Ужо стала традыцыяй, што падчас сваіх падарожжаў за мяжу Папа Францішак выдзяляе час, каб сустрэцца са сваімі сабратамі па ордэну – мясцовымі езуітамі, каб паразмаўляць з імі на розныя тэмы, даведацца пра іх працу. Так раней адбылося ў Польшчы (падчас Cусветных Дзён Моладзі ў 2018 г.), у Славакіі, на Мальце, у Канадзе, і зусім нядаўна ў сталіцы Казахстана, дзе Святы Айцец удзельнічаў у З’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій. Езуіты цяпер не служаць на тэрыторыі Казахстана (хоць раней там прысутнічалі ў некалькіх месцах і нават пабудавалі касцёл у будучай сталіцы – Астане, які стаў катэдральным; у ім таксама маліўся Папа, сустракаючыся з духавенствам). Па гэтай прычыне на сустрэчу з Францішкам паклікалі членаў Таварыства Езуса з рэгіёна, да якога адмінстрацыйна належыць гэтая сярэднеазіяцкая краіна: акрамя Кыргызстана і Расіі, гэта і Беларусь, таму віцебскія езуіты – а. Клеменс Верт і я – таксама атрымалі запрашэнне прыбыць на сустрэчу. Шчыра кажучы, спачатку я сумняваўся, ці варта выбірацца ў такі далёкі шлях: ці сапраўды можам назваць сябе “мясцовымі езуітамі”, праехаўшы 3000 км? Але езуіцкая паслухмянасць узяла верх і мы купілі білеты на самалёт. Забягаючы наперад, скажу, што яно было таго варта. Акрамя нас, на запрашэнне адгукнуліся 17 сабратоў, якія служаць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, розных месцах Сібіры і Кыргызстана. Разам мы прадстаўлялі 11(!) розных народнасцей. 

Сустрэча адбылася ў нунцыятуры раніцай 15 верасня, у апошні, трэці дзень візіту Папы. Канешне, было хваляванне перад такой падзеяй: такія аказіі здараюцца, бадай што, раз у жыцці. Як сябе паводзіць, што казаць?.. Але у Папы Францішка выдатна атрымліваецца разрадзіць абстаноўку. Ён прыбыў амаль на 20 хвілін раней і прывітаўся з кожным паасобку. Мне пашчасціла быць адным з перакладчыкаў, таму я заняў месца побач са Святым Айцом і ўвесь час сустрэчы знаходзіўся так блізка ад яго, што проста не верылася. Такі досвед, безумоўна, пакідае моцнае ўражанне: харызма Францішка адчувальная амаль што фізічна. Справа не толькі ў тым, што ты знаходзішся побач з асобай, якую слухаюць міліярды людзей, але ў адчуванні, што гэты чалавек – сапраўдны маральны і духоўны аўтарытэт, прычым дзякуючы не сваёй фармальнай пасадзе, а таму, што паслядоўна ўцелаўляе ў жыццё тое, ува што верыць і што яму падказвае Дух Святы. Адначасова ёсць усведамленне, што Папа – чалавек, які мае свае недасканаласці і абмежаванні, пачынаючы ад фізічнага здароўя: уражвала, як з-за праблемы з каленам яму даводзіцца дазваляць, каб яго перасаджвалі з інваліднай каляскі на крэсла і назад, як яму цяжка стаяць. Разам з усім гэтым, Францішак паводзіць сябе вельмі проста і непасрэдна, жартуе і шчыра смяецца: ён сапраўды ўмее ламаць сцены. 

Пра што Папа размаўляў з езуітамі – гэта, канешне, таямніца, якую нельга парушыць пад страхам смерці. Жартую. Насамрэч, ніякіх асаблівых таямніц Папа нам не адкрыў, акрамя, бадай што, усведамлення таямніцы Валадарства Божага, якое вельмі блізкае, але схавана ад звычайнага ўспрымання. Перш за ўсё, Францішак нагадаў нам пра тое, каб быць блізкімі да Божага народа, каб быць побач з людзьмі, каб умець чуць іхняе цярпенне і пакуты асабліва ў наш няпросты час. Не абышлося без абмеркавання трагічных падзей апошняга часу – вайны і яе наступстваў. Калі адзін з прысутных запытаўся Папу пра тое, якая малітва найчасцей ёсць у ягоным сэрцы, ён адказаў, што гэта вельмі просты заклік да Бога: “Пане, паглядзі на свой народ!” Пастыр паўсюднага Касцёла казаў нам пра важнасць малітвы заступніцтва з адвагай і настойлівасцю, з даверам, але адначасова “надакучаючы” Богу, як гэта рабіў Абрагам, просячы за жыхароў Садома. Папа сцвердзіў, што без практыкі размовы з Богам, прабывання перад Богам не можа быць аўтэнтычнага паклікання. Святы Айцец нагадаў сваім сабратам таксама пра тое, што нельга быць у першую чаргу спецыялістам у нечым, а потым ужо езуітам: трэба перадусім жыць сваім пакліканнем, сапраўды адчуваць, што належыш да манаскай сям’і, а тады ўжо глядзець, чым займацца і ў якой сферы дасканаліцца. У кантэксце міжрэлігійнага мерапрыемства, падчас якога ў чарговы раз гучаў моцны заклік да міру, Папа таксама вучыў нас у духу экуменізма будаваць масты, шукаць таго, што яднае, а не раздзяляе. Мне здаецца, што ўсе гэтыя парады не толькі езуітам, але любому верніку варта прымяняць у сваім жыцці, дастасоўваючы да абставінаў. 

Спадзяюся, што гэтыя мае ўражанні дапамаглі хоць крыху перадаць атмасферу сустрэчы з Папам-езуітам і заахвоціць прыслухоўвацца да ягоных словаў. Няхай Пан захавае яго і вядзе сваім Духам для дабра ўсяго паўсюднага Касцёла. 

Віктар Жук SJ

Фота: Янез Север SJ