З 16 па 24 мая 2020 г. у Касцёле па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прайшоў Тыдзень “Laudato si’”. Па яго заканчэнні Папа Францішак абвесціў Год “Laudato si’”, які будзе доўжыцца да 24 мая 2021 г. 

У інтэрв’ю міланскай каталіцкай газеце “Avvenire” падчас Тыдня “Laudato si’ ” кардынал Майкл Чэрны SJ заахвочвае нас адкрыць у энцыкліцы “Laudato si’ ” новае стаўленне да крызісу, выкліканага пандэміяй каранавірусу, і знайсці рашэнні для праблем, якія ён абвастрыў. 

Тыдзень “Laudato si’ “, прысвечаны святкаванню 5-годдзя энцыклікі Папы, адбываецца ў драматычны момант падчас пандэміі Covid-19. Якое значэнне мае энцыкліка ў святле сённяшняй сітуацыі, гэтага “знака часу”?

Пяць год таму “Laudato si’ “ выявіла лініі разломаў у пытаннях сацыяльнай несправядлівасці і дэградацыі навакольнага асяроддзя. На вялікі жаль, Covid-19 узмацняе і павялічвае тыя лініі разломаў асабліва драматычным і выразным чынам. Выкрылася “паскарэнне” [1], якое бачыў Папа Францішак: не толькі спосаб і хуткасць распаўсюджвання віруса паскораныя, але і тэмпы лічбалізацыі, калі страчаныя мільёны звычайных працоўных месцаў, анлайн-камунікацыі замяняюць сустрэчы і значныя падзеі.

Звярніце ўвагу на паралелі: каранавірусны крызіс пачынаецца з пашкоджання фізічнага здароўя, але мае жахлівыя сацыяльна-эканамічныя наступствы, асабліва сярод самых безабаронных. Экалагічны крызіс падобны: ён пачынаецца шкодай для навакольнага асяроддзя, але мае разбуральныя наступствы для працы, харчавання, здароўя і іншых сацыяльных пытанняў, балюча закранаючы самых бедных. Абодва крызісы патрабуюць новых рашэнняў, якія будуць выконвацца ўсюды і на ўсіх узроўнях, а не толькі “на вяршыні”.

Laudato si’” – не першае выказванне Касцёла пра экалогію, але дзякуючы гэтай энцыкліцы была створана новая парадыгма інтэгральнай экалогіі, якая таксама паўплывала як на касцёльную, так і на агульную мову. Якія працэсы ініцыявала энцыкліка?

Неўзабаве пасля свайго выхаду энцыкліка дапамагла заснаваць, натхніць і арыентаваць Парыжскую канферэнцыю COP21 у снежні 2015 года, якая прывяла да Парыжскага пагаднення – няўдалага і слабога, але ўсё ж першага і неабходнага кроку. “Laudato si’ ” таксама стымулявала шмат формаў актыўнасці ў парафіях, іншых веравызнаннях, свецкіх групах і рухах. Я лічу, што гэта беспрэцэдэнтна для энцыклікі.

Як мы можам наноў прачытаць энцыкліку ў святле сённяшняга дня? І як мы можам найлепш скарыстацца гэтым тыднем, прысвечаным “Laudato si’”?

Карысна перачытаць “Laudato si’ ” у святле Covid-19. Экалагічныя злоўжыванні і дэградацыя навакольнага асяроддзя, верагодна, садзейнічалі з’яўленню і распаўсюджванню віруса, але нашае разуменне павінна пайсці значна глыбей: да асноўных анты-каштоўнасцяў, якія выклікалі канкурэнтную і спажывецкую цывілізацыю ўчарашняга дня. Новы свет пасля Covid-19 павінен быць значна лепшым.

Яшчэ ёсць католікі, якія маюць пэўныя цяжкасці з прызнаннем сацыяльна-экалагічнага пытання фундаментальнай часткай іх веры. Што вы можаце ім сказаць?

Перш чым стаць “сацыяльна-экалагічным пытаннем”, стварэнне было і ёсць адным з фундаментальных прадметаў веры”: “Веру ў Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі”. 

Чалавечае жыццё заснавана на трох фундаментальных адносінах: з Богам, з нашым бліжнім і з зямлёй як такой, зямлёй як часткай поўнага любові Божага акту стварэння. Скажэнне кожнай з гэтых сувязяў з’яўляецца грахом. Прабачэнне – пошук удзелу ў збаўленні, якое нясе нам Хрыстус, аздараўленне пашкоджаных адносінаў і аднаўленне траістай гармоніі. 

Папа св. Ян Павел ІІ нагадваў усім, асабліва хрысціянам, “што іх адказнасць за стварэнне і іх абавязак адносна прыроды і Стварыцеля – істотная частка веры” [2]. Такім чынам, з тымі католікамі, пра якіх вы спыталіся, будзем крочыць разам і разам сустрэнемся з нашым нявер’ем, нашым страхам. 

Адгартацыя “Querida Amazonia” і ўвесь сінадальны працэс – дзеці “Laudato si’”. Што адгартацыя ўзяла з энцыклікі і ў чым закранае ўсіх нас, а не толькі жыхароў Амазоніі?

Сінод, прысвечаны Амазоніі, паказаў, што значыць сур’ёзна ўспрыняць “Laudato si’ ” і з адвагай выступіць супраць усіх сацыяльных і экалагічных грахоў у гэтым рэгіёне. Добры прыклад, які варта пераняць усім іншым. 

У дадатак, “Querida Amazonia” без усякай сарамлівасці шануе і падтрымлівае жыхароў Амазоніі – асабліва карэнных – як першых і незаменных герояў у захаванні Амазонкі, якая адыгрывае планетарную ролю. Гэта кідае выклік усім, хто працягвае захоўваць (хоць і несвядома) даўняе каланіялісцкае стаўленне да іншых культур альбо пачуццё права на ўсе прыродныя рэсурсы.

Чым “Laudato si’ ’’ можа дапамагчы нам у аднаўленні пасля пандэміі?

Па-першае, будзем шчырымі – нашай мэтай не павінна быць вяртанне да “звыклага стану рэчаў”, а менавіта да разбуральных, нечалавечых, несправядлівых і няўстойлівых практык, якія да пачатку 2020 года былі “нармальнымі”.

Замест гэтага, кажа Папа Францішак, давайце адродзім новыя адносіны, новую эканоміку, новае грамадства. “Laudato si’” аспрэчвае асноўныя рухавікі нездаровага і разбуральнага росту, прапаноўваючы замест гэтага інклюзіўнае і ўстойлівае развіццё, якое заслугоўвае назвы “інтэгральнага”.

Што тычыцца таго, як гэта зрабіць, “Laudato si’ ’’ надае велізарную ўвагу дыялогу як надзвычай неабходнаму падмурку пазітыўнага дзеяння. Адзіны падыход да аднаўлення пасля пандэміі – дыялог, які падразумявае сумленны ўдзел усіх зацікаўленых бакоў. Гэта сінадальны шлях.

Моладзь, напэўна, найбольш адчувае ўплыў экалагічнага крызісу. Ці можа інтэгральная экалогія служыць мостам для зносін з тымі, каму найцяжэй супрацоўнічаць з традыцыйнымі парафіяльнымі ці касцёльнымі структурамі?

Маладыя людзі слушна адчуваюць сябе моцна абуранымі недапушчальнай безадказнасцю ўсіх “адказных”. Гэта не толькі асобы, якія прымаюць рашэнні ў сферы гандлю і палітыкі, але і спажыўцы, і грамадзяне, якія вядуць лад жыцця, заснаваны на неўраўнаважанай эксплуатацыі чалавека і планеты.

Сёння моладзь бачыць планету сваім галоўным месцам пашаны і клопату; паколькі хрысціянскія рухі і парафіі суправаджаюць іх у пошуках, маладыя людзі ўключаюцца ў працэс і сапраўды граюць вядучыя ролі. Пра гэта мы даведаліся на сінодзе, прысвечаным моладзі ў 2018 годзе.

Экалагічны крызіс з кожным днём паглыбляецца; ён стаў яшчэ больш сур’ёзным, чым пяць гадоў таму, калі была апублікавана энцыкліка. Якую пастанову мог бы зрабіць хрысціянін на гэтым Тыдні “Laudato si’”?

Па-першае, усе, як хрысціяне, так і іншыя людзі, могуць паспрабаваць палешыць адносіны з прыродай праз шлях спачування. Мы не можам любіць тое, чаго мы нават не заўважаем; кантэмпляцыйнае бачанне можа распачаць падарожжа экалагічнага навяртання. 

Падчас пандэміі каранавіруса многія адкрылі для сябе той факт, што можна жыць меншымі сродкамі. Такім чынам, мы можам працягваць спажываць менш, альбо выбіраць прадукты, якія менш забруджваюць асяроддзе, альбо пазбягаць непатрэбнай упакоўкі, якая не падлягае перапрацоўцы. Замест таго, каб набываць усё больш, не ўлічваючы маральныя і экалагічныя наступствы, нашы каталіцкія парафіі, школы і цэнтры могуць усведаміць, што ” «Купля заўсёды з’яўляецца маральным чынам, а не толькі эканамічным» ” (Laudato si’, 206, цытуючы Caritas in Veritate). Яны могуць выкарыстоўваць шкляныя бутэлькі і шматразовы посуд, як гэта звычайна робяць многія сацыяльныя цэнтры і папулярныя рухі.

Нарэшце, у нашай літургіі пачнем жа святкаваць Божы дар стварэння больш натхняльным чынам. Нашыя традыцыйныя літургіі ўключаюць у сябе элементы прыроды: ваду і алей у хросце, хлеб і віно ў Эўхарыстыі, агонь на Пасхальнай Вігіліі. Мы павінны духоўна перажываць прыроду ў нас, а саміх сябе ў стварэнні – цэласна. У адваротным выпадку мы проста працягваем эксплуатацыю, спажыванне і злоўжыванне прыродай, а не прымаем нашую адказнасць як сутворцаў Бога ў будаўніцтве нашага агульнага дома. Беражлівыя, літургічныя і кантэмпляцыйныя аспекты хрысціянскай духоўнасці дапамогуць матываваць патрэбныя (і радыкальныя!) асабістыя, сацыяльныя і сістэмныя змены.

Ці можаце вы ўзгадаць некаторыя ініцыятывы, асаблівым чынам натхнёныя “Laudato si’ “?

Глабальны каталіцкі кліматычны рух (GCCM), які таксама адзначае сваё пяцігоддзе, мае ў сваім складзе больш за 900 каталіцкіх арганізацый-членаў ад буйных міжнародных сетак і рэлігійных кангрэгацый да мясцовых парафій, лакальных лідэраў і тысяч каталікоў: мужчын, жанчын і моладзі. GCCM дапамог арганізаваць цудоўны Тыдзень “Laudato si’ “, які мы зараз адзначаем.

Іншыя прыклады ўключаюць мясцовае арганічнае земляробства ў Лацінскай Амерыцы, экалагічныя будынкі ў Еўропе і сонечную энергію ў Афрыцы. Шэраг каталіцкіх школ прынялі “Laudato si’ “ ў якасці асноўнай міждысцыплінарнай тэмы выкладання для фармавання экалагічнай адказнасці і мабілізацыі вучняў і іх сем’яў у клопаце пра наш агульны дом.

Кардынал Майкл Чэрны SJ – Падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. 

Размаўлялі Люцыя Капуцы і Стэфанія Фаласка. Avvenire.

Крыніца: https://www.thinkingfaith.org/articles/co-creators-better-world

Фота кардынала Майкла Чэрны SJ/vaticannews.va


[1] Няспынна ўзрастаючая хуткасць пераменаў чалавецтва і нашай планеты спалучаецца сёння з больш інтэнсіўным рытмам жыцця і працы, што па-іспанску некаторыя называюць «rapidación» (паскарэнне). Хоць змены належаць да дынамікі складаных сістэм, хуткасць, якую ім навязвае дзейнасць чалавека, стварае сёння кантраст з натуральнай павольнасцю біялагічнай эвалюцыі. Далучаецца да гэтага праблема, што мэты дадзеных хуткіх і пастаянных зменаў не заўсёды арыентаваныя на агульнае дабро і ўстойлівае і інтэгральнае чалавечае развіццё. Змена з’яўляецца чымсьці жаданым, але абуджае неспакой, калі вядзе да дэградацыі свету і якасці жыцця значнай часткі чалавецтва. “Laudato si’”, 18.

[2] Ян Павел II, Message for World Day of Peace 1990, 15.