Хоць мы стараемся пазбегнуць цярпення, у яго змрочным ценю крыецца шанец адкрыць для сябе тое істотнае, што схавана пад бляскам штодзённай беганіны і схільнасцю да дробных і нязначных рэчаў. Цярпенне часам вызваляе раней невядомыя крыніцы чуллівасці.

Цярпенне не пасуе нашаму свету, у якім мы няспынна шукаем любові і – як жа часта – навобмацак. Мы прадчуваем яе прысутнасць, упісаную ў найдалікатнейшыя шчылінкі кожнага існавання. Яна з’яўляецца гарантыяй гаючай гармоніі, што яднае стракаты каларыт рэчаіснасці. 

Скандал цярпення

Цярпенне дашчэнту руйнуе нашыя ўяўленні. Гэта выклік, які немагчыма ігнараваць, паколькі яно ўгрызаецца ва ўнутраную тканіну жыцця, робіцца яго неадлучнай часткай, каб адтуль, знутры, насміхацца, агаляць і дыскрэдытаваць саму сутнасць чалавечага існавання. Скандал цярпення выклікае пачуццё прыкрасці, нішчыць лад жыцця. Ён канцэнтруе ўвагу да невыноснай нядолі на фоне агульнага для ўсіх адчування: цярпенне несумяшчальнае з тым, што нам дадзена, і наогул не павінна было ўзнікнуць. Мы носім ў сабе прагненне лепшага жыцця, да якога не прыстаюць ніякія формы зла.

Часам цярпенне запаўняе немалую частку жыцця і незваротна яго стыгматызуе. Яно прыносіць жорсткае пачуццё паразы, перапаўняе горыччу безабароннай капітуляцыі. Цярпенне ізалюе чалавека ў ім самім, замыкае дзверы ў тыя ці іншыя сферы дзейнасці, ускладае на плечы цяжар болю, трывогі, страху. Яно дабіваецца рэагавання на досвед зла, вымагае адказу – хаця б у форме бунту ці роспачы – на той пралом у рэчаіснасці, перад якім чалавек, разлічваючы на ўласныя сілы, стаіць бездапаможны. Цярпенне – драматычнае выпрабаванне, якое часта прымушае сур’ёзна пераасэнсаваць сябе і свой светапогляд. Яно можа паставіць чалавека на край паралізуючай бездані, якая зеўрае глухой пусткай. Няпэўнасць і нявызначанасць заўтрашняга дня вызваляюць нарастаючае пачуццё пагрозы. А прабыванне ў такім стане не паддаецца халоднай логіцы тэарэтычных аргументаў. Тое замяшанне, што ўзнікае як наступства ўсяго гэтага, выклікае раптоўныя псіхічныя і духоўныя рэакцыі на павольную страту кантролю над жыццём, якія могуць прывесці да дэпрэсіі, прыгнечанасці або прыступаў трывогі. Цярпенне няволіць і падпарадкоўвае сабе чалавека. Яно ўводзіць у жыццё свае законы і бязлітасна патрабуе іх выканання, абмяжоўвае жыццёвы патэнцыял.

Суправаджэнне церпячых

Што і казаць, складана чалавеку несці груз цярпення, якое выпадае на яго долю, але не менш цяжка трываць поруч з пакутамі іншых людзей, прымаючы такое становішча са стаічным спакоем. Адна з “натуральных” рэакцый на цярпенне – уцячы ад яго, пакінуць гэты досвед тым няшчасным, на якіх яно абрынулася. Аднак, калі самотную і агаломшаную болем асобу мы атулім зычлівасцю, то станем сведкамі істотнай змены прыятырэтаў. У гэтым плане вельмі вымоўнай з’яўляецца біблійная прыпавесць пра Добрага самараніна (Лк 10, 30-37). Можна праігнараваць асобу, якой патрэбна дапамога, але такія паводзіны ганебныя. Сапраўдны бліжні ўмешваецца, нават калі гэта нязручна, цяжка і дорага. Што ж зробіш, калі жыццё не ашчаджае нам складаных урокаў? Нават апосталы, найважнейшыя вучні Езуса і пастаянныя слухачы Яго альтруістычных казанняў, у гадзіну цярпення Настаўніка не здолелі спадарожнічаць Яму, акрамя наймалодшага з іх і жменькі жанчын.

Мы сумесна ствараем міжасабовую прастору. Чалавек здольны да дыялогу, створаны да жыцця з іншым у адносінах блізкасці. Гэтая блізкасць, якую справядліва называюць любоўю, прымае розныя формы: ад прыязнасці, цераз добразычлівае братэрства і сяброўства, да глыбокай унікальнай інтымнасці. Мы звязваемся раўнапраўна і ўзаемна з падобнымі да сябе істотамі. Чалавечае жыццё рэалізуецца перадусім у межах асабістых стасункаў, і гэтага факту не перакрэслівае цярпенне (якраз наадварот!), хоць мы і мусім адаптавацца да таго, што перажываем, каб найлепшым чынам аказаць некаму падтрымку.   

Суправаджэнне церпячага чалавека – немалы выклік. Часам немагчыма зрабіць нічога значнага, акрамя як цярпліва трываць і маўкліва быць побач. Ціхая прысутнасць, як нячутны расповед, прамаўляе гучней за шумныя банальнасці, што ўзнікаюць у нашых галовах і спрабуюць яго заглушыць. Знаходзячыся побач, трэба ўвайсці ў драму і ўнутраны наратыў асобы, якая спрабуе даць рады з балючымі фактамі або змушана самастойна засвоіць урок, які па розных прычынах адкладала на потым. Суправаджэнне патрабуе пакоры і мужнасці, каб не ўхіляцца ад складаных пытанняў і не баяцца непрадказальных паводзін. Чаканне хуткіх і неадкладных вынікаў асуджана на паразу. Сталая прысутнасць уключана ў мову сведчання, якая гучыць мацней, чым завучаныя, бліскучыя акадэмічныя разважанні і разлікі.

Цярпенне правакуе самыя элементарныя пытанні, якія датычаць сэнсу жыцця, фундаментальных праўдаў, канчатковага лёсу чалавека, любові, каштоўнасцяў, веры, смерці і г.д. Тут нікога не задаволяць адказы з падручнікаў, катэхетычных дапаможнікаў ці энцыклапедый. Слоганы і афарызмы не насыцяць сэрца. Па сутнасці, усе найважнейшыя рашэнні ў такіх сітуацыях вымагаюць асабістага ўдзелу, бо адкрываюць чалавека на таямніцу і глыбіню яго існавання, дзе шаблонныя банальныя выказванні нічога не даюць. Урэшце, адказы, якія прыходзяць праз унутраны пошук, утвараюць важную ўзаемасувязь, якая фармуе паставу чалавека ў адносінах да сябе і свету. Сярод невыносных пакут чалавеку трэба апраўдаць сваё існаванне перад самім сабой, зразумець сэнс жыцця, калі яно здаецца зруйнаваным. Гэта прыводзіць на глыбейшы ўзровень разумення рэчаіснасці, якая хаваецца за бязмежнай зменлівасцю ўсяго, што нас атачае. Тады пераадоленне чарговых абмежаванняў дазваляе вырашаць праблемы, якія выходзяць далёка за рамкі рэалізацыі мімалётных, не звязаных паміж сабой эпізадычных мэтаў.

Цярпенне ёсць часткай жыцця

Бунт супраць цярпення патрэбны і абгрунтаваны. Цярпення варта пазбягаць, але цалкам выключыць яго немагчыма. Яно – частка жыцця, і трэба, у пэўнай ступені, вытрымліваць яго: пераносіць з годнасцю. Яно можа не раз паслужыць вышэйшаму дабру. Аднак, у тым выпадку, калі яно не будзе пераможана хаця б крышынкай надзеі, мы знойдзем толькі галашэнне духоўных руін, якому падтаквае роспач. Уяўляць сабе свет, у якім цярпенню няма месца, было б памылкай. Пакуты звычайна адмаўляюць людзі, якія не ведаюць, дзеля чаго варта жыць. Часам менавіта ў досведзе цярпення нараджаецца іскра веры і наноў распальвае згаслую волю. Здараецца, што ў такіх неспрыяльных умовах разгортваецца ўкрыты ў чалавеку творчы патэнцыял, які вядзе да радыкальнай перамены або навяртання. Неаднаразова цярпенне вызваляла ў людзях невядомыя крыніцы чуллівасці. 

Нягледзячы на ​​тое, што цярпенне выклікае збянтэжанасць і непажаданую разгубленасць, яно не павінна нікому дыктаваць жыццёвыя прыярытэты або навязваць абмежаваны вобраз свету, хоць і не варта цярпенне ігнараваць. Гэта “толькі” балючае церне, знявечаны фрагмент рэчаіснасці, які, з’явіўшыся, спрабуе дамінаваць над усім. Цярпенне, нібы бязлітасны тыран, падпарадкоўвае кожны аспект існавання сваім уласным фантазіям. Парадаксальна, але, паколькі яно не пасуе нашаму свету, у яго змрочным ценю крыецца шанец адкрыць для сябе тое істотнае, што схавана пад бляскам штодзённай беганіны і схільнасцю да дробных і нязначных рэчаў. Хоць шлях да гэтага нялёгкі і не ўсім дадзены…

Пётр Ашык SJ – езуіт, выкладчык этыкі і біяэтыкі ў Collegium Bobolanum Каталіцкай акадэміі ў Варшаве і Акадэміі Ignatianum у Кракаве.

Крыніца: часопіс Manreza 2/2025 (22).

Сем апошніх слоў
Кантэмпляцыя

Тэксты: Лк 23, 43-46; Ян 19, 26-30; Мк 15, 34; Мц 27, 46

Кантэкст: “На крыжы Езус прамовіў сем слоў”, – піша св. Ігнацый, маючы на ўвазе сярэднявечную традыцыю, якая заахвочвала хрысціян успрымаць гэтыя апошнія выказванні Хрыста як Запавет.

Вобраз: я стаю на Галгоце каля ўкрыжаванага Хрыста, майго Пана…

Просьба: аб ласцы пачуць Яго апошнія словы і мець адвагу прыняць Яго Запавет.

БАЧЫЦЬ асобы: Марыю, Маці Езуса, і Яна, умілаванага вучня, жанчын, жаўнераў, двух злачынцаў, здзеклівых мінакоў, першасвятароў і кніжнікаў; вялікі натоўп, які глядзіць на Укрыжаванага. І сябе ў натоўпе… Бачыць Езуса.

СЛУХАЦЬ, што кажуць: асабліва ўважліва ўслухацца ў словы Езуса, запісаныя і данесеныя да нас евангелістамі.

  1. Езус, поўны міласэрнасці, прабачае злачынцу: “Сёння будзеш са Мной у раі” (Лк 23, 43).
  2. Езус даручае вучня сваёй Маці: “Жанчына, вось сын Твой” (Ян 19, 26).
  3. Езус даручае вучню сваю Маці: “Вось Маці твая” (Ян 19,27).
  4. Езус горача жадае аддаць жыццё за вучняў: “Прагну!” (Ян 19, 28).
  5. Езус адчувае пакінутасць і адзіноту: “Элі, Элі лема сабахтані? (Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?)” (Мк 15, 34; Мц 27, 46).
  6. Езус сказаў: “Здзейснілася” (Ян 19, 30).
  7. Езус даверліва аддаецца Айцу: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23, 46).

ГЛЯДЗЕЦЬ, што асобы робяць: Езус на крыжы думае не пра сябе, але пра іншых. Ён клапоціцца пра грэшнікаў, пра сваіх вучняў, пра Марыю; Езус прагне споўніць ахвяру свайго жыцця; Яму даюць выпіць воцат; Ён схіляе галаву і аддае свой дух…

ПАДУМАЦЬ: “удар літасці” або “ўдар ласкі” (фр. coup de grâce) – гэта акт міласэрнасці, смяротны ўдар, нанесены моцна церпячай або цяжка параненай істоце; тут Удар літасці набывае асаблівае значэнне: дзякуючы яму адчыняецца брама міласэрнасці, на свет выліваецца жыватворны струмень, які ачышчае і абмывае нас з грахоў. Тэафанія Бога: СЫН прагне аддаць жыццё за грэшнікаў; аддаецца ў рукі АЙЦА; вылівае ДУХА, каб аднавіць усё стварэнне і прывесці заблукалае чалавецтва ў нябеснае валадарства. 

ПАРАЗВАЖАЦЬ: як я магу адказаць на любоў Бога, якая цяпер аб’яўляецца: “Што я зрабіў для Хрыста? Што я раблю для Хрыста? Што я павінен зрабіць для Хрыста?” (ДП 53).

Заключная размова: паразмаўляю з Езусам пра тое, што “Ён, Стварыцель, (…) стаў чалавекам і перайшоў з вечнага жыцця ў часовую смерць і такім чынам сканаў за мае грахі” (ДП 53).

У канцы памаліцца Ойча наш.