Гамілія на ІІ Звычайную нядзелю, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам.

А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце?

Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?

Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны.

Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае «Пётр», «скала»).

Ян 1, 35–42

Слова Божае і наша рэчаіснасць

Першая сустрэча Езуса з будучымі вучнямі на беразе Ярдана — адзін з маіх любімых евангельскіх эпізодаў. Ян, будучы евангеліст, які, відавочна, з’яўляецца сябрам Андрэя, хоць не называе сябе па імені, расказвае пра пачатак сваёй прыгоды з Езусам, якая перамяніла ўсё яго жыццё. Я пачуў гэты ўрывак ад езуіта, які прымаў мяне як кандыдата ў Таварыства Езуса, запрашаючы «прыйсці і паглядзець» — так, як кажа Хрыстус Андрэю і другому вучня, — і ў выніку я «застаўся ў Яго ў гэты дзень» і да сённяшняга дня.

Пачатак заўсёды мае асаблівае значэнне ў любой справе, застаецца ў памяці, нагадвае пра тое, чаму мы апынуліся сёння там, дзе мы ёсць.

Літургія прапануе нам гэты евангельскі эпізод на пачатку новага года, каб даць шанц успомніць пра пачатак нашай прыгоды веры, нашай сустрэчы з Панам.

Сённяшні ўрывак вельмі добра надаецца на тое, каб з ім маліцца, стараючыся ўявіць евангельскую падзею і ў духу самому стаць яе ўдзельнікам: убачыць месца і людзей, якія там прысутнічаюць, пачуць іх словы, паспрабаваць адчуць тое, што яны адчуваюць…

Гэты ўрывак часта прапануецца ўдзельнікам ігнацыянскіх рэкалекцый менавіта для таго, каб дазволіць вернікам перажыць такую асабістую малітоўную сустрэчу з Езусам, вяртаючыся да вытокаў. Паводле ігнацыянскага «сузіральнага» метаду, трэба імкнуцца «ажывіць» падзею ў сваім ўяўленні, звяртаючы ўвагу на дэталі сцэны. І тут можа нарадзіцца жаданне пачуць ад евангеліста больш падрабязнасцей пра тое, як усё адбывалася, тым больш, што ён сам быў там…

Дзіўна, што Ян, які ў іншых фрагментах часам узгадвае нават маленькія дэталі (як, напрыклад, траву ў Ян 6, 10), тут зусім маўчыць пра тое, як выглядаў працяг першага дня, які ён правёў з Езусам. Можа нават здавацца, што Ян спецыяльна дражніць нас такім чынам, не адкрываючы «самага цікавага»…

Насамрэч, мне здаецца, рэч у іншым.

Евангеліст спецыяльна не расказвае дэталей (і нават не ўзгадвае імені «другога вучня»!), бо хоча, каб мы самі запоўнілі прабел у сюжэце: тут месца для аповеду пра нашу сустрэчу з Езусам.

Я ўжо шмат разоў «сузіраў» у ігнацыянскім духу гэтую сцэну, і кожны раз яна ўяўляецца інакш. Падзялюся, як на нядаўніх рэкалекцыях я з радасцю «атрымаў» ад суправаджаючага езуіта гэты любімы ўрывак і прасіў аб кіраўніцтве Духа Святога, каб глыбока перажыць яго ў малітве.

І вось калі я стараўся ўявіць, што ж гэта было за месца, куды Езус павёў Сваіх першых вучняў, нечакана ўбачыў… дом сваёй супольнасці і месца працы. Мне вельмі ясна адкрылася, што Пан жадае спаткаць мяне ў маіх штодзённых абавязках, дзеяннях, сустрэчах з іншымі людзьмі…

Дзелячыся гэтым маім асабістым духоўным досведам, я не маю намеру сказаць, што гэта нейкая ўніверсальная інтэрпрэтацыя Евангелля. Слова Божае, ушанаваць якое асаблівым чынам мы рыхтуемся ў другую Звычайную нядзелю, — насамрэч «адкрыты тэкст», які «дапісваем» мы самі, калі імкнемся прыкласці яго да нашага жыцця: дазволіць, каб ён увайшоў у нашу рэчаіснасць; убачыць саміх сябе як актыўных удзельнікаў гісторыі збаўлення, пра якую распавядае Пісанне.

Сённяшняе першае чытанне на прыкладзе Самуэля паказвае, што чалавек паступова вучыцца чуць слова, якое скіроўвае да яго Бог, і для гэтага варта мець памочніка. Наша прыгода з Панам — гэта найчасцей шлях няпросты і нялёгкі; бываюць моманты, калі рэаліі, пра якія чытаем у слове Божым, здаюцца зусім далёкімі ад нашай рэчаіснасці, а наша штодзённасць — зусім «неадпаведнай», несупастаўнай з тым, пра што расказваецца ў Святым Пісанні.

Але Бог не перастае далікатна заклікаць чалавека па імені і чакаць адказу; Ён няспынна звяртаецца да нас і праз сімфонію біблійных аповедаў, знешніх падзей і таго голасу, які мы называем сумленнем.

Няхай Пан дасць кожнаму з нас гарачае жаданне, каб «ніводнае Яго слова не ўпала на зямлю», а было прынята намі як Слова жыцця.

«Чаго шукаеш?»

«Чаго шукаеце?» — пытаецца Езус у сваіх будучых апосталаў: гэта першыя Яго словы ў Евангеллі паводле Яна — і ў святле таго, што сказана вышэй, таксама першае пытанне, якое Пан задае і нам.

Гэта насамрэч няпростае пытанне, хоць найчасцей нам даволі лёгка сказаць, чаго нам хочацца ў дадзены момант на нейкім «побытавым», павярхоўным узроўні: камфорту, бяспекі, задавальнення, спакою… шчасця, у рэшце рэшт. Але для кожнага з гэтых адказаў ёсць чарговае пытанне: «І што далей?..»

Інакш кажучы, ці ў гэтым сапраўды сэнс твайго жыцця?

Адказ Андрэя і другога вучня — хоць і выглядае недарэчным, бо пытанне Настаўніка заспела іх знянацку — усё ж кажа пра тое, што з’яўляецца найглыбейшым жаданнем чалавечага сэрца: быць з Тым, хто ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём.

Напрыканцы Евангелля паводле Яна гэтае пытанне прагучыць крыху інакш, скіраванае Марыі Магдалене: «Каго шукаеш?» Магдалена шукае цела мёртвага Настаўніка, а знаходзіць уваскрослага Хрыста.

Евангелле — не аповед пра нейкага героя, які застаўся ў далёкім мінулым, а жывое сведчанне пра ўваскрослага Пана. Хоць мы ўжо — дзякуй Богу — сустрэлі Яго ў нашым жыцці, але зноў і зноў кожны дзень наша сэрца шукае і імкнецца да Яго, бо Ён заўсёды адкрывае нам штосьці новае, кіруючы да паўнаты жыцця ў камуніі з Ім, Айцом і Духам.

Кожны дзень Ён запрашае «прыйсці і ўбачыць» — не палестынскую вёску першага стагоддзя, а нашыя гарады, — падзяліць з Ім нашыя жаданні, клопаты, цяжкасці і адначасова слухаць Яго пажаданне для гэтага свету.

Так, як на Пятра, Езус глядзіць на нас позіркам любові, бачучы нашу сапраўдную прыгажосць і называючы праўдзівым імем. Праз гэту жывую сувязь веры з Ім Пан робіць нас святыняй Духа Святога, як нагадвае нам сёння святы Павел: нашае цела становіцца крыніцай песні хвалы і праслаўлення Бога, напаўняючыся такім чынам радасцю.

Няхай мы сёння пачуем у сваім сэрцы заклік і пойдзем за жаданнем шукаць нашага Брата, Настаўніка і Сябра, які адзіны ведае шлях да паўнаты жыцця ў Богу. Амэн.

Віктар Жук SJ