Гамілія на ХХІ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.

Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Мц 16, 13–20

«Я сапхну цябе з месца твайго і скіну цябе з пасады тваёй», — звяртаецца Пан праз прарока Ісаю да Шэбны, высока пастаўленага чыноўніка пры двары юдэйскага караля ў першым чытанні. Зноў і зноў з вуснаў прарокаў гучыць напамін у бок тых, хто трымае зямную ўладу, што яны — не самі сабе закон і суд, што ўлада ім дадзена не дзеля гонару і ўласнага ўзбагачэння праз уціск іншых, але над імі ёсць Божы суд, а іх пасада не вызначае сапраўдную каштоўнасць чалавечага жыцця.

Надта лёгка пра гэта забыцца, калі не слухаць голасу сумлення і лічыць, што ўсё ў гэтым свеце залежыць ад чалавечай хітрасці, інтрыг і маніпуляцый, бо так вельмі часта выглядае барацьба за ўладу.

Пан абвяшчае, што замест няправеднага Шэбны паставіць Эліякіма, «слугу Майго», які стане «айцом» для дома Юды. Бог дзейнічае праз тых, хто мае ў сваім сэрцы Ягоныя словы, хто «баіцца Яго», як кажа часта Стары Запавет пра цноту страху Божага — той дар Духа Святога, які дазваляе не забываць аб справядлівасці і адказнасці перад Богам і людзьмі. Бо ўлада, паводле Божай задумы, даецца дзеля служэння іншым; яна нясе з сабой цяжар адказнасці, вобразна прадстаўлены ва ўрыўку з кнігі Ісаі як ключ, ускладзены на плечы. Хоць ключ ад каралеўскага палаца мог быць вялікі і важкі, але гэты вобраз можна зразумець менавіта як адказнасць перад Богам і перад людзьмі, пра якіх улада павінна клапаціцца.

Таксама Пан Езус выкарыстоўвае вобраз ключоў, калі звяртаецца да свайго вучня Сымона, каб паведаміць аб той адказнасці, якая яго чакае. Калі добра ўслухацца ў словы Езуса, неверагодная тая ўлада, якая дадзеная Сымону (які ў гэтых абставінах атрымлівае новае імя  Пётр, што значыць камень, скала), а праз яго — і ягоным наступнікам на пасадзе святога Пятра. «Што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе», — кажа Пан Езус Пятру.

Улада, атрыманая Пятром для ўсяго Касцёла, выходзіць па-за межы зямных гарызонтаў і дасягае вечнасці. Гэта ўлада адпушчэння грахоў, дзякуючы чаму чалавек атрымлівае прымірэнне з Богам і месца ў Божым Валадарстве.

Становячыся членамі Касцёла, акрамя таго «зямнога» грамадзянства, якое маем, мы атрымліваем другое «грамадзянства» — нашую прыналежнасць да супольнасці Божай сям’і.

Сённяшняе Евангелле запрашае нас паразважаць пра гэтую ідэнтычнасць, якая павінна стаць галоўным крытэрыем, які нас акрэслівае. Мы належым да Касцёла, які з’яўляецца містычным Целам Хрыста. Кожны раз удзельнічаючы ў Эўхарыстыі і прымаючы святую Камунію, мы вызнаём сваю прыналежнасць да адзінага Цела Езуса, у якім кожнаму і кожнай, хто верыць, ёсць месца. Гэта містычная рэчаіснасць Касцёла пашырае наш асабісты гарызонт і кажа пра тое, як наша жыццё і гісторыя нашага збаўлення пераплеценыя з гісторыямі іншых дзяцей Божых. «Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены», — кажа святы Павел (1 Кар 12, 26).

Таму мы можам разлічваць на падтрымку нашых братоў і сясцёр па веры, і адначасова мы пакліканыя адчуваць адказнасць за нашых бліжніх, распазнаючы перад Богам канкрэтныя формы гэтай салідарнасці. Лішнім будзе казаць, што асабліва ў цяжкія моманты для грамадства, праз якія праходзім цяпер, пачуццё салідарнасці вельмі важнае.

Наша вера ў такія моманты з’яўляецца крыніцай духоўнай моцы і надзеі.

Гаворка пра веру, якую мы перажываем і асабіста, дзякуючы за гэты бясцэнны Божы дар у нашым жыцці, і менавіта як супольнасць Божых дзяцей. Яе крыніца — не «цела і кроў», не чалавечая сіла, а ласка Божая, праз якую Бог прагне паклікаць да сябе ўсіх.

Касцёл пабудаваны не на нейкіх асаблівых чалавечых якасцях Пятра, а на яго вызнанні Езуса Сынам Божым і Месіяй. Кожны з нас сёння і кожны дзень мае магчымасць зрабіць гэтае вызнанне сваім асабістым, сказаць Езусу: «Ты — Сын Божы, мой Пан і Збаўца. У Тваіх руках ключы майго жыцця і смерці».

Езус — гэта той, хто ўзяў на свае плечы ключ да нашага збаўлення: крыж, цяжар якога — грахі ўсяго свету. Менавіта праз Свой крыжовы шлях і смерць у выніку невытлумачальнага чалавечага насілля Пан Езус стаў салідарным з чалавецтвам, якое церпіць ад зла, граху і гвалту брата над братам. І менавіта гэты Езус — наш Месія, бо Божай моцай Ён уваскрос, даючы надзею і адкрываючы шлях да ўваскрашэння і вечнага жыцця кожнаму, хто ў Яго паверыць. Няхай пасхальная вера будзе для нас сёння крыніцай моцы і надзеі, якая дазваляе нам не адчуваць сябе ў адзіноце і пабуджае нас быць салідарнымі асабліва з тымі, хто церпіць.

Віктар Жук SJ