Гамілія на ХІІ звычайную нядзелю, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос.

Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне.

Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго.

Лк 9, 18–24

 

 Пазнаць Езуса

«А вы кім лічыце Мяне?» — Пасля таго, як у мінулую нядзелю ў літургіі мы занурыліся ў таямніцу Бога, адзінага ў Трох Асобах, сёння Евангелле засяроджвае нашую ўвагу на тым, кім з’яўляецца адна з гэтых Асобаў — Езус, уцелаўлёны Сын Божы. І так, як тыдзень таму мы чулі, што «прыйдзе Дух Праўды, які навучыць вас усёй праўдзе» (пар. Ян 16, 13) — гэта значыць Той, без чыйго дару нам немагчыма пазнаць Бога, — так сёння павінны таксама памятаць, што без ласкі Духа Святога не можам зразумець, хто такі Езус.

«Ніхто не можа сказаць: „Панам ёсць Езус“, калі не будзе ў Духу Святым», — сцвярджае святы Павел (1 Кар 12, 3), а ў паралельным да сённяшняга Евангелля ўрыўку Мацвей дадае, што пасля вызнання Пятра Езус кажа яму: «Не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах» (Мц 16, 17).

Святы Ігнацый Лаёла ў «Духоўных Практыкаваннях» вось аб чым прапануе прасіць Бога: «аб глыбокім пазнанні Пана, які ўцелавіўся дзеля мяне, каб больш палюбіць Яго і больш дасканала ісці за Ім» (ДП 104).

Наш адказ на пытанне Езуса: «Кім лічыце Мяне?» — не можа не быць вельмі асабістым.

Недастаткова проста паўтарыць тое, што кажуць іншыя, але кожны хрысціянін павінен па-сапраўднаму імкнуцца да вызнання таго, кім ёсць Езус з Назарэту для мяне. Ад адказу на гэтае пытанне залежыць і тое, кім мы лічым саміх сябе.

Калі Езус — проста персанаж з далёкага мінулага, тады, канечне, мне ад гэтага не надта «горача ці холадна». Калі ж Езус — жывы Пан, мой Настаўнік, Аздаравіцель, Збаўца, Сябра і Брат, чалавечае аблічча Айца, тады я — Яго вучань, сябра, брат ці сястра, Ён мяне аздараўляе ад хваробаў душы і цела, ратуе ад зла звонку і ўнутры мяне; у Ім я бачу сваё адлюстраванне ўмілаванага дзіцяці Божага, Яго я праслаўляю, бо толькі Ён разам з Айцом і Духам годны хвалы.

Адрачыся ад «фальшывага я»

Невыпадкова евангеліст Лука ўдакладняе, што «калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго» — і тады Ён задае ім пытанне. Толькі беручы прыклад з Настаўніка, які праводзіць час з Айцом у Духу, у малітве я магу атрымаць дар пазнання таго, кім Ён ёсць — і хто я такі: не хто я паводле таго, што «народ кажа пра мяне», не згодна са шматлікімі ярлыкамі, якія на мяне вешае акружэнне, грамадства, культура, а хто я па праўдзе, у глыбіні маёй сутнасці. Калі тым, хто хоча за Ім ісці, Езус кажа адрачыся ад саміх сябе, Ён напэўна не мае на ўвазе адмову ад таго, што вызначае нашу сапраўдную каштоўнасць і годнасць, але ўсё тое, што супярэчыць ёй.

У псіхалогіі ёсць паняцце «фальшывага я»: гэта такое ўспрыманне сябе, усе тыя маскі, звычкі, спосабы паводзінаў і ўзаемадзеяння з іншымі, якія перашкаджаюць нам рэалізаваць сябе ў сапраўднай любові, дзеля якой мы прыходзім у гэты свет.

Эгаізм, у адрозненне ад здаровай любові да сябе, вымушае нас шукаць задавальнення і шчасця там, дзе можам знайсці толькі фальшыўку. Бог і наша хрысціянская вера не адмаўляюць чалавеку ў радасці, задавальненнях і прыемнасцях, але, на жаль, мы схільныя да таго, каб у матэрыяльных дабротах і зямной славе бачыць максімум сваіх дасягненняў.

Адрачыся ад сябе значыць не пагаджацца і змагацца з такім бачаннем свайго прызначэння, але таксама значыць і адмовіцца ад сваіх комплексаў, страху праявіць сябе і памыліцца (і ўсіх іншых страхаў), негатыўнага ўспрымання сябе, залежнасцяў, самабічавання, хранічнай няўпэўненасці…

Усё гэта перашкаджае нам бачыць сваё існаванне праз прызму любові: у святле таго, што мы — умілаваныя сыны і дачкі Айца, паводле вобразу Езуса, і што наша жыццё набывае свой сапраўдны сэнс, калі яно аддадзенае ў любові, як гэта зрабіў Езус.

Крыж — дарога да хвалы

Менавіта любоў надае сэнс крыжу, і без яе крыж становіцца прыладай мазахізму.

Што значыць для кожнага і кожнай з нас «узяць свой крыж», каб наследаваць Езуса? Адказ на гэтае пытанне будзе вельмі асабістым, бо ўсе мы знаходзімся ў розных жыццёвых абставінах. Для кагосьці гэта цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя адносіны на працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча, пачуццё бездапаможнасці перад несправядлівасцю і насіллем у грамадстве… Гэта могуць быць і нашы ўласныя слабасці, наш грэх, ад якога не можам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму.

У любым выпадку, крыж — не самамэта і не праклён, а наш спосаб быць падобнымі да нашага Пана і верыць, што несучы свой крыж, мы ідзем за Ім; што крыж — шлях да ўваскрасення.

Чуючы строгія патрабаванні адрачэння ад сябе ў словах Езуса, якія Ён ставіць пасля прадказання ўласных цярпенняў, лёгка прапусціць абяцанне ўваскрасення, якое чакае Месію, а разам з Ім і тых, хто ідзе за Ім у паслухмянасці. Уваскрасенне — гэта кульмінацыя ўсёй місіі Сына Божага і Сына Чалавечага; місіі, якая праходзіць праз Яго поўнае адданне сябе людзям: праз ахвяру Яго жыцця на крыжы.

Мы пакліканыя не імкнуцца любым коштам пазбегнуць болю і цярпення, бо яны ёсць у кожным жыцці, але, падобна Езусу, успрымаць цярпенне як частку нашага шляху і вучыцца ад Пана той любові, якая пераўзыходзіць чалавечыя стандарты, бо сапраўды не шукае свайго. Гэта шлях Пасхі, шлях да зямлі абяцанай — да ўваскрасення разам з Езусам.

Няхай наш Пан ласкай Духа Святога сёння ўмацуе нашыя крокі на гэтым шляху. Амэн.

Віктар Жук SJ