
Крок другі: адкрыццё ўнутранага свету
У нашай велікапоснай пілігрымцы нас суправаджае св. Ігнацый Лаёла — чалавек палкай шчодрасці і цеплыні, які называў сябе пілігрымам. Яго «Духоўнымі практыкаваннямі» карыстаюцца самыя розныя людзі, якія шукаюць сапраўднай асабістай лучнасці з Езусам. Святы Ігнацый дапамагае нам наблізіцца да Бога, які хоча з намі сустрэцца, дзе б мы ні былі. Таксама мы вучымся адрозніваць у сабе рухі, якія аддаляюць нас ад Бога ці прымушаюць збочваць з Яго шляхоў.
Супакой
- Карысна пачаць з супакойвання цела і розуму. Паспрабуйце адпусціць напружанне, якое маеце ў сабе. Седзячы ў выгоднай паставе або шпацыруючы нетаропка, разнявольвайце кожную частку цела, у якой адчуваеце напружанасць.
- Усвядомце сваё глыбокае жаданне правесці час у Божай прысутнасці, прынесці Богу ўсе свае надзеі, трывогі і мары.
Цяпер паслухайце словы Езуса з Евангелля паводле Мацвея.
Божае Слова
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі (Мц 11, 28–30).
Разважанне
- Звярніце ўвагу на свае пачуцці, якія ўзніклі падчас чытання. Магчыма, вы адчуваеце стомленасць і патрэбу скінуць цяжар, які несяце? Ці можаце перадаць яго Езусу прынамсі на некаторы час?
- Ярмо дапамагае жывёлам перамяшчаць груз, але Езус кажа, што Ягонае ярмо лёгкае і прыемнае. Як Яго словы ўплываюць на вас?
- Другая наша спадарожніца — Мэры Вард, каталічка, якая жыла ў Англіі ў XVII стагоддзі падчас пераследу католікаў. Яе адзіным духоўным кіраўніком была кніжка пад назвай «Духоўная бітва», што вайсковай мовай апісвала стратэгіі, дзякуючы якім можна было дасягнуць духоўнай дасканаласці. У ёй сцвярджалася, што ў бойцы са злом мы павінны «змагацца, альбо памерці». Для Мэры прапанаваныя ў кнізе практыкі былі цяжарам, які выклікаў неспакой і самакрытыку. Святая знайшла свой шлях да ласкавага Бога, вырашыўшы: «Я буду выконваць гэтыя рэчы ў любові і свабодзе альбо зусім іх пакіну».
- Для Божага спосабу адносінаў з намі больш характэрная любоў і свабода, чым страх і самабічаванне. І св. Ігнацый, і св. Марыя вучаць нас, што нашы думкі і ўяўленні, а таксама пачуцці, якія яны выклікаюць, могуць прывесці бліжэй да Бога ці аддаліць ад Яго. Калі штосьці ўзбагачае нашу веру, надзею і любоў, то, верагодна, яно прыйшло ад Бога. Калі штосьці, нават само па сабе добрае, памяншае нашу веру, надзею і любоў, — мы не на Божым шляху.
- Трэба вучыцца любіць і прымаць сябе так, як Бог любіць нас.
Размова
- Езус кажа пра стомленасць. Калі вы стомленыя целам, розумам ці духам, крыніцай гэтай стомленасці могуць быць як знешнія абставіны, так і абраны лад жыцця. Ці адчуваеце ў сабе жаданне ўзрастаць ва ўнутранай свабодзе?
- Наш цяжар лёгкі, таму што Езус усклаў яго на сябе замест нас на Крыжы. Як бы вы хацелі адказаць на Яго жаданне несці ваш цяжар?
- Паколькі час малітвы заканчваецца, прысвяціце апошнія хвіліны ўласным разважанням і падзяліцеся сваімі думкамі і перажываннямі з Езусам.
Крок трэці: пілігрым рушыць у дарогу
На пачатковым этапе ігнацыянскіх рэкалекцый важна зрабіць усё магчымае, каб убачыць дабро, якое ёсць ва ўсім стварэнні, у самім сабе і ў іншых. Распачынаем сённяшнюю малітву з традыцыйнага запрашэння ўвайсці ў цішыню.
Супакой
- Спачатку прыслухайцеся да ўсіх навакольных гукаў, якія толькі здолееце пачуць. Потым паспрабуйце сканцэнтравацца на тых гуках, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай вас саміх: дыханні, біцці сэрца альбо на кроках, калі вы знаходзіцеся ў дарозе.
- Дазвольце сабе расслабіцца і дасягнуць унутранага спакою, вяртаючыся зноў і зноў да гэтага стану, калі думкі пачынаюць разбягацца.
Цяпер звернемся да ўрыўку з «Духоўных практыкаванняў» св. Ігнацыя Лаёлы, апрацаваных а. Дэвідам Флемінгам SJ.
«Мэта нашага жыцця — жыць з Богам цяпер і навекі <…>
Усе рэчы ў гэтым свеце з’яўляюцца Божымі дарамі, дадзенымі нам, каб праз іх мы маглі пазнаваць Бога лягчэй і аддзячваць любоўю ахвотней. <…> Мы шануем і выкарыстоўваем усе Божыя дары ў той ступені, у якой яны дапамагаюць нам развівацца як любячым асобам.
Аднак, калі хоць нешта з гэтых дароў становіцца цэнтрам нашага жыцця, то падмяняе сабой Бога і тым самым перашкаджае нашаму руху ў кірунку мэты.
<…> Усё мае патэнцыял выклікаць у нас глыбейшую згоду жыць з Богам. Адзіным нашым жаданнем і выбарам павінна быць наступнае: я хачу і я выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе да паглыблення Божага жыцця ўва мне».
Разважанне
- Кожны з нас запрошаны на сустрэчу з Богам, які з бязмернай прыхільнасцю адносіцца да ўсяго, што з’яўляецца ў нас сапраўдным, і заахвочвае, каб і мы добразычліва адносіліся да саміх сябе і ўсяго свету.
- Якія аспекты Божага стварэння вы ўспрымаеце як асаблівы дар? Паспрабуйце ўбачыць, дакрануцца, прыслухацца, пакаштаваць і адчуць іх у сваім уяўленні. Заставайцеся з імі некаторы час з удзячнасцю і асалодай…
- Важна, як мы адчуваем сябе ў целе і ў нашай рэчаіснасці. Бо менавіта праз цялесныя сустрэчы са стварэннем мы сутыкаемся з нашым любячым Стварыцелем, які прысутнічае ў ім. Ідалапаклонства — гэта не толькі пакланенне язычніцкім багам, але і стан, у які мы трапляем, калі ставім на месца Бога тое, што па-сапраўднаму належыць Яму.
- Спытайцеся ў сябе, ці штосьці не замяніла вам Бога ў цэнтры вашага жыцця.
Размовa
- Святы Ігнацый запрашае нас да ўзрастання ў свабодзе, не прапануючы нам адзінага ў сваім родзе шляху да Бога. Мы просім Пана дапамагчы нам трываць у добрых намерах і адкінуць усіх фальшывых ідалаў, якіх мы часта робім падмуркам свайго жыцця. Па магчымасці, знайдзіце або прыгадайце словы, верш ці песню, якія адлюстроўваюць вашу ўдзячнасць за дар стварэння.
- Што для вас азначае «выбіраць жыццё»? Анры Нувэн, каталіцкі пісьменнік, адзначаў: «„Выберы жыццё“ (гл. Дрг 30, 19) — гэта Божы заклік да нас, наш пастаянны выбар. Жыццё і смерць заўсёды перад намі: у нашым уяўленні, у думках, словах, жэстах, дзеяннях… нават у нашай бяздзейнасці. Гэты выбар на карысць жыцця пачынаецца глыбока ўнутры. Самае важнае пытанне не „Ці забіваю?“, але „Што я нашу ў сэрцы: благаслаўленне ці праклён?“. Куля, якая забівае, — толькі канчатковая прылада нянавісці, вынашанай у сэрцы задоўга да таго, як быў узяты ў рукі пісталет».
- Скажыце Богу аб вашых самых глыбокіх прагненнях, якія датычацца вашага жыцця і ўсяго свету.
- Час малітвы падыходзіць да завяршэння. Магчыма, вы адчуваеце жаданне большай унутранай свабоды альбо горыч з-за памераў шкоды, нанесенай стварэнню, альбо трывогу за блізкіх вам людзей, якіх спаткала няшчасце. Паразмаўляйце аб усім з Богам, як сябра з сябрам.
Крок чацвёрты: «А вы кім лічыце Мяне?»
Мы знаходзім сваю тоеснасць у адносінах з Богам.
Бог ведае і любіць нас больш, чым мы самі можам ведаць ці любіць сябе. У сённяшняй малітве Бог запрашае дазволіць Яму расказаць нам, хто мы такія. Бог глядзіць на ўсё, што Ён стварыў у нас, і лічыць гэта вельмі добрым.
Супакой
- На пачатку малітвы паразважайце над тым, што вы «несяце» ў сваім целе, у думках і ва ўспамінах сённяшняга дня. Падумайце, ці зможаце пакласці ўсё гэта да ног Езуса на гэты час, ведаючы, што Ён нясе кожны наш цяжар.
- Дазвольце вашаму целу разняволіцца, а вашаму розуму адкласці свае надзённыя праблемы.
Разважанне
- І св. Ігнацый, і Мэры Вард знайшлі Бога ў драматычныя перыяды свайго жыцця, але яны таксама сустрэлі «Бога штодзённасці», Бога дробязяў і звычайных аспектаў нашага чалавечага існавання. Паэт і езуіт Джэрард Мэнлі Хопкінс пісаў: «Я вітаю Яго ў тыя дні, калі сустракаюся з Ім, і благаслаўляю, калі разумею».
- Мы благаслаўляем, калі разумеем, але мы часта не заўважаем «Бога штодзённасці», таму што занадта занятыя пошукамі надзвычайнага.
Развіццё сузіральнай адкрытасці для Бога, які прабывае ва ўсіх нашых перажываннях, дапамагае нам адчуць Ягоную прысутнасць. - У цяжкія моманты свайго жыцця Мэры Вард глядзела ў люстэрка, і яе перапаўняла адчуванне Божай хвалы. Божая хвала… Наўрад ці яе ў першую чаргу бачыць большасць з нас, гледзячы ў люстэрка, але св. Ірынэй Ліёнскі пісаў: «Хвала Бога — чалавек жывы, і жыццё чалавека — у сузіранні Бога».
- Што, на вашую думку, адчувае Бог, гледзячы на вас?
- Вось што кажа прарок Ісая (пар. Іс 43, 1–5):
А цяпер так кажа Пан, які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой. Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе, бо Я — Пан, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе, бо дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю. Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе».
- Бог прамаўляе гэтыя словы да вас асабіста. Няма такіх чалавечых перажыванняў, добрых ці дрэнных, у якіх не было б Бога. Бог прагне, каб Яго знайшлі. Ці здаралася вам y апошні час асаблівым чынам дасведчыць прысутнасць любячага Бога? Вяртайцеся ў гэтыя моманты і адчуйце іх сапраўдную асалоду, наколькі гэта магчыма.
- Калі цяпер вы перажываеце такі перыяд, што не адчуваеце прысутнасці Бога ў сваім жыцці, яшчэ раз паслухайце гэтыя словы: «Дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе».
- Ці чуеце, як Бог прамаўляе гэта праз вашыя цяжкасці?
Размова
- Св. Ігнацый і Мэры Вард навучыліся адпускаць нават самыя запаветныя свае мары і дазваляць дзейнічаць Богу. Што вам найбольш складана адпусціць? Пра што, на вашую думку, марыць Бог для вас?
- Св. Ігнацый заклікае нас да малітвы праз нашае цела і пачуцці. Паспрабуйце і вы так памаліцца і паназірайце, што адбываецца.
- Магчыма, у вашым целе або ва ўспамінах ёсць боль, які вы носіце ў сабе.
- Св. Аўгустын піша, што хоць мы яшчэ не разумеем, чаго прагнем у Богу, само жаданне дае нам магчымасць атрымаць ласку, якую дае Бог.
- Якой ласкі вы прагнеце ў гэты момант? Папрасіце Бога аб ёй напрыканцы гэтай малітвы.
Крок пяты: практыкаванне зменаў у жыцці
Як Мэры Вард, так і св. Ігнацый Лаёла выявілі, што іх знаёмства з Езусам змяніла iх разуменне самiх сябе. Усе адносіны трансфармуюць нас нейкім чынам, а сяброўства з Езусам перамяняе найбольш, дапамагаючы нам узрастаць у любові і свабодзе.
Супакой
- Перад тым, як сустрэцца з Езусам у сённяшняй малітве, папросім ласку засяроджанасці і спакою. У сваім уяўленні пакладзіце свае надзеі і жаданнi «перад вачыма», а ўсе нягоды i перашкоды пакiньце за сабой.
- Засяродзьцеся на тым, што перад вамі, i дазвольце Духу Святому напоўніць усю вашу сутнасць.
Разважанне
- У Евангеллi мы бачым, як Пётр метадам спроб і памылак вучыцца пазбаўляцца ад прадузятасці і дрэнных схільнасцяў. Ён быў канчаткова аздароўлены, калі навучыўся прымаць сваю ўнутраную беднасць і тую непахісную любоў, якую дарыў яму Езус, нягледзячы ні на што. Мы чуем гэта ў Евангеллі паводле Лукі
Чытанне Евангелля паводле Лукі
Калі [Езус] скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім (Лк 5, 4–11).
- У «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацый Лаёла піша, што самыя важныя якасці ў чалавека, які шукае Бога, — адкрытасць, шчодрасць і мужнасць. Мы просім Бога наблізіць нас да Езуса, каб з Яго дапамогай мы ўсімі магчымымі спосабамі імкнуліся адказаць на любоў, якая стварыла нас і цяпер няспынна ахінае адпаведным клопатам і ўвагай.
- Магчыма, нашыя неўпарадкаваныя захапленні, замілаванні, гарачыя пачуцці, схільнасці да нейкіх рэчаў — усё, да чаго мы моцна прывязваемся сэрцам, — перашкаджаюць нам поўнасцю паверыць, як моцна Езус любіць нас, і адчуць Ягоную любоў. Можа, мы трымаемся за нешта так моцна, што не можам ісці далей. Але гэта таксама могуць быць глыбокія раны мінулага, наш уласны балючы вопыт. Магчыма, мы навучыліся асуджаць сябе ў бясконцым унутраным «хоры незадаволенасці». Важна ведаць, што пазбавіцца ад сваіх неўпарадкаваных прыхільнасцяў менавіта і азначае знайсці мужнасць, каб прыняць аздараўленне ад ўсяго таксічнага і разбуральнага, што ёсць у жыцці, і навучыцца быць больш міласэрным да самога сябе.
Размова
- Ці можаце сённяшнюю евангельскую сцэну з Пятром уявіць як мага яскравей? Магчыма, вы прыгадаеце іншыя падзеі паміж ім і Езусам: хаджэнне па вадзе, адмаўленне абмыць ногі, абяцанне памерці за Езуса, а потым патройнае адмаўленне ад Яго…
- На вашую думку, як адчуваў сябе Пётр, калі разумеў, як моцна ён любіць Езуса, але падводзіць Яго зноў і зноў? І што Пётр адчуваў, разумеючы, што Езус не перастае любіць яго?
- Напэўна, вам ёсць што сказаць пра вашу любоў да Езуса ці вашу патрэбу ў аздараўленні. Адчыніце Яму дзверы свайго сэрца і пагаварыце з Ім, як з сябрам, напрыканцы малітвы.
Крок шосты: сузіранне Найслаўнейшага Крыжа
Сёння мы задумаемся, што азначае быць сябрам Езуса і ісці Яго шляхам. Гэта шлях перамяняльны, які Езуса прывёў на Крыж. Калі мы кагосьці па-сапраўднаму любім, то імкнемся быць з ім побач у добрыя хвіліны і цяжкія. Пачуем жа заклік Хрыста ісці з Ім на Кальварыю і ў хвалу.
Супакой
- Пачнём з выдыхання ўсяго, што перашкаджае давяраць Езусу і Яго любові. Выдыхнем наш страх перад болем, цярпеннем і барацьбой, наша супраціўленне перад выйсцем на шлях з нашых маленькіх утульных закуткоў.
- Удыхнем нашыя надзеі, тугу па літасці і любові. Якімі б крохкімі мы ні былі, мы дыхаем з даверам, ва ўпэўненасці ў нашым любячым Богу і ў моцы Духа, які ззяе скрозь нашую слабасць.
Разважанне
- У адгартацыі Evangelii Gaudium («Радасць Евангелля») папа Францішак піша: «Божы Сын, стаўшы целам, паклікаў нас да ўдзелу ў рэвалюцыі пяшчоты». Усё, што Езус сказаў і зрабіў на зямлі, было дзеля таго, каб паказаць нам, наколькі мы любімыя, незалежна ад нашых грахоў. Гэта любоў перамагла свет. Тым не менш, нашыя ўласныя слабасці, што мы носім у сабе, а таксама палітычныя і сацыяльныя сістэмы, у якіх мы жывем, замацоўваюць эгаізм і несправядлівасць.
- Святы Ігнацый запрашае быць побач з Езусам, гледзячы на Яго ў евангельскіх сцэнах і адчуваючы рэакцыю ў сваім сэрцы, якая будзе адлюстраваннем паводзінаў іншых людзей у гэтым урыўку. Ён дакранаецца да нашых ранаў адначасова з ранамі пракажонага, Ён спачувае нашай няўпэўненасці і страху ў жанчыне з крывацёкам.
- Маліцеся такім чынам, каб быць там, дзе ёсць Езус, бачыць і адчуваць тое, што Ён, і дзейнічаць так, як Ён. Пытанне перад намі адно: як зрабіць гэты выбар — пайсці за Ім.
Прачытаем цяпер радкі з Евангелля паводле Марка
Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. (Мк 1, 40-42)
Размова
- Заўважце, што гэта размова паміж дзвюма асобамі: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. — Хачу, будзь ачышчаны!» Езус кажа гэта кожнаму з нас. А праз нас Ён кажа гэта свету. Што вы адчуваеце, будучы ачышчанымі і, у сваю чаргу, пакліканымі стаць тым, хто ачышчае?
- У час пакуты ў Гетсэманіі Езус прасіў сваіх сяброў застацца побач не толькі ў фізічным сэнсе, але духам трываць разам з Ім. Страх і недахоп даверу прымусіў іх збегчы. Што вам хочацца сказаць Езусу, калі Ён паказвае сваю любоў, добраахвотна ідучы на крыж?
- Мэры Вард зразумела, што значыць быць вызваленай ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў. Яна назвала гэта станам «неверагоднай свабоды» ад любога жадання прыляпіцца да нечага, акрамя Бога. Святы Павел піша ў Пасланні да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі». А вы ці ўсведамляеце сваю патрэбу ў вызваленні, якое можа даць Езус? Паразмаўляйце з Ім аб гэтым на завяршэнне малітвы.
Крок сёмы: пастава ўдзячнасці
Сённяшняя малітва запрашае нас звярнуцца да Бога з просьбай аб атрыманні дару ўдзячнасці. Аднак спачатку нам трэба добра ўсвядоміць, што Бог не патрабуе ад нас нейкага надзвычайнага праслаўлення і падзякі як неабходнай умовы для благаслаўлення. Удзячнасць — гэта, перш за ўсё, дар ад Бога, які штодня ўваскрашае нашае жыццё ў Езусе Хрысце.
Супакой
- Распачынаем нашу малітву просьбай аб супакоі. Прыслухайцеся да ўсіх навакольных гукаў і дазвольце ім паволі знікаць, пакуль не адчуеце ўласнае дыханне і тое, што ваша цела разнявольваецца і супакойвацца.
- Даверце Богу сваю напружанасць і хваляванне на гэты час малітвы.
Разважанне
- Праваслаўная іканаграфія, адлюстроўваючы сыход Езуса ў адхлань, выкарыстоўвае вобраз Бога, які прарываецца скрозь брамы пекла, зрываючы замкі і кайданы, каб выцягнуць з цемры смерці Адама і Еву. Ланцугі сімвалізуюць шкодныя і небяспечныя адносіны, а таксама мадэлі мыслення і паводзіны, якім мы можам дазволіць сябе звязаць. Яны з’яўляюцца смяротнымі ў тым выпадку, калі пераконваюць нас у тым, што з іх няма выйсця.
Чытанне Евангелля паводле Яна
Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас,бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго. (Ян 15, 9-17)
- Самастойна, абапіраючыся выключна на ўласныя сілы, мы ніколі не зможам дасягнуць збаўлення. Толькі любоў і ласка Езуса здольныя нас збавіць. Гэта Хрыстус з’яўляецца для нас тым Вызваліцелем, які дасягае пабудаваных намі ж для саміх сябе магіл, каб выцягнуць нас. Аднак гэта працэс даўжынёй у жыццё, якi засноўваецца на поўным даверы да Божай любові а таксама на вызваленні ад усяго, што пазбаўляе нас свабоды і перашкаджае ахвяраваць сваё жыццё сапраўднаму служэнню Пану.
- Святы Ігнацый вучыць, што пакора — гэта ключ да пазнання Божай ласкі ў нашым жыцці. Таму так важна навучыцца ўспрымаць ласку як Божы дар, а не як тое, што належыць нам самім. Сэрцам пакоры з’яўляецца ўдзячнасць, а не празмерная патрабавальнасць да сябе. Распазнанне ўсіх нашых здольнасцяў і талентаў як Божых дароў заахвочвае нас дарэшты прысвяціць сябе служэнню Богу.
Размова
- Паразважайце над дарамі і талентамі, якімі Бог надзяліў вас. За што вы найбольш удзячныя Яму?
- Падумайце таксама аб тым, што яны дадзены вам для пашырэння Божага Валадарства, якое абвясціў Хрыстус. Вы чуеце запрашэнне Бога прысвяціць сваё жыццё Валадарству? Якія прагненні нараджаюцца ў вашых думках у адказ на Яго заклік? Адкрыйце іх перад Богам у шчырай размове на завяршэнне малітвы.
Заканчэнне
Падчас гэтых незвычайных дзён духоўнай пілігрымкі ў суправаджэнні св. Ігнацыя і Мэры Вард мы навучыліся ўспрымаць сябе як неад’емную частку Божага стварэння. Мы жывем ва ўзаемаадносінах са светам, які Бог стварыў дзеля нашага дабра.
Больш за тое, мы запрошаныя палюбіць Езуса як свайго найдаражэйшага сябра і брата. У люстэрку Яго любячага позірку мы бачым саміх сябе такімі, якімі мы ёсць: грэшнікамі, так, але прабачанымі грэшнікамі.
У нашым сумесным падарожжы з Езусам мы бачылі аздараўленні, якія Ён здзяйсняе, пачулі прапанову далучыцца да Яго служэння.
Кожны з нас пакліканы абвяшчаць Божае Валадарства, каб змяніць свет. Акрамя таго, мы былі сведкамі, як Езус ідзе на Крыж, каб пацвердзіць сваю любоў да нас, нягледзячы на страшэнныя пакуты. Крыж Хрыста стаў для нас крыніцай жыцця ў хвале ўваскрасення, якой мы штодня можам дзяліцца з іншымі.
Няхай упэўненасць у сіле збаўчых падзей, якія неўзабаве будзем разам перажываць, умацоўвае нашу веру, каб з адвагай і перакананнем сведчыць аб бясконцай Божай любові ўсяму свету.
Матэрыял быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парталам Catholic.by і сайтам prastoramalitvy.by.