Ініга дэ Лаёла – імя Ігнацый ён узяў каля 1540 года з павагі да біскупа-пакутніка з Антыёхіі – навярнуўся, калі аднойчы пераканаўся ў волі Бога адносна свайго жыцця, і працягваў шукаць гэтай волі ў кожнай яго драбніцы. Ён быў малодшым сынам у досыць уплывовай баскскай шляхецкай сям’і, дзе не згасла прага прыгодаў, а хрысціянская вера сумяшчалася са свецкім духам, які не асабліва намагаўся пазбягаць граху. Ініга аддаваўся славе і забавам амаль да 30-гадовага ўзросту, калі падчас хваробы ў Лаёле яму адкрылася іншае вымярэнне чалавечага існавання – жыццё ў Духу. Ён тады прачытаў дзве кнігі, якія засяродзілі ягоныя думкі на Хрысце (Чыім выбітным слугою ён пазней стане) і на святых, да якіх яму хацелася быць падобным. Ён разважаў і задаваўся пытаннямі пра “духаў”, якія, па яго адчуваннях, дзейнічалі ўнутры: некаторыя  прыносілі трывогу, іншыя – суцяшэнне; пакрысе ён навучыўся распазнаваць праўдзівае і падманнае. Гэты досвед “распазнавання” суправаджаў яго ўсё жыццё. Адмовіўшыся ад мінулых чаканняў, ён пакінуў свет людской славы, каб праводзіць жыццё ў малітве і аскезе ў Манрэсе, пакутуючы ад спакус і сумневаў. Гэта была нялёгкая школа, падчас якой Бог адносіўся да яго “як настаўнік да дзіцяці”, але яна дапамагла яму пераадолець сваю схільнасць да нястрыманасці і неразважнасці.

“Што я магу зрабіць для Хрыста?”

Глыбока шкадуючы за свае грахі і неўпарадкаванае жыццё, ён папрасіў у Бога ласку адчуць агіду да свету. Ігнацый тварам у твар бачыць укрыжаванага Хрыста, які памёр за яго грахі. Яго наскрозь пранізвае перажыванне таго цуду, што ён прабачаны і збаўлены. “Што я раблю для Хрыста?”, “Што я буду рабіць для Хрыста?”. Гэтыя размовы Пана са слугою, сябра з сябрам дапамагаюць убачыць, як яго грахі разам з грахамі ўсяго чалавецтва ахоплены збаўчай задумай Найсвяцейшай Тройцы, і толькі дзеля гэтай задумы ён цяпер хоча жыць. Разважанні і містычны вопыт, дадзеныя Богам, дазваляюць яму стаць апосталам з цвёрдым намерам дзеля любові да Хрыста ратаваць душы і весці іх да дасканаласці. Пазней яго ідэалы падзялілі іншыя людзі, яго таварышы, якія, у сваю чаргу, сталі распаўсюджваць і бараніць веру цераз прапаведванне і служэнне ў свеце, сакрамэнтамі і ўсімі магчымымі справамі міласэрнасці. Ігнацый няспынна заклікаў іх да чыстай любові да Езуса Хрыста, вучыў шукаць Яго хвалы і збаўлення душ, імкнуцца да дасканаласці ў любові да Бога і служэннні Яму. Дзейная яго натура пасля навяртання знайшла сталы і выразны накірунак.

Жабрак і пілігрым

Нованавернуты вырашыў стаць пілігрымам – чалавекам, які лічыць сябе вандроўнікам на зямлі і паводзіць сябе адпаведна. Ігнацый выбраў спадзявацца толькі на Бога. На працягу чатырнаццаці год ён пешшу падарожнічаў па Іспаніі, Францыі, Італіі, Фландрыі і Англіі, здзейсніў пілігрымку ў Ерусалім, дзе хацеў застацца. Яго разуменне ўласнага ўнутранага стану з усімі ўзлётамі і падзеннямі праяснілася, дзякуючы сустрэчам з мноствам розных людзей. Бачанне на рацэ Карданер многаму навучыла яго ў духоўным і інтэлектуальным сэнсе. Ён убачыў жыццё ў новым святле, і гэта настолькі ўразіла яго, што ён пазней часта згадваў той вопыт. Ён убачыў, што ўсё добрае і ўсе дары даюцца з вышыні мудрым і ўсемагутным Богам, што яны вяртаюцца да Яго, і што чалавек павінен зрабіць са свайго боку ўсё магчымае, каб садзейнічаць гэтаму. Нельга сказаць, што тое новае бачанне цалкам пазбавіла Ігнацыя ад памылак. Пашыраючы свае сувязі з людзьмі, і паступова, с большым або меншым поспехам знаходзячы прыклады паводзінаў, дзякуючы багатаму вопыту, ён працягваў вучыцца мастацтву разважлівасці і la discreta caridad, без якой немагчыма абыйсціся чалавеку, калі жыццё патрабуе такой колькасці важных рашэнняў.

Пасланнікі па ўсім свеце

Настаў дзень, калі паплечнікі Ігнацыя вырашылі ўтварыць пастаянную супольнасць. Калі Таварыства, якое ім хацелася бачыць уганараваным імем Езуса, было заснавана, пілігрымуючы да той пары вандроўнік не мог болей падарожнічаць. Седзячы ў сваім маленечкім пакойчыку ў Рыме, ён арганізоўваў місіі дзеля Папы Рымскага або выпраўляў членаў Таварыства працаваць “сярод туркаў”, азіятаў у “Індыях”, сярод пратэстантаў, няверуючых. Ён імкнуўся да таго, каб і яны, у сваю чаргу, сталі пілігрымамі ці беднымі апосталамі і заклікаў іх спадзявацца на Пана. На час смерці Ігнацыя ягоныя пасланнікі былі ў Афрыцы і Азіі, у многіх краінах Еўропы, дзе працавалі пад яго кіраўніцтвам. Іх падтрымлівалі яго пасланні, якія ўмацоўвалі пачуццё супольнасці, нягледзячы на тое, што яны былі рассеяны па ўсім свеце.

Служыць Пану і Касцёлу

Ігнацый быў “захоплены” Хрыстом, вечным Панам усяго стварэння, і прагнуў служыць Яму і наследаваць Яго, зносячы несправялівасць і беднасць, “не толькі духоўную, але і рэальную”, стараўся пераймаць Яго ў сваіх жыццёвых абставінах. Часта Езус яўляўся яму, і Ігнацый хацеў быць з Ім не толькі ў славе, але і ў цярпенні. Калі ён прыйшоў у Рым, бачанне ў Ла Сторта ўмацавала яго перакананасць у тым, што “яму дадзена месца побач з Сынам” і што ён будзе змагацца за Бога пад сцягам Крыжа. Святы Дух даў Ігнацыю і яго сабратам пачуццё, што Хрыста-Жаніха і Касцёл-Нявесту знітоўвае адзін і той жа дух, які вядзе і кіруе нас да дабра нашых душаў. Будучы рэалістам, Ігнацый бачыў сапраўдны твар “Касцёла ў змаганні” XVI стагоддзя, які зусім не быў бездакорным; ён бачыў, як павольна ён рухаецца па шляху рэформ, ён пакутваў з-за недахопаў, аднак верыў, што менавіта праз Касцёл Евангелле павінна распаўсюджвацца ў аддаленых землях. Імкненне служыць Хрысту набыло канкрэтны выраз у жаданні групы паплечнікаў поўнасцю аддаць сябе ў распараджэнне намесніка Хрыста, Папы Рымскага. Калі Дух гаварыў з Ігнацыем праз  сэрца, то Ён таксама гаварыў з ім праз іерархію Свайго Касцёла, дзе Езус штодзённа здзяйсняе сваю збаўчую таямніцу; і менавіта ўлада бачнага Касцёла прызнала харызму Ігнацыя.

“Дапамагаць душам”

Маючы жаданне “жыць адным толькі Богам” у свеце, Ігнацый тым не менш бачыў патрэбу ў адносінах: патрэбу аддаваць і атрымліваць. Бог хацеў, каб ён ішоў менавіта гэтым шляхам. Адначасова ён ведаў, што не зможа быць сапраўдным апосталам для іншых, калі не будзе “цнатлівым і адукаваным”, як пазней ён напіша ў “Канстытуцыях” (“Статуце”) езуітаў. Калі Ігнацый вучыўся, яму давялося сустрэцца з многімі прадстаўнікамі касцёльнай улады, спаведнікамі, экзаменатарамі, інквізітарамі, манахамі і біскупамі, а таксама са свецкімі вернікамі – мужчынамі і жанчынамі; усе яны дапамагалі яму акрэсліць жаданне “дапамагаць душам”. Яго малітва, апостальства і вучоба паступова зліліся ў адзінае цэлае. Яго клопат аб асабістай дасканаласці непадзельна спалучыўся з клопатам аб дасканаласці кожнага чалавека, якога ён сустракаў.

Будучы студэнтам у Алкале, Саламанцы, Парыжы ён наўрадці прадбачыў, што стане заснавальнікам манаскага ордэна. Яму неабходна было набыць сталасць, удасканаліцца, атрымаць духоўную карысць ад сустрэч, якія спасылаў яму Пан на жыццёвай дарозе, перш чым ён змог сабраць вакол сябе “супольнікаў Пана”, і яны вырашылі крочыць разам і ўтварыць арганізацыю, угрунтаваную на паслухмянасці.

Таварыства Езуса, якое ўзнікла як нефармальная група сяброў, пазней стала часткай касцёльных структур, каб здзяйсняць усе віды служэння, звязаныя з яго адмысловай харызмай. Афіцыйна зацверджаны статус Таварыства стаў духоўнай рухаючай сілай, якая падахвочвала яго членаў імкнуцца ўсё далей на шляху служэння Пану. Закон любові і міласэрнасці, які пры пэўных абставінах можа дзейнічаць і без правіл, накіроўвае і ажыўляе запісаныя прынцыпы. Ігнацый не надаваў “Канстытуцыям” (“Статуту”) формы замкнёнай сістэмы: народжаныя з практыкі распазнавання Божай волі, яны не толькі вызначаюць ідэал Таварыства, але і адлюстроўваюць яго жыццё. Яны – прадукт вопыта езуітаў, але ў той жа час яны пабуджаюць іх да індывідуальнага і супольнага распазнавання.

Дзеянне і паслухмянасць

Ігнацый заснаваў ордэн святароў, з якімі супрацоўнічаюць тыя члены ордэна, каторым не ўдзяляецца святарскае пасвячэнне. Апостальская мэта Таварыства ўвасоблена ў святарстве, якое лічылася на той час найлепшай крыніцай дапамогі душам. Ігнацый хацеў, каб у яго ордэне былі святары, якія б вылучаліся чысцінёй свайго хрысціянскага жыцця і адукаванасцю. Для яго, прыхільніка частага прыняцца святой Камуніі, літургія была святой ахвярай, якую ён прасіў Бога прыняць за сваіх дабрадзеяў; акрамя таго, як сведчыць яго “Духоўны дзённік”, яна была для яго падзеяй, падчас якой яго настойлівая малітва ўзносілася праз Езуса Хрыста да Айца Святла, дапамагаючы яму атрымаць неабходныя ласкі, каб добра выконваць сваю працу.

Таварыства – група людзей, якія падзяляюць тое самае пакліканне, моцна з’яднаных адно з адным міласэрнасцю, адзіным духам і злучаных з Богам паслухмянасцю – паслухмянасцю, якая паходзіць з іх місіі. Гэта паслухмянасць Святому Айцу, заснаваная на абяцаннях, прынесеных на Манмартры; гэта таксама паслухмянасць настаяцелю, аб якой гаварылі першыя езуіты. І перш за ўсё, гэта паслухмянасць Хрысту, які выканаў Сваю місію ў паслухмянасці Айцу. Вось чаму Ігнацый хацеў, каб гэтая паслухмянасць была цвёрдай, паслужлівай, радаснай, неадкладнай, а ў пэўных абставінах сляпой – такой, якая імкнецца растварыцца ў вечным Боскім святле, адначасова застаючыся разважлівай з павагі да Духа Святога, які жыве ў кожным хрысціяніне.

“Любіць Стварыцеля ў кожным стварэнні”

Блізкія сябры Ігнацыя казалі, што ў яго была дзіўная здольнасць ва ўсім знаходзіць Бога і што ён з глыбокай пашанай адносіўся да Найсвяцейшай Тройцы. Ён быў чалавекам, які пад кіраўніцтвам Духа Святога маліўся Айцу, наследаваў Сына і хацеў, каб члены Таварыства знаходзілі Бога ва ўсіх абставінах і дробязях жыцця, любячы Свайго Стварыцеля ва ўсім і ўсе стварэнні ў Ім, будуючы сваё жыццё ў адпаведнасці з Яго святой воляй. Хіба Бог не прысутнічае паўсюль і ва ўсім? Апостал на некаторы час адыходзіць ад свету, ведаючы, што гэты свет мітуслівы і паддадзены ўплыву “ворага роду чалавечага”, каб потым быць пасланым у любую частку свету, да любога прадстаўніка чалавецтва, якога ён сваім ачышчаным зрокам убачыць “у Богу”. Гэты свет з яго ганарлівымі і пакорнымі, багатымі і беднымі, грэшнікамі і праведнікамі, мужчынамі і жанчынамі, язычнікамі і хрысціянамі – той свет, які трэба заваяваць і прывесці да Езуса Хрыста ўсімі звышнатуральнымі і натуральнымі сродкамі:  міласэрнасцю, малітвай, евангельскай беднасцю, а таксама культурай, уплывам, грашыма, ўзаемаадносінамі. Усё гэта можа дапамагчы апосталу стаць дзейнай прыладай Божага Валадарства па добрай волі Бога, які жадае, каб Яго праслаўлялі ва ўсім, што Ён дае як Стварыцель і Крыніца ласкі.

Апостал Рыма

Св. Ігнацый ніколі не аддзяляў сябе і створанае ім Таварыства ад свету і яго праблем. Патрэбы рэчаіснасці заўсёды знаходзілі водгук у яго душы. Ігнацый дзейнічаў амаль заўсёды па аднолькавай схеме: пачынаў якую-небудзь справу, ствараў арганізацыю, якая гэтай справай кіравала і забяспечвала яе сродкамі, падтрымліваў яе, колькі было неабходна, а потым сціпла аддаляўся.

Пасяліўшыся ў Рыме, Ігнацый па сваёй звычцы дапамагаў прадстаўнікам ніжэйшых слаёў грамадства. На адной з вуліц Вечнага горада існаваў “кляштар навернутых жанчын”, у якім у 1543 годзе знаходзілася восемдзесят былых грэшніц, якія пакаяліся і прагнулі стаць манахінямі. Час ад часу на вуліцах Рыма можна было назіраць цікавую карціну: па вуліцы, кульгаючы, ішоў заснавальнік Таварыства Езуса, а на пачцівай адлегласці ад яго – жанчына, якую ён пераканаў пакінуць ганебны занятак і прыйсці ў Дом святой Марты.

Клапаціўся св. Ігнацый і аб матэрыяльным і духоўным дабрабыце габрэяў, якія прымалі хрост. Ён актыўна выступаў супраць звычая пазбаўляць навернутых габрэяў маёмасці, а іх дзяцей – спадчыны.

Лаёла ўзаемадзейнічаў і з прадстаўнікамі вышэйшых слаёў грамадства (напрыклад, дзякуючы яго ўплыву, шлюб Асканіо Калоны і Хуаны Арагонскай не распаўся).

Партрэт генеральнага настаяцеля – аўтапартрэт святога

Чалавек, які ўвесь час імкнецца да большага, каб праславіць нашага Пана і паслужыць Яму. Муж надзеі, якую ён цярпліва ўвасабляе ў жыццё. Містык, які прагне прысвяціць сваё жыццё Богу ў служэнні высокім інтарэсам чалавецтва. Манах, для якога паслухмянасць не выключае ініцыятывы. Кіраўнік з глабальным позіркам, але ў клопаце таксама пра найменшае… – Усё гэта можна сказаць пра Ігнацыя Лаёлу. Але аб ім можна сказаць і многае іншае. Ён быў блізка Бога ў малітве і ва ўсіх сваіх справах; ён быў ахоплены любоўю да бліжняга і да Таварыства; ён быў прыемны Богу і людзям, дзякуючы сваёй пакоры; ён быў непадуладны схільнасцям, якія ён прыручаў і падпарадкоўваў, каб дапамагчы іншым змяніцца; ён выхоўваў у сабе строгасць і аскетызм, але спалучаў іх з лагоднасцю да сваіх сыноў; ён велікадушна дапамагаў слабым; упарта імкнуўся да мэты, не падаючы духам; ён дзейнічаў без лішняга захаплення або панурасці; ён быў гатовы – і нават жадаў – памерці; ён заўсёды быў уважлівы і гатовы да новых здзяйсненняў; ён быў адораны энергіяй, якая дазваляла яму даводзіць свае справы да канца, карыстаючыся ўладай, заснаванай на павазе і добрым імені.

Калі Ігнацый пералічваў якасці, неабходныя генеральнаму настаяцелю Таварыства, ці ведаў ён, што малюе ўласны партрэт? Ён уклаў душу ў “Практыкаванні” і ў “Канстытуцыі”, як і ва ўсё, што рабіў. Менавіта такім мы і павінны яго ўбачыць і садзейнічаць таму, каб яго спадчына прынесла добрыя плады.

Выказванні святога Ігнацыя Лаёлы