Гамілія на ІІ Нядзелю Адвэнту, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

І ён абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў прарока Ісаі:
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І ўбачыць кожнае цела
Божае збаўленне.

Лк 3, 1–6

Веліч перад Богам

Тыберый, Пілат, Ірад, Філіп, Лізанія, Анна і Каяфа… Імёны «моцных гэтага свету» ў 28 або 29 годзе нашай эры пералічвае евангеліст Лука, пачынаючы аповед пра дзейнасць Яна Хрысціцеля, прадвесніка Езуса.

Натхнёны аўтар, напэўна, хоча ўказаць на канкрэтны гістарычны перыяд, калі адбываецца ўсё, аб чым ён апавядае далей, і тут можна было б дадаць шмат іншай карыснай інфармацыі для лепшага зразумення гістарычных абставінаў, кантэксту той эпохі… Але Лука пакідае гэтае заданне гісторыкам, бо яго цікавіць нешта больш важнае. І хоць амаль усе са згаданых персанажаў яшчэ вернуцца на сцэну на працягу евангельскага аповеду, сваю ўвагу Лука засяроджвае не на зямных валадарах, а на чалавеку, які знаходзіцца далёка ад цэнтраў улады — у пустыні, бо менавіта там да яго скіравана Божае слова. Не да палітычных лідараў таго часу, і нават не да прадстаўнікоў рэлігійнай улады звяртаецца Бог, а да аскета-пустэльніка — Яна, сына Захарыі.

Такім чынам евангеліст вучыць і нас скіроўваць увагу ў правільны бок і надаваць адпаведную вагу гістарычным персанажам нашага часу.

Воляй-няволяй нам даводзіцца жыць у канкрэтных палітычных абставінах, бачыць у навінах імёны і твары тых, хто прымае рашэнні, якія закранаюць і наш лёс — і з якімі мы можам быць зусім нязгодныя. Але не гэтыя людзі акрэсліваюць канчатковую вартасць нашага жыцця, бо слова Божае гучыць і сёння незалежна ад іх. Тыя людзі, дзякуючы якім нас дасягае слова жыцця, больш важныя, чым палітыкі, якіх бачым на экранах тэлевізараў і смартфонаў.

Папа Францішак у лісце Patris Corde, прысвечаным году святога Юзафа, піша: «Святы Юзаф нагадвае нам, што ўсе, хто знешне непрыкметны або «другарадны», прымаюць выключны актыўны ўдзел у гісторыі збаўлення». Не трэба быць кімсьці важным паводле катэгорый гэтага свету, каб прыняць тое непаўторнае заданне, якое жадае даверыць кожнаму Пан, запрашаючы зрабіць свой унёсак у Божае Валадарства.

Пачуць голас Пана ў пустыні

Каб пачуць пасланне, якое скіроўвае да нас Пан сёння, нам, як Яну, патрэбна пустыня.

Пустыня — не самае прывабнае асяроддзе для чалавека, але менавіта яна становіцца тым месцам, праз якое Бог вядзе Ізраэль да свабоды з Егіпта, зямлі няволі. У пустыні няма месца выгодам і лішку: там задавольваюцца неабходным. Пустыня — гэта час выпрабавання, якое неабходна для ачышчэння сэрца чалавека ад усяго, што яго знявольвае. Інакш, без унутранай свабоды, мы не здольныя прыняць Божае абяцанне, падобна таму, як ізраэльцяне шмат разоў наракалі на Бога, успамінаючы цыбулю і часнык на іх сталах у Егіпце і забываючы, што яны жылі там пад прыгнётам.

Адвэнт — гэта неабходны час «пустыні» для нас; шанц адмовіцца ад усяго другаснага, каб зрабіць месца для галоўнага; высілак пабыць у маўчанні і цішыні, каб пачуць голас, які заклікае нас да навяртання ў глыбіні сэрца.

Навяртанне, якое прапаведуе Ян Хрысціцель (у беларускім перакладзе — «пакаянне»), даслоўна ў грэчаскім арыгінале значыць «перамена розуму, свядомасці, сэрца». Трэба быць гатовымі адмовіцца ад чагосьці старога, каб даць месца новаму.

Хтосьці з нас, магчыма, перажыў асаблівы момант навяртання, калі ласкай Божай перамяніў сваё грэшнае жыццё. Але навяртанне — працэс, які ніколі не можа спыніцца ў жыцці верніка. Пан заўсёды вядзе нас шляхам усё большай унутранай свабоды, каб мы ўсё больш прыпадабняліся да Божага Сына, які прыходзіць у гэты свет, каб даць нам удзел у боскім жыцці. Кожны дзень — гэта магчымасць адкрыцца для ласкі навяртання, каб наша бачанне і спосаб дзеяння ўсё дакладней адлюстроўвалі тую любоў, прыклад якой нам пакінуў Езус, наш Збаўца. Такім чынам Божае збаўленне становіцца целам у нашым целе.

Пагоркі і выбоіны нашага жыцця

Падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.

Такімі словамі прарока Ісаі апісвае евангеліст Лука заклік Яна Хрысціцеля да навяртання.

Гэтыя паэтычныя і вельмі вымоўныя вобразы мы павінны «перакласці» на мову нашага штодзённага існавання. Пасля снегападу апошніх дзён на пешаходных пераходах па дарозе ў капліцу ў нашым раёне Віцебска засталіся нерасчышчаныя гурбы снегу, праз якія цяжка прайсці: вось які прыклад таго, як адсутнасць роўнай дарогі замінае дасягнуць мэты, мне спантанна прыходзіць на розум. Але прарок кажа, канешне, пра іншую рэчаіснасць — духоўную.

«Зраўняць горы фанабэрыстасці і суперніцтва; засыпаць ямы абыякавасці і апатыі; выпраміць крывізну ляноты і кампрамісаў», — вось да чаго заклікае Папа Францішак, тлумачычы сімвалы з гэтага біблійнага ўрыўку.

У нас лёгка могуць спалучацца манія вялікасці і комплекс непаўнавартаснасці: на працягу адной гадзіны можам узвышаць сябе і прыніжаць, параўноўваючы сябе з іншымі, шукаючы доказаў сваёй вартасці і тут жа знаходзячы доказы адваротнага. Там, дзе злы дух няздольны выклікаць ганарлівасць, ён карыстаецца спакусай фальшывай пакоры, прымушаючы нас не верыць у свае здольнасці, хаваць свае таленты і ў выніку адмаўляцца ад таго дабра, што мы можам зрабіць з Божым благаслаўленнем і дапамогай.

Сапраўдная ж пакора — у паслухмянасці Божаму запрашэнню да супрацоўніцтва з Ім праз сумленныя і найчасцей сціплыя крокі. У гэтым наша прыгажосць і слава, у якую, як запэўнівае прарок Барух у сённяшнім першым чытанні, Пан хоча апрануць нас, сваіх дзяцей. Няхай Ён напоўніць нас надзеяй і верай у Ягонае абяцанне, каб мы пільна рыхтавалі шлях у сваіх сэрцах Таму, які прыходзіць.

Амэн.

Віктар Жук SJ