“Я хацеў бы ў гэтую першую гадавіну яго смерці ўспомніць Папу Францішка, які так шмат ахвяраваў для Касцёла – сваё жыццё, сведчанне, словы і ўчынкі”, – сказаў 21 красавіка 2026 года Леў XIV. Ён падкрэсліў асаблівую блізкасць Францішка да найбольш уразлівых: бедных, хворых, дзяцей і пажылых людзей.
Прапаведнік братэрства
Леў XIV таксама нагадаў пра ключавую тэму вучэння Францішка – усеагульнае братэрства. Яго папярэднік “імкнуўся спрыяць павазе да кожнага чалавека і будаваць дух братэрства, дзе ўсе людзі – браты і сёстры, усе імкнуцца жыць згодна з евангельскім пасланнем”, – падкрэсліў ён.
Пасланне міласэрнасці
Асобна Леў XIV адзначыў цэнтральнае месца міласэрнасці ў вучэнні Францішка. Ён нагадаў пра яго першую пасля абрання малітву “Анёл Панскі” і Імшу ў парафіі святой Ганны, падчас якіх Папа разважаў пра Божае прабачэнне.
“Ён гаварыў ад сэрца пра вялікую любоў Бога, пра прабачэнне і шчодрую міласэрнасць Пана”. Гэтае пасланне Францішак імкнуўся перадаць усяму Касцёлу, у тым ліку падчас цудоўнага святкавання Юбілею міласэрнасці, – нагадаў Леў XIV.
Удзячнасць за дар жыцця Францішка
Леў XIV заклікаў да малітвы за свайго папярэдніка: “Памолімся, каб ён ужо цяпер спазнаваў ласку Пана”. Ён таксама выказаў удзячнасць за “вялікі дар жыцця Францішка для ўсяго Касцёла і ўсяго света”.