“Бог нараджае ў табе Свайго Сына, падабаецца табе гэта ці не, ці ты спіш, ці прачынаешся; Бог творыць Сваю волю. Тое, што чалавек не ўсведамляе гэтага – віна чалавека, чый смак настолькі сапсаваны праз сілкаванне зямнымі рэчамі, што ён не можа смакаваць Божую любоў.”  Майстар Экхарт, Казанне II: Блізкасць Валадарства

Аўтар прыведзенай вышэй цытаты – нямецкі філосаф і манах-дамініканін Майстар Экхарт, які жыў у канцы ХІІІ – пачатку XIV стагоддзя. Нягледзячы на ​​тое, што ў сучасным кантэксце мова здаецца састарэлай, сутнасць, на мой погляд, адпавядае сённяшняму дню.

У нашым культурным асяроддзі адцягненне ўвагі нярэдка становіцца нормай. Мы жывем у свеце Instagram і Snapchat. Назвы гэтых прыкладанняў сацыяльных сетак сведчаць пра іх досыць патрабавальны характар (сярод іншага, слова instant азначае імгненны, неадкладны, snap – пстрык, хуткі рух). У той час як зносіны з’яўляюцца жыццёва важнай часткай чалавечага вопыту, няспынная патрабавальнасць можа з камунікацыі ссунуцца ў адцягненне ўвагі, калі гэтым не кіраваць. Ад чаго адцягваецца ўвага? Ад смакавання Божай любові?

Нашы тэлефоны і прыкладанні сацыяльных сетак з’яўляюцца часткай культуры і выдатна злучаюць людзей, але яны могуць стаць пагрозай для засяроджанасці. Ёсць спакуса пастаянна пераключацца на нешта новае, новую ідэю, новую выяву, нейкі новы трэнд, новае відэа і на мільён іншых спосабаў скіраваць увагу на тэлефон. Прывыканне да стымуляцыі, якую мы атрымліваем пры пракручванні стужкі, можа зрабіць досвед запаволенасці, а менавіта маўчанне і малітву, амаль невыносным з-за недастатковай дынамічнасці, або таму, што мы не можам націснуць кнопку, каб паскорыць яго.

Мы жывем у культуры, у якой патэнцыйна могуць дамінаваць сацыяльныя сеткі, навіны, прапановы анлайн-продажаў кожныя пяць хвілін. І ўсё гэта падаецца праз невялічкую прыладу ў нашых руках. Такія паведамленні ствараюць у нас жаданні, а потым прапануюць спосабы іх заспакоіць. Як у свой час адзначыў філосаф Арыстоцель: “У самой прыродзе жадання – быць задаволеным, і большасць людзей жывуць толькі дзеля яго задавальнення”.

Пытанне, якое апошнім часам мяне турбуе:  наколькі я свабодны ад тэлефона? Таму я вырашыў паназіраць за сабой і заўважыў, што карыстаюся тэлефонам, каб праверыць навіны або трансферы ў свеце футбола або паглядзець, ці ёсць добрыя прапановы ў некаторых маіх улюбёных крамах. Я адчуў спакусу набыць больш кніг, хаця ў мяне яшчэ ёсць кнігі, якія я не браўся чытаць. Затым ідуць кароткія відэа, напрыклад, у “Tik Tok”, цікавыя і творчыя, аднак, паколькі яны доўжацца ўсяго каля трыццаці секунд, я пераходжу да наступнага роліка. Нават таго не ўсведамляючы, я загадзя вырашаю, што прагляд відэа працягласцю больш за некалькі хвілін зойме занадта доўгі час. Патрэба ў чымсьці новым, у чымсьці неадкладным расце. Аўтаматычна, нібы адказваючы на званок, я бяру тэлефон у рукі праверыць наяўнасць паведамленняў або зайсці ў Інтэрнэт. З цягам назіранняў я заўважыў, што гэта забірае сілы, што стамляюся пасля прагляду сайтаў і стужак сацыяльных сетак.

Затым пытанне перарасло ў пошук адказу: чаму я столькі часу аддаю на задавольванне сваіх жаданняў і памкненняў замест таго, каб карыстацца свабодай і адчуваць смак жыцця? Што я прапускаю? Наколькі мне спакойна, калі я не правяраю тэлефон? Настойлівыя “штуршкі” з сацыяльных сетак і рэкламныя паведамленні ў тэлефоне здаюцца такімі ўсеабдымнымі і пастаянна намагаюцца абудзіць жаданне, якое не можа быць поўнасцю задаволена. У такіх умовах жыццё ператвараецца ў спробу задаволіць або ўлагодзіць бясконцае жаданне. У чым і як гэта змяняе мяне?

Вось так для мяне сталі актуальнымі словы Майстра Экхарта. Няўжо ў сваім тэхнічным прагрэсе мы настолькі сапсавалі свае пачуцці, што нашая здольнасць атрымліваць асалоду ад Божай любові змяншаецца па прычыне няспыннага адцягнення ўвагі на тэлефоны? Працуючы з моладдзю, я зразумеў, што паняцце цішыні для іх не мае сэнсу. Выглядае на тое, што маладыя людзі не толькі лічаць цішыню контрпрадуктыўнай у дасягненні шчасця, але нават марнаваннем каштоўнага часу. Такое стаўленне робіць практычна немагчымым досвед смакавання Божай любові праз такія рэчы, як цішыня і малітва.

Цішыня становіцца чымсьці такім, чаго варта пазбягаць, таму што яна лічыцца не толькі непрадуктыўнай, але і прыносіць дыскамфорт, бо чалавек пачынае тужыць па звыклых спосабах пераключэння ўвагі.

Псіхолаг і аўтар кніг па духоўнасці Джэральд Мэй пісаў: “Святы Аўгустын аднойчы сказаў, што Бог заўсёды імкнецца даць нам добрыя рэчы, але рукі ў нас занадта поўныя, каб прыняць іх. Калі ў нас поўныя рукі, іх напаўняе тое, ад чаго мы залежныя. І не толькі рукі, але таксама сэрца, розум і ўвага пазавальваныя залежнасцямі. Нашы залежнасці запаўняюць прастору ўнутры нас, прастору, у якую магла праліцца Божая ласка” (Addiction and Grace: Love and Spirituality in the Healing of Addictions – “Залежнасць і ласка: любоў і духоўнасць у лячэнні залежнасцяў”). Мэй выкарыстоўвае слова “залежнасць”, якое мы часцей сустракаем у кантэксце наркаманіі. Але ён у асноўным вызначае гэта паняцце як страту свабоды. Слова “залежнасць” здаецца надта моцным, таму, магчыма, тут варта мець на ўвазе таксама “прыхільнасць, прывязанасць”.

Тымчасам, хоць я не супраць сацыяльных сетак, але карыстаюся свам тэлефонам шмат. Лічу, што думка наконт нашых занятых рук, якія не ў стане прыняць ласку, ніколі не была такой трапнай. Тэлефоны і медыя маюць важнае значэнне, яны дапамагаюць нам падтрымліваць сувязі, і мы былі асабліва ўдзячныя за гэта падчас нядаўняга локдаўна. Але мой уласны досвед ізаляцыі і выкарыстання тэлефона прымусіў мяне задумацца. Я задаюся пытаннем, ці не сталася так, што нашая прывязанасць да тэлефонаў і ўсяго, што яны прапануюць, запоўніла наш розум, сэрца і прастору, дзе ў іншым выпадку магла б пасяліцца ласка? Поруч са значнымі дасягненнямі ў галіне тэхналогій мы збяднелі духам?

Як пасярод такой рассеянасці мы можам належным чынам пачуць духоўныя або тэалагічныя ідэі, якія патрабуюць пэўнага часу засяроджанасці, разважання і прадумвання, перш чым ператварыцца ў нешта глыбейшае? Не так проста заўважыць і ўсвядоміць момант, калі тэлефон становіцца нечым, што трэба мець, а не тым, што можна спакойна ўзяць або адкласці. Ці не занадта поўныя ў нас рукі, каб угледзець дары, якія Бог хоча даць? Гэтае пытанне стала для мне выклікам, і, змагаючыся з ім, я адкрыў Божае запрашэнне рухацца ў кірунку большай глыбіні, запрашэнне ўвайсці ў цішыню і дазволіць Богу гаварыць.

Эоган Кеог

Крыніца: https://www.jesuit.ie/blog/guest-blogger/are-our-hands-too-full/