Гамілія на ХХІІІ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Мц 18, 15–20

Літургія слова нядзельнай Эўхарыстыі далей суправаджае падзеі ў нашым грамадстве, сведкамі і ўдзельнікамі якіх мы сталі ў апошні час.

«Калі Я скажу бязбожніку: Бязбожнік, ты памрэш, — а ты нічога не будзеш гаварыць, каб асцерагчы бязбожніка ад дарогі яго, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, але ты будзеш адказваць за ягоную кроў», — гэтыя словы прарока Эзэхіэля з першага чытання яшчэ раз нагадваюць нам, што, калі на нашых вачах адбываецца несправядлівасць, немагчыма паводзіць сябе так, нібыта гэта не мая справа, мяне гэта не датычыць.

Быць справядлівым (ці праведным — у арыгінале гэта тое самае слова) у біблійным сэнсе азначае не проста добра сябе паводзіць і ставіцца да іншых, паважаючы іх годнасць, але ўключае ў сябе таксама абавязак зрабіць усё магчымае, каб выправіць недахоп справядлівасці.

Бог — першы і адзіны па-сапраўднаму справядлівы, Ён з’яўляецца адначасова крыніцай і гарантам справядлівасці ў свеце, Ім створаным, і з гэтай прычыны абвяшчае і абяцае, што будзе дзейнічаць супраць усялякай несправядлівасці і заклікае праз сваіх слугаў — прарокаў і святых — паступаць так, як Ён. Прагненне справядлівага Бога — вярнуць тую гармонію ў адносінах са стварэннем, якая існавала перад тым, як зло ўвайшло ў гісторыю.

У Дзеях Апосталаў у адной са сваіх прамоваў Пётр называе Езуса «Святым і Справядлівым» (Дз 3, 14), бо ў Ім здзяйсняецца наша апраўданне — значыць наша вяртанне да справядлівасці перад Богам дзякуючы таму, што Хрыстус бярэ на Сябе ўсю няправеднасць кожнага чалавека і знішчае яе на крыжы Сваёй збаўчай смерцю. Гэта справа паяднання чалавечага роду з Богам, дзеля якой Сын Божы і прыйшоў сярод нас і якую абвяшчае Касцёл: «Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет … і даў нам слова паяднання… мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас: … паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 19-20).

Кожны напамін чалавеку з боку Пана і яго слугаў пра агіду несправядлівасці, у якой уцелаўляецца зло ў рэчаіснасці людзей, — гэта заклік да навяртання, бо, як кажа далей Пан праз Эзэхіэля ў тым жа раздзеле, што чуем сёння, «Я не жадаю смерці грэшніка, але каб ён навярнуўся ад свайго шляху і жыў» (пар. Эзх 33, 11).

Словы Езуса ў сённяшнім Евангеллі пацвярджаюць тое, пра што кажа прарок: калі нехта здзяйсняе несправядлівасць у адносінах да нас, не трэба маўчаць, але трэба прама казаць пра гэта, «дакараючы» яго ці яе. Для кагосьці з нас паступіць так будзе нялёгка, і мы з розных прычын — напрыклад, таму, што няправільна разумеем сутнасць евангельскай пакоры ці запаведзі прабачэння, — выбіраем прамаўчаць, забыць, «адпусціць». Хтосьці ж, наадварот, вельмі ахвотна будзе спасылацца на гэтыя словы Езуса, каб «вучыць жыць» іншых паўсюль, дзе толькі ёсць для гэтага магчымасць.

Але ключ да таго, як правільна зразумець Пана і адпаведна дзейнічаць, знаходзіцца ў наступным удакладненні: «калі паслухаецца — здабыў ты брата твайго».

Здабыць брата ці сястру — вось сапраўдная мэта напаміну ці дакору з нашага боку, і гэты крытэрый патрабуе ад нас вельмі канкрэтнага ўнутранага стаўлення да іншай асобы. Пра гэтае стаўленне як ідэал, да якога мы павінны імкнуцца ва ўсіх сітуацыях, кажа св. Павел у сённяшнім другім чытанні: гаворка пра любоў, у якой змешчаныя ўсе запаведзі. Любоў не спыняецца на тым, каб рабіць прыемнае нашым сябрам і родным, але ахоплівае нават ворагаў, як наказвае Езус (Мц 5, 44). Любоў недасяжная для чалавека, які разлічвае толькі на свае ўласныя сілы, але магчымая, калі ў чалавеку дзейнічае Дух Божы.

Нядаўна я ўбачыў у адной з сацсетак дыскусію наконт таго, як хрысціянін павінен ставіцца і паводзіць сябе адносна людзей, якія на нашых вачах у сённяшняй сітуацыі ў грамадстве здзяйсняюць акты несправядлівасці і нават насілля. У гэтай дыскусіі было відавочна, як цяжка ў рэчаіснасці прыняць і выканаць заклік да той радыкальнай любові, пра якую мы чуем ад Езуса. І менавіта таму ў гэты складаны час мы патрабуем вярнуцца нашым розумам і сэрцам да сутнасці Евангелля — Евангелля, якое не з’яўляецца зборам наказаў і прынцыпаў, а Асобай — Езусам Хрыстом, «Святым і Справядлівым, Пачынальнікам Жыцця» (пар. Дз 3, 14-15).

Бо што будзе вылучаць у сённяшніх абставінах нас з усіх тых, хто прагне свабоды, праўды і справядлівасці? — Толькі тое, як у святле Хрыстовым мы разумеем свабоду, праўду і справядлівасць, а таксама шлях да іх.

«Што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе», — Пан Езус кажа вучням тое, што раней сказаў Пятру, і гэтыя словы можам зразумець у тым сэнсе, што нашыя ўчынкі і стаўленне нашага сэрца тут, на зямлі, напрамую звязаны з нябеснай рэчаіснасцю. Ад нашай паставы залежыць, ці Валадарства Нябеснае пашырыцца хоць на крок у тых абставінах, у якіх нам даводзіцца жыць сёння, і ў першую чаргу — у нашых душах.

Пан Езус пакідае нам сёння вялікае абяцанне: «Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца». Важна маліцца і прасіць Бога разам, згодна, але яшчэ больш важна, ці супадаюць нашыя жаданні з тым, што Айцец прагне для нас — і асабіста для кожнага і кожнай, і для нашай супольнасці. У гэтым сэнсе варта прыслухацца яшчэ раз да слоў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, скіраваных да вернікаў Каталіцкага Касцёла на мінулым тыдні:

«На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду. Гэта вялікі, выпакутаваны нашым народам дар, але адначасова і вялікае заданне. (…) ці ведаем, як выстаяць у свабодзе? Найноўшая гісторыя паказала, што не. Прывабнае слова “свабода” мы прынялі як магчымасць жыць без абмежаванняў і адказнасці, без захавання Божага закона…»

Ці свабода дзяцей Божых і справядлівасць Божага Валадарства маюць для нас прыярытэт перад каштоўнасцямі гэтага свету?

Калі сёння мы скіроўваем гарачыя малітвы да Нябеснага Айца за будучыню нашага народа, варта памятаць пра Яго прагненне: каб мы слухалі Яго Умілаванага Сына (пар. Мц 17, 5), каб нашыя сэрцы былі перамененыя паводле вобразу Ягонага Найсвяцейшага Сэрца.

«Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх», — кажа Пан Езус, і гэтыя словы гучаць для нас як вялікае суцяшэнне, бо запэўніваюць у сталай прысутнасці Пана сярод Яго вернікаў. Адначасова яны заахвочваюць нас захоўваць вернасць слову нашага Настаўніка, бо Ён ёсць Шляхам да сапраўднага жыцця.

Просім Пана, каб гэты перыяд гісторыі, праз які нам даводзіцца праходзіць разам, стаў часам нашага навяртання да таго, што найбольш каштоўнае, каб Духам Святым Бог умацаваў нашыя сэрцы ў вернасці Евангеллю Свайго Сына, нашага Збаўцы і Брата.

 

Віктар Жук SJ