Гамілія на VII Велікодную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.
Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе.
Ян 17, 1-11a
Езус — наш Заступнік
Пасля літургічнага святкавання Унебаўшэсця Пана сёння Слова Божае адкрывае нам перспектыву таго, што адбываецца далей. У першым чытанні мы бачым, як апосталы разам з Марыяй, Маці Езуса, паводле ўказанняў Пана ў малітве чакаюць абяцанага дару Духа Святога. У Евангеллі, хоць мы зноў вяртаемся ў момант Апошняй Вячэры, у словах Езуса чуем пра Божую славу, у якой Ён прабывае пасля Уваскрасення і вяртання да Айца.
У той жа час там, у Вячэрніку, Езус просіць за вучняў перад Айцом — і гэта тое, што Ён робіць няспынна як наш жывы і вечны Заступнік.
Уся 17-я глава чацвёртага Евангелля — гэта малітва Езуса да Айца, якая засяроджана на кульмінацыі Яго місіі — перамозе над смерцю праз Яго ўласную смерць, і адначасова гэта просьба за вучняў — не толькі сабраных у Вячэрніку, але ўсіх часоў і месцаў — за тых, за якіх Езус аддае Сваё жыццё. Ведаць, што я блізкі/блізкая Сэрцу Езуса, што Пан Езус прадстаўляе мае справы перад Богам Айцом і ўсялякім чынам прагне мне дапамагчы, каб даць мне сапраўднае жыццё, — ці ж гэта не крыніца вялікай радасці, суцяшэння, надзеі для кожнага з нас?
Слава Божая і зямная
Разважаючы далей над малітвай Пана Езуса, лепш зразумеем, у чым сутнасць гэтай надзеі і суцяшэння для нас. Езус некалькі разоў паўтарае ў сённяшнім урыўку словы «слава» і «праслаўляць», кажучы пра ўзаемаадносіны Айца і Сына (у беларускім перакладзе ўжываюцца таксама іх сінонімы — «хвала» і «ўсхваляць»). Гэта словы, якія мы часта чуем у літургіі і наогул у рэлігійнай мове.
Інтуіцыйна, напэўна, даволі лёгка разумеем, пра што тут гаворка: мы праслаўляем Бога за Яго веліч, узносім хвалу за Яго дары, за Яго збаўчае дзеянне. Праслаўленне блізкае да падзякі, але ў ім мы больш звяртаем увагу не на дары, а на іх крыніцу — самога Бога, і такім чынам яно «ачышчае» нашыя адносіны з Богам ад лішняга прагматызму, ад засяроджанасці на тым, чаго ад Яго патрабуем (і за што, трэба спадзявацца, дзякуем).
Зрэшты, з пахвалой мы знаёмыя ў нашым штодзённым жыцці: бацькі аддаюць належнае дзецям, настаўнікі — вучням і г.д., калі хваляць іх за добрыя паводзіны і вынікі (але ведаем таксама, як важна, каб адчуванне дзяцей, што яны добрыя, не было звязана толькі з іх вынікамі, то бок каб яны адчувалі сябе любімымі безумоўна, нават без «заслуг»).
З іншага боку, Пісанне папярэджвае, што небяспечна гнацца ў жыцці любым коштам да чалавечай пахвалы і зямной славы.
Езус рашуча гоніць д’ябла, які прапануе Яму «ўсю славу зямных валадарстваў» (пар. Мц 4, 8–10).
Уваходзячы глыбей у словы Езуса, пастараемся лепш зразумець, у чым сутнасць «хвалы» і «славы» паводле Божай праўды. Цікава, што ў слоўніку Старога Запавету «слава» звязаная з «вагай», з паняццем цяжару. Тая асоба ці рэч «слаўная», то бок важкая, якая мае большае значэнне, «вагу». Бог адпаведна аб’яўляе сваю славу, калі робіць нешта важнае для свайго народа: напрыклад, у аповедзе пра дар манны ў пустыні народ Ізраэля бачыць «славу Божую» (Зых 16, 10). Чалавек стаіць перад нечым таямнічым, што большае за яго разуменне і магчымасці і ў той жа час прыцягвае сваёй веліччу.
Божая веліч і слава таксама бачная ў створаным дзіўна сусвеце, шмат псальмаў прысвечаныя менавіта ўсхваленню Бога за прыгожасць усяго, што існуе (і ў нашыя часы, дзякуючы ўсё новым адкрыццям у навуках, мы можам яшчэ больш дзівіцца Божай задуме…). Варта памятаць, што сам Пан Езус маліўся словамі гімнаў габрэйскіх Пісанняў, праслаўляючы Бога і за прыгажосць тварэння, і за цуды Божай велічы ў гісторыі Ізраэля.
Бог Айцец праслаўлены ў Езусе
Але Езус сваім жыццём і дзеяннямі, і яшчэ больш праз перамогу над смерцю праз Сваю ўласную смерць і ўваскрасенне, аб’явіў славу Божую цалкам асаблівым чынам. Як сцвярджае Пасхальная літургія Касцёла, «справа адкуплення — больш велічная за справу стварэння».
Бог у сваёй непасцігальнай любові прыйшоў шукаць чалавека, які згубіўся, каб не толькі вярнуць нам першапачатковую годнасць, але і адкрыць шлях да ўдзелу ў сваёй славе!
Так, менавіта гэта кажа Езус: «Я ўславіўся ў іх», і просіць Айца, каб ззянне Яго славы, велічы, прыгажосці і далей аб’яўлялася ў нас праз нашае жыццё ў Ім.
Так, як Езус праславіўся, праслаўляючы Айца сваім жыццём, так і мы дасягаем нашай «славы», сапраўднай годнасці, калі праслаўляем Бога сваім жыццём. Калі молімся «Ойча наш <…> свяціся Імя Тваё», гэта іншы спосаб прасіць, каб Бог быў праслаўлены. Як гэта адбываецца? — «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах», вучыць Хрыстус (Мц 5, 16).
Слава Айца ў нас, Яго дзецях
Менавіта таму св. Ірэнэй, айцец Касцёла, кажа: «Слава Божая — жывы чалавек», маючы на ўвазе сапраўднае — Божае — жыццё. У кожным з нас закладзены патэнцыял непаўторным чынам раскрыць нейкую рысу Божай славы, бо ўсе мы — непаўторныя дзеці Айца, хоць, канечне, маем і шмат чаго агульнага з іншымі нашымі братамі і сёстрамі і пакліканыя да супрацоўніцтва з імі. Але перш за ўсё мы пакліканыя супрацоўнічаць з дарам Божага жыцця і любові, без якога не можам прынесці ў гэты свет нічога прыгожага і каштоўнага.
Пан Езус у сённяшнім Евангеллі раскрывае сэнс свайго жыцця: ён не ў тым, каб шукаць свайго, каб імкнуцца да праслаўлення сябе самога, але ў тым, каб праславіць Айца і такім чынам знайсці сапраўдную хвалу.
У гэтым пасхальны парадокс жыцця: чым больш мы «губляем сябе», выходзім за межы ўласных інтарэсаў, там больш знаходзім сэнс і радасць.
Святы Ігнацый Лаёла пасля навяртання зрабіў сваім дэвізам словы «ўсё дзеля большай славы Божай», бо верыў, што нават сціплыя намаганні, якія робяцца з чыстым сэрцам і намерам, сапраўды памнажаюць Божую хвалу ў гэтым свеце і будуюць Божае Валадарства.
Дух Святы, якога мы па прыкладу апосталаў і Маці Божай у гэтыя дні чакаем з жаданнем і надзеяй, вядзе ўсё тварэнне да канчатковага праслаўлення ў Богу. Няхай Дух напоўніць нас верай і жаданнем праславіць нашым жыццём Бога і апынуцца ў Яго славе.
Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому, як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
Віктар Жук SJ
Фота Віталія Палінеўскага