Гамілія на ХХІV звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

Мц 18, 21–35

Слова Божае сённяшняй літургіі ў чарговы раз гучыць як асаблівы заклік і выклік у тых абставінах, у якіх знаходзіцца нашае грамадства і кожны з нас. «Не забудзем, не прабачым» — такі дэвіз часта можна пачуць падчас акцый пратэсту ў апошнія тыдні. «Не сем, але семдзесят сем разоў прабач брату твайму», — вучыць Езус у Евангеллі. Ці прыняцце слоў Езуса азначае забыць зло, якое хтосьці нам зрабіў, нібыта нічога не сталася? Што азначае па-сапраўднаму прабачыць і чаму Хрыстус так моцна настойвае на неабходнасці дараваць крыўду?

У першую чаргу варта заўважыць, што прабачыць — не значыць забыць. У прыпавесці, якую распавядае Езус, каб праілюстраваць свае словы, няма гаворкі пра гэта.

Як мы ўжо не раз бачылі на прыкладзе прарокаў, заданнем слугаў Божых з’яўляецца выкрыццё несправядлівасці, адказнасць называць рэчы іх імёнамі і ў выпадку зла і граху не шукаць для іх эўфемізмаў, але казаць як ёсць.

У Бібліі сустракаем вобраз таго, як Бог судзіцца са сваім народам: першым крокам у гэтым працэсе заўсёды з’яўляецца абвінавачванне людзей у канкрэтных чынах нявернасці Богу і несправядлівасці ў дачыненні да бліжняга, прычым яно найчасцей гучыць вельмі эмацыйна.

Пан — не бясстрасны суддзя, які холадна пералічвае парушаныя пункты закону, але Яго асабіста закранае зло, якое чыняць Ягоныя дзеці. Аднак жа абвінавачванне не становіцца канчатковым выракам, а заўсёды гучыць як заклік да навяртання да міласэрнага Айца, гатовага прабачыць людскую слабасць і далей будаваць адносіны са сваім народам. Менавіта такім прадстаўляе нам Бога Езус у першай частцы сённяшняй прыпавесці: як караля, які шчодра прабачае слузе велізарны доўг (роўны ў пераліку гадавому бюджэту невялікай дзяржавы). Бог ненавідзіць грэх, але аддзяляе грэх ад грэшніка і жадае, каб грэшнік навярнуўся і ўратаваў сваю душу.

Божая любоў да слабога чалавека — заўсёды любоў міласэрная, і ў міласэрнасці адкрываецца яе глыбіня і праўдзівая Боская якасць.

Толькі той, хто спазнаў прабачэнне, можа зразумець, пра што тут гаворка. Адначасова Божая міласць — гэта дар, які немагчыма затрымаць толькі для сябе: ягоная сутнасць у тым, каб спантанна дзяліцца ім з іншымі, несці яго далей.

І менавіта гэтага слуга, якому даравана так шмат, не ў стане зрабіць у дачыненні да свайго бліжняга, які вінен яму смешную суму ў параўнанні з яго доўгам. Паўстае пытанне: як такое магчыма? Як чалавек можа сябе паводзіць такім чынам? — Гэтае пытанне скіравана не да слугі з прыпавесці, а да кожнага з нас: ці мы не паводзім сябе менавіта так адносна кагосьці, хто нас скрыўдзіў, не памятаючы, як шмат даравана нам?

Калі задаём такое пытанне, не робім гэтага дзеля таго, каб загнаць сябе ў хворае пачуццё віны, бо напэўна Пан Езус не ставіў не меў такога намеру. Замест гэтага ўсведамленне, што Бог прабачае нас кожны раз, калі «не цаляем у мішэнь» у нашым жыцці, павінна дапамагчы нам зразумець веліч Божага дару: невыпадкова «прабачыць» у нашай мове гучыць таксама як «дараваць».

Гэта не проста дар, дзякуючы якому перакрэсліваецца доўг і віна, але магчымасць адчуць міласэрную Божую любоў, якая вяртае годнасць Божага сына ці дачкі, і новы шанц пастарацца цяпер рабіць інакш — не самастойна, а з дапамогай Бога, які заўсёды гатовы нас падтрымаць на шляху Жыцця. І нават калі ў нас зноў не атрымаецца, калі ўпадзем яшчэ і яшчэ, Бог не адмовіць у сваёй ласцы, каб даць нам новы шанц, бо Яго цярплівасць да нас бясконца большая, чым нашая ўласная ў дачыненні да нас саміх. Нам трэба толькі верыць — і не стамляцца прымаць Ягонае прабачэнне, як часта кажа Папа Францішак.

Таму заклік да прабачэння бярэцца не з хворага пачуцця віны ці навязанага цяжару абавязку, але з усведамлення дару любячага Айца.

Бадай што найбольш пільнай патрэбай для многіх хрысціянаў з’яўляецца ўменне адчуваць сябе грэшнікамі «правільна» — то бок прабачанымі грэшнікамі, якіх Бог не асуджае, а наадварот бясконца любіць. Гаворка не пра тое, каб прыменшыць сутнасць граху і яго разбуральных наступстваў у жыцці чалавека і людской супольнасці, а каб не застацца з трагедыяй граху сам-насам і скіраваць наш позірк у бок Таго, Хто адзіны здольны выратаваць нас ад наступстваў зла — і таго, што навокал, і таго, што ў нашым сэрцы. Калі ў нас няма такога ўспрымання рэчаіснасці граху, заклік да прабачэння ў найлепшым выпадку будзе нам здавацца цяжкім абавязкам, ускладзеным на нашыя плечы незразумела з якой прычыны.

Сёння нам яшчэ раз варта задацца пытаннем: чым павінна характарызавацца нашае хрысціянскае сведчанне ў гэты вельмі складаны час? Евангелле Пана нашага Езуса Хрыста — крытэрый для нашага ўспрыняцця і рэагавання на тое, што адбываецца. Нам, Ягоным вучням, дадзена шмат (пар. Лк 12, 48): дар веры і прыналежнасці да супольнасці Ягоных вернікаў — гэты неймаверны дар нясе з сабой таксама адказнасць быць сведкамі Божай любові.

Наша падабенства да Бога, які нас стварыў паводле Свайго вобразу, хіба найбольш відавочнае, калі мы ўмеем прабачаць нашым ворагам.

Так, мы імкнемся да таго, каб быць падобнымі да Бога — не больш і не менш. «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48), чуем ад Езуса ў Евангеллі паводле Мацвея, а евангеліст Лука паўтарае гэты заклік інакш: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Мы не здольныя выканаць гэты заклік сваімі ўласнымі сіламі, і Пан не патрабуе ад нас зрабіць гэта самастойна. З нашага боку патрэбная адкрытасць і жаданне прыняць Ягоную ласку, якая перамяняе чалавечае сэрца, робячы нас здольнымі любіць па-Божаму.

Наш чалавечы — надта чалавечы — супраціў нараджаецца са страху, што, прабачаючы, мы паказваем сябе слабымі, але, як вельмі трапна нагадаў нядаўна біскуп Юрый Касабуцкі, прабачэнне — справа моцных, а не слабых. Праз прабачэнне мы робімся моцнымі Божай сілаю, дазваляючы Яму дзейнічаць у гэтым свеце і адкрываючыся на яшчэ большыя дары Яго бязмежнай любові і справядлівасці.

Прабачыць — не значыць забыць, але дазволіць Богу перамяніць нашае бачанне рэчаіснасці.

Памятаючы пра ўласную патрэбу ў прабачэнні, мы жадаем гэтага дару і для ўсіх, якія «не ведаюць, што робяць» (пар. Лк 23, 34). Адкрыемся сёння на дзеянне Божай ласкі ў нашых сэрцах, каб стаць міласэрнымі міратворцамі і несці ў свет паяднанне, якое дараваў нам наш Збаўца сваёю Смерцю і Уваскрасеннем. Амэн.

Віктар Жук SJ