Гамілія на V Звычайную нядзелю, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.

А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі.

Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.

Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.

Тады сказаў Езус Сымону: Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Лк 5, 1–11

Расчараванне, перамененае паслухмянасцю

Напэўна, кожнаму з нас знаёмае пачуццё расчаравання і прыкрасці, калі ўсё ідзе не так, як нам хацелася; калі вынікам нашых найлепшых намаганняў становіцца няўдача, а не поспех.

Можам уявіць, што менавіта так сябе адчуваў Сымон разам са сваімі супольнікамі ў тую раніцу на беразе возера Генэзарэт пасля начной лоўлі, якая замест багатага ўлову прынесла толькі стомленасць і расчараванне. У такой сітуацыі просьба Езуса скарыстацца чаўном Сымона дзеля таго, каб з яго звяртацца да людзей на беразе, магла здацца недарэчнай: напэўна, рыбакам не хацелася б затрымлівацца ў той дзень на месцы іхняй няўдачы даўжэй, чым гэта было неабходна.

І калі з павагі да Настаўніка Сымон задавальняе Ягоную просьбу, то прапанова Езуса выплысці другі раз на глыбіню, напэўна, прагучала яшчэ больш недарэчна: які сэнс у тым, каб вяртацца туды, дзе зусім нядаўна нічога не злавілі? Але дзякуючы паслухмянасці слову цесляра, які адначасова ёсць Панам усяго стварэння, той дзень з няўдачы ператварыўся ў досвед надзвычайнага багацця.

Пачуты намі сёння ў літургіі евангельскі эпізод на Галілейскім моры — вельмі асаблівая праява моцы Божага Сына, які мае ўладу над усім існым.

Аднак жа гэтая падзея — не штосьці выключнае: не толькі таму, што на працягу евангельскага аповеду мы даведваемся і пра іншыя прыклады ўлады Хрыста над сіламі прыроды, але і таму, што таксама ў нашым жыцці праз веру мы можам зведаць тое багацце, да якога прыводзіць паслухмянасць слову Езуса.

Услухоўваючыся сёння ў Евангелле, мы запрошаныя ў першую чаргу ўсвядоміць, як Бог ужо праявіў сваю дабрыню і клопат пра нас настолькі, наколькі мы былі гатовыя давяраць Яму — у тым ліку, магчыма, зусім нечаканымі і цудоўнымі спосабамі. Як наступны крок, мы можам аднесці да сябе заклік Езуса «выплысці на глыбіню» нашага жыцця, даверыўшыся Ягонаму слову і такім чынам адкрываючыся на яшчэ большыя праявы Ягонай любові, якая перамагае ўсё, нават смерць.

Святы Павел у другім чытанні нагадвае нам пра гэтую галоўную праўду нашай веры: Сын Божы — Уцелаўлёная Любоў — прыйшоў у гэты свет не проста дзеля таго, каб навучыць людзей карысным рэчам і паказаць цуды, але каб з’явіць перамогу над смерцю сваім уваскрасеннем.

Вера ў Езуса, які памёр за нас і уваскрос і які аб’яўляе сябе нам як Жывы Пан, — вось крыніца ўсяго багацця Божага благаслаўлення і ласкі вернікам.

Невыпадкова ў канцы Чацвёртага Евангелля мы знаходзім эпізод, дзе Уваскрослы Езус праяўляе сваю моц падобным чынам, як і тут, на пачатку свайго служэння.

Грэшнікі, але пакліканыя

«Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны», — такімі словамі рэагуе Сымон Пётр, стаўшы сведкам цудоўнага ўлову.

Таксама ад Ісаі мы чуем прызнанне, што ён — «чалавек з нячыстымі вуснамі», а Павел ва ўсёй пакоры называе сябе «неданошаным плодам», «не вартым называцца Апосталам». У Святым Пісанні знаходзім мноства падобных рэакцый у адказ на прысутнасць усемагутнага Бога, які кліча слабога чалавека служыць Яму, Пану ўсяго сусвету.

Мы асабліва востра адчуваем сваю нявартасць і грахоўнасць, калі ўсведамляем веліч Бога і Божага дару ў нашым жыцці, і яшчэ больш — калі чуем заклік Пана быць Ягонымі сведкамі, дзейнічаць ад Ягонага імя.

Тым не менш, як у выпадку Сымона Пятра і іншых біблійных герояў, Бог не чакае, пакуль мы станемся дасканалымі, каб паклікаць нас і прызначыць нам ролю ў гісторыі збаўлення. Пан не запярэчвае праўдзе пра нас: мы — грэшнікі на самай справе, і нават цяперашні Папа неаднаразова «прадстаўляўся» менавіта такім чынам, калі яго пыталіся, хто ён.

Прыняцце гэтай праўды адкрывае чалавека на глыбіню Божай любові, якая ва ўсёй моцы праяўляецца ў міласэрнасці і прабачэнні. Але існуе таксама спакуса недастаткова верыць і давяраць збаўчай міласэрнасці, закрываючы дзверы адкупленню і новай надзеі. Бог жа дасягае нас менавіта там, дзе мы маем найбольшую патрэбу ў Ім, там, дзе не любім — часам ненавідзім! — самі сябе за сваю слабасць, грахоўнасць, здольнасць здрадзіць…

Мы добра ведаем далейшую гісторыю Сымона Пятра і ягоную здраду: у ёй ён «дасягнуў свайго дна», але праз прабачэнне Езуса атрымаў новае існаванне. Так, прабачэнне — гэта сапраўдная крыніца новага жыцця разбітага глінянага начыння (пар. 2 Кар 4, 7).

Наша віна становіцца felix culpa, «шчаслівай віной», калі праз шчырае прызнанне граху і гатоўнасць быць перамененымі Божай ласкай мы цалкам адкрываемся гаючай міласэрнасці.

Дзякуем Богу за тое, што не толькі змыў наш грэх у сакрамэнце хросту, але адорвае нас зноў і зноў новай сілай і надзеяй у сакрамэнце споведзі!

Запрошаныя да ўдзелу ў чымсьці большым

«Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне» — гэтымі словамі літургіі, узятымі з іншага евангельскага эпізоду, можна было б інакш выказаць адчуванне Сымона Пятра ў прысутнасці Езуса. «Але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая», — дадаем мы кожны раз перад святой Камуніяй, знаходзячы смеласць прыняць Цела Хрыста не ў сваёй «харошасці», а ў абяцанні міласэрнага Пана.

«Не бойся», — чуе Пётр ад Езуса, і таксама да нас Пан скіроўвае зноў і зноў гэтае слова, запрашаючы даверыцца Ягонай ласцы, а не ўласным якасцям. Але гэта не апошняе слова Хрыста: «Адгэтуль будзеш лавіць людзей», — кажа Ён Пятру, адкрываючы рыбаку з Кафарнаума цалкам новы гарызонт у жыцці. Езус мае патрэбу не толькі ў ягоным чаўне (які яшчэ не раз паслужыць групе вучняў на чале з Настаўнікам), але ў ягонай асобе дзеля таго, каб паказаць яму зусім новы шлях — шлях сапраўднай глыбіні і паўнаты жыцця побач з Умілаваным Сынам Айца.

І да кожнага з нас, вучняў Езуса, скіравана гэтае запрашэнне дазволіць Яму ўвайсці ў човен нашага жыцця і адкрыць перад намі нязведаны шлях; ахвяраваць Яму нашыя рэсурсы, бо няма ім лепшага выкарыстання, чым тое, калі яны стануць сродкамі для будавання Божага Валадарства.

Няхай мы сёння пачуем і прымем гэты заклік Езуса, у нашай слабасці дазваляючы дзейнічаць Ягонай моцы. Амэн.

Віктар Жук SJ