У велікодным перыядзе, які ўсё яшчэ трывае, Джэймс Ханві SJ запрашае нас увайсці ў таямніцу і незвычайнасць Уваскрасення, каб распазнаць Божую любоў, якая сустракае нас у асобе ўваскрослага Хрыста. “Уваскрасенне не патрабуе ад нашай веры адмовы ад розуму, але аздараўляе і аднаўляе яго”.

Падчас Пасхальнай Вігіліі цішыня смерці парушаецца. У старажытным гімне Exultet Касцёл спявае свой велікодны Magnificat і сведчыць усяму свету, што Хрыстус уваскрос:

Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў ў Небе!
Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам!
Узрадуйся Касцёле, наша Маці,
аздоблены ззяннем іскрыстага святла!

Ёсць нешта глыбокае, амаль першабытнае, у вобразнасці святла, якое ўспыхвае і рассейвае цемру: старажытная барацьба супраць канчатковасці смерці ва ўсіх яе формах урэшце вырашаецца ў трыумфе жыцця. Але гэта не катарсіс, які прыходзіць з развязкай нейкай міфічнай драмы. Пасхальнае чуванне не азначае, што адбылося прымірэнне супярэчнасцяў, дзе канчаткова вырашаецца касмічнае непаразуменне. Мы не абвяшчаем цудоўную суцяшальную выдумку, створаную непераўзыдзеным і вытанчаным мастацтвам рэлігійнай фантазіі, і не святкуем дзейснасць нейкай трансцэндэнтнай праўды, якая магла б узбагаціць жыццё. Мы сведчым не пра стварэнне ці абстракцыю, а толькі пра асобу – Уваскрослага Хрыста – у целе і крыві, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Уваскрасенне – вялікі скандал у самым сэрцы нашай веры. Гэта Божая справа, здзейсненая не ў ззянні асляпляльнай славы, а нябачна. Мы – толькі сведкі ўжо зробленай працы. І праца гэтая змяняе ўсё, нават тое, як мы цяпер ведаем Бога: верым не проста ў Бога, але Бога Айца, які ўваскрашае свайго Сына, Езуса Хрыста, у моцы Святога Духа. Ён ужо не аддаленае і адасобленае боства, але жыццё Тройцы, адкрытае для нас у гісторыі, якое прапануе нам новае жыццё, новы спосаб быцця і бачання, і заклікае нас да выбару. “Езус ёсць Панам” – гэта самае ранняе вызнанне веры Касцёла, што грунтуецца на досведзе, што Ён уваскрос з памерлых (Рым 10, 9; Флп 2, 11; 1 Кар 12, 3). Змянілася ўсё.

Разам з тым, рэчаіснасць Уваскрасення не губляе сваёй непранікнёнай таямніцы. Такое акрэсленне не дазваляе пазбегнуць складаных пытанняў, якія задае скептычны свет, і ўхіліцца ад цяжкай працы, якую мае выконваць вера. Уваскрасенне – гэта скандал менавіта таму, што яго немагчыма зразумець, растлумачыць ці асвоіць нашымі тэрмінамі. Яно не супярэчыць чалавечаму розуму або шляхам, якімі мы дасягаем вызначэння складнікаў гісторыі, а змушае пераасэнсаваць іх. Калі навуковыя адкрыцці – ньютонаўская фізіка, тэорыя адноснасці Эйнштэйна і квантавая фізіка – патрабуюць ад нас змяніць спосаб разумення свету і яго патэнцыялу, то наколькі больш такой змены патрабуе падзея Уваскрасення? Словы таямнічых постацяў каля пустой магілы, якія паведамілі, што Хрыста “тут няма”, або іх пытанне: “Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых?”, даюць нам падказку: анёлы пракладаюць шлях, які вядзе ад прадузятых меркаванняў і здагадак, укаранёных у нашым смяротным існаванні, да рэальнасці ўваскрослага Пана, які адкрывае нам бясконцы гарызонт Боскага жыцця. Вось чаму Уваскрасенне, хоць і адбываецца ў часе, не абмежавана ім: “Хрыстус учора і сёння, пачатак і канец, Альфа і Амега, Яму належыць час і вечнасць…”.

Мы можам адчуць прыгожую дзіўнасць Уваскрослага Хрыста ў Евангеллях. Яны ўражваюць нас супярэчнасцямі і загадкамі, якія на першы погляд робяць іх непраўдападобнымі ў якасці цвёрдых доказаў. Але як казаць пра нешта абсалютна новае? Як думаць і рэагаваць на тое, чаго не было магчымасці перажыць раней, або як давяраць сваім пачуццям і свайму меркаванню, калі ўсё сцвярджае: “Не можа гэтага быць”? Аднак вось яно, і яно рэальна, і, магчыма, нават больш рэальна і інтэнсіўна, чым усё, што вы калі-небудзь перажывалі.

Вядома, няма двух людзей, якія б распавядалі адну і тую ж гісторыю аднолькава. Так і ў Пісанні ёсць адрозненні ў дэталях і акцэнтах, якія выяўляюць праблемы і стылі розных Евангелляў, але ёсць таксама нязвыклая празрыстасць. Тэксты не хаваюць страху і нават недаверу. Яны дапускаюць жаночыя сведчанні, якія ў габрэйскім праве не належалі б да сапраўдных. Яны не паказваюць вучняў як гераічных мужчын, якім можна цалкам давяраць. Усе апісанні з’яўленняў Езуса дэманструюць адметную стрыманасць. Усе яны – асабліва строгі, амаль бязлітасна кароткі аповед Марка, – апісваюць страх, разгубленасць і неразуменне. Але ёсць пераемнасць у тым, як вучні сустракаюцца з Езусам. Яго з’яўленні надзвычай сціплыя і інтымныя: гэта не тая вялікая трыумфальная тэафанія, якой можна было б чакаць. І не галюцынацыі, яны не падобныя на перамяненне; усе ясна паказваюць, што Уваскрасенне – не тое самае, што ўваскрашэнне Лазара ці хлопца з Наін, ці дачкі Яіра. Езус жывы, у поўнай цэласнасці свайго цела і душы; Ён носіць сляды пакут і ўкрыжавання, да Яго можна дакрануцца, Ён есць, размаўляе і суцяшае – Ён напраўду вельмі жывы. Але ў той жа час дзіўны: Ягонае цела існуе ў часе і прасторы, не падпарадкоўваючыся ім; у пэўным сэнсе яно “фізічнае”, але, здаецца, валодае ўласцівасцямі, якіх мы ніколі раней не адчувалі і не бачылі – схаластычныя тэолагі вылучалі сярод іх “спрыт, яснасць, неўспрымальнасць да болю і распаду, адсутнасць шчыльнасці”. Некаторыя сучасныя навукоўцы кажуць пра “трансфізічнасць”. Як бы мы ні спрабавалі зразумець аповеды пра з’яўленні Езуса, яны застаюцца ўсяго толькі намаганнямі зразумець і выказаць таямніцу таго, як канечнае перанесена ў хвалу жыцця Божага: гэта візія жыцця не толькі па-над смерцю, але і па-над жыццём.

Ёсць спакуса затрымацца на гэтых якасцях і рысах, даследаваць іх і задавацца пытаннем, як яны маглі ўзнікнуць, быццам бы яны былі нейкімі боскімі спецэфектамі. У нас няма ніводнай катэгорыі, да якой можна іх аднесці, яны – сама па сабе катэгорыя. Яны заўсёды знаходзяцца ва ўладзе Бога Айца, які, уваскрашаючы Езуса з мёртвых, сведчыць пра тое, што Ён – сапраўдны Сын, чыя ахвяра самога сябе была прынята. Уваскрасенне ёсць сведчаннем Айца, што ў Хрысце мы збаўлены. Сапраўды, дзівосныя рысы становяцца перашкодай, калі яны настолькі паглынаюць нас, што мы перастаём зважаць на прысутнасць Уваскрослага, які стаіць сярод нас. Асоба Хрыста – вось падзея Уваскрасення. Мы не можам абмінуць Яго, ігнараваць, абысці, пераскочыць ці пакінуць па-за дзвярыма памяшкання. Ён больш не падпарадкоўваецца нашым умовам; і таму Уваскрасенне адначасна так вызваляе і так палохае.

Многія евангельскія аповеды пра сустрэчы з уваскрослым Езусам нібы залітыя святлом. У іх адчуваецца далікатная, але незвычайная праменнасць, прасякнутая не проста свежасцю ранішняга святла, а хвалой Валадарства, што з усіх бакоў абрынаецца на нас. Павольна, як і вучні, у гэтым святле хвалы мы прыстасоўваемся да новага спосабу бачання і разумення – да новага спосабу быцця. Уваскрослы Хрыстус павінен перавучыць нас і працягваць няспынна перавучваць не толькі таму, што мы супраціўляемся або марудзім, але з увагі на таямніцу, перад якой стаім: мы няздольныя ўтрымаць усё адразу і ўтрымліваць надоўга. Вось чаму Уваскрасенне заўсёды спалучана з Духам, які ўсцяж навучае нас, і з супольнасцю, якая трывала захоўвае для нас праўду. У рэшце рэшт, Уваскрасенне – гэта не праблема, якую трэба вырашыць, а заклік, даручэнне місіі – крочыць за ўваскрослым Хрыстом. Калі мы зразумеем, што Уваскрасенне ў велікодную раніцу – гэта адна падзея з Унебаўшэсцем і Пяцідзясятніцай, тады мы заўважым, як гэты “момант” пашыраецца ў часе. Ён нясе ў сабе сілу збаўчай любові Бога ў Хрысце, якая ўсцяж пашыраецца і бесперапынна ўдзяляецца праз выліванне Святога Духа – любові, якая ахоплівае нас – дасягаючы кожнага пакалення і кожнага моманту гісторыі. У гэтым сэнсе Уваскрасенне – дынамічная іманентная будучыня, якая падахвочвае нас да канчатковага ажыццяўлення і здзяйснення. Ва Уваскрасенні Сына Бог адкрывае саму прычыну стварэння і дару жыцця, дадзенага нам. Досыць часта Уваскрасенне ўяўляецца каменем спатыкнення для розуму, пераадолець які нібыта магчыма толькі сляпым скачком веры. Насамрэч усё наадварот. Уваскрасенне не патрабуе ад нашай веры адмовы ад розуму, але аздараўляе і аднаўляе яго. Інакш кажучы, цяпер мы можам выразна бачыць і ведаць не толькі тое, што сам Бог ёсць нашым розумам, мэтай, да якой імкнуцца ўсе рэчы і дзе знаходзяць свой сэнс, але і тое, што розум гэты ёсць Любоў у Асобе, якая прыходзіць шукаць нас. У новым святле Уваскрасення мы бачым Божую перспектыву: каб мы не згубіліся, Ён гатовы выцерпець супярэчнасць крыжа і ўвайсці ў стан канчатковага забыцця розуму ў смерці. Будучыня, якая прабывае з намі ва Уваскрасенні, – гэта прысутнасць Уваскрослага Пана. Гэта будучыня, у якой мы ў пэўным сэнсе ўжо жывём цяпер дзякуючы дару ласкі. Мы не толькі сведчым пра Хрыста, але і жывём у Ім – гэта штодзённая рэальнасць, у якой мы прабываем падчас цэлебрацыі сакрамэнтаў. Гэтая іманентная будучыня – момант, ад якога ўсе моманты нашага жыцця атрымліваюць свой кірунак: “І вось, Я з вамі ва ўсе дні…”. Такім чынам, Уваскрасенне пранізвае ўсё існаванне і арыентуе яго на мэту і здзяйсненне. Гэта таксама азначае, што ўсе, каго мы любім і з кім жылі ў гэтай веры ва Уваскрасенне, з’яўляюцца не толькі часткай нашага мінулага, але і часткай нашай будучыні.

Калі мы ўсё гэта пачынаем разумець і перажываць напраўду, тады, праз якую б цемру не давялося прайсці, жыццё становіцца своеасаблівым велікодным гімнам Exultet, які Касцёл ідзе і спявае ў нас:

Нічога б мы не атрымалі з дару жыцця,
калі б не прыйшло збаўленне.
О, якая ж дзівосная для нас Твая ласка!
О, якая невымоўная любоў: каб адкупіць слугаў, Ты аддаў Сына!

Джэймс Ханві SJ

Крыніца: The Easter Proclamation