Важнейшым спосабам малітвы для Ігнацыя з’яўляецца разважанне над Святым Пісаннем. У практыкаванні, якое доўжыцца каля гадзіны, той, хто моліцца, робіць наступныя крокі: на пачатку ён павінен прыняць паставу, у якой ён зможа прабываць на працягу наступнай гадзіны. Ігнацый пакідае за ім поўную свабоду ў выбары паставы цела. Каб асягнуць супакой можна некалькі хвілін засяродзіць сваю ўвагу на целе, сканцэнтравацца на сваім дыханні. Думкі і пачуцці, якія ўсё яшчэ адцягваюць нас ад кантэмпляцыі Божага слова, мы можам свядома ўспрымаць яшчэ некаторы час, а затым адкласці невялікім высілкам волі. Рэкалектант просіць Бога аб тым, каб у гэты час яго думкі і намеры былі скіраваныя на Яго. Ён моліць аб тым, каб чуць, што Бог хоча сказаць праз біблійны тэкст.

Кіраўнік – той, хто дае практыкаванні, – прапануе для малітвы пэўны фрагмент Святога Пісання. Другі крок – чытанне тэкста. Рэкалектант спалучае з разважаннем інтэнцыю або жаданне: напрыклад, аб спазнанні сваіх грахоў і жалю за іх. Альбо, атрымаўшы тэкст аб аздараўленні, ён жадае ўбачыць цёмныя плямы свайго жыцця і атрымаць ацаленне. Падчас Другога тыдня інэнцыяй можа быць яснае бачанне свайго паклікання. Якім бы ні быў намер, ён прыносіць яго Богу: “Я прашу аб тым, чаго хачу і жадаю” (ДП 48). Адкрываючы свае жаданні і патрэбы Богу, чалавек адначасова адчыняецца сам дзеля таго, каб прыняць ад Бога тое, што Ён жадае яму даць.

Трэці крок – “уяўленне месца”. У сваім уяўленні ён спрабуе як мага навочна ўявіць сабе біблійную сцэну. Гэтаксама, як рэжысёр ставіць п’есу на тэатральнай сцэне, так і рэкалектант, намагаецца інсцэніраваць у сваёй душы фрагмент Святога Пісання, над якім ён разважае. Ён можа выкарыстоўваць пры гэтым усе свае пачуцці: зрок, слых, смак, дотык, нюх, каб уявіць сабе, што адбываецца ў пэўнай сцэне. Словы, якія гавораць дзеючыя асобы, можна агучваць уголас. Можна пастарацца адчуць іх пачуцці. Дарэчы, езуіцкі тэатр эпохі барока бярэ пачатак менавіта ў гэтай духоўнай практыцы.

Чацвёрты крок – самаідэнтыфікацыя з дзеючымі асобамі біблійнага ўрыўка. Чалавек знаходзіць у пачуццях, словах, паводзінах персанажаў свае ўласныя пачуцці, словы, учынкі. Напрыклад, ён пазнае сябе ў фарысеі і з прыкрасцю разважае над гэтым падабенствам. У сляпым жабраку ён бачыць сваю немач, сваю радыкальную патрэбу ў аздараўленні. У вучнях Езуса, якія пакідаюць сваё мінулае жыццё дзеля вучнёўства, ён адкрывае для сябе магчымасці новых жыццёвых арыенціраў, магчымасць пакінуць некаторыя са сваіх звычак і прысвяціць сябе служэнню бліжнім. У самім Езусе ён знаходзіць прыклад служэння бедным, міласэрнасці да грэшнікаў, крытыкі фарысейства, вернасці свайму пакліканню… Часта атаясамліванне з біблійнымі героямі прыводзіць чалавека (нават пры ўмове, што ён моліцца даўно знаёмымі тэкстамі) да надзвычайных адкрыццяў. Канфрантацыя з біблійнымі вобразамі і сюжэтамі дазваляе выявіцца некаторым экзістэнцыяльным аспектам жыццёвага шляху, праўда выходзіць на паверхню, выклікі прымаюцца. Жыццё робіцца багацейшым, радасць і боль адчуваюцца вастрэй.

Пяты крок: чалавек фармулюе ў малітве тое, што яму адкрылася падчас разважання. Усё, што ўсхвалявала яго, ён апавядае Богу ў сваёй малітве. Ён звяртаецца да Бога Айца ці Езуса. Ігнацый рэкамендуе таксама звяртацца з малітвай да Марыі, у якой увасабляецца жаночы аспект боскага, і таму закранае іншыя струны душы чалавека. У малітве ён выказвае ўсё, што ўзнікла ў душы. Малітва павінна быць дарэшты шчырай. Гэтак, як у сапраўдным глыбокім чалавечым сяброўстве можна размаўляць пра ўсё, уключна з самымі інтымнымі рэчамі, так і ў малітве ўсё, што нараджаецца ў душы, трэба прынесці Богу. Малітва не намагаецца атрымаць ад Бога штосьці такое, чаго б Ён не даў без малітвы. Мэта малітвы заключаецца хутчэй ў адкрытасці на Божы ўплыў, каб дазволіць Яму перамяняць сябе.

Па завяршэнні часу, прызначанага на разважанне, рэкалектант адводзіць 15 хвілін на рэфлексію або прагляд малітоўнага досведу. Што ўдалося, а што не, што адкрылася, які плод разважання? Ён дзякуе Богу за ўсе дары. Калі ёсць уражанне, што ён быў недастаткова ўважлівы, то спрабуе высветліць прычыну, просіць Бога аб прабачэнні і вырашае выправіць гэта. Каб найлепшым чынам захаваць плады практыкавання, рэкамендуецца рабіць запісы.