Сучаснай місіяй Таварыства Езуса з’яўляецца служэнне веры і садзейнічанне ў грамадстве той евангельскай справядлівасці, якая ўцелаўляе любоў і збаўчую Божую міласэрнасць”, – так вызначаюць мэту служэння езуітаў нядаўнія дакументы Ордэна (ДН 245 §2).

Вось яшчэ некалькі цытат з Дадатковых Нормаў да Канстытуцый Таварыства Езуса, якія разгортваюць сэнс місіі Таварыства як служэння веры разам з намаганнямі садзейнічаць справядлівасці ў якасці яе неабходнага складніка.

“Што датычыць садзейнічання справядлівасці, то нам неабходна, як гэта зрабіў сам Касцёл, глыбей усвядоміць сучасныя і новыя патрабаванні адносна гэтага пытання, якія ставіць перад намі наша місія. Сярод іншага, імі з’яўляюцца: абарона правоў чалавека, асобы і народаў (індывідуальных, сацыяльна-эканамічных, грамадзянскіх і палітычных, а таксама права на супакой, прагрэс і культурную самасвядомасць); трывожныя наступствы ўзаемазалежнасці народаў, якія наносяць значную шкоду якасці жыцця і культуры бедных народаў, асабліва “тубыльных”; ахова самога чалавечага жыцця – ад самага яго пачатку аж да натуральнага канца, – якому сур’ёзна пагражае так званая “культура смерці”; уплыў сродкаў масавай камунікацыі на служэнне справядлівасці, які патрабуе каардынаванай дзейнасці хрысціянаў і іншых людзей у розных сферах; ахова навакольнага асяроддзя; трагічная бяздольнасць некаторых народаў, асабліва сёння на Афрыканскім кантынэнце; патрэба народаў Усходняй Еўропы знайсці надзейны шлях да свабоднай і мірнай будучыні; праблема сацыяльна пакінутых у кожным грамадстве; надзвычай цяжкое становішча бежанцаў па ўсім свеце. Вырашэнне гэтых задач павінна грунтавацца на пераўтварэнні тых культурных каштоўнасцяў, якія падтрымліваюць несправядлівы сацыяльны парадак, спараджаючы прыгнёт.” (ДН 247 § 1, § 3).

“Шчыры намер садзейнічаць справядлівасці ў выкананні нашай місіі непазбежна вядзе да ўдзелу ў сацыяльнай дзейнасці; але гэта павінна надаваць асаблівы сэнс нашаму абвяшчэнню Евангелля і палягчаць яго прыняцце. Супольнасцям і настаяцелям трэба дапамагаць кожнаму з нашых сабратоў пераадольваць цяжкасці, перамагаць страх ці абыякавасць, якія перашкаджаюць яму добра разумець культурныя, сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы, што паўстаюць у яго родным горадзе, краіне ці рэгіёне, а таксама ў міжнародным маштабе. Няхай кожны такім чынам прызнае і возьме на сябе адказнасць, ускладзеную на яго ў сацыяльным аспекце, і па-свойму ўдзельнічае ў спробах, скіраваных на сапраўднае садзейнічанне справядлівасці. Ва ўсіх нашых формах служэння мы павінны ствараць супольнасці, якія імкнуцца садзейнічаць справядлівасці. Супольна з нашымі супрацоўнікамі мы можам і павінны садзейнічаць справядлівасці ва ўсялякім служэнні адным ці некалькімі з наступных спосабаў: наўпрост служыць бедным і падтрымліваць сувязь з імі; спрыяць спагадліваму стаўленню да патрабаванняў справядлівасці і разам з тым – сацыяльнай адказнасці за іх захаванне; прымаць удзел у мабілізацыі грамадства на пабудову больш справядлівага сацыяльнага парадку.” (ДН 249 §§ 1-3).